У выніку паспяховай наступальнай аперацыі Чырвоная Армія заняла ўсю тэрыторыю Беларусі і імкліва рухалася на Захад. У прыфрантавой Гародні бальшавікі пачалі праводзіць сваю палітыку.

 Працяг. Пачатак артыкула:

Саветызацыя Гародні ў 1920-м. Частка 1

Горад над Нёманам жыў на мяжы голада. Загадам райпрадкамісіі ўсе домаўладальнікі павінны былі скласці анкеты на сваіх жыхароў для атрымання прадуктовых карткаў. У гэтых умовах савецкія лозунгі аб сацыяльнай справядлівасці пачалі набываць зусім іншы сэнс.

У Гарадзенскім архіве захавалася скарга:

«Председателю Гродненского военревкома, группа рабочих, обедающих в советской столовой - по ул. Замковой.

Отношение:

Мы, нижеподписавшиеся рабочие, в пятницу 20 с. м. обедали в советской столовой по ул. Замковой. Простояв некоторое время на улице в очереди, и получив уже возможность зайти в столовую, мы заняли место и просидели 1 час, дожидаясь обеда. Вскоре нам объявили, что мяса нет, а только два супа и хлеб…

Мы это приняли во внимание и сели за стол. Спустя пять минут зашёл некий Клемпнер с женою, бывший заведующий детскими столовыми и ему подали обед вне очереди, в то время, как некоторые из нас заметили, что в тарелках Клемпера и его жены находятся куски мяса... Это нас взволновало...». «Разве это допустимо в советских столовых пользоваться протекцией и разными привилегиями!».

Зусім трагічна абстаялі справы і з аховай здароўя. Вялікая колькасць войскаў, якія праходзілі праз горад, за кароткі час пераўтварыла Гародню па сутнасці ў... адну вялікую клааку. Дамаўласнік І. Мараш звяртаючыся да каменданта Гародні, пісаў: “На дворе с 20 июля стоят обозы красноармейцев. И весь двор, и отхожие места наполнены навозом. Поэтому прошу коменданта… распорядится об очистке двора и отхожих мест…”.

Больш за тое, пры адступленні палякі забралі з сабою ўсіх коней з асеназацыйнага абозу. Гэта не магло ні адбіцца на ўзроўні рознага роду захворванняў. Да жніўня было адзначана 15 выпадкаў сыпнога, два зваротнага i чатыры брушнога тыфу, 2312 дызентэрыі, 1 воспы пры 480 шпітальных месцах.

Здраўаддзел пачаў працу толькі пасля 13 жніўня з нацыяналізацыі аптэкаў. Частка ix ужо была разрабавана. Праз чатыры дні пачалася дармавая выдача медыкаментаў. Для атрымання лекаў трэба было прад’явіць кааператыўную картку з пасведчаннем, што хворы адносіцца да класу рабочых альбо сялянаў (праўда, здраўаддзел здолеў адчыніць санпрапускнік, пабудаваны яшчэ пад час нямецкай акупацыі). Не дзіва, што пры такім стане аховы здароўя, ды яшчэ з улікам параненых пад час вайсковых дзеянняў, перад мясцовымі шпіталямі паўстала вострае пытанне... дзе хаваць памёрлых.

Вось як характарызавалі рэўкам самі яго працаўнікі: «Установы працавалі настолькі вяла i былі настолькі непапулярныя сярод пралетарскіх масаў, што існаванне ix для многіх прайшло цалкам непрыкметным». «Паралелізм функцыяў паміж некалькімі ўстановамі па адных i тых жа пытаннях, няздольнасць размежавання, а ў большасці выпадкаў неразуменне сваёй кампетэнцыі некаторымі аддзеламі i ўстановамі ўносіла яўную блытаніну i не давала магчымасці арыентавацца i заўсёды з усім спраўляцца».

Тым часам сярод галоўных задач новай улады адно з галоўных месцаў займала арганізацыя ідэалагічнага фронта. Перш за ўсё, ў распараджэнне паліграфічнага аддзела перайшлі ўсе існуючыя да гэтага ў Гародне друкарні – Краліноўскай, С. Гана, З. Мейлаховіча ды іншыя. Са жніўня пачала выходзіць газета “Известия Гродненского военно-революционного комитета” на расейскай мове (планавалася выдаваць гэтую ж газету па-яўрэйску, але гэтаму перашкодзілі далейшыя падзеі ).

Былі ўзяты на ўлік музычныя інструманты ў горадзе i ўсе настаўнікі музыкі, арганізаваны аркестр i лятучыя трупы для ўезду, падрыхтаваныя два дзіцячыя садкі, школа. Былі створаныя две народныя бібліятэкі, у якія звозіліся кнігі з усяго гораду у тым ліку з гарадской бібліятэкі, бібліятэкі яўрэйскага таварыства “Кунст” ды інш. (характэрна, аднак, што калі былая супрацоўніца публічнай бібліятэкі Мар’я Гадлеўская – полька на нацыянальнасці падала заяву з просьбай аднавіць яе на працы, ёй было ў гэтым адмоўлена).

