Штогод 3 лістапада ў некаторых еўрапейскіх краінах адзначаецца Дзень Святога Губерта. У гэты дзень узгадваецца духоўны подзвіг чалавека, які на працягу ўжо 13 стагоддзяў служыць узорам самаўдасканалення.Губерт – агульнахрысціянскі святы, бо ён жыў да падзелу цэркваў 1054 г., ушаноўваецца і каталіцкай і праваслаўнай царквой, лічыцца апекуном паляўнічых, матэматыкаў, оптыкаў, механікаў, а таксама яго лічаць святым, які мае ад Бога дар вылечваць ад шаленства.

 


Імя Губерт, Хуберт або Хубертус, (з ням.) азначае «бліскучая душа». Губерт нарадзіўся недзе ў 656-658 г. у Францыі, магчыма, у Тулузе. Ён быў старэйшым сынам і спадчыннікам Бертрана, герцага Аквітаніі. Маладым Губерт быў пасланы бацькам да двара Феадорыха III у Парыж, дзе яму была прадастаўлена пасада. Праз нейкі час Губерт узяў шлюб з Фларыбанай, дачкой Дагабера, князя бельгійскага горада.

 

 


Хаця Губерт і быў рэальнай асобай, але звесткі пра яго жыццё ў некаторых дэталях разыходзяцца. Гэта адна з версій. Жонка Губерта памерла пры нараджэнні дзіцяці, і Губерт адышоў ад двара, адбыў у лясы Ардэны, дзе цалкам аддаўся паляванню. У гэты момант і адбылося яго ператварэнне і зварот да святой хрысціянскай веры.


У Вялікую Пятніцу, калі ўсе вернікі накіроўваліся на царкоўную службу, Губерт сабраўся праліваць кроў на паляванні. Калі ён пераследваў прыгожага і буйнога аленя і цэліўся яму ў сэрца, жывёла павярнулася да яго: паміж рагоў аленя ён убачыў распяцце Хрыста і пачуў голас: “Губерт, калі не звернешся да Бога, і не ўзвысішся святым жыццём, то хутка трапіш ў пекла". Губерт, моцна уражаны, сышоў з каня і ўпаў перад аленем на калені.

 

 


Пасля гэтага цудоўнага знака Губерт склаў з сябе ўсе свецкія тытулы і ўшанаванні, аддаў кіраванне Аквітаніяй і апеку над сваім юным сынам малодшаму брату, а сам паспяшаўся ў Маастрыхт, да біскупа Ламберта. Той прыняў яго і стаў яго настаўнікам у духоўнай навуцы. Вельмі хутка Губерт прыняў святарства і стаў памочнікам святога Ламберта ў кіраванні дыяцэзіяй, а пасля смерці апошняга – яго пераемнікам – біскупам Маастрыхта.


Біскупскае служэнне Губерта было самаадданым, у подзвігу паста і малітвы святы біскуп праводзіў усе дні. Яго праведнае жыццё, казанні, якія заклікалі шанаваць і паважаць ўсё жывое, захоўваць і памнажаць тое, што дае прырода, па-сапраўднаму праславілі нашчадка дынастыі Каралінгаў. У 720 годзе, па дадзеным ад Бога адкрыцці, Губерт перанёс мошчы святапакутніка Ламберта з Маастрыхта ў горад Льеж і стаў яго першым біскупам.

 

 


Губерт прапаведаваў Святое Евангелле сярод язычнікаў ў Ардэнах і ў французскай Таскане. Мірна адышоў да Госпада 30 мая 727 або 728 года ў мястэчку Цервюрэн. Да 825 г. яго святыя мошчы знаходзіліся ў храме св. Пятра ў Льежы, затым яны былі перанесены ў бенедыктынскае абатства ў Амдайн. Шанаванне і слава святога Губерта былі настолькі вялікімі, што Амдайн быў неўзабаве перайменаваны ў– “Святы Губерт”. Падчас пратэстанцкай Рэфармацыі святыя мошчы Губерта былі страчаны. Памінальным днём Св. Губерта лічыцца 3 лістапада – дзень перанясення яго мошчаў у Амдайн.
Шанаванне Св.Губерта было распаўсюджана ў Латарынгіі, Фландрыі, Паўночнай Францыі, а таксама ў Рэйнскім рэгіёне Германіі, затым яно пранікла ў Англію, у Іспанію. У 1416 у Латарынгіі быў заснаваны рыцарскі ордэн яго імя. У 1444 г. ў якасці адметнай ўзнагароды быў заснаваны ордэн св. Губерта, дэвіз якога быў «IN TRAU VAST» – “Стойкі ў вернасці”. Гэты ордэн стаў адной з вышэйшых узнагарод у кайзераўскай Германіі, праіснаваўшы да 1918 г.

