На працягу руска-японскай вайны нашы прыхаджане праявілі надзвычайную годнасць і сумленне. Вайна гэта, на шчасце, не закранула кожны дом, але, на закранула кожную душу, не пакінуўшы нікога абыякавым.


Як ужо было напісана, першы збор ахвяраванняў быў праведзены 1-га лютага. Яго праасвяшчэнства Ніканор, Епіскап Гродзенскі і Брэсцкі, здзейсніў боскую літургію ў кафедральным саборы, потым звярнуўся да вернікаў са словамі на тэкст «Болен бех и посетисте мене», заклікаў адгукнуцца пасільнаю лептаю на патрэбы Рускага таварыства Чырвонага Крыжа, якому «належыць цяжкая праца ў цяперашні неспакойны час на Далёкім Усходзе». У гэты дзень збор праводзіла старэйшая сястра Гродзенскага аддзела таварыства спадарыня Грыгор’ева. На наступны дзень збор працягнуўся. З гэтага часу ўзяў пачатак маштабны рух дабрачыннасці. 4-га красавіка на першай старонцы газеты «Гродзенскія епархіальныя ведамасці» вялікімі літарамі была надрукавана абвестка: «Преосвященнейший Никонор, Епископ Гродненский и Брестский, имеет поручение принимать пожертвования (деньгами) на семейства воинских чинов, призванных из запаса на Дальний Восток и состоящих там на службе. Прием с 11 до 2 часов».

 

Працяг. Пачатак тут: Гродна ў руска-японскай вайне. Частка 1

 

 

Паміраючы салдат


Акрамя Чырвонага Крыжа, грошы збіралі і іншыя ўстановы. Так, напрыклад, пачаў сваю дзейнасць філіял Александраўскага камітэта параненых (г. Санкт-Пецярбург). Сіротам салдат абяцалі выплочваць 48 рублёў, унтэр-афіцэрам – 60. Ахвяраванні камітэт пачаў прымаць з пачатку сакавіка. Таксама пад аўгусцейшым апякунствам Яе Імператарскай Вялікасці Гасударыні імператрыцы Марыі Фёдараўны дзейнічала «Попечительство о семействах воинов, призванных из запаса армии на Дальний Восток и находящихся там на действительной службе». Гэта была вялікая ўстанова, знакамітая на ўсю імперыю. Яна заснавана ў 1901 г. пасля падзей у Кітаі, калі расійскія маракі прынялі актыўны ўдзел у падаўленні Іхэтуаньскага (названага іншаземцамі Баксёрскім) паўстання. Гэта арганізацыя паспела сабраць грошы больш чым на 4500 дапамог. Цяпер яго намаганні вельмі прыдаліся б. Дарэчы, упаўнаважаным гэтай установы ў Гродна быў сам Ніканор. За першыя паўгода дзейнасці было сабрана амаль 900 рублёў. Толькі за лістапад і снежань набралося 444 рублі.
Для параўнання скажам, што на пачатку стагоддзя адно яйка каштавала 2 капейкі, бохан хлеба – 4–8 капеек, абед у тракціры – 20 капеек, боты – 3 рублі. У той жа час рабочы на фабрыцы атрымліваў у сярэднім 30–40 рублёў штомесяц.

У Гродна, як і ў кожным губернскім горадзе, меўся свой Загад грамадскай міласэрнасці (Приказ общественного призрения), у які любы жыхар краю мог здаць грошы. Да пачатку 1905 г. туды было ахвяравана звыш 18 000 рублёў.

З цягам часу пачала дзейнічаць цэлая «індустрыя» дабрачынных тавараў: на карысць параненых прадаваліся мастацкія паштоўкі ад Чырвонага Крыжа, фотаальбомы з выявамі караблёў расійскага ваенна-марскога флота і «Скарбаў рускага жывапісу». Настаяцелям цэркваў было дазволена фатаграфаваць свае храмы з мэтай у далейшым выдаць альбом, сродкі ад продажы якога таксама пайшлі б на карысць параненых.

Не толькі царква займалася зборам ахвяраванняў, а яшчэ і свецкія ўстановы, і такіх, пастаянна дзейнічаючых і спецыяльна створаных, было некалькі. Вось досыць яскравыя прыклады.