Ужо на пачатак жніўня у горадзе пачало працаваць “лектарскае бюро” і чырвонаармейскі клуб пры палітаддзеле. У мясцовым тэатры ўрачысты сход зьмяняўся паседжаньнем Бунду, выступленне культпрасветбрыгады, расейскай трупы з п'есай «На дне», паседжанне прафсаюза працоўных мастацтва - лекцыяй «дзядзі Мішы» з палітаддзелу 15 каўдывізіі на тэму «Сацыял-дэмакратыя i камуністы: чаго жадаюць адны i другія». На кватэры мясцовага дэкана пры Фарным касцёле бальшавікі арганізавалі клуб, а ў будынку тэатральнага таварыства «Муза» размясцілася камсамольская арганізацыя. Не застаўся ў баку і кініматограф. Спачатку мясцовыя кинатэатры – “Эдэн” и “Ліра” перайшлі ў распараджэнне палітаддзела 12-й дывізіі, а ўжо з 28 ліпеня яны былі перададзены прафсаюзу  працоўных на ніве мастацтва.

Рабіліся крокі і ў бок адукацыянай працы. Напрыклад, сярод дакументаў Гарадзенскага РВК захавалася “Схема па арганізацыі вячэрніх яўрэйскіх працоўных курсаў”, якая прэдугледжвала арганізацыю шырокага кола асветніцкіх устаноў у горадзе. Наогул, уся сістэма адукацыі, якая існавала ў Гародні напярэдні прыхода бальшавікоў, падлягала рэарганізацыі.

У першую чаргу былі залічаны на працу каля ста настаўнікаў. На 28 жніўня быў запланаваны з’езд настаўнікаў Гарадзенскага ўезда, якому, аднак, было наканавана не адбыцца. У гэты ж час павінны былі адкрыцца тры дзіцячыя садкі і музычная школа (варта адзначыць, што ўсе вышэй пералічаныя ўстановы ўжо існавалі ў горадзе ў той ці іншай форме, а савецкая ўлада імкнулася надаць ім толькі новы, “пралетарскі” характар ).

Тым часам, для падтрымання парадка i «выяўлення контррэвалюцыйных элементаў» у горадзе быў арганізаваны ваентрыбунал i ўездная міліцыя. 25 ліпеня з мэтай забяспечыць больш аператыўнае кіраўніцтва уезднай і крымінальнай міліціі паўстаў агульны штаб. На яго чале стаў Ф. Рышкевіч, які да гэтага меў досвед працы ў міліцыі Масквы і Вільні. У былым будынку сялянскага банку (па сучаснай вуліцы Леніна) размясціўся асобы аддзел Усерасейскай надзвычайнай камісіі. Камендантам Гародні быў прызначаны Жукаў, ваенкамам - А. Барздаін.

Дастаткова красамоўна атмасферу, якая панавала ў Гародні з прыходам бальшавіцкай улады, апісуе ўласна змест загадаў мясцовай камендатуры. Гэтак у распараджэннях за пачатак жніўня звярталася ўвага на тое, што “в городе, на станции и в окрестностях продолжается бесцельная стрельба, вызывая тревогу и терроризируя население”. І далей: «Наблюдается бесцельное шатание красноармейцев по городу без увольнительных записок». Нічога дзіўнага, што камендатура ў хуткім часе апынулася закіданай «жалобами граждан о самочинных потравах лугов, садов и огородов».

За два тыдні свайго існавання, пачынаючы з 9 жніўня, Ревтрыбунал на чале з Г. Сімановічам разгледзеў 13 справаў, з ix шэсць выпадкаў спекуляцыі, два грабяжы, два забойствы (прызначанае на 25 сакавіка першае паседжанне суда не адбылося па прычыне тэрміновай эвакуацыі савецкіх устаноў з горада ). Цікава, што ўсе сябры Рэўтрыбунала павінны былі быць партыйнымі па якой прычыне адчуваўся моцны недахоп кадраў.

Кідаецца ў вочы, таксама, адукацыйны ўзровень сябраў трыбунала. Гэтак ягоны старшыня – Г.Сімановіч,  быў студэнтам першага курса (установа адукацыі не ўзгадвалася ); Г. Рыбакоў меў ніжэйшую адукацыя, але за тое, адзначыўся працай надзіральнікам у лагеры ў Саратаве; М. Казлоўскі, наогул, пазначаны сціпла – матрос. І толькі Ф. Вусінскі меў досвед працы, займаючы пасады ў Гарадзенскім судзе спачатку пры расейскай уладзе, а пазней – пры паляках.