 


Іканаграфія Св.Губерта вельмі шырокая. Асоба святога і цудоўны сюжэт прыцягвалі шматлікіх мастакоў і скульптараў. Мы бачым Губерта на старадаўніх мініяцюрах, на вітражах ў храмах, на карцінах і гравюрах прызнаных майстроў, у рэльефных і скульптурных выявах, на манетах, на дэкаратыўных рэчах.

Герб. Божай ласкай і жаданнем людзей гэтаму сюжэту было наканавана набыць і геральдычнае гучанне. Цалкам заканамерна бачыць Св. Губерта на гербе горада Сэн-Юбэр, але герб горад атрымаў толькі ў 1819 г. Амаль на тры стагоддзі раней гораду Гродна, аддаленаму ад гістарычных калізій Францыі і Фландрыі, быў падараваны герб з выявай цудоўнага аленя, а Св. Губерт стаў нябесным заступнікам гэтага горада.

 


Права мець свой уласны герб гарады атрымлівалі адначасова з магдэбургскім правам. Права на самакіраванне дараваў Гродна вялікі князь літоўскі і кароль польскі Ягайла ў 1391 г. А канчаткова магдэбурскае права было зацверджана ў 1496 г. прывілеем князя Аляксандра.


Вялікія князі літоўскія і ў пазнейшыя часы давалі гораду розныя прывілеі, якія забяспечылі яго жыццядзейнасць, як цэнтра рамяства і гандлю. Менавіта прывілеі вызначалі, колькі і якіх падаткаў павінны плаціць гараджане, дазвалялі пабудаваць млын на Нёмане, тры карчмы на Рынку, давалі гараджанам права набываць землі, секчы лес на гаспадарчыя патрэбы і будаўніцтва дамоў, дазвалялі мець каменную важніцу – збудаванне для гарадскіх вагаў, лазню і нават манетны двор, яшчэ тройчы ў год па цэламу тыдню праводзіць вялікія кірмашы. І галоўнае – быў створаны гарадскі орган самакіравання – магістрат, які засядаў у будынку гарадской ратушы.

 


Горад атрымаў права мець уласную пячатку, якую ставілі на ўсіх дакументах.
На той пячатцы была выява герба, які быў падараваны Гродна ў 1540 г. прывілеем каралевы польскай і вялікай княгіні літоўскай Боны Сфорца


“Мы, Бона, з ласкі божай вялікая княгіня літоўская, руская, жамойцкая і г.д., чынім знаменіто тым нашым лістом пану войту і магістрату Гарадзенскаму змясціць на гарадскіх пячатках Гарадзенскіх герб горада і выяву герба зрабіць падобнай да герба Любліна… Дано в Вільне року панскага 1540 у дзень Св. Губерта (3 лістапада)”
Першыя дакументы, засведчаныя гарадскімі пячаткамі з выявай герба Гродна датаваныя 1565 герб Гродна з выявай аленя існаваў каля 250 гадоў.

 

 



Любы герб – рода, горада, краіны, – з’яўляецца кодам, які трэба расшыфраваць.
Трактоўка старажытнага герба Гродна – блакітны шчыт з выявай аленя з залатым крыжам – для нас відавочна. З'яўленне ў гербе аленя – сімвала ваяра і сімвала Сонца – звязана з адным з асноўных заняткаў гараджан – паляваннем. Горад знаходзіўся паблізу Гарадзенскай і Белавежскай пушчаў. Сярод паляўнічых трафеяў асноўнае месца займалі алені: па археалагічных дадзеных сярод костак дзікіх жывёл косці аленя складаюць 25%, і гэта характэрна толькі для Гродна. Агароджа на гербе таксама нездарма. Паляўнічыя будавалі падобныя збудаванні для таго, каб перагарадзіць зверу дарогу. Побач капалі лоўчыя ямы і рабілі засады. Алень, які пераскокваў праз агароджу, станавіўся недасягальным для паляўнічых, вольным. Відаць, узяўшы яго выяву ў свой герб, гарадзенцы хацелі тым самым падкрэсліць свой вольналюбівы характар. Агароджа – гэта і зашыфраваная назва горада Горадзен.

 

 


    На гербе Гродна – менавіта алень Губерта: паміж яго рагамі ззяе залаты крыж – сімвал ісціны, веры, чысціні помыслаў і мудрасці.