Дамскі камітэт Гродна і Гродзенскае мясцовае кіраванне Чырвонага Крыжа выпрацавала праект арганізацыі Гродзенскага лятучага лазарэта з мэтай адпраўкі яго на Усход да баявога тэатра. Гэты праект сапраўды быў рэалізаваны. 27-га жніўня 1904 г. 3 урача, 8 медсёстраў, 7 санітараў выправіліся ў Маньчжурыю.
Колькасць параненых на вайне была такой вялікай, што не толькі маньчжурскія, але і ўсе ўсходнія шпіталі не спраўляліся. Таму параненых размяркоўвалі па ўсёй тэрыторыі імперыі. Вядома, і ў нас. 

 

Рускія параненыя


Увосень 1904 г. у Брэсцкім павеце (нагадаем, што ён у той час уваходзіў у склад Гродзенскай губерні) быў адкрыты прытулак-санаторый для хворых і параненых воінаў, эвакуіраваных з Далёкага Усходу. Дзейнічаў ён на базе «Заходняга аддзялення інваліднага для чыгуначных служачых дома імя Імператара Аляксандра ІІ». У прытулку змяшчаліся 24-ы ложка. Са свайго боку дом інвалідаў прапанаваў для параненых медыцынскі персанал (дактароў, фельдшараў, медбратоў), а таксама памяшканне, мэблю, бялізну, лекі. Сродкі на астатнія патрэбы знаходзіліся з дапамогай Асобага камітэта Яе Імператарскай Вялікасці Вялікай Княгіні Елізаветы Федараўны, часткова гэта былі ахвяраваныя беларусамі сродкі. Было вызначана, што выдаткі будуць складаць недзе 12 рублёў на ложак у месяц. Кіраванне інваліднага дома звярнулася з просьбай да грамадскасці губерні аб набыцці тых сродкаў. У якасці заахвочвання было дадзена абяцанне аб выстаўленні дошак з імёнамі фундатараў побач з адпаведнымі ложкамі. Рэакцыя грамадскасці паставіла кіраўніцтва ў складанае становішча. Справа ў тым, што розныя ўстановы, гарнізон, простыя людзі адразу ж адгукнуліся і ахвяраванні ў два разы перавысілі патрэбы. Дарэчы, выказаў жаданне ўтрымліваць адзін ложак і ўладыка Ніканор. «Праблему» атрымання вялікай колькасці грошай вырашалі шляхам іх пераразмеркавання на іншыя патрэбы і павелічэння колькасці ложкаў.

Вялікую ступень чуласці і трымання грамадскага абавязка выказалі самыя розныя жыхары губерні. Так, напрыклад, настаўніца Лікаўскай царкоўна-прыхадской школы Алена Кавалеўская выказала жаданне ахвяраваць 2 % ад свайго ўтрымання на патрэбы войска і флота на ўвесь час вайны (а ўсе настаўнікі царкоўна-прыхадскіх школ Ваўкавыскага павета – па 1 %), і такія выпадкі не адзінкавыя. Невялікія гэта, канешне, грошы ад адной асобы, але ўсе разам складалі цэлы капітал.

Толькі 23-га траўня 1904 г. пасля прамовы ў кафедральным саборы павучання аб неабходнасці ахвяраванняў прыхажанамі былі сабраны сродкі, якіх аказалася дастаткова на набыццё 50-ці камплектаў ложкавай бялізны.

Існавала ў горадзе нават яўрэйскае таварыства па ўзмацненню флота, якое сабрала 1570 рублёў па падпісцы і яшчэ 1600 проста так.

6-га чэрвеня 1904 г. у афiцыйным аддзеле «Гродзенскiх епархiяльных ведамасцей» з’явiлася падзяка селянiну вёскi Пыры Азёрскай воласцi Iллю Чаплюку, якi ахвяраваў у Азёрскую царкву 100 рублёў на набыццё абраза Успення Маці Божай. Справа ў тым, што Чаплюк у гэты час знаходзiўся на крэйсеры «Грамабой» ва Уладзiвастоку. Вельмi цiкава было б сёння знайсцi iнфармацыю наконт лёсу царквы i абраза.