Асобы аддзел ВЧК узначаліў Іваноў. Аддзелам крымінальнай міліцыі было раскрыта 15 крадзежаў i два забойствы (“из коих одно носило политический характер...”). Праводзіліся ператрусы і арышты сярод мясцовых спекулянтаў. Маральны пададдзел узяў на ўлік 28 прастытутак (праўда, у канцы 1920 году польская газета «Гродзенскае рэха» пісала, што прычынай уздыму венерычных захворваньняў у горадзе сталі разгул салдатаў Чырвонай арміі i тое, што бальшавікі адпусцілі пацыентаў венералагічнага шпіталя).

3 124 вязняў гарадзенскай турмы, якія знаходзіліся там пры паляках, спецыяльная камісія вызваліла 83. Характэрны асабісты склад новых турэмных ворганаў: кіраўніком турмы стаў Хаім Шусцер, ягоным памочнікам – Рувім Вайнтраўб, надзіральнікам – Рувім Віжанскій. Судзячы па прозвішчах, усе яны былі яўрэямі. Яшчэ адзін красамоўны факт: за час існавання рэўкаму ў турме знаходзілася каля 80 чалавек, якіх даглядала... 50 вартаўнікоў (дзіўна, аднак, нават пры гэткім стане грамадскага жыцця, калі стары лад рушыўся ўпрост на вачах, пададдзел брачнага стану паспеў зарэгістраваць... два брачных акта).

Пры ўсім пры гэтым, даволі ўпэўнена можна сцвярджаць, што хуткая перамога Чырвонай арміі падарвала павагу да Польшчы сярод мясцовых жыхароў. Гвалт i грабяжы з боку адступаючых польскіх войскаў прывялі толькі да шырокай саветызацыі, у першую чаргу, яўрэйскага асяроддзя. Бедная частка яўрэйскага насельніцтва прымала бальшавікоў вельмі добра, нават радасна, кінулася да ўстаноў, дапамагала ў пошуку складоў (ежы), даносіла пра палякаў i г. д. Менавіта Бунд праводзіў у горадзе шэраг мітынгаў у падтрымку савецкай улады.

Напрыклад, сярод мясцовых савецкіх лектараў былі – загадчык яўрэйскага шпіталя Сухаўлянскі (Паалей-Цыён), Мянес (Бунд), Гажанскі (гэтак званыя “Аб’яднанцы”). Нават павярхоўны аналіз служачых савецкіх устаноў у горадзе на падставе прозвішчаў, дае наступную колькасць яўрэяў у Гарадзенскам рэўкаме: аддзел кіравання – 11 з 17 служачых; інструктарска-інфармацыйны аддзел – 5 з 20 супрацоўнікаў; уездная міліцыя – 34 з 106 служачых ( пры гэтым уласна ва ўпраўленне ўезднай міліцыі – 9 з 12 ); народная асвета – 25 чалавек з 38; у саўнаргасе – 19 з 27; у паліграфічным – 20 з 35; аддзел упраўлення – 10 з 14 і г.д.

Пры гэтым варта зазначыць, што багатыя яўрэі i артадоксы ставіліся да бальшавікоў варожа.

Але ці былі яўрэі на самой справе выбранай нацыяй пры новай уладзе? Старшыня Крынкаўскага валрэўкаму, напрыклад, заявіў, што можа прыняць самую абмежаваную колькасць яўрэяў... у сувязі з сялянскай большасцю воласці. У м.Вялікая Бераставіца старшыня валрэўкаму Дружынін веў антысеміцкую агітацыю, асмейваў яўрэйскую нацыю, як нацыю баязліўцаў, якая хітрасцю захапіла ўладу ў свае рукі. Усе яўрэі ў валрэўкаме былі замененыя на рускіх. У м.Азёры з большасцю яўрэйскага насельніцтва ў валрэўкаме не аказалася аніводнага яўрэя.

У выніку пад час стыхійнага мітынга 10 жніўня каля 300 жыхароў Азёраў перавыбралі валрэўкам. У самой Гародні адбыўся сход яўрэяў-чыгуначнікаў, якія апратэставалі дзейнасць лакальнага прафсаюза, большасць у якім складалі палякі. 7 жніўня саюз транспартных працоўных наогул не пусціў на разгрузку новых рабочых, прычым справа дайшла амаль да бойкі. Недарма сярод кніг, якія выдаваліся для бальшавіцкіх агітатараў, часцей за другія сустракаліся: «Яўрэі, класавая барацьба i пагромы» i «Ці ворагі яўрэі рабочым i сялянам?”. Дарэчы, пячатка Гарадзенскага РВК была напісана па расейскі і па польскі – ні яўрэйскай, ні беларускай мовы на ёй не было.   