    У кожным колеры герба зашыфраваны сэнс: блакітны колер – сімвала чысціні, прыгажосці, велічы і лагоднасці; колер золата сімвалізуе багацце, сілу, справядлівасць, велікадушнасць, пастаянства; а іх спалучэнне дае веру ў тое, што горад будзе заўсёды квітнець "на славу, каб дагадзіць Богу".


Герб размяшчаўся на гарадскіх варотах, на прыгожых будынках, на харугвах.
З утварэннем Гродзенскай губерні горад страціў гэты герб і амаль 120 гадоў карыстаўся губернскім.
Але алень вярнуўся ў Гродна, і ў міжваенны час, ён зноў стаў гарадскім гербам: яго можна было ўбачыць на пячатках магістрата, спартыўных клубаў, гарадскога тэатра, на паштовых марках.

 

 


Зноў перапынак на паўстагоддзя, і, нарэшце, рашэннем Гарсавета ў 1990 г. быў зацверджаны гістарычны герб 16 ст. у яго класічным варыянце. І мы спадзяемся ўжо назаўсёды.
Сёння Дзень Св. Губерта, а гэта значыць, што сёння ў розных краінах паляўнічыя і егеры Заходняй Еўропы ўслаўляюць свайго апекуна, арганізуючы шумныя паляўнічыя зборышчы і пышныя балі.
Паданне кажа, што нават стаўшы біскупам, Губерт па-ранейшаму вельмі любіў сабак і паважаў паляванне (у сярэднія вякі служыцелям Бога было дазволена паляваць). Акрамя таго, Губерт не пакінуў свайго захаплення – разводзіць сабак-ганчакоў. Яго псярні атрымалі імя " Ганчакі Святога Губерта " .


Ганчак Губерта – гэта сабака бладхаунд, і сапраўднае  пагалоўе ганчакоў Губерта, як запэўніваюць, існавала аж да XIX стагоддзя.

 


Раз на год, у дзень Св. Губерта ў Бельгіі служаць спецыяльную імшу для сабак. Пад скляпеннямі велізарнай царквы ў мястэчку Сэн-Юбэр гучаць не арганныя акорды , а гукі паляўнічых ражкоў , і ў храм урачыста заводзяць сабак ( што наогул забаронена канонамі хрысціянскай царквы). Але дзіўная гэтая традыцыя за доўгія гады ўжо паспела сфармавацца. І не толькі з Бельгіі, але і з іншых краін спяшаюцца са сваімі сабакамі паляўнічыя, каб любімую сабаку акрапілі святой вадой. У царкве ў гэты дзень можна ўбачыць і іншых жывёл, якія маюць дачыненне да палявання: коні і лоўчыя птушкі. У заключэнне свята праходзяць конныя спаборніцтвы.

 


Як вядома, Святы Губерт ахоўвае жывёлаў ад шаленства і дрэнных паводзінаў Падчас свята спецыяльна пякуць «перапечкі Святога Губерта» , асвячаюць і кормяць імі ўсіх хатніх жывёл, тым самым абараняючы іх ад хвароб.
Лічыцца, што калі паляўнічы памоліцца Св. Губерту, то паляванне абавязкова будзе ўдалым.


Традыцыйна ў дзень Св. Губерта ў стралковых клубах праходзяць спаборніцтвы пад назвай «Стральба па птушках». Зробленых з дрэва або срэбра “птушак” прымацоўваюць на дрэвах, пасля чаго прызнаныя майстры дэманструюць свае ўменні. Пераможца аб'яўляецца Каралём стралкоў і носіць гэты тытул да наступных спаборніцтваў.
Гэты дзень адзначаюць у Галандыі, Літве , Латвіі , Чэхіі , Балгарыі.

Кожны год у апошнюю нядзелю кастрычніка ў Цервюрэне, мястэчку, дзе калісьці памёр Св. Губерт, ладзяць свята ў яго гонар, і мясцовы святар благаслаўляе каля капліцы хатніх жывёл – коней і сабак.
Недзе за гадзіну да пачатку цырымоніі благаславення насупраць капліцы збіраюцца ўладальнікі сабак. Яны прыходзяць з сем’ямі, з дзецьмі.

 

 


А вось і сам святы.
Святкаванне пачынаецца з імшы ў касцёле Святога Яна. Святы айцец абвяшчае благаславенне.
Паляўнічы рог з часціцай мошчаў святога.Пасля гэтага працэсія рухаецца да капліцы. Св. Губерт на чале парада. Святкаванне завяршаецца канцэртам

Вельмі хацелася б, каб ушанаванне Св.Губерта, апекуна нашага слаўнага горада, стала добрай традыцыяй, а дзень – 3 лістапада – штогод станавіўся б сапраўдным святам для гарадзенцаў.



Scroll to top