 

Грамабой


У той жа газеце, у нумары за 26-га чэрвеня 1905 г., была змешчана падзяка прапаршчыку флота Дзмітрыю Іосіфавічу Главінскаму, удзельніку абароны Порт-Артура, за ахвяраванне «в память о сохранении жизни» 100 рублёў.

У снежні 1904 г. у Малечскую царкву паступіла ахвяраванне (гэта былі некаторыя царкоўныя прылады) ад жонкі старэйшага вайсковага ўрача Вароніна Зоі Аляксандраўны. Яе муж у гэты час быў на вайне.

Сапраўды, абыякавых не было.


Смутак па героях


Зусім дрэнна разгортваліся падзеі на фронце, амаль не было перамог на моры, і горад смуткаваў.

Толькі яшчэ 29-га сакавіка 1904 г. пры службе ў царкве Кобрынскага палка Ніканор зрабіў прамову, у якой заклікаў прыхаджан маліцца за сваіх сяброў, якія ваююць на Далёкім Усходзе, а ўжо праз два дні здарылася чарговая трагедыя: на мінах выбухнуў браняносец «Петрапаўлаўск», на якім загінулі шмат маракоў і адмірал Макараў. Аб гэтым распавёў Ніканор вернікам 2-га красавіка у час прамовы ў кафедральным саборы. Яна была такою надзённай, што яе надрукавалі цалкам у «Епархіяльных ведамасцях». З нагоды трагедыі ў Гродна быў аб’яўлены смутак і адменены ўсе забаўляльныя мерапрыемствы. 29-га жніўня, у нядзелю, адбылася вялікая паніхіда па мараках, якія загінулі.

14–15 траўня 1905 г. адбылося тое, што сваёю жудасцю ўскалыхнула ўвесь свет – Цусімская бітва. Праз 10 дзён, калі дакладна былі падлічаны страты рускага флота і грамадства трохі ачуняла ад шоку, Ніканор правёў вялікую паніхіду па загінуўшых, сярод якіх было так шмат нашых землякоў.


Гродзенскі санітарны атрад


27-га жніўня 1904 г. ад’ехаў з Гродна на Далёкі Усход гродзенскі санітарны палявы атрад. Ён быў падрыхтаваны мясцовым аддзяленнем Чырвонага Крыжа. У склад атрада ўвайшлі тры дактары: надворныя дарадчыкі І.І. Раўтэнштэйн, К.В. Адольф і Багушэўскі, восем сёстраў міласэрнасці: Высоцкая, Бафталоўская, Пакуліс, Галавіна, Плотнікава, Варанкова, Ваврусевіч і Мятлова, а таксама сем санітараў: Манькоўскі, Пясецкі, Балавін, Пятроў, Гапушкоў, Шыхірын і Лосеў. Склад і абсталяванне атрада былі разлічаны такім чынам, каб прыняць 50 ляжачых хворых, а таксама 200 параненых і хворых менш цяжка.

У 11 гадзін дня 27-га жніўня ў кафедральным саборы Ніканор пры дапамозе лепшых прадстаўнікоў гродзенскага духавенства адслужыў для іх малебен на дарогу. На ім прысутнічалі камандуючы 2-м армейскім корпусам І.М. Павалоцкі з жонкай Аўгеніяй Іпалітаўнай, загадчык губерні М.М. Асаргін таксама з жонкай Елізаветай Мікалаеўнай, віцэ-губернатар Лішын з жонкай Вольгай Міхайлаўнай, а таксама ўвесь генералітэт і загадчыкі ўсіх грамадскіх і вайсковых ведамстваў, дырэктары навучальных устаноў і, вядома, простыя вернікі.

 

Гавань Порт-Артура


Уладыка сказаў медперсаналу атрада некалькі цёплых словаў і блаславіў на добры шлях ад імя Сафійскага праваслаўнага брацтва абразом Маці Божай Адзігітрыі. Наўпрост ад сабора атрад пайшоў на чыгуначны вакзал. Гэтых людзей суправаджаў вялізарны натоўп і цэлых тры аркестры: два вайсковых і адзін пажарнай каманды. Натоўп заняў усю прастору чыгуначнай станцыі і прылягаючыя вуліцы.

