Галоўнае на вайне – людзі. Менавіта гродзенцы – удзельнікі баявых дзеянняў і з’яўляюцца галоўным ланцугом, які злучае наш край з падзеямі руска-японскай вайны.
На шчасце, наша губерня не ўваходзіла ў лік мабілізаваных, таму ваеннаабавязанае насельніцтва не падлягала адпраўцы ў войска.
Перад пачаткам вайны ў Гродне базаваліся 101-шы пяхотны Пермскі, 102-гі пяхотны Вятскі, 103-ці пяхотны Петразаводскі, 171-шы пяхотны Кобрынскі палкі, 26-ая артылерыйская брыгада. Сёння мы не можам дакладна сказаць колькі чалавек адправіліся на фронт, але ведаем, што ў вайне ўдзельнічалі ўсе вышэйадзначаныя фарміраванні.
Чытач ужо азнаёміўся з ходам іх адпраўкі на вайну. Гэтыя вайсковыя злучэнні паехалі па Кітайскай Усходняй чыгунцы (КВЖД) у Маньчжурыю, каб процістаяць імкліваму наступленню японскіх войскаў, якія, высадзіўшыся ў Карэі, прасоўваліся на поўнач, па тэрыторыі Кітая. Стрымаць іх было неабходна, інакш яны ўвайшлі бы ў Расію. Увогуле, як кажуць, у японскага камандавання былі планы па захопу рускай тэрыторыі да Урала. Пасля высадкі ў тыле рускай крэпасці Порт-Артур на Леадунскай паўвыспе, японскі дэсант пачаў пагражаць галоўнаму порту рускіх, да таго ж стварыўшы другі фронт. Кола каля горада сціскалася ўсё больш моцна.
Пакуль цягнікі ехалі, у Гродне атрымлівалі тэлеграмы наступнага зместу: «Сардэчнае прывітанне родным і знаёмым. Паручнік Васілеўскі» (прыйшла 2 красавіка, на першы дзень Вялікадня, з Порт-Артура); «З Азіі шлем сардэчнае прывітанне родным і знаёмым Пермскага палка – Фралоў, Краскоўскі; Вятскага – Ляпуноў, Нядзвецкі; Усцюжскага – Сарасек, Патапаў» (тэлеграма адпраўлена ад афіцэраў, з Чэлябінска); «Пераваліўшы Урал, шлю прывітанне духавенству, Сафійскаму брацтву, родным, знаёмым, таварышам, інтэнданцтву і ўсім жыхарам г. Гродна. Набокаў» (24-га верасня, з Чэлябінска);
«Перавалівая Урал, вітаю добрых сяброў і знаёмых. Шэнберг» (29-га верасня). Пасля пасыпаліся віншаванні з Новым годам.
На жаль, дакуманты нашых фарміраванняў пакуль недасягальныя. Таму вызначыць і ацаніць баявы шлях землякоў можна толькі праз шэраг наступных дакумантаў таго часу.
Першы – гэта тэкст мемарыяльных дошкаў, што вісяць у Пакроўскім саборы.
«Афіцэры і ніжэйшыя чыны 26-ай артылерыйскай брыгады, забітыя і памёршыя ад ран у вайну з Японіяй у 1904–1905 гг. Афіцэры: штабс-капітан Мікалай Мікалаевіч Лепяшынскі, памёр 29-га верасня 1904 г. пры вёсцы Уй-Пінін. Паручнік Міхаіл Іосіфавіч Талкачоў забіты 16-га лютага 1905 г. пры вёсцы Сыдяза. Падпаручнік Яўген Карлавіч Шпігель памёр ад ран 26-га верасня 1904 г. пры вёсцы Уй-Пінін. Прапаршчык Оскар-Людвіг Оскаравіч Таттэр забіты 16-га лютага 1905 г. пры вёсцы Сыдяза. Прапаршчык Вальдэмар Ігнацьевіч Земіт забіты 28-га верасня 1904 г. пры вёсцы Уй-Пінін. Ніжэйшыя чыны: бамбардзір-лабарат. Іван Васільеў Цярэнцьеў, малодшы фейерверкер Сцяпан Іванаў Тамко, кананір Рыгор Дзянісаў Папоў, бамбардзір-лабарат. Канстанцін Сцяпанаў Дарафееў, кананір Павал Парфёнаў Кудраўцаў, штаб-трубач Нестар Фёдараў Андрэйчык, бамбардзір-наводчык Кандрацій Іагансаў Ульрых».
