Якасная электронная падборка ўсіх вядомых сёння малюнкаў Напалеона Орды з выявамі Горадні, подпісамі да іх, а таксама фотаздымкамі з сучасным выглядам мясцін, намаляваных Ордам амаль 150 гадоў таму

Напалеон Орда (1807-1883) – выдатны кампазітар, мастак, педагог і пісьменнік, паходзіў з Палесся. Вучыўся ў Свіслацкай гімназіі, адкуль быў выключаны за ўдзел у тайных студэнцкіх таварыствах. Пасля прымаў удзел у паўстанні 1830-31 гг. і вымушаны быў эміграваць у Францыю. Вярнуўся адтуль ён у 1856 годзе і ўжо ў 1860-1880-х гадах стварыў серыю сваіх знакамітых мастацкіх работ з выявамі гарадоў і мясцінаў Беларусі, Літвы і Польшчы. Сярод іх і каля 40 вядомых сёння малюнкаў з выявамі Горадні.
Партрэт Напалеона Орды
Усяго сёння вядома каля 1150 малюнкаў і акварэляў Напалеона Орды. З іх больш 1000 знаходзяцца ў Кракаве і Варшаве. Даволі значная колькасць таксама ў Вільні. У Беларусі захоўваюцца адно каляровыя літаграфіі з альбомаў, якія Орда за прыватныя грошы друкаваў у 1873-1883 гадах.

Аб побытах Орды ў Горадні сёння амаль нічога невядома. Некаторыя даследчыкі лічаць, што ён жыў у нашым горадзе ў 1863-64 гг. Дакладна вядома, што з 15 мая 1866 па красавік 1867 г. Орда знаходзіўся ў гродзенскай турме, куды яго засадзілі расійскія ўлады па падазрэнню ва ўдзеле ў паўстанні 1863 года. Адзін з малюнкаў Орды сапраўды зроблены з двара гродзенскага астрога. Але хутчэй за ўсё асноўную масу гарадзенскіх малюнкаў Орда стварыў ужо пад канец 1860-х ці нават у пачатку 1870-х гг. Гэта бачна таксама і па малюнках мастака, напрыклад, гарадзенскі чыгуначны вакзал быў дабудаваны ў 1867 годзе, таму раней намаляваць яго Орда не мог.

Вялікая каштоўнасць гарадзенскіх малюнкаў Напалеона Орды ў тым, што гэтыя выявы зроблены яшчэ перад тым, як горад масава пачалі фатаграфаваць прафесійныя фатографы. Сёння вядома літаральна некалькі фотаздымкаў Горадні 1860-х гг., ды і ўвогуле, фотаздымкаў горада, зробленых да пажара 1885 года, не так і шмат. Таму і цікавыя нам не толькі выявы манументальных помнікаў дойлідства, такіх як гарадзенскія касцёлы (хаця, напрыклад, гарадзенскі дамініканскі касцёл быў разбураны па загаду расійскіх уладаў літаральна праз пару год пасля таго, як яго намаляваў Орда), але і малюнкі шэраговай забудовы горада, паколькі яе характар цалкам змяніўся пасля пажара 1885 года. На змену драўляным фахверкавым будынкам тады прыйшлі цагляныя дамы, якія мы маем магчымасць бачыць сёння.

Варта звярнуць увагу і на тое, што Орда часта маляваў архітэктурныя помнікі, якія, магчыма, мелі дачыненне і да яго ўласнай біяграфіі. Напрыклад выявы вулачак з драўлянай забудовай на абодвух берагах Нёмана і дамоў маёнткавага тыпу, месцазнаходжанне якіх сёння цяжка лакалізаваць. Гэтыя будынкі маглі быць месцам пражывання сяброў мастака, у якіх ён жыў пад час візітаў у наш горад. У так званым доме Ромера на цяперашняй Савецкай вуліцы арганізоўвалі свае сустрэчы паўстанцы 1863 года, і маляваў гэты дом Орда, удзельнік паўстанняў 1830-31-га і 1863-га гг., калі ў гэтым доме, так бы мовіць, яшчэ не заціхлі крокі Кастуся Каліноўскага.

Нягледзячы на велізарную каштоўнасць для вывучэння архітэктурнай спадчыны Горадні малюнкі Орды робяць уражанне не заўсёды дакладных. Бачна, што завяршаў свае эскізы мастак ужо не з натуры, а хутчэй па памяці, таму далёка не заўсёды захоўваецца маштаб будынкаў, некаторыя іх архітэктурныя дэталі. Напрыклад, занадта маленькіх памераў атрымаўся ў Орды бернардынскі касцёл, малюнак фасада палаца Сапегаў (так званай “баторыеўкі”) на рагу Карла Маркса таксама не зусім адпавядае рэчаіснасці. Па гэтай прычыне самыя дакладныя – гэта ўсёж такі не каляровыя, а графічныя, эскізнага характару, працы мастака.

Тым не менш, малюнкі Напалеона Орды – невычэрпная крыніца ведаў аб нашым горадзе, іх трэба як мага шырэй прапагандаваць сярод гарадзенцаў (рабіць бігборды, каляровыя шыльды крамаў, аздабляць імі кавярні і г.д.), каб жыхары роднага горада любілі яго больш і больш ведалі яго багатую гісторыю.


Для больш зручнага прагляду ўсе малюнкі Н.Орды падзеленыя на пяць тэматычных груп. Падчас падрыхтоўкі матэрыялу сустракаліся розныя копіі (варыянты) малюнкаў, розных па якасці, памерах, колернасці і г.д., таму некаторыя выявы размешчаны ў некалькіх варыянтах. Кожны малюнак можна праглядзець у павялічаным фармаце (варыянт для друку). website

Scroll to top
Website Security Test