Сёння нярэдка даводзіцца чуць словы “барбер” або “барбершоп”, якія ўжо патроху прыстасаваліся і ў беларускай мове. Барада, перажыўшы цяжкія часы ў ХХ ст., паспяхова вяртаецца ў стыль еўрапейскага мужчыны, пачынаючы ад моднага хіпстарства і заканчваючы строгім дзелавым стылем. Але ў Гродне барберы – зусім не навінка, бо былі яны тут ужо чатыры стагоддзі таму.
У Беларусі барберы вядомыя з XVI cт. Толькі барберы не стрыглі людзей, а лячылі раны, замяняючы лекараў і хірургаў. Барбер мог пусціць кроў (ці не галоўны метад лячэння ў сярэднявеччы), паставіць п’явак, прамыць і падшыць рану, паставіць банкі. Таксама выконваў нейкія простыя хірургічныя аперацыі накшталт выдалення зуба. Гэта зразумела, бо лекары з універсітэцкай адукацыяй у тыя часы былі толькі ў каралёў, біскупаў і магнатаў.
У панядзелак 17 лютага 1556 г. у Гродне пабіліся Фёдар Сасін і Андрэй Нікіфаровіч. Апошні пацярпеў значна больш і звярнуўся ў суд за кампенсацыяй у памеры дзвюх коп грошаў (4 злотыя або 120 грошаў) “за барберство”. Гледзячы па ўсім, Нікіфаровіч пацярпеў досыць моцна, паколькі першы вядомы гродзенскі барбер Ян у 1540–1541 гг. браў за лекаванне ран у сярэднім каля дваццаці грошаў.
Ужо да сярэдзіны XVII ст. тэрмін “барбер” у Гродне замяняецца паняццем “цырульнік”. Цырульнік таксама быў пераважна лекарам, бо і само слова цырульнік – гэта перакручанае лацінскае “хірургіо”. У 1650 г. у горадзе паўстаў цырульніцкі цэх, які праіснаваў цэлае стагоддзе. Цырульнікамі былі пераважна яўрэі, якія жылі на пляцах гродзенскага замка.
У ХІХ ст. прафесія цырульніка паступова пачала прыходзіць у заняпад, паколькі самавучак-цырульнікаў ужо пачалі замяняць прафесійныя лекары. З іншага боку, у рускамоўнае асяроддзе з нямецкай мовы прыйшло слова парыкмахер, якое абазначала выключна чалавека, які займаўся брыццём барады і стрыжкай валасоў.
Пад канец ХІХ ст. улады пачалі акуратна сачыць за гігіенай у рабоце парыкмахераў. Напрыклад, Гродзенская гарадская дума ў 1892 і 1899 гг. выдала два пастанаўленні аб правілах стрыжкі людзей.
У міжваенны час у Гродне было некалькі дзясяткаў цырульнікаў, самым папулярным з якіх быў Ісак Мееровіч, які перажыў вайну і працаваў да апошняга дня. У пачатку 1960-х гг. ягоным працоўным месцам была стыльная цырульня насупраць сённяшняга Дома прафсаюзаў, а таксама невялічкі будынак на Прывакзальнай плошчы.
Уявіце: белыя чысцюткія просціны, якімі накрывалі наведвальніка, прыемныя размовы з цырульнікам і абавязкова небяспечная, або клінковая, брытва, якую тачылі пры дапамозе спецыяльнага скуранога ляза.
Кожны паважаючы сябе спадар у міжваенныя гады завітваў галіцца да “свайго” цырульніка. Вось як успамінаў пра гродзенскую цырульню віленскі журналіст Юзаф Мацкевіч: “Паварочваю на вуліцу Найдуса і заходжу да цырульніка яўрэя: “Паважаны спадар!..”. Шургаціць крэслам. “Я вас ужо галіў”. Мяне не кранула яго памяць. Гэта рытарычная фраза. Так ён казаў бы, калі б я галіўся першы раз у жыцці”.
Сёння ў цырульні карыстацца традыцыйнай небяспечнай брытвай нельга. Для гэтага патрэбная досыць грунтоўная практыка, але галоўнае, што брытвы абавязкова трэба стэрылізаваць, а легіраваная сталь традыцыйнай брытвы ад такой працэдуры хутка псуецца.
-
Катэгорыя: Content - Belarusian
-
Апублікавана 03 Май 2026
Апошняе
- Барберы і цырульнікі
- Дзіцячыя гульні ранейшых гродзенцаў
- Гродна і Каралявец
- Замежнікі ў Гродне
- Дети дракона: история о роде Лядских до 19-го колена
- Мікалай Капернік і Гродна
- Фара Вітаўта ў Гродна
- Ігнатовіч Ф. I. МУЗЕЙ НАТУРАЛЬНАЙ ГІСТОРЫІ ГРОДЗЕНСКАЙ МЕДЫЧНАЙ АКАДЭМІІ I ЯГО ЛЁС
- Гожа – Селіванаўцы – Гожка. Месца, якое злучала берагі Нёмана