Пасля брутальнага разбурэння занёманскай царскай казармы па вул. Перамогі вясной 2013 года ў левабярэжнай частцы Гродна засталося ўсяго некалькі гістарычных аб’ектаў, вартых захавання. Сярод іх – таксама і адныя могілкі.

 Францішканскія могілкі былі закладзены напрыканцы XVIII ст. пасля патрабавання Камісіі Паліцыі Рэчы Паспалітай (1791 г.) вынесці ўсе могілкі за межы гарадоў. У 1798 г. могілкі ўжо функцыянавалі. У 1845 г. ужо былі абнесены каменным валам. У 1854 г. тут была ўзведзена капліца, фундатарам якой стаў Якаў Румель. Цікава, што капліца, знешні выгляд якой быў сведчаннем вяртання да антычнай традыцыі, была пакрыта гонтам.

Капліца XIX стагоддзя на францішканскіх могілках у Гродна

Капліца XIX стагоддзя на францішканскіх могілках у Гродна. Зваротны выгляд

Пад капліцай быў склеп, які, гледзячы па ўсім, быў уладкаваны Якавам Румелем для сябе самога. Але ён памёр у 1855 г. і пахаваны ў Пінску. Цікава, што калі на пачатку 1860-х гг. паміж могілкамі і францішканскім кляштарам прайшла чыгунка, то парафіяне баяліся, што ім забароняць перавозіць памерлых праз чыгунку і прыйдзецца ўзводзіць новыя могілкі. У 1882 г. могілкі былі адноўлены стараннем парафіянаў і кс. Пятра Стэцкевіча, аб чым нагадваюць табліцы на ўваходнай браме.

Уваходная брама на францішканскія могілкі ў Гродна

У тым самым годзе парафіянін Аляксандар Грынкевіч пабудаваў каля капліцы званіцу, для якой у Варшаве набылі тры званы. Дарэчы настаяцель францішканскага кляштара іераманах П. Стэцкевіч карыстаўся вялікім аўтарытэтам парафіян і лічыўся нядобранадзейным у расійскіх уладаў.

Званіца на францішканскіх могілках у Гродна

У 1887 г. расійскія ўлады хацелі скарыстацца тэрыторыяй могілак для пабудовы землянога форта, аднак пасля набылі зямлю ў прыватных уласнікаў. З найстарэйшых помнікаў, што захаваліся на могілках — помнік з эпітафіяй на магіле Антаніны Кушалеўскай, якая памерла ў 1865 г. На могілках даволі шмат па-мастацку выкананых надмагілляў з гродзенскіх майстэрняў Жукоўскіх-Хвайноўскіх (знаходзілася на рагу вуліц Ласасянскай і Ліпавай), Гірша Александровіча, Шлёмы Кушэса, (працавала з 1881 г.).

Надмагільны помнік на францішкансіх могілках у Гродна

Надмагільны помнік на францішканскіх могілках Гродна  
Надмагільны помнік на францішкансіх могілках у Гродна    

 

З часам зусім недалёка ад каталіцкіх з’явіліся і праваслаўныя могілкі. Закладзены яны былі ў 1860-х – 1870-х гг. У 1896 г. праваслаўная частка могілак абнесена мурам, а ў 1903 г. пабудавана драўляная капліца (згарэла ў час Першай сусветнай вайны). Найстарэйшае надмагілле датуецца 1902 г. Самае вядомае пахаванне на гэтых могілках – магіла А. Берцеля – заходнебеларускага камуніста, які загінуў разам з дачкой падчас баёў за Гродна ў верасні 1939 года.

Магіла А.Берцеля ў Гродна

Францішканскія могілкі ў Гродна на нямецкім плане 1943 года

 

Scroll to top