Не сакрэт, што i беларускія дзеячы не адназначна ставіліся да савецкай улады. У сваім пісьме да кіраўніка тагачаснага ўрада БНР А. Луцкевіча яшчэ ў студзені 1919 году адзін з міністраў А. Смоліч падкрэсліваў: «Хоць я лічу, што ад бальшавізму для краю больш шкоды, чым карысці... але калі ён дае магчымасць шырокай культурнай працы, пазнае i бароніць нашую дзяржаўнасць... i давядзе яе да натуральных рубяжоў...дык мы мусім ухапіцца за гэтую ідэю, прызнаць яе нацыянальным заданнем часу i проста стаць у рады абаронцаў гэтага парадку i ваяваць у гэтых радах хоць бы з усім сьветам».

Нічога дзіўнага, што летам 1920 года мясцовы беларускі рух сустрэў новую ўладу больш чым прыхільна. “...Яшчэ да прыходу чырвонай арміі, - Узгадваў дваццаць год пазней у артыкуле “Адраджэнскі рух у Горадзеншчыне” Ул. Крынскі, - зьявіўся тут эмісар Комінтэрну нейкі Багдановіч беларус з групы Ігнатоўскага і Жылуновіча, які распачаў шырокую дзейнасьць у кругох  беларускага грамадзянства. Ня гледзячы на тое, што беларусы вельмі шмат зносілі ўціску ад палякаў і мелі ўжо даволі польскай акупацыі, дзейнасьць Багдановіча не знайшла сярод беларускіх работнікаў і сялян ніякага водгуку, ён не здабыў тут сабе прыхільнікаў і калі заняцьце Горадні чырвонай арміі сталася даканаўшымся фактам, яму прыйшлося шукаць апоры ў іншых беларускіх угрупаваньнях, каб зусім ня страціць уплываў.

Багдановіч запрапанаваў найбольш уплывовай у Горадзеншчыне партыі беларускіх рэвалюцыйных сацыялістаў падзяліцца месцамі ў савецкіх установах пры ўмове, што гэтая партыя “стане на плятформу савейкай улады”. Ён стараўся пераканаць беларускіх эсэраў, што ў праціўным выпадку палякі і жыды апануюць уладу, а беларусы ня будуць мець ніякога ўплыву на кіраўніцтва краем.

Захады Багдановіча скончыліся тым, што нязначная група “левых” эсэраў на чале з С.Багданам падпісала дэклярацыю аб прызнаньні савецкай улады...”. На час заняцця Гародні бальшавікамі з беларускіх арганізацый у горадзе засталіся толькі Беларускі нацыянальны камітэт, Беларуская школьная рада і Грамада беларускай моладзі.

Як ужо ўзгадваў Ул. Крынскі, беларусы даволі згодна пайшлі на супрацоўніцтва з бальшавікамі. Гэтак старшыня Гарадзенскай беларускай школьнай рады Л. Дзякуць-Малей стаў кіраўніком пададзела прыютаў, яслей і прытулкаў аддзела сацзабяспячэння; намеснік старшыні Грамады беларускай моладзі Ул. Курбскі - загадчыкам культпрасветаддзела; у гэтым жа аддзеле працаваў сакратар Грамады К. Салошык. Інструктар Гарадзенскага Беларускага нацыянальнага камітэта П. Якубецкі быў прызначаны школьным інструктарам па Гарадзенскаму ўезду, а таршыня камітэта С. Баран стаў кіраўніком юрыдычнага аддзела Гарадзенскага рэўкома.

Сярод супрацоўнікаў новай улады апынуліся і гэткія вядомыя беларускія дзеячы, як Аркадзь Смоліч і Сымон Рак-Міхайлоўскі. Зараз цяжка сказаць, ці яны засталіся ў Гародні чакаць надыхода бальшавікоў выпадкова, ці гэта быў запланаваны напярэдадні крок. Абодвам ім было наканавана пражыць у Гародні дастаткова доўга.

Напярэдадні на асобай нарадзе ў Менску было вырашана накіраваць для дзейнасці за мяжой некалькі найбольш «бээнэраўскіх» дзеячоў, як акрэсліў іх Б. Тарашкевіч: В. Іваноўскага, К. Цярэшчанку, А. Смоліча і С. Рак-Міхайлоўскага. Прычым тры апошнія выязжаць не хацелі. Худчэй за ўсё, С.Рак-Міхайлоўскі трапіў у Гародню з Ваўкавыска, дзе на кароткі час спынілася Беларуская вайсковая камісія, сябрам якой ён з’яўляўся. Аркадзь Смоліч пераезджае ў Гародню разам з жонкай Аляксандрай Смоліч-Каткоўскай і маленькай дачкой. Зараз цяжка сказаць ці С. Рак-Міхайлоўскі са А. Смолічам засталісь у Гародне выпадкова, ці гэта быў запланаваны напярэдадні крок. Той жа Б. Тарашкевіч падкрэсліваў, што «далейшай дарозе С. Рак-Міхайлоўскага ўпэўнена не перашкодзілі прычыны матэрыяльнага характара і ў разе эвакуацыі з БВК ён мог мець генеральскае ўтрыманне». Пазней, у сваім звароце да Ю. Пілсудскага часовы прызыдыўм БВК наогул паведаміў быццам бы С. Рак-Міхайлоўскі трапіў пад час эвакуацыі ў савецкі палон...

