Бой 29-й танкавай дывізіі палкоўніка Мікалая Студнева на паўночны захад ад Гродна 22 чэрвеня 1941 г. можна лічыць адным з першых баёў вайны, у якім прынялі ўдзел савецкія танкі.

Нельга, на жаль, сказаць пра яго больш за тое, што ўжо было напісана. У асноўным мы маем справу з інфармацыяй, атрыманай з некалькіх успамінаў савецкіх ветэранаў танкавай дывізіі. Аднак гэтай інфармацыі далёка недастаткова. Акрамя таго, зусім не улічвалася інфармацыя з супрацьлеглага боку (г. зн. немцаў), а таксама ўспаміны мясцовых жыхароў. Ніжэй я выкладу версію гэтых баёў, атрыманую з выкарыстаннем якраз такой інфармацыі.

22 чэрвеня.бой 29-й тд каля в.Канюхі. бачны танк КВ-2
22 чэрвеня.бой 29-й тд каля в.Канюхі. бачны танк КВ-2

Пасля першых нямецкіх бамбаванняў горада палкоўнік Студнеў сабраў камандзіраў падраздзяленняў і паставіў перад імі задачу наступнага зместу: 29-ы разведвальны батальён павінен быў правесці разведку ў накірунку Сапоцкін—Сонічы—Калеты. Танкавыя палкі загадвалася тэрмінова вывезці з горада ў раёны згрупавання і правесці загрузку боепрыпасаў. Артылерыя 29-га артылерыйскага палка мусіла быць вывезена 57-м палком у раён Капцёўка—Гібулічы, дзе артылерысты павінны былі абсталяваць агнявыя пазіцыі. 29-ы мотастралковы полк павінен быў заняць пазіцыі па рацэ Ласосна і стварыць тылавыя пазіцыі. Камандны пункт дывізіі размясціўся ў раёне вёскі Гібулічы. 3 тысячы бяззбройных салдат былі выведзеныя ў тыл — далейшы іх лёс нам невядомы.
Пасля атрымання загаду танкі 57-га танкавага палка адразу выязжалі на месца збору, ужо запраўленыя і з боезапасам (гэта, як было напісана вышэй, было зроблена напярэдадні). Каля 8 гадзін раніцы полк заняў пазіцыі на захад ад Гродна. Астатнія падраздзяленні падыходзілі ўслед за ім.

Пачатак артыкула:

Гродзенская катастрофа савецкай 3-й арміі ў 1941 г. Частка 1

Гродзенская катастрофа савецкай 3-й арміі ў 1941 г. Частка 2

Працяг:

Гродзенская катастрофа савецкай 3-й арміі ў 1941 г. Частка 4

 

Каля 10 гадзін раніцы ў штабе дывізіі атрымалі загад камандуючага 3-й арміяй:

Загадваю: 29-й танкавай дывізіі ва ўзаемадзеянні з 4-ым стралковым корпусам, ударам у накірунку Сапоцкін—Калеты знішчыць праціўніка. Мяжу не пераходзіць. Пра выкананне далажыць.

У той жа час штаб ЗахАВА даклаў аб арганізацыі контрудару 3-й арміей (данясенне № 004 па стану на 10-ю гадзіну):

Танкавая дывізія 11-га механізаванага корпуса разгорнута і накіроўваецца для атакі ў агульным накірунку Сапоцкін ва ўзаемадзеянні з 11-й змешанай авіяцыйнай дывізіяй (нагадаем, што 11-й змешанай авіяцыйнай дывізіі да таго часу ўжо фактычна не існавала).

Палкоўнік Студнеў пасля атрымання загада яшчэ раз сабраў камандзіраў палкоў і зачытаў яго ім. Адразу ж пасля гэтага на матацыкле прыбыў і камандзір 11-га корпуса генерал Дзмітрый Маставенка. Ён зачытаў свой загад аб наступленні, які ўдакладняў атаку: 29-я танкавая дывізія павінна была наступаць на Сапоцкін—Сувалкі, 33-я танкавая дывізія — у накірунку Ліпск—Аўгустоў.