У тэксце дошкі даны даты і месцы стратных уступленняў нашых палкоў у сутыкненні з супраціўнікам. Вось як прыкладна разгортваліся падзеі на маньчжурскім фронце для салдатаў гродзенскага гарнізону:
26-ая артылерыйская брыгада ўваходзіла ў склад 16-га армейскага корпуса. У верасні 1904 г. руская армія пачала наступленне на рацэ Шахэ. Нашае наступленне пачалося 21-га верасня і было павольным і неэнергічным. Ужо 23-га верасня ўвечары войскі Заходняга атрада былі спынены контратакуючай арміяй на рацэ. Рускія пачалі ўзмацняць свае пазіцыі. Сярэдняя калона Усходняга атрада ўпёрлася ў вяршыню Ляотхелаза («Праклятую сопку»). Японцы 26-га двума батальёнамі збілі адтуль верасня нашыя сілы, узмацнілі сопку і ў наступныя дні адбілі ўсе атакі. Менавіта гэты момант генерал Ойяма выбраў для рашучай контратакі па ўсім фронце. Так мы прайграли бой.
Падзеі лютага 1905 г., калі гродзенцы страцілі яшчэ некалькі чалавек (згодна тэксту першай дошцы) тычацца абароны Мукдэна – адной з найбольш ашаламляльных трагедый рускай арміі. Рускія войскі ў гэты час якраз займалі абарончыя пазіцыі. Баі ішлі пераважна на левым фланзе арміі. Камандаванне войскамі, якія сабраліся на правым беразе ракі Хунхэ, было даручана генералу Кульбарсу. Яму было таксама даручана папярэдзіць абыход рускага флангу японцамі і абараніць адзіны шлях зносінаў рускіх. Але ён пачаў тварыць нейкія дзіўныя манёўры. Зводнаму стралковаму корпусу генерал даручыў перайсці з правага берага Хунхэ на левы, а 8-му корпусу – з левага на правы. Манёўр гэты быў выкананы толькі часткова: стралковыя палкі пайшлі з правага берага на левы, ачысціўшы важны адрэзак фронту. Японцы выкарысталі памылку і хуткім браском наперад адцяснілі нашыя параўнальна слабыя часткі на правым беразе.
Аб вайсковых подзвігах 26-ай артбрыгады добра сведчыць ліст яе камандзіра Эріс-Хан Аліева на імя Ніканора, напісаны ў траўні 1905 г.: «...Хаця маем страты забітымі (5 афіцэраў і 6 ніжэйшых чыноў) і параненымі (7 афіцэраў і 42 ніжэйшых чына), але ні разу сябе ні ў адным баі не пасаромілі, а, насупраць, сваёй мужнай адвагай і ўсведамленнем святасці долгу заслужылі ва ўсёй арміі самую лесную рэпутацыю ажно да таго, што ўсе наперабой імкнуцца да сябе атрымаць якую-небудзь з нашых батарэй; напрыклад, тры батарэі (3-ю, 4-ю і 5-ю) увесь час трымаюць у 4 Сібірскім корпусе і ні за што не аддаюць. Камандзір корпусу генерал Зарубаеў так мне і сказаў пры генерале Ліневічы і штабе, што «ни за что не отдам вам этих батарей», хоць генерал Ліневіч на маю заяву, што пажадана мне брыгаду маю сабраць разам, – пагадзіўся са мною. Адну батарэю (7-ю) увесь час трымае пры сабе Трэці Сібірскі корпус, а дзве ў нас тут у атрадзе Ранненкампфа. Перад Мукдэнскімі баямі (у пачатку студзеня) тры маі батарэі (як, менавіта, тыя, што вызначаліся ўвесь час – 6-я, 7-я і 8-я) былі ўзяты ў галоўны рэзерв Галоўнакамандуючага, што лічыцца асаблівым гонарам. Акрамя таго, з годнасцю паведамляю, што яшчэ ніводны камандзір артылерыйскай брыгады не атрымаў Георгіеўскага крыжа – гэтай вышэйшай вайсковай узнагароды, а мне далі ў першы ж месяц па прыбыцці з Гродна, г. зн. у верасні за бой пад Бен-Сіху. Нягледзячы на няўдачы, мы не згубілі ніводнай гарматы ці нечага іншага, духам ж нашыя афіцэры і салдаты бадзёрыя і чакаюць бою, як свята...».