Да так званай «ваеннай» платформы вакзала паравоз падкаціў два пасажырскіх вагона, у які і размясціўся ўвесь службовы персанал атрада.

Калі ўсе занялі сваі месцы, камандзір корпусу Павалоцкі звярнуўся да тых, хто ад’язджаў з узнёслай і прыгожай прамовай. Ён падкрэсліў, што ўсе ўдзельнікі атрада пагадзіліся ехаць на вайну дабраахвотна. Павалоцкі таксама папрасіў загадчыка атрада ад імя ўсёй гродзенскай супольнасці не парываць зносіны з горадам, а ўвогуле як мага часцей даваць аб сябе знаць і паведамляць аб усялякіх патрэбах, аб якіх маглі забыцца тут на месцы. Натоўп аглушальна пракрычаў некалькі разоў «Ура!», музыкі зайгралі «Божа, цара барані» і цягнік тронуўся з месца, павольна набіраючы хуткасць. Натоўп крычаў і не разыходзіўся, пакуль цягнік быў бачны з платформы.

Цяпер некалькі слоў аб удзельніках санітарнага атрада. Ягоны загадчык – Ісаак Ізраілевіч Роўтэнштэйн – нарадзіўся ў Гродне, вучыўся ў сталіцы, дзе прайшоў настаўніцкія курсы. У 1882 г. пасля заканчэння ваенна-медыцынскай акадэміі, вярнуўся на радзіму і жыў бязвыездна ў Гродне, займаючыся медыцынскай практыкай. Дзякуючы сваім здольнасцям, быў шырока вядомы ў горадзе.

Другі доктар, Карл Вікенцьевіч Адольф, нарадзіўся ў дваранскай сям’і, у Гродзенскай губерні, вучыўся ў мясцовай гімназіі. А ў 1893 г. скончыў Маскоўскі універсітэт і служыў некаторы час у земстве, а ўжо потым у 1901 г. пераехаў у Гродна.

Нарэшце, Багушэўскі (на жаль нам пакуль невядома яго імя і імя па бацьку) быў простым сельскім лекарам у мястэчку Янава Сакольскага павета.
Медсёстры прыйшлі ў атрад з мясцовага таварыства сёстраў міласэрнасці, а санітары – хто адкуль. Тры санітары – Балавін, Манькоўскі і Пясецкі – паходзілі непасрэдна з Гродна.

6-га верасня ў Гродне атрымалі тэлеграму з Чэлябінска, у якой было напісана: «Атрад шле гарачае прывітанне родным, сябрам і знаёмым. У атрадзе ўсе здаровыя».

Вельмі шкада, што, як і некаторыя іншыя гісторыі нашага апавядання, гэтая пакуль не мае канца. Ніякай інфармацыі пра дзейнасць атрада і лёс яго сябраў пасля заканчэння вайны пакуль не знойдзена. 


Гродзенскія святары на вайне з Японіяй


Святар – гэта той чалавек, які дапамагае верніку звяртацца да Бога, і гэта не праца, а такі лад жыцця. Вернік бачыць у святары не толькі такога «духоўнага функцыянера», але заўсёды і сябра, хоць бы і бачыў таго ўпершыню. Бо святар не можа, не мае ніякага права не падтрымаць, не паслухаць, не дапамагчы таму, хто мае патрэбу. Святар не можа стаміцца, ён не можа бегчы ад цяжкасцей ці кпіць з верніка. Складана ўявіць, колькі спраў і клопатаў мае духоўны айцец у звычайным прыходзе. Таму здаецца немагчыма ўявіць ягоную працу на вайне, пад непрыяцельскімі кулямі, але такое было. І калі гродзенскі Свята-Пакроўскі сабор пабудаваны ў гонар загінуўшых на руска-японскай вайне, зусім не лішнім было б прыгадаць і тых людзей, якія былі побач з салдатамі, натхнялі іх і, на жаль, часцяком адпявалі ў іншы, лепшы свет. A la guerre comme a la guerre.