Падчас савецкага панавання С. Рак-Міхайлоўскі працаваў школьным інструктарам аддзела народнай адукацыі і займаўся арганізацыяй школ у Гарадзенскім павеце. Акрамя таго, паводле асабістых паказанняў С. Рак-Міхайлоўскага на «Працэсе 45-ці» ў Беластоку, ён з’яўляўся сябрам Гарадзенскага БНК...

Аркадзь Смоліч уладкаваўся ў Гарадзенскі рэўком кіраўніком агранамічнага пададдзела. Ён актыўна ўключаецца ў працы на месцах: А. Смоліч распачаў набор інструктараў па сельскагаспадарчым машынам і іншых спецыялістаў. Яго подпіс так сама стаіць пад цыркулярам аб правядзенні ў трохдзённы тэрмін уліку і мабілізацыі ўсіх каней і валоў у Гарадзенскім павеце. У якасці лектара зямельнага аддзела А. Смоліч выступаў на тэму «Камуны і арцелі» і веў эканамічнаю геаграфію на рабочых курсах.

У архіве захаваўся наступны запіс старшыні Культсавета аддзела народнай асветы: “Прошу разрешить тов. Смоличу и Химаровичу рассмотреть каталоги и составить список книг по агрономии и сельскому хозяйству, находящихся [ў мясцовай – А.Ч.] библиотеке”. Аднак, за два месяца савецкай улады узаемныя адносіны паміж бальшавікамі і беларускімі дзеячамі паспелі змяніцца ў найгоршы бок. У першую чаргу, гэта датычала беларускай адукацыі.

Беларусы неаднаразова звярталіся ў савецкія ворганы за дапамогай. «Наша першая заява, - пісалі настаўнікі беларускай прытулкавай школы ў сваім лісце ў Гарадзенскі рэўком, - ...разглядаецца вамі ўжо некалькі тыдняў, мы просім магчыма хутчэй выявіць Ваш погляд на нашу працу і калі знойдзецца немагчымым выдаць нам пэнсію, як гэта было зроблена савецкай уладай у другіх мейсцах, напрыклад у Менску, просім апавясьціць нас пісьменно, бо тады нам будзе патрэбна гэткая паперка.

Калі нашы заявы разглядалісь месяцамі і заставаліць без увагі панамі Вазнякоўскімі (Рафал Вазнякоўскі – польскі школьны інспектар на Гарадзенскі павет у 1919-пачатак 1920 гадоў. Адзначыўся сваёй варожай падставй адносна беларускай асветы), для нас гэта было зразумела, а данные адносіны да нас - не ясны. Мы просім не літасцівую падачку, законную, запрацаванную заплату, толькі таму, што нам трэба жыць. Мы працавалі ў пралетарскім прытулку, навучэнні вялі, нам не плацілі, мы жылі на пазычкі. Далей так жыць не можна. Мы зварочваемся да Вас, як зацікаўленных жыццём падначаленых Вашаму кіраўніцтву.

Неўвага да нашага становішча дасць нам повад думаць, што нам прыйдзецца і далей працаваць, не ў лепшых варунках, як пры пане Вазнякоўскам...». «Аб рэзультатах гэтага падання, - адзначалась у канцы ліста, - просім паведаміць нас праз сябра Курбскага». На лета 1920 года беларускія школы ў Гародні налічвалі больш за 200  вучняў. Магчыма, праўда, што пазней беларускія настаўнікі і атрымалі б дапамогу з боку савецкай улады. Мяркавалась нават стварыць замест беларускіх школак адзіную Гарадзенскую школу 1-й ступені, у спіс будучых выкадчыкаў якой вайшлі: сёстры Кухарчук, Я.Мальчэўская, М.Алюшкава, У.Федарук, І.Тарасевіч, У.Шалешка, Е.Грынкевіч.

Адносна польскага насельніцтва новая ўлада так сама не мела нейкай паслядоўнай палітыкі. З аднаго боку, да палякаў ставіліся apriory, як да нелаяльнай часткі грамадства (па заняцці м.Крынкі ўсе мясцовыя палякі, напрыклад, павінны былі прайсці рэгістрацыю). З іншага боку, польскі элемент у кіруючых савецкіх органах на месцах быў пэўнай гарантыяй калі не нацыянальных інтэрэсаў, дык нейкага парытэта ў адносінах да “непалякаў”.