Тут, акрамя таго, што ліст нясе каштоўную гістарычную інфармацыю, трэба звярнуць увагу чытача на пэўную лубковасць, ненатуральную для баявога афіцэра бравурнасць (асабліва, каб зразумець гэта, трэба бачыць апушчаныя пачатак і канец ліста). Таму мы выказваем гіпотызу аб штучнасці тэксту. Хутчэй за ўсё, сапраўдны ліст Аліева добра адрэдагавалі ў рэдакцыі «Епархіяльных ведамасцей», дзе ён быў надрукаваны, прыдалі яму «жыцційныя» рысы.
І яшчэ. З першай дошкі відавочна, што брыгада панесла страты (і ў лісце гэта падцвярджаецца), але ўсёж-такі незразумела, ці то ў спісах паўшых на дошках усе тыя, хто загінуў, ці толькі ўраджэнцы Гродна. Невядома, колькі страт панесла батарэя пасля напісання ліста.
На другой мемарыяльнай дошцы напісана наступнае: «Афіцэры гродзенскага гарнізона, забітыя і памерлыя ад ран у вайну з Японіяй: 101-шы пяхотны Пермскі полк: падпалкоўнік Віктар Паўлавіч Сакалоў забіты 20-га жніўня пад Ляаянам; штабс-капітан Іван Іванавіч Якаўлеў забіты ў ліпені 1904 г. у баі пад Вафангоу; падпаручнік Канстанцін Канстанцінавіч Фёдараў забіты ў лістападзе 1904 г. на рэкагнасцыроўцы. 102-гі пяхотны Вятскі полк – капітан Сяргей Пятровіч Мірчукоў забіты; штабс-капітан Васіль Сцяпанавіч Крычынскі забіты; падпаручнік Сяргей Маркавіч Аггееў забіты. 103-ці пяхотны Петразаводскі полк – падпаручнік Аляксандр Пятровіч Бабін забіты ў ліпені 1904 г. у баі пад Вафангоу. 171-ці пяхотны Кобрынскі полк – штабс-капітан Віктар Іванавіч Мінін забіты 20-га жніўня 1904 г. у копій «Янтай», падпаручнік Аляксандр Іванавіч Іеўлеў памёр ад ран».
Выкарыстаем тую ж методыку ўзнаўлення баявога шляху часткаў гродзенскага гарнізону, што і ў выпадку першай дошкі.
У ліпені 1904 г. рускія войскі адступалі ад Вафангоу, пасля няўдачнай спробы генерала Курапаткіна прыйсці на дапамогу асаджанаму Порт-Артуру.
20-га жніўня рускія войскі згубілі пры адступленні пад Ляаянам дзве чарговыя пазіцыі – Сыквантунскую і Янтайскую, цяпер японцы пагражалі шляху адступлення рускай арміі на Мукдэн. У баях пад Ляаянам, дарэчы, рускія згубілі 516 офіцэраў і 15 374 ніжэйшых чыноў, а японцы трошкі больш.
