Калі б Жыгімонт Урублеўскі нарадзіўся на паўстагоддзя раней, дык асаблівых ваганняў у выбары далейшага месца навучання ў яго б не было, як не было іх у Адама Міцкевіча, Тамаша Зана, Ігната Дамейкі. Цэнтрам прыцягнення маладых дапытлівых розумаў Беларусі быў у тым часе славуты Віленскі універсітэт. Аднак пасля паўстання 1830-1831 гадоў, у якім актыўны ўдзел бралі віленскія студэнты, 1 траўня 1832 года выйшаў указ Мікалая I аб закрыцці універсітэта. Медычны і багаслоўскі факультэты перадаваліся ў Міністэрства ўнутраных справаў для пераўтварэння першага ў Медычна-хірургічную акадэмію, a другога — ў Духоўную навучальню.
Палітычна ненадзейных прафесараў іншых факультэтаў мусілі перавесці ў іншыя універсітэты. Той жа ўказ вызначаў адкрыць вышэйшую навучальню або ліцэй у Воршы. Аднак бюракратычная машына царскага самаўладдзя паварочвалася даволі марудна. Закрыць Віленскі універсітэт было куды прасцей, чым стварыць пасля на Беларусі новую вышзйшую навучальную ўстанову.
У 1833 годзе бьша ўтвораная Кіеўская навучальная акруга, a ў наступным годзе адчыніў свае дзверы Кіеўскі універсітэт Святога Уладзіміра. Туды і былі перададзеныя сродкі, прызначаныя для ліцэя ў Воршы. Акрамя таго, у Кіеў накіравалі частку бібліятэкі (5405 назоваў у 7563 тамах), калекцыю манет і медалёў (2783 адзінкі), прылады фізічнага кабінета (149 адзінак), прыстасовы хімічнай лабараторыі і калекцыю мінералаў з Вільні.

Ha чатырох факультэтах Універсітэта Св.Уладзіміра — гістарычна-філасофскім, фізічна-матэматычным, юрыдычным і медычным — ў 1862 годзе вучыліся 835 чалавек. Пераважна гэта былі дваране. Паводле веравызнання студэнты дзяліліся практычна пароўну: 393 праваслаўных і 407 каталікоў. У спісах 267 студэнтаў найбольшага па колькасці навучэнцаў фізічна-матэматычнага факультэта ў 1862 годзе з’явілася імя Жыгімонта Урублеўскага.
Дэканам факультэта ў тыя часы быў Мікіта Дзьячэнка (1809-1877), ардынарны прафесар па кафедры чыстай матэматыкі. Лекцыі ён чытаў заўсёды без дапамогі не толькі запісак, але нават канспекта, вызначаўся строгай дакладнасцю ў выразах і зразумеласцю ў выкладанні. Сябар Расейскага геаграфічнага таварыства, ардынарны прафесар фізікі і фізічнай геаграфіі Мацвей Талызін акрамя курса агульнай фізікі і курса фізічнай геаграфіі чытаў яшчэ спецыяльныя курсы з оптыкі, тэорыі магнетызму і электрычнасці, механічнай тэорыі цеплыні. Астраномію і геадэзію выкладаў вучань знакамітага В.Я.Струвэ прафесар Андрэй Шыдлоўскі, мінералогію і геалогію — прафесар Канстанцін Феафілактаў. Дастасоўную матэматыку чытаў прафесар Іван Рахманінаў (1826-1896).
Чагыры гадзіны на тыдзень выкладаў студэнтам курс тэхналогіі экстраардынарны прафесар Рыгор Чугаевіч. Беларус, сын скарбніка з Бабінавічаў Магілеўскай губерніі, пачатковую адукацыю ён атрымаў у Аршанскай павятовай навучальні. Пасля Магілеўскай гімназіі ў 1840 годзе паступіў ва Універсітэт Св.Уладзіміра. Потым стаў першым ад’юнктам кафедры хіміі, вучнем пераведзенага ў Кіеўскі універсітэт з Віленскай медычна-хірургічнай акадэміі Ігната Фонбэрга (1802-1891), аўтара больш чым 20 навуковых працаў, у тым ліку 3-томнага “Курса тэхнічнай хіміі”. 3 1856 года ўзначаліў універсітэцкую кафедру тэхналогіі.
