У Гродне пабывала нямала сусветна вядомых знакамітасцей, але ці тут бываў сціплы канонік Мікалай Капернік, які ўвайшоў у гісторыю як стваральнік геліяцэнтрычнай сістэмы, – дакладна невядома. Тым не менш нейкі час таму з’явіліся даволі важкія падставы гаварыць, што ў нашым Прынёманні знакаміты астраном такі пабываў.

Мікалай Капернік паходзіў з Торуні, горада, які ў XV ст. знаходзіўся ў так званых “Каралеўскіх Прусах”. Гэта было валоданне Тэўтонскага ордэна, які тады быў у падпарадкаванні Польшчы. Капернік па паходжанні быў напалову палякам (бацька быў з Кракава) і напалову немцам (прозвішча маці – Ватцэнродэ), а якая ў яго была родная мова – невядома. Хутчэй за ўсё, найбольш карыстаўся Капернік традыцыйнай для рэгіёна нямецкай мовай і касцельнай лацінай.Капернік застаўся сіратою маючы 9 гадоў і быў узяты пад апеку дзядзькам па маці вармінскім біскупам Лукашам Ватцэнродэ. Малы Мікалай любіў вучыцца і наведваў лекцыі ў Кракаве, Падуі ды Балоньі. З пачатку XVІ ст. ён стаў канонікам (памочнікам біскупа) і лекарам свайго дзядзькі.Менавіта з падарожжам Лукаша Ватцэнродэ і звязаны магчымы прыезд Каперніка ў Гродна. У сакавіку 1506 г. кароль польскі і вялікі князь літоўскі Аляксандр запрасіў біскупа на нараду ў Вільню. Біскуп быў важнай асобай, якая мела голас у справах Прусіі. Крыжакі спрабавалі вырвацца з-пад улады славян, і трэба было з імі нешта рабіць.21 красавіка 1506 г. дэлегацыя на чале з вармінскім біскупам вырушыла ў Вільню. Мы дакладна ведаем, што яе шлях пралягаў праз крыжацкі замак Рыну, прускі Элк ды наша Гродна. І вось тут акурат ідзе дапушчэнне, што з дзядзькам павінен быў ехаць і пляменнік – ягоны лекар і сакратар Мікалай Капернік.Гэта яшчэ больш верагодна і таму, што кароль быў ужо цяжка хворы, і парада дыпламаванага спецыяліста магла б быць яму карыснай. Ясна, што біскупа і ягоную службу ў Гродне прымалі ў каралеўскіх валоданнях – у Старым замку або Каралеўскім доме, які знаходзіўся на месцы будучага Новага замка.У Вільні біскуп прабыў тры тыдні. Дэлегацыя вярнулася ў Вармію па Нёмане праз Тыльзіт, а кароль Аляксандр памёр праз некалькі месяцаў. У лячэнні караля Каперніку, магчыма, не асабліва пашанцавала, але напісаная ім кніга “Аб вярчэнні нябесных сфер” і выдадзеная незадоўга да смерці ў 1543 г. зрабіла сціплага каноніка сусветна вядомым. Чалавек упершыню ўпэўнена даказаў, што насамрэч Зямля круціцца вакол Сонца, а не наадварот.Хто ведае, можа і ў гродзенскае начное неба ўглядаўся Мікалай Капернік, стоячы на Старым замку ў красавіку 1506 года?Цікавы факт: месца пахавання Каперніка было доўгі час невядомае. Але ў 2005 г. падчас прац у катэдры ў Фрамборку, дзе жыў Капернік, былі знойдзены чэрап і яшчэ некалькі касцей. Вучоныя параўналі іх ДНК з геномам, вылучаным з двух (!) валасоў, знойдзеных у адной з кніжак асабістай бібліятэкі Каперніка, і адназначна сцвердзілі – косці належаць вялікаму астраному. У 2010 г. Каперніка ўрачыста перапахавалі ў Фрамборку. Вось так сучасная навука дапамагла адшукаць цела выдатнага навукоўца мінулага.

Scroll to top