Цяпер пяройдзем ад непасрэдна гродзенскага гарнізона да іншых вайсковых частак, што базіраваліся ў нашай губерні. Так, з Брэста на вайну накіраваўся 19-ты саперны батальён. Ён перайшоў у склад 3-ай сапернай роты Усходне-Сібірскага сапёрнага батальёна. Адзін з ягоных афіцэраў Іван Іоська піша: «...З Брэст-Літоўска (штаб-кватэры нашага 19-га батальёна) мы выехалі, накіроўваючыся да штабу 2-га Усходне-Сібірскага сапёрнага батальёна. У цяперашні час мы ўжо два месяцы ў паходзе па Маньчжурыі, выконваючы ўсялякія сапёрныя работы; узмацнілі Мадулінскі перавал, правялі дарогу ад перавала да Хэй-яна, і, увогуле, выконваем шмат іншых работ. Пераходы самі па сабе не вельмі цяжкія, але з абозам пры перамяшчэнні дрэнна – ламаюцца колы, гнуцца восі. Харчаванне людзей таксама даволі зноснае. Хварэюць пакуль што мала...».
Наконт такога бравурнага стану рэчаў у войску трэба зрабіць агаворкі – тут працытаваны ліст, надрукаваны ў час вайны ў адной з напаўафіцыйных газет. У гэтым выданні ўвогуле не магло быць і слова крытыкі стану рэчаў, так што самі разумееце...
Лістаючы падшыўкі старых газет, аўтару трапіў на вочы адзін цікавы дакумант, які тычыцца яшчэ аднаго малавядомага дасюль сюжэту ўдзела фарміраванняў гродзенскай губерні ў руска-японскай вайне.
«Ліст з Порт-Артура.
Ардынарац порт-артурскага героя генерала Кандраценка, падпаручнік Прэсслер, адправіў сваім родным у Гродна ліст, пасланы пасля адчайнай і няўдалай бамбардзіроўкі 18-га жніўня японцамі нашых цвержаў: «...Рота Кобрынская змагаецца выдатна, толькі стары фельдфебель Данілаў палажыў галаву сваю. Малайчына ён быў – гэта кожны скажа. У пачатку ліпеня яго павысілі ў заўрад-прапаршчыкі, а 27-га ён загінуў. Коратка раскажу пры якіх абставінах: 26-га ліпеня нашы адступалі ад адной з перадавых пазіцыяў правага фланга. На гэтай пазіцыі нашы пакінулі некалькі палявых гармат, таму было вырашана паслаць ахвотнікаў скатываць іх у наш бок... Гэтымі ахвотнікамі вызваўся камандаваць Данілаў. Ён тут жа адрэкамендаваўся генералу Кандраценка і атрымаў некаторыя даручэнні. Да аперацыі прыступілі на досвітку. Данілаў, па расказах сведак з ахвотнікаў, дасягнуў са сваімі людзьмі храбту, але быў сустрэты там пераўзыходзячымі сіламі праціўніка, быў вымушаны да адыходу, трапіў пад кулямётны агонь, быў паранены некалькімі кулямі ў жывот і застаўся на месцы...».
У 1952 г. у Нью-Йорку была выдана кніга ўспамінаў Мікалая Ўладзіміравіча Варановіча. Ён удзельнічаў не толькі ў руска-японскай вайне, але і ў Першай сусветнай, потым у Грамадзянскай на баку «зялёных» (начальнікам штабу), а пасля, у 1920 г. эмігрыраваў у Чэхаславакію, потым у Францыю, напрыканцы 40-х гадоў. з’ехаў у ЗША, дзе і памёр у 1967 г. Дзякуючы яго кнізе, мы маем магчымасць зазірнуць у жыццё яшчэ адной вайсковай адзінкі з Гродзенскай губерні, прычым у рэдкім, не ўпрыгожаным выглядзе.
Варановіч вучыўся ў Пажаскім корпусе ў Санкт-Пецярбургу. Яшчэ на пачатку 1904 г., адразу пасля выбуху руска-японскай вайны, ён вырашыў у любым выпадку прыняць удзел у гэтай вайне. Але з прычыны таго, што ўсе ягоныя спробы паступіць у адну з баявых армій скончыліся няўдачай, у снежані 1905 г., выкарыстаўшы канікулы, Варановіч «самавольна пакінуў» Пажаскі корпус і, маючы на руках загаддзя прыпасаванае пасведчанне аб паспяховым заканчэнні 6-ці сярэдніх класаў, вызначыўся кананірам (радавым) у прызначаную да адпраўлення ў дзеючую армію 16-ую артылерыйскую брыгаду, якая квартыравалася ў г. Ваўкавыску і ўваходзіла ў склад 6-га армейскага корпусу.
