Здаўна так павялося: справе папярэднічае слова. Згадайце біблейнае: ”спачатку было Слова...”. I калі справе мы служым, то да слова прыслухоўваемся. Бо ўпэўнены, што за словамі хаваецца існасць. I нават болей: словы вызначаюць існасць з'яў, дапамагаючы нам спазнаць іх. Нездарма лічыцца, што надаць імя чаму-небудзь — значыць спазнаць яго, вызначыць яго існасць. Гэта тычыцца і нашых уласных імёнаў, і назваў самых розных разнастайных рэчаў, з'яў і назваў насельных пунктаў, у тым ліку і гарадоў.

Як надаюцца імёны гарадам? Гэтым пытаннем займаецца спецыяльная навука тапаніміка. Абапіраючыся на шэраг іншых навук (у кожным асобным выпадку гэта вызначаецца само па сабе), тапаніміка даводзіць нам першапачатковы сэнс тапоніма (той ці іншай уласнай геаграфічнай назвы), у тым ліку і першапачатковы сэнс сучаснай назвы насельных пунктаў.
Мы жывем у старажытным горадзе, імя якога Гродна (нярэдка вы чуеце Горадня, ці Гародня і таксама разумееце, што размова ідзе менавіта аб нашым горадзе). З летапісаў XII стагоддзя нам вядома яшчэ адно, першапачатковае імя — Городень. I каб даведацца, што азначае сённяшняя назва, трэба спазнаць сэнс першапачатковай назвы, разгледзець, як яна ўжывалася і змянялася на працягу стагоддзяў. А гэта патрабуе ад нас ведання гісторыі свайго горада, спазнання таямніцы яго нараджэння.

На жаль, нараджэнне Гродна — самая сапраўдная таямніца. Не захавалася ні больш-менш падрабязных летапісных звестак, ні легенд ці паданняў. Толькі археалагічныя знаходкі дазваляюць навукоўцам рабіць высновы аб тым, што ўяўляў горад Горадзен у XII стагоддзі. Але і археалагічныя доследы не высвятляюць пытанне аб назве горада. Археалогія разам з генеалогіяй дапамогуць нам даведацца аб гістарычных абставінах узнікнення на Замкавай гары, у месцы ўпадзення ў Нёман рачулкі Гараднічанкі княжацкай рэзідэнцыі, якая ўжо ў 1127 годзе нагадваецца як Горадзен. Але аб гэтым вы чыталі ў папярэднім апавяданні, а зараз давайце паразважаем над этымалогіяй слова Городенъ. Паспрабуем спачатку
зрабіць лінгвістычны аналіз.

Корань гэтага слова "ГОРОД”, і "ЕНЪ” суфікс. Слова "Городъ” (горад) слоўнікі тлумачаць, як:

1) Буйны насельны пункт, горад у сучасным разуменні;
2) Крэпасць, умацаванае месца;
3) Крэпасная сцяна, лінія ўмацаванняў.

Як даводзяць археалагічныя знаходкі напачатку XII стагоддзя, Горадзен быў адносна невялікай крэпасцю, рэзідэнцыяй удзельнага князя, вакол якой сяліліся рамеснікі (так званы рамесніцкі пасад). Таму найболын верагодна, што першапачатковы сэнс менавіта такі: умацаванае месца, абарончая пабудова, крэпасць. Успомнім, з якой мэтай будаваўся горад: з аднаго боку стварыць перашкоду для ворага пры ягоных спробах захапіць краіну (абарона дзяржавы), а з другога боку абарона ўласных жыхароў. Такім чынам, як і ў вузкім, так і ў шырокім сэнсе слова "Горад" (ад дзеяслова "гарадзіць") азначае "абарона”.

А суфікс "енъ", як даводзіць вядомы беларускі мовазнаўца, прафесар Гродзенскага універсітэта П. У. Сцяцко, надае назоўніку горад (абарона) прасторавы сэнс (абарона пэўнай прасторы - сваёй дзяржавы). Пры гэтым новае слова Городенъ застаецца назоўнікам, сэнс якога абаронца сваёй краіны. Заўважым пры гэтым, што суфікс ”ня” (на) лакалізуе значэнне назоўніка і тым самым звужае сэнс назвы насельнага пункта.

Значыцца, звычайнае, шырока распаўсюджанае тлумачэнне назвы нашага горада, як "агароджанае месца" не толькі звужае сэнс, але не адпавядае лінгвістычнай сутнасці слова "Городень". На жаль, амаль што няма літаратурных фактаў, якія б пацверджвалі менавіта гэтую думку. Амаль што няма... I ўсё ж адзін факт ёсць. I вельмі вядомы. Яго захавала для нас славутае "Слова аб палку Ігаравым". Амаль у самой сярэдзіне гэтага высокамастацкага літаратурнага твора, як жамчужына ў залатой аправе, знаходзіцца
песня-плач пра князя Ізяслава Васількавіча. Для паўнаты разумення нагадаем спачатку коратка змест усяго твора.