Беларуская газета “Пагоня”, што выходзіла ў Літве, у рубрыцы “Весткі з Гародні” гэтак апісвала адбываючыяся падзеі: “Бальшэвікі з пачатку, на працягу 3 дзен, рабавалі места, забіралі ўсё незрабованае палякамі: убраньне, крамы, боты, шпоры, збожа, быдла, коні і рожныя дамовыя рэчы. Усе склепы запечатвалі, а потым пачалі шсё вывазіць з места. Такжа сама рабавалі вельмі многа старых кнігаў, карцінаў, бронзы і іншых, маючых вялікую вартасьць памятнікаў старажытнасьці. У апошняе дні бальшэвікі нацыянізавалі аптэкі. Такжа хацелі вывязьці з Горадня ўсе электрычные прыборы і вялікі камутатар з тэлеграфу, але 18 жніўня дэпутацыя ходзіла да камісараў прасіць, каб камутатара не бралі.

Зараз-жэ бальшавікі пачалі арганізаваць свае “раўкомы” і пачалі арэштовываць жыхароў, у тым ліку беларусаў: Пчыцкага, з сынам; Лукашэвіча, Штрандмана, вучыцеля гімназіі Ларыёнава, грамадзян: Каспаровіча, Тарасюка і інш., каторыя і да апошняга часу сядзяць у турме. Пачаўся голад, фунт чорнага хлеба каштуе 300 руб. і то яго не легка дастаць. Тэрорызаваныя арэштамі, рабункамі і голадам жыхары, нават тыя, каторыя датуль спаўчувалі бальшавізму, пачалі шчыра чэкаць літвіноў, каторыя прынясуць ім хлеб і спакой. Цікава аднатаваць, што нават працоўнікі Горадзенскія ў большасьці не прыхіляюцца да бальшавікоў.

Да прыкладу: працаўнікі вядомай фабрыкі Шэрэшэўскага, калі па прыказу бальшэвікоў выбіралі сваё упраўленьне, то пакінулі на сваіх пасадах дырэктароў і іншых кіраўнікоў. Усе чакаюць літвіноў і хацяць аставацца на літоўскай службе. Яны атрымалі 18 жніўня прыказ зарэгістравацца дзеля выезду з Горадні з бальшэвікамі, але заявілі пратэст і кажуць, што лепей паўцекаюць і пахаваюцца, чым выежджаць з бальшэвікамі.

Беларускі кааператыў хоць і зрабавалі бальшавікі, але арганізацыя застаецца. Дзейнасць Горадзенскага Беларускага Камітэту пры бальшавіках неколькі запынілася, таму што Старшыня Камітэту Баран, разам з Дзекуць-Малеем, прыхіліўся да бальшэвікоў (Баран камісарам справядлівасьці, а Дзекуць-Малей – камісарам сацыяльнага абазпечэньня); Дзекуць-Малей, як камісар Сацыяльнага Абэзпечэньня, па бальшэвіцкаму закераваў Беларускай жаноцкай школай і прытулкам, перэправадзіўшы школу і прытулак ў іншае памешканьне і кіраўніцамі пасадзіў большэвічку жыдоўку і якуюсь не вядомую вучыцельку.

У апошніх днях бальшэвікі ўзяліся за хуткую працу, каб залажыць свае арганізацыі і пакінуць іх ў Горадні пасьля свайго выйсьця і потым даваць ім на працу грошы. Старшыня бальшэвіцкага “рэўкома” у Горадні Славінскі (паляк з Менску) казаў: “Мы аддадзім Городно белым літоўцам, штыкамі навязываць ім сваю праграму ня будзем – гэта справа літоўскага пралетарыяту, якому мы будзем памагаць іншымі сьродкамі”…

У пэўны момант простые жыхары Гародні вырышалі, што найлепшым адносна новай улады будуць... уцёкі з горада. Ізноў працытуем фрагмент з фельетона А. Бухава: “...Жил я с большевиками больше двух месяцев. Сначала мы понравились друг другу, но к концу - как бывает и во всяком романе - наступило довольно серьезное охлаждение с обеих сторон.

Как и всегда, вмешалось третье лицо - новая чрезвычайка какой-то из проходящих мимо армий. Если к этому добавить, что одновременно с ней в Гродно появился сам Дзержинский, вы поймете то чувство некоторой неловкости, которое невольно охватило меня.

В один очень нехороший вечер ко мне пришел знакомый коммунист, парень очень хороший и добродушный, и сказал:

- А вас ждут.

- Смотря по тому, где, - довольно кисло отозвался я, - если в кинематографе или в ресторане…

- Хуже. В новой чеке.

- Не завидую, - искренно сознался я, - им предстоит долгое ожидание.

В ту же ночь я сложил в банный мешок два воротничка, зажигалку, коробку спичек к ней, носовой платок и две рукописи и вышел из дому. Всю ночь я бродил по городу, пока утром мне кто-то не объяснил, что теперь бояться нечего, так как тот чекист, который непременно хотел меня расстрелять, уехал в Белосток и наверное обо мне забудет, ибо имеет сверхьидейное тяготение к коньяку.

- Вот если он вернется, тогда другое дело.

Я решил, что дожидаться этого возможного свидания не имеет никакого практического смысла и решил все-таки испариться из города. Как раз в это самое время поляки вспомнили, что если они снова вернутся в город, это будет вполне остроумным трюком. Я плохой стратег и не знаю, как это произошло, но через день в городе снова началось необычайное оживление: кто-то стрелял в него с одной стороны, кто-то - с другой.

