Мала хто з сучасных гродзенцаў дасць адказ на пытанне: а што за жывела такая – вол? Мо нехта ўзгадае ўкраінскі мультфільм, дзе казакі, нагрузіўшы на запрэжаны валамі воз мноства мяшкоў солі, паехалі яе прадаваць. На тым веды пра гэтую цікавую жывёлу бадай што і скончацца. Але, паміж іншым, менавіта вол на працягу доўгіх стагоддзяў быў спадарожнікам і памочнікам беларускага селяніна ў ягонай працы.

Мы традыцыйна ўяўляем сабе нашага продка з плугам, у які запрэжаны конь. Гэткая худая, стомленая недахопам ежы і працай кабылка. Але дастаткова глянуць у “Пісцовую кнігу Гродзенскай каралеўскай эканоміі XVI ст.” або інвентары панскіх маёнткаў XVIII–XIX стст. у ваколіцах Гродна – і мы пераканаемся, што валоў было ў два-тры разы больш, чым коней.

Быкі – істоты даволі агрэсіўныя, і прымусіць іх цягаць воз нельга. Вол – гэта кастрыраваны бык.  І бык, стаўшы валом, хутка нагульвае тлушч, становіцца спакойным і вельмі цягавітым. Каня цяжэй даглядаць, ён хварэе і патрабуе больш якасную ежу, у першую чаргу авёс. Таму нават багаты селянін меў у сваёй гаспадарцы зазвычай аднаго каня і трох-чатырох валоў.

Вол значна больш вынослівы, чым конь. Заараць валом цягам дня можна большую частку поля, чым канём. Да ўсяго ў каня вельмі слабая шыя, і трэба прыдумваць цэлую сістэму дарагой вупражы, каб конь цягнуў плуг або воз грудзямі, а не плячыма і шыяй. З валом такой праблемы няма. У яго вельмі моцная шыя, таму на яго апранаюць простае ярмо – такі чатырохкутнік з дрэва, пры дапамозе якога вол цягне вельмі цяжкі воз. Вол менш пераборлівы ў ежы, але ж надта марудны. Чалавек, які ідзе хуткім крокам, лёгка абгоніць воз, запрэжаны валамі, бо той сунецца з хуткасцю ўсяго 2–3 кіламетры на гадзіну.

 

На Гродзеншчыне валы пратрымаліся аж да Першай сусветнай вайны дзякуючы яшчэ адной з’яве. Праз нашыя землі кожнае лета праганялі тысячы валоў з Украіны, найперш з Валыні (ці не ад вала назва гэтага блізкага да Беларусі рэгіёна). Гналі іх на поўнач, у Прусію, каб там перарабіць на мяса і морам адправіць у прамысловыя гарады Еўропы, дзе хранічна не хапала ежы. Вол за адзін сезон дайсці да Прусіі не паспяваў, таму ў ваколіцах Гродна змучаных худых валоў раздавалі па сялянскіх гаспадарках. Сяляне пускалі валоў на пашу, выконвалі на іх усе свае работы, а наступным летам перадавалі ўкраінскім пагоншчыкам, беручы сабе новую пару. З такога абмену вынікала ўзаемная карысць – вол прыходзіў да Караляўца сыты, а беларускі селянін мог на ім вясною заараць свае палеткі.

У літаратуры і мастацтве Беларусі валы адлюстраваны вельмі слаба. Яны бясследна растварыліся ў плыні гісторыі, застаючыся сімвалам цяжкай сялянскай працы і своеасаблівага сялянскага светапогляду, які грунтаваўся на чымсьці спрадвечным, грунтоўным. Згадаем, праўда, карціну нашага земляка Фердынанда Рушчыца пад назвай “Зямля”. Рушчыц стварыў гэты шэдэўр маючы ўсяго 28 гадоў, назіраючы, як арэ на валах селянін з ваколіц ягонага роднага Багданава на Смаргоншчыне. Амаль уся карціна – маса аблокаў, а знізу па чорнай-чорнай зямлі, паўкруглай, як зямны шар, уздымаецца араты за парай валоў.

Сёння валы ў Паўночнай Еўропе – вялікая рэдкасць. Напрыклад, у Англіі засталася толькі адна пара валоў, на якіх час ад часу аруць поле на пацеху турыстам. У Беларусі вала зусім не пабачыш. Нездарма Уладзімір Караткевіч, пабачыўшы як аруць на вадах, напісаў наступны цудоўны верш.

 

Ворыва на валах

 

Я гэта бачыў сам, хоць адышло:

Ў апошні, можа, раз на белым свеце

Ішлі быкі і ворыва плыло,

А зверху – хмары, чырвань, сінь і вецер...

 

Ідуць па ўзгорках, круглых і цяжкіх,

За імі йльсняныя ў адвалах межы...

Як старажытныя князі, быкі

Маю радзіму на кавалкі рэжуць.

 

З нябачнае лагчыны йдуць яны

Да сонца, ветру, хмараў і разлогаў,

На ўзгорак, велічны, як шар зямны,

Бы два паўмесяцы, усплываюць рогі.

 

Заплюшчу вочы – і перада мной

Два цені йдуць пад крумкачынай зграяй,

I рэжуць свет нарожнаю бранёй,

I капыты – бы край мой папіраюць.

 

Бялкі ў крыві, а капыты – ў гразі.

I ўсё здаецца мне: нарогам-зброяй

Быкі, як старажытныя князі,

Маю радзіму на кавалкі крояць.

 

Ў смяротны час – няхай прайшлі гады –

Ў маё апошняе сальюцца слова,

I сэрца раздзяруць на дзве паловы

Аблокаў барва, сінь, трывожны дым,

Радзімы твар, і горды, і суровы.

 

Scroll to top