 

22 чэрвеня.бой 29-й тд каля в.Канюхі
22 чэрвеня.бой 29-й тд каля в.Канюхі

Пасля атрымання загада са штаба арміі аб пераходзе да контрудару палкоўнік Студнеў выслаў 29-ы разведвальны батальён у накірунку дзяржаўнай мяжы.

29-ы разведбатальён (камандзір — капітан Юрый Крымскі), пасланы палкоўнікам Студневым, сутыкнуўся з нямецкай баявой аховай, якая хутка адступіла. У раёне вёсцы Канюхі, між тым, абарону заняў адзін з перадавых батальёнаў 8-й пяхотнай дывізіі (хутчэй за ўсё, гэта быў 8-ы разведвальны батальён, узмоцнены 6-й батарэяй 44-га артылерыйскага палка, 3-й батарэяй 8-га дывізіёна знішчальнікаў танкаў і 3-й ротай 8-га сапёрнага батальёна). Прывядзём вытрымкі з рэпартажа аднаго з удзельнікаў таго бою, нямецкага журналіста Хорста Слязіны:

Падрыхтоўка да абароны скончваецца за некалькі хвілін. Афіцэры спяшаюцца да сваіх падраздзяленняў. Замяшальніцтва зараз трэба пазбегнуць. Калона машын напоўніла вёску, і ёй цяпер цяжка раз’ехацца. Празмерная паспешлівасць і нервовыя загады знішчылі б псіхалагічны настрой, які з’яўляецца лепшай зброяй. Афіцэр супрацьтанкавага падраздзялення, як толькі былі выпушчаны першыя снарады, спакойна дастае папяросу і просіць у сваіх салдат агню — гэта аказвае на іх большы эфект, чым простыя загады. «Добра, хлопцы, зараз — наша чарга!»… Напружанне ўзрастае… Узводы адступаюць ад вёскі, што раскінулася справа і злева, шукаючы зручныя пазіцыі для стральбы. Хутка, але скаардынавана беспарадак машын знікае, а часткі рыхтуюцца да бою. Не занятыя ў гэтай справе часткі ачышчаюць прастору за хатамі і хлявамі, каб дарога перад імі была чыстай. Уперадзе чуваць гукі бою, стральба з вінтовак і, калі-некалі, свісцячыя выбухі танкавых снарадаў. Нашыя дазоры з боем адступаюць да вёскі, як і было загадана. Грукочучы і трасучыся, пад’язжаюць нашыя штурмавыя гарматы. Гэта — цяжкія, масіўныя танкі без вежы, з пагрозліва выстаўленымі гарматнымі стваламі. Хоць іх і няшмат, толькі адна батарэя, яны самая цяжкая зброя ў супрацьтанкавым баі. Гэта першы бой іх экіпажаў, аднак яны ідуць у бой са спакоем і верай. Яны цалкам упэўненыя ў перавазе сваёй зброі. Малады лейтэнант, які носіць манокль, камандуе сваёй самаходкай і батарэяй, пытаючыся ў мяне, як яму праехаць. «Вы прыбылі адныя?» — «Я думаю, што гэтага хопіць для далейшага наступлення ўперад!» 

Штурмавыя гарматы StuG-III з 1-ай батарэі 184-га дывізіёна штурмавых гармат занялі пазіцыі па абодва бакі ўздоўж дарогі, якая праходзіла праз Канюхі. Паводле нямецкіх звестак, у савецкім танкавым падраздзяленні было ад 20 да 30 танкаў і браневікоў.

 

палаючы бронеаўтамабіль БА-10 са складу 29-й тд. чэрвень 1941г.раён Гродна
Палаючы бронеаўтамабіль БА-10 са складу 29-й тд. чэрвень 1941г. раён Гродна

Бой у Канюхах цягнуўся нядоўга. Савецкія танкі былі падпушчаныя на невялікую адлегласць і растраляныя нямецкай супрацьтанкавай артылерыяй і штурмавымі гарматамі.

Першыя два снарады з нашых штурмавых гармат паражаюць цяжкі танк, які найбольш высунуўся наперад і проста з уражвальнай сілай зрываюць яго вежу