Трудно сказать, до чего мне это не понравилось…

- Знаете что, - мысленно сказал я обеим сторонам, - я, кажется, вам здесь немного мешаю… Попробуйте выйти из положения без меня…

На другой день утром подобрав подходящую компанию из четырех молодых людей с крепкими ногами, сильным желанием куда-нибудь утечь и общим багажом в три фунта, мы двинулись в путь…”.

У вельмі падобных фарбах апісваліся падзеі і на старонках цытаванай ужо вышэй газеты “Пагоня”: “Горадзенскія беларусы перажываюць дужа цяжкі крызыс, дзякуючы тэррору ўходзячых бальшавікоў, арэштам імі беларускіх дзеячоў, голаду і страху, каб не зьвярнуліся ўзноў палякі, бо як палякі прарвалі бальшавіцкі фронт каля Беластоку, гарадзенскія палякі пачалі разгалошываць, што прыдзе польскае войска і будзе худа, асабліва жыдом і беларусом. З Горадна, баючыся бальшавіцкай мабілізацыі, многа ўцекае ў бок Друскенік. Шмат уцякло і беларускіх дзеячоў і з той прычыны, што ў галаве горадзенскіх “рэўкомаў” стаяць палякі: Бакшыцкі, Славінскі, Дзержынскі і нават Мархлеўскі...”.

Наступныя крокі савецкай улады адносна беларускага руха наогул мелі варожы характар. Прыкладна ў сярэдзіне верасня ў Гародне былі арыштаваны кіраўнік Гарадзенскага БНК С. Баран ды сакратар БНК С. Якавюк і высланы у якасці заложнікаў з горада. Магчыма, аднак, што арышт С. Баран з’явіўся вынікам распачатай бальшавікамі кампаніі супраць беларускіх эсэраў, відным дзеячом якіх той з’яўляўся.

Дзеянні бальшавікоў, тым ня меньш, маглі быць не безпадстаўнымі.  Вось, што аб гэтым пісаў Ул. Крынскі: “...Сярод беларускага грамадзянства пачалася дасьпяваць думка аб паўстанча-вызваленчай акцыі... На чале гэтай акцыі сталі ўдзельнікі зялёнадубскага руху (арганізацыі) “Зялёны Дуб” палкоўнік Адамовіч і ягоны сын “Дзяргач”...”.

Аднак, былі і вонкавыя прычыны абвастрэняя адносін паміж бальшавікамі і мясцовым насельніцтвам. Гаворка ідзе пра агульную сітуацыю на польска-савецкім фронце, якая змянілася каардынальным чынам у сярэдзіне жніўня 1920 года. Ужо 21 жніўня Гарадзенскі РВК выдаў загад аб агульнай працоўнай мабілізацыі мясцовага насельніцтва ( выключэнне тычылася цяжарных жанчын і жанчын, чыя дзеці не дасягнулі ўзроста дванаццаці год, калекаў, савецкіх служачых, урачэй, фельдшараў і акушэраў ).

 Звесткі з фронту аб гэтак званай “Варшаўскай катастрофе” наогул выклікалі паніку сярод кіраўнікоў савецкай улады (вельмі характэрыстычнай у гэтым сэсне падаецца сітуацыя з загадчыкам аддзела працы, які 22 жніўня выехаў у м.Індура з мэтай арганізаваць там святочны мітынг для чырвонаармейцаў з “гандлям, ...зборам бялізны, маніфістацыяй і палітычным выступленнем”, а замест гэтага сустрэў на дарозе... калоны адступаючых чырвонаармейцаў). 23 жніўня штаб тылу чацвёртай арміі выдаў сакрэтны загад № 10 аб эвакуацыі Гарадзенскага рэўкама, якая з большага  нагадвала раптоўныя ўцёкі. Пазней самімі бальшавікі называлі гэтыя падзеі не інакш, як «гарадзенскі пераварот» i «хаас» ( Гэтак, напрыклад, пры пагрузцы на чыгунцы рэўтрыбунал быў проста выкінуты з вагону на перон прадстаўнікамі чацьвёртай арміі. Прапала частка архіва).

26 жніўня Гарадзенскі рэўкам - у Віцебску, а праз тры дні пачынае дзейнічаць ліквідацыйная камісія ў складзе Кунда, Мамантава, Валавай ды Песецкага. Былы запредрэўкома Кунда нават накіраваў у Гародню адказнага сакратара гарадзенскага крымінальнага аддзела Элізарава з тым, каб той сабраў ўсю адчотнасць аб грашовых сумах з загадчыкаў аддзелаў і пададдзелаў Рэўкаму пасля іх эвакуацы.