У 1904 г. яе пераўзброілі новымі хуткастрэльнымі гарматамі, і яна была пераведзена ў мабілізаваны 4-ты корпус і далучана да 40-й пяхотнай дывізіі. Кадравыя перастаноўкі былі адной з асаблівасцяў працы штабу цягам вайны. Дзякуючы такой палітыцы ўсё вышэйшае кіраўніцтва – камандзір корпусу, загадчык артылерыі, начальнік дывізіі – аказаліся зусім незнаёмымі афіцэрам і салдатам брыгады.
Тры чвэрці ніжэйшых чыноў былі запасныя, і пры гэтым – самых позніх гадоў службы, па 10 і больш гадоў не прызываліся на зборы і таму зусім пазабылі ўсё, чаму іх калісьці вучылі. Яны былі сялянамі з Сяддзецкай, Ломжынскай, Люблінскай губерняў і дрэнна размаўлялі па-руску. Многія сямейныя, нават у некаторых былі дзеці, таму большую частку часу яны сумавалі па пакінутых гаспадарках, маўчалі, палілі. Ні смеху, ні песень не данасілася з цяплушак. Астатняя трэцяя частка салдатаў – гэта кадравыя салдаты на тэрміновай службе. Яны былі маладымі, у большасці нежанатыя, таму ехалі на вайну з лёгкім сэрцам, увесь час гарланілі песні, гралі на гармоніках, смяяліся і жорстка п’янствавалі.
Варановіч прыехаў у Ваўкавыск і быў прызначаны ў 5-ю батарэю. Камандзір батарэі – падпалкоўнік Дэггелер быў ужо сталым, сівым чалавекам, больш чым 25 гадоў аддаў ён службе ў заходніх губернях. Меў вялікую прыхільнасць да алкагольных напояў, усю дарогу быў п’яны.
Брыгада, як магла, запаслася ў Ваўкавыску фуражом і харчаваннем для асабістага складу, бо на шляху на Усход кошты на ўсе прадукты былі значна вышэйшыя. У дзень адпраўкі на платформе чыгуначнага вакзала сабраліся сем’і ды знаёмыя афіцэраў, прадстаўнікі горада і гарнізона. Было подана шампанскае, зроблены адпаведныя прамовы, салдатам разданы падарункі – мыла, цыгарэты, махорка.
Амаль на кожных вялікіх прыпынках кадравыя салдаты ўтваралі п’яныя дэбошы.
Варановічу не давялося ўдзельнічаць у актыўных баях. Да моманту прыбыцця эшалону ў Маньчжурыю бітва пад Мукдэнам была прайграна, армія перайшла ў пасіўную абарону.
Калі чытач зазірне ў дадаткі, ён убачыць вялізарную табліцу з імёнамі пацярпеўшых землякоў, якіх лёс тэрміновай службы раскідаў па самых розных вайсковых адзінках.
Таксама мы можам сцвярджаць, што і некаторыя вышэйшыя чыны маюць сувязь з Беларуссю. Напрыклад, герой порт-артурскай абароны генерал Кандраценка некаторы час служыў каля Гродна (займаўся картаграфічнымі работамі), камандуючы 1-й Маньчжурскай арміяй Н. П. Ліневіч меў шэраг маёнткаў у нашым краі, ваенны карэспандэнт палкоўнік Ю. Л. Ялец, дзякуючы якому ўся Расія даведвалася аб героях абароны і маньчжурскіх баях, нарадзіўся і вырас у Ваўкавыскім павеце.