Вясна 1185 года. Ноўгарад-Северскі князь Ігар Святаслававіч супраць грознаму прадвесцю (сонечнаму зацьменню 1 мая 1185 года) патаемна ад кіеўскага князя Святаслава адправіўся ў паход на полаўцаў. Паход скончыўся паражэннем Ігарава войска і паланеннем Ігара. Русь апынулася пад пагрозай палавецкага нашэсця. Красамоўна і абгрунтавана апісвае гэтыя падзеі безыменны аўтар "Слова". Болем і трывогай за родную зямлю напоўнена ягонае чулае сэрца. Гнеўна і мужна далучае ён свой голас у падтрымку "залатога слова" Святаслава і звяртае да ўсіх рускіх князёў палымяны заклік "Загородите полю ворота своими острыми стрелами за землю рускую... Уже бо Сула не течеть сребреными струями кь граду Переяславлю и Двина болотомь течеть онымь грознымь полочаномь под кликомь поганыхь. Единь же Изяславь, сынь Васильковь позвони своими острыми мечы о шеломы литовския; притрепа славу дьду своему Всеславу, а самь подь чрьлеными щиты на кровавь травь притерпань литовскнмн мечи и с хотию на кров, а тьи рекь: "Дружину твою, княже, птиць крилы приодь, а звьри кровь полнзаша". Не бысь ту брата Брячяслава, ни другаго — Всеволода. ЕДИН же изрони жемчужну душу изь храбра тьла чресь злато ожерелие... Унылы голоси, пониче веселие, трубы трубять городенскіи".

Звярніце ўвагу на перазовы першай і апошняй фраз нагаданага ўрыўка: "Загородите полю ворота... - трубы трубять городенскіи". Па думцы акадэміка Д. С. Ліхачова "Слова" наскрозь прасякнута так званымі "скрэпамі" — паэтычнымі перазовамі-метафарамі, сцягваючымі асобныя часткі гэтага мастацкага твора ў суцэльныя "блокі", якія арганічна ўзаемадзейнічаюць адно з адным і па сэнсу, і структурна, ствараючы ўвогуле суцэльны, высокамастацкі паэ тычны твор. У нашым выпадку нагаданы перазоў якраз і стварае такую "скрэпу".

А калі мы нагадаем яшчэ шматзначнасць сімволікі сярэднявечча (у дадзеным выпадку тое, што "вароты" сімвалізуюць і горад, і краіну), то ўжыванне аўтарам "Слова" выразу "Трубы трубять городенскіи" ўспрымецца як замацаванне яго закліку "загородите полю ворота своими острымп стрелами" (абараніце краіну ад знешняга ворага - качэўнікаў).
А ўвесь нагаданы ўрывак ўспрымаецца тады як дзівосны рэзанатар, які шматразова ўзмацняе заклік. Ну зусім як збаны-галаснікі Барысаглебскай царквы.

Прааналізаваўшы этымалогію назвы Городенъ, можна зрабіць выснову, што ў сэнсе, у якім яна выкарыстоўваецца аўтарам "Слова”, яна азначае толькі адно: ”абаронца”. Таму ўжыванне загароджы ў якасці геральдычнай фігуры гарадзенскага герба само па сабе павінна было ўспрымацца як "горад-абаронца сваёй айчыны" (глыбінны сэнс дзе слова "загарадзіць" - "абараніць").

Да таго ж, я і сам магу выступіць як сведка і захавацель архаічнага лексічнага факта. З далёкіх гадоў дзяцінства (а прайшло яно, як і ўсё маё жыццё менавіта ў Гродна, мая памяць утрымлівае ваярскі заклік: "Городись!". Так мы, хлапчукі 8-10 гадоў крычалі адзін аднаму, калі гулялі ў мушкецёраў і лёталі па двары з драўлянымі шаблямі. I сэнс гэтага закліку быў, безумоўна, адназначны. Ён пазней, у падлеткавыя гады (гульня ў мушкецёры і тады не страціла для нас папулярнасці) пераўтварыўся ў больш сучасны і больш ветлівы: "Сэр, защищайтесь!". Можа і сапраўды, дзіцёнак найбольш набліжаны да "моманту ісціны" і ягоная псіхіка здольна аднаўляць даўно ўжо забыты дарослымі сэнс слоў.

Назву Городенъ наш горад захоўваў ажно да сярэдзіны XVI стагоддзя. Аб гэтым сведчаць летапісы ХІІ-ХУІ стагоддзяў, афіцыйныя вялікакняскія і каралеўскія дакументы тых жа часоў, мемуары XVI ст. Напярэдадні аб'яднання Вялікага княства Літоўскага і Каралеўства Польскага ў адзіную федэратыўную дзяржаву і пасля Люблінскай вуніі (1569 г.) назва "Горадзен" пачала паступова замяняцца на "спольшчаную" - Гродна, якая з цягам часу атрымала перавагу ў афіцыйным ужытку. У народзе спачатку ўсталявалася "прамежкавае" вымаўленне: Горадня (што, мабыць, найбольш адпавядае мілагучнасці беларускай мовы), якое да сярэдзіны XX стагоддзя перайшло ў "Гародню". Сёння можна пачуць абодва варыянты народнага вымаўлення. Нам жа больш дакладным, найбольш адпавядаючым гістарычным вытокам здаецца назва "Горадня". Тым больш, што і сёння першапачатковы сэнс "Городен-Горадня" як горад-абаронца не страчаны. Ён толькі трансфармаваўся ў "абаронца нацыянальнай культуры, народных традыцый". I ў гэтым залог непарыўнасці часу. А значыць і нашай будучыні.

Алесь Госцеў

Scroll to top