Пры гэтым яму прадпісвалася “арыштоўвываць і дастаўляць у распараджэнне РВК у Віцебск усіх ліц звязаных з адчотнасцью”. Па патрабаванню Славінскага была ўзбуджана крымінальная справа па факце эвакуацыі Гарадзенскага рэўкаму, якая, аднак, паздней гэтак i заглохла. Загадам РВК Заходняга фронтау ад 9 верасня рэўкам быў расфарміраваны: польскія камуністы са складу Гарадзенскага РВК былі адкамандзіраваны ў склад Польбюро, камуністы іншых нацыянальнасцей – у Пузап ды Прадкам, вайсковаабязаныя палякі трапілі ў штаб Польскай арміі, якая гэтак і не была зарганізавана. Усе астатнія супрацоўнікі пераходзілі ў распараджэння мясцовага ўезднага ваенкамата ды Цэнтральнага бюро КПЛ і Б.

Прыкладна у канцы жніўня паўстаў другі з ліку рэўкам, пра дзейнасць якога дакладна нічога невядома. У архіве захавалася толькі перапіска паміж “старым” і “новым” РВК, які патрабаваў вярнуць грошы. З вялікай доляй верагоднасці, аднак, можна дапусціць, што ён абмяжаваўся выключна інтарэсамі фронта і да спраў грамадскага жыцця больш не звяртаўся. Улічваючы надзвычайные ўмову ў якіх прыйшлося функцыянаваць гэтаму зноўпаўсталаму рэўкаму, жыхарам горада наўрадці прыходзілася разлічваць на дапамогу з ягонага бока.

Апошнія дні панавання новай улады былі найгоршымі. Саветы вывезлі з Гародні ў накірунку Ліды каля 400 польскіх заложнікаў. Сярод ix - мясцовыя каталіцкія святары - айцец Гвардыян з касьцёлу францысканцаў, айцы Антоній Леоша і Андрэй Булка з Фарнага ( яшчэ двум святарам – Хруневічу і Чупрэку ўдалося напярэдадні збегчы з горада ). На гарадскіх ускраінах - на Сабачай горцы, у Станіславове, Рубанаўцы, Панямуні расстрэльвалі заложнікаў з цэнтральных раёнаў Польшчы.

3 уласна жыхароў Гародні загінулі дзеячы мясцовай Польскай вайсковай арганізаці (П.А.В.) Ян Кучарскі, Ян Шкварко, Альбін Данцыгер, Вітальд Пашкевіч, паліцэйскія чыноўнікі Талочка, фурман Куннес, купец Шварц, Лапін, І.Дашута, Ф.Шаркоўскі, С.Яраш, Н.Вольскі, Р.Поланская ды інш. ( характэрна, што ўвесь гэты час адзін з мясцовых жыхароў – доктар К. Бялецкі хаваў у вайсковым шпіталі польскага афіцэра М. Лана ).

Вядомы гарадзенскі гісторык Юзэф Ядкоўскі ўжо пазней напісаў: «...Амаль дзесяць тыдняў пад вольналюбівымі лозунгамі горад заставаўся ў сферы бальшавіцкага раю. Дзесяткі растраляных, сотні вывезеных, здзекі над польскім насельніцтвам, разбураная гаспадарка, разрабаванне ўсяго, што можна было разрабаваць на працягу гэтага часу…».

Сваеасаблівым эпілогам гісторыі саветызацыі Гародні стаў наступны дакумент: “Я зампредревкома Кундо 6 сентября 1920 года ввиду ликвидации ревкома и переезда его в город Минск сдал Витебскому Губернскому Военному комиссариату в лице товарища приёмщика Т. Крупенина: одно седло; один велосипед; семь винтовок и сто восемьдесят штук разных патронов…”.

Гарадзенскі рэўкам праіснаваў месяц, большасць яго аддзелаў працавала усяго два тыдні, тады, як сама савецкая ўлада пратрымалася ў Гародне да канца верасня 1920 года, калі горад зноў перайшоў у рукі палякаў. Аднак, быў яшчэ адзін вельмі істотны момант, пра які забываліся ўзгадаць савецкія гісторыкі, пішучы пра ўсталяванне савецкай ўлады на Гарадзеншчыне.

Яшчэ за два дні да пачатку наступлення Чырвонай арміі летам 1920 года – 12 ліпеня ў Маскве было падпісана мірнае пагадненне Савецкай Расіі з Літвой. Паводле гэтай дамовы савецкі бок абязаўся перадаць літоўцам, як толькі дазволіць сітуацыя на фронце, адбітыя ад палякаў...  Вільню i Гародню. Атрымліваецца, што бальшавікі, якія прыйшлі ў Гародню, увесь час кагосці падманвалі, але каго: літоўцаў, мясцовае насельніцтва? Праўда ў тым, што бальшавікі жылі па сваіх, вядомых толькі ім законах, якія моцна адрозніваліся ад норм, прынятых у цывілізаваным грамадстве.

 

Андрэй Чарнякевіч

 

Scroll to top