Энцыклапедычнай адукацыяй і шырынёю навуковых ведаў сярод прафесараў названага універсітэта вызначаўся Іван Цютчаў (1834-1893). У Кіеў ён прыехаў у 1862 годзе, пакінуўшы пасаду дэкана хімічнага факультэта Горы-Горацкага земляробчага інстытута ў Магілеўскай губерні. Ён чытаў студэнтам усе раздзелы хіміі.
У распараджэнні студэнтаў фізічна-матэматычнага факультэта была універсітэцкая бібліятэка, фізічны і метэаралагічны кабінеты, хімічны кабінет і лабараторыя, тэхналагічны кабінет і лабараторыя, астранамічная абсерваторыя. Перад Жыгімонтам Урублеўскім упершыню адчыніліся шырокія гарызонты навуковага пазнання. Бальшыня кіеўскіх прафесараў былі добра знаёмыя з найноўшымі дасягненнямі еўрапейскай навукі пасля навуковага стажыравання ў Нямеччыне, Францыі, Італіі і іншых краінах.
Універсітэцкая адміністрацыя і мясцовыя органы ўлады строга назіралі за паводзінамі студэнтаў, фармаваннем іх светапогляду і нават выглядам. Студэнты былі абавязаныя насіць форму (мундзіры), ім забаранялася збірацца вялікімі групамі ў грамадскіх месцах. Існаваў, акрамя таго, шэраг іншых абмежаванняў. Парушальнікі падпадалі пад пакаранні, якіх налічвалася больш за сорак, але часцей за ўсё выкарыстоўвалі вымову, просты арышт, карцар, выключэнне з універсітэту. Меру пакарання вызначаў інспектар (прарэктар) універсітэта ці апякун. Асноўным відам пакарання быў карцар без святла, пасцелі, на хлебе і вадзе, тэрмінам ад аднаго да адзінаццаці дзён.
Урад Мікалая I спадзяваўся, што Кіеўскі універсітэт зробіцца “разумовай цытадэляй, блізкай да вайсковай, для знішчэння духу польскай нацыянальнасці”. Гэтыя надзеі не спраўдзіліся. У сценах універсітэта гучалі не толькі лекцыі прафесараў, але і рэвалюцыйныя заклікі студэнтаў. Мы ўжо апавядалі пра хваляванні гарадзенскіх гімназістаў у кастрычніку 1861 года. A вось што ад бывалася тады ў Кіеве. 16 верасня студэнты ўзялі ўдзел у паніхідзе па памерлым польскім гісторыку і рэвалюцыйным дзеячы І.Лялевелю (1786-1861). Усю восень працягваліся рэвалюцыйныя маніфестацыі ў кіеўскіх касцёлах. A 9 кастрычніка пасля заканчэння аднаго з іх студэнцкая моладзь накіравалася да будынка універсітэта. Шэсце праходзіла па галоўнай вуліцы Кіева — Хрышчаціку. Ва універсітэце студэнты разбілі вітрыны з загадамі адміністрацыі, у актавай зале сарвалі партрэт Аляксандра II і знішчылі яго. Толькі аддзелу конных жандараў удалося іх разагнаць. Шэсцьдзесят чалавек былі арыштаваныя і пасаджаныя ў Пячорскую вязніцу.
Як бачым, універсітэт, гэты храм навукі, напаўнялі не толькі вучоныя жарсці. Учарашні гімназіст Ж.Урублеўскі літаральна адразу трапіў у напружаную атмасферу, у сітуацыю, якая патрабавала выбару — вучоба ці рэвалюцыя? Моладзь Расейскай імперыі, пакаленне за пакаленнем, на працягу амаль стагоддзя рабіла для сябе гэты выбар. I Жыгімонт Урублеўскі абраў барацьбу.
-
Катэгорыя: Content - Belarusian
-
Апублікавана 19 Чэрвень 2026
Апошняе
- Частка 2. Кіштымаў Андрэй, Гапоненка Вольга. Уладар гранічнага холаду: Жыгімонт Урублеўскі.
- Частка 1. Кіштымаў Андрэй, Гапоненка Вольга. Уладар гранічнага холаду: Жыгімонт Урублеўскі.
- Сага пра Гродна і яе аўтар
- Ігар Трусаў. Гродзенскае гета
- Брытанская каралева і Аўгустоўскі канал
- Канал и его строитель
- Нёманскі асётр
- Назвы вёсак
- Гродзенскія імёны