У 1892 г. у наш горад паступіў на вайсковую службу сын тамбоўскага святара Іван Дабраседаў. Ён не скончыў поўнага курсу духоўнай семінарыі. Праслужыўшы ў вайсковым званні дзесяць гадоў, Іван вызначаўся «высокімі якасцямі розуму і сэрца» і хутка звярнуў на сябе ўвагу вайсковага кіраўніцтва. Таму даволі хутка, па мерках таго часу, даслужыўся ён да «паручніка». Але яго больш маніла духоўнае служэнне, таму ён пакінуў войска. Відаць, бацькоўскія гены далі аб сабе знаць. Ён вырашыў стаць пастарам. Для гэтага Іван звярнуўся да гродзенскага епіскапа Праасвяшчэннага Іаакіма з просьбай аб прызначэнні на службу ў сане іерэя. Канешне, з той адукацыяй, што ў яго была, ажыццяўленне гэтага жадання было немагчымым. Таму ён паехаў у Вільню, дзе здаў неабходныя іспыты ў Віленскую духоўную семінарыю.

 

На крэпасных умацаваннях


У 1901 г. здзейснілася яго рукапалажэнне ад Іаакіма. Дабраседаў стаў іерэем і пачаў служыць у царкве вёскі Вярэйкі Ваўкавыскага павета. Галоўная яго турбота там была правесці належны ўзровень адукацыі ў адпаведным царкоўным духу. Ягоныя намаганні выявіліся ў пабудове школкі ў маёнтку Стары Двор.

Але ўжо праз два гады, напрыканцы 1903 г. Івану Дабраседаву прыйшлося пакінуць гэтыя мясціны, яго накіравалі ў адзін з Усходне-Сібірскіх палкоў, а ў 1904 г. з пачаткам руска-японскай вайны ён быў пасланы са сваім палком на Далёкі Усход.

Восем месяцаў правёў ён у Порт-Артуры, праводзячы цяжкую духоўную працу па ўзняцці маральнага стану салдатаў палка, падымаючы іх на подзвігі. Крэпасць Порт-Артур вытрымала даволі доўгую асаду, але, у рэшце рэшт, была здадзена японцам.

Святара ў палон не ўзялі, таму Іван атрымаў права вярнуцца дамоў, у Гродна.

На вакзале яго сустракалі ўсе знаёмыя, родныя, вайскоўцы і старыя саслужыўцы. Ён быў горача прыняты Праасвяшчэнным Архіпастырам Ніканорам, камандуючым 2-м армейскім корпусам І.М. Павалоцкім.

Ніканор, улічваючы ўсе перанесеныя святаром цяжкасці, тое, што Іван некалькі месяцаў праслужыў пад свістам японскіх цяжкіх 11-дзюймовых снарадаў, палічыў за гонар прасіць яго правесці з ім службу ў Гродзенскім кафедральным саборы. Здзейснілася гэта 3-га красавіка 1905 г., калі ўся Расія ўжо здрыгалася ад падзей Першай рускай рэвалюцыі. Але яшчэ раней у Крыжовай царкве Іван адслужыў усяночную. На гэтую службу сабраліся ўсе жыхары Гродна, што лічылі сябе сябрамі айца Іаана. Невялікая архіярэйская царква ледзь умяшчала ўсіх вернікаў. Яму дапамагаў мясцовы протадыякан, удзельнічаў таксама ўзорна пастаўлены Гродзенскі архіярэйскі хор пад кіраўніцтвам спадара Лявіцкага (сапраўдны кіраўнік рэгент айцец Лебядзеў у той час хварэў).
Як пісалі «Гродзенскія епархіяльныя ведамасці»: «Гледзячы на пакутніцкі твар айца Іаана, вернікі нявольна пераносіліся думкамі да нябёсаў, молячы ўсемагутнага Тварца аб дараванні ўсім тым, хто вярнуўся (з вайны. – С.С.) крэпасці сілаў, а памёрлым вечнай блажэннай памяці...».