Дарэчы, таксама і непасрэдна з Гродна на вайну выправіўся ваенны журналіст – гэта быў рэдактар неафіцыйнага аддзела «Гродзенскіх губернскіх ведамасцей» доктар медыцыны Вільгельм Карлавіч Шэнберг. Ён ад’ехаў 14-га верасня.
Генерал-лейтэнант Ф.К. Гершэльман некаторы час жыў у Гродне. Генерал-маёр В.І. Рамейка-Гурко, які пасля вайны ўзначаліў Ваенна-гістарычную камісію пры Галоўным кіраванні Генеральнага штабу, пачынаў службу ў Гродзенскім палку (хоць той і не базіраваўся ў Гродне, але!).
Вялікі ўнёсак у падрыхтоўку афіцэраў войска Расійскай імперыі зрабіў Полацкi кадэцкi корпус, які прадназначаўся для дзяцей з Мінскай, Магілёўскай, Віленскай, Гродзенскай і Смаленскай губерняў. Шмат хто з іх, нам невядомых, аддаў сваі жыцці на палях бітваў і ў Кітаі, і пад Порт-Артурам.
Не толькі людзі перакідваліся на вайну, але і зброя з нашай губерні. Вось цікавы факт. У 1904 г. з Брэсцкай крэпасці адправілі ў Порт-Артур некалькі 11?–пудовых медных марцір і 23 жалезных станка да іх. Невядома, ці паспелі яны туды трапіць, пакуль крэпасць не была ўзята ў асаду, але, вядома, гарматы дарам не прапалі.
Цягам вайны рэзка павялічылася колькасць прызваных у войска. Так, у нашай Гродзенскай губерні ў 1904 г. прызвалі 5 819 чалавек з 16 724 па спісах замест звычайных чатырох тысяч. Гэта сведчыць аб недахопе людзей у дзеючым войску і адпаведным узмацненні ціску на прызыўнікоў з боку камісій. Але таксама можна назіраць і ўздым патрыятызму – амаль удвая паменьшылася колькасць тых, хто ўвогуле не з’явіўся на «камісію». Падцвярджае тэзіс аб недахопе салдатаў і загад 10-га снежня аб прызыве патрэбнай колькасці чыноў запасу з Слонімскага павета Гродзенскай губерні і яшчэ з 12 паветаў Мінскай і Магілёўскай. Хоць губерня і не была мабілізавана, прызвалі ў армію і некалькіх афіцэраў запасу.
У траўні, верасні і ў чэрвені па губерні былі праведзены вучэбныя вайсковыя зборы. Пачаткам вучэбнага збору прызначана было 10-ае верасня. Працягласць збора – 28 дзён для ніжэйшых чыноў запасу крэпасной артылерыі, 21 дзень для ніжэйшых чыноў запасу пяхоты і запасных палявой пешай артылерыі, 14 дзён для пехацінцаў, якія служылі ў войску больш за тры гады. Таксама былі прызваны ў вучэбны збор на чатыры тыдні ратнікі апалчэння 1-га разраду. Акрамя таго, праводзіліся праверачныя зборы запасных ніжэйшых чыноў.
Такім чынам, выхадцы з Беларусі зрабілі свой унёсак у абарону Расійскай імперыі, падданымі якой яны з’яўляліся.
Сцяпан Стурэйка. З кнігі "Беларускія губерні ў руска-японскай вайне 1904-1905 гг."
-
Катэгорыя: Расійская імперыя
-
Апублікавана 07 Красавік 2014
Апошняе
- Гродненский военный лагерь 1705 – 1706 гг.
- Первое упоминание про Городен - 1127 год
- НА ПРАВАХ МАГДЭБУРГА
- ГАРАДЗЕНСКАЕ КНЯСТВА (ПАЧАТАК ГІСТОРЫІ)
- ІМЯ ГОРАДА
- Тайны семейной усыпальницы
- Андрэй Чарнякевіч Айцы горада: кіраўнікі гродзенскага магістрата ў міжваенны час і іх лёсы 1919–1939 гг.
- Старая Лента. Гродненский синематограф: забытые страницы
- В аренду предводителю дворянства или история дома на ул. Академической