Больш чым паўтысячагоддзя Еўропа для Прынёмання пачыналася з Кёнігсберга, які нашыя продкі называлі Каралявец. Гродзенцы рушылі на Каралявец пасля грунвальдскай перамогі 1410 г. Па Нёмане да гэтага горада пайшлі плыты, стругі і віціны са збожжам. Зброя зброяй, але трэба было ганляваць, і самым простым спосабам дастаўкі нашай мясцовай прадукцыі да еўрапейскага спажыўца стаў Нёман і размешчаны на ім Каралявец.

Тысячы жыхароў наднёманскіх вёсак і мястэчак жылі з гэтага гандлю. Вясной па высокай вадзе на віцінах, наладаваных збожжам, салам, “палёным віном” (гарэлкай), пянькой для вырабу канатаў, яны пускаліся ў далёкую дарогу праз беларускія, літоўскія ды нямецкія землі, каб пасля шматлікіх начовак пад зоркамі на нёманскіх берагах убачыць пачатак Каралеўскага канала, ад якога пачынался ўласна Прусія.

З Каралеўскага канала віціны заплывалі ў раку Прэгель, якую нашыя продкі называлі Праголя, і прычальвалі проста пасярод кварталаў ды дамоў Караляўца. Гэты горад тады нечым нагадваў Венецыю, толькі суровую, паўночную. Там тавары перакладваліся на марскія караблі і плылі ў Данію, Францыю, Англію. А гродзенскія хлопцы з напоўненымі срэбрам кішэнямі вярталіся дахаты.

Не толькі гродзенцы ехалі ў Каралявец, але і караляўчане ехалі ў Гродна. Згадаем Гануса Фандэберга, каралявецкага купца, які разам з братам асеў у Гродне і быў выбраны бурмістрам. Гродзенцы не мелі прэтэнзій да таго, што імі кіруе немец, бо той няблага кіраваў горадам, упершыню ў нашай гісторыі забяспечыўшы гараджан сапраўдным водаправодам (на двары стаяў 1629 год).

Майстар з Караляўца Кшыштаф Пёйхер зрабіў для нас большасць алтароў фарнага касцёла Святога Францыска Ксаверыя. Ды і арган фарнага касцёла, які гродзенцы чуюць падчас імшы і канцэртаў, таксама прыехаў да нас з гэтага горада.

У Гродне жыла маса рамеснікаў з Караляўца. Прычым тое былі рэдкія майстры, якія выконвалі спецыяльныя замовы. У 1612 г. у нашым горадзе на Віленскай (цяпер Савецкай) вуліцы выраблялі замшавую скуру Крысціян Крыгер, Ян Дваракоўскі і Готліб Лорэнц.

Зразумела, што прывязанасць да надбалтыйскай сталіцы (а менавіта Каралявец быў той надбалтыйскай сталіцай Прынямоння) магла перарваць толькі катастрофа. Яна здарылася ў ХХ ст. Спачатку па выніках Першай сусветнай вайны Нёман падзялілі Польшча, Літва і Нямеччына. Рух па рацэ амаль спыніўся, літоўцы не прапускалі па Нёмане караблі з Гродзеншчыны. У 1938 г. палякі ды літоўцы дамовіліся аднавіць судаходства па Нёмане, але пачалася чарговая ваенная завіруха…

У 1944 г. Кёнігсберг быў зруйнаваны бамбардзіроўкамі саюзнікаў, а ў пачатку 1945 г. яго даруйнавалі падчас баёў паміж немцамі ды савецкай арміяй. Некаторыя ўласнікі большых караблёў сышлі морам у Заходнюю Нямеччыну, дзе іх нёманскія караблі дагнівалі да 1970-х гг.

Нямецкія назвы зніклі з карты Прусіі разам з самой Прусіяй. Разам з тыпова савецкімі тапонімамі, накшталт Кумачова або Марксава, з’явіліся і беларускія назвы. Лабіаў стаў Палескам, Кляйн Гні – Мазыром, а Ільмсдорф – Нова-Бабруйскам. Лічыцца, што ледзь не палова новага савецкага насельніцтва Прусіі пераехала сюды з найбольш пацярпелых ад вайны ўсходніх раёнаў БССР. Жыхар Нова-Бабруйска беларус Віктар Жыткевіч успамінаў: “мы ўбачылі двухпавярховыя камяніцы, пакрытыя дахоўкай. Дома ў нас былі драўляныя хаты з саламяным дахам. Аднак першыя гады мы баяліся, дзверы на ноч зачынялі з сярэдзіны, апляталі калючым дротам”.

Ужо бліжэй 1950 г. на Калінінградчыну пачалі мабілізоўваць і заходнебеларускую моладзь. Кажуць, быў нават план цалкам аддаць усю Прусію пацярпелай ад вайны БССР, але гэтаму працівіліся савецкія маршалы, і Сталін іх паслухаў. Пачынаючы з 1959 г. беларускае насельніцтва Калінінградчыны скарацілася з 10 да 3,6 %.

 

Scroll to top