На наступны дзень, 3-га красавіка, адбылося архіярэйскае служэнне з удзелам большасці ганаровага гродзенскага гарадскога духавенства і айца Іаана пры трох харах пеўчых: Архіерэйскай, Саборнай і Мураўёўскай школаў. Кафедральны сабор быў перапоўнены вернікамі, служба ішла неверагодна ўзнёсла, а пасля яе заканчэння Ніканор узнагродзіў Іаана, усклаўшы на яго духоўны меч – набедраннік.

Па заканчэнні літургіі ў пакоях Ніканора госцю прапанавалі гарбату і невялікі пачастунак. На «салодкім стале» прысутнічалі, акрамя святароў, вышэйшыя чыны ваеннага ведамства і нават генерал-лейтэнант Павалоцкі. У час гарбаты Іван пачуў шмат цёплых слоў і здравіц у свой адрас, а таксама ў гонар усіх святароў, што прайшлі руска-японскую ды іншыя войны.

На развітанне Іван атрымаў на памяць ад Ніканора фотаздымак і некалькі ягоных кніжак, а ад Гродзенскага архіярэйскага домакіравання – набедраннік з адпаведным моманту надпісам.

Але не адзін толькі святар з Гродзенскай губерні Іаан Дабраседаў быў на вайне. Незадоўга да заканчэння ваенных падзей на Далёкім Усходзе, 12-га ліпеня 1905 г. выйшла распараджэнне Протапрэсвіцера вайсковага і марскога духавенства аб прызначэнні гродзенцаў – айца Алега (Адамовіча) і святара Ятвескай царквы Аляксандра (Гольдберга) – святарамі. Першага – у 4-ты, а другога – у 5-ты стралковыя палкі, якія на той час мясціліся на баявым тэатры. 30-га ліпеня святары Альбянскай і Селявічскай цэркваў айцы Фёдар (Іванцэвіч) і Мікалай (Прасперскі) таксама былі адпраўлены на вайну. Святар Яглевічскай царквы Павел Барзіловіч быў прызначаны ў Херсонскі полк, які толькі збіраўся выпраўляцца на Далёкі Усход.

Можна меркаваць, што сярод тых палкоў, якія складалі гродзенскі гарнізон (26-ая артбрыгада, 101-шы пяхотны Пермскi, 102-гі пяхотны Вятскi, 103-ці пяхотны Петразаводскi, 171-шы пяхотны Кобрынскi палкi) таксама знаходзіліся святары, але, на жаль, аб іх лёсе нам пакуль нічога невядома.


Эканамічны ўплыў


Паколькі наша даследванне імкнецца да найбольшай, як магчыма, паўнаты і структурнасці апісання падзей таго часу, то было б памылкай не сказаць хаця б два слова аб глыбінных эканамічных працэсах, што выклікала вайна ў Гродзенскай губерні.

Як зазначаюць складальнікі «Аглядаў па Гродзенскай губерні», даходнасць, напрыклад, мясцовага Кіравання дзяржаўнай маёмасцю ў 1904 г. знізілася ў параўнанні з 1903 г. на 245 067 рублёў і 81 капейку, ды склала 1 848 077 рублёў 32 капейкі (гэта значыць на 11,7 %) менавіта з-за «дарагавізны крэдыту і цяжкага эканамічнага становішча краіны ўслед бягучых ваенных падзей».

Па гэтай жа прычыне па ўсіх сплаўных рэкавых сістэмах губерні ў 1904 г., у параўнанні з 1903 г., кошт нагрузкі зменшыўся на 29 772 рублёў, а кошт разгрузкі – на 252 174 рублёў Што ж, строгі чыноўніцкі падлік. Па сутнасці, эканамічны крызіс (падзенне вытворчасці) у беларускіх губернях пачаўся яшчэ да пачатку вайны, але тлумачэнне крызісных з’яў вайной таксама прыймаецца. Уся краіна напружылася – ад прадпрыемстваў цяжкай вытворчасці патрабавалася, каб яны працавалі, як гадзіннікі. Казна з’ядала (ці, лепш сказаць, спальвала і выстрэльвала) мільёны залатых рублёў, бяручы заёмы ў банках, а значыць, расла інфляцыя.

У сваю чаргу, эканамічны крызіс выклікаў пагаршэнне жыццёвага ўзроўню працоўных і сялян усёй краіны, правакуючы іх на правядзенне акцый пратэсту.


Заканчэнне вайны


Пакуль на Далёкім Усходзе ішла вайна, па ўсёй неабдымнай Расійскай імперыі ўжо грукатала рэвалюцыя. Дэ факта яна пачалася 9-га студзеня. У Гродна адна дэманстрацыя змянялася другой. У дэманстрацыі 16-га студзеня ўдзельнічалі 500 чалавек, 2-га сакавіка – 3000 чалавек, 2-га траўня ўдзельнічалі ўвогуле ўсе працоўныя. «Далоў самаўладдзе!» Спадар Харын – гаспадар адной з пераплётачных фабрык выкарыстаў упершыню ў гісторыі горада Гродна лакаут (масавае звальненне незадаволеных). Агітатары ўсё больш уздзейнічалі на розум салдатаў, тых, каго не адправілі на вайну, а пакінулі ў Гродне. У гродзенскім гарнізоне пачаліся хваляванні.

У першыя дні рэвалюцыі ў гродзенскіх газетах можна было назіраць усплеск паведамленняў аб вайне. Амаль нічога нельга знайсці аб падзеях у Санкт-Пецярбурзе, аб шматтысячных забастоўках у іншых рэгіёнах – нібы нічога гэтага не існавала.

Але рэчаіснасць застаецца нязменнай. Тэма вайны ў свядомасці грамадства адыйшла на другі план (канешне, не ў тых, хто меў родных і сяброў у Маньчжурыі ці на Другой Ціхаакіянскай эскадры З.П. Ражэственскага). Бальшавіцкія агітатары занадта актыўна распаўсюджвалі тэзу аб карысці паражэння «загніваючага самаўладдзя» ў руска-японскай вайне. Маўляў, чым горш, тым лепш, больш шанцаў на тое, каб скінуць цара. Рэвалюцыянеры зрывалі са сценаў і сталбоў у горадзе плакаты з заклікамі аб ахвяраваннях на вайну. Імёны гэтых, прынамсці, непатрыятычных гродзенцаў нам вядомыя, але навошта цяпер іх узгадваць?

 

Бітва рускіх з японцамі


Сапраўды, працоўныя патрабавалі не толькі павышэння зарплаты, паляпшэння ўмоў працы і палітычных свабод, але таксама заканчэння вайны, якая была для большасці народа – сялянства і рабочых – чужой і незразумелай.

23-га жніўня 1905 г., пасля шматлікіх параз быў нарэшце апублікаваны царскі маніфест аб міры з Японіяй. Трохі пазней пачаліся перамовы ў амерыканскім горадзе Портсмут, дзе Расія і Японія павінны былі выпрацаваць умовы дагавору. За пасрэдніцтва на гэтых перамовах прэзідэнт ЗША Тэадор Рузвельт стаў першым амерыканцам, які атрымаў Нобелеўскую прэмію.

9-га кастрычніка ў кафедральным саборы была праведзена божая літургія аб заключэнні міру.

Апошнім рэхам, якім адгукнулася руска-японская вайна на Гродзеншчыне – быў працэс стварэння ўмацаванняў гродзенскай крэпасці, рэшткі ўмацаванняў якой захаваліся ў мікрараёне Фарты. Справа ў тым, што першыя збудаванні крэпасці былі ўзведзены ў 80–90-я гг. ХІХ ст., а вось дадатковыя канструкцыі будаваліся ў перадваенным 1913 г. з прыцягненнем японскіх афіцэраў. Такім чынам, самы сучасны тады вопыт стварэння і разбурэння ўмацаванняў Порт-Артура быў увасоблены і ў Гродне.


Сцяпан Стурэйка. З кнігі "Беларускія губерні ў руска-японскай вайне 1904-1905 гг."

 

Працяг:

Гродзенцы ў марскіх бітвах руска-японскай вайны. Частка 1

Гродзенцы ў марскіх бітвах руска-японскай вайны. Частка 2

Гродзенцы ў сухапутных бітвах руска-японскай вайны

 

Атака

 

Бой

Паляуь трупы

 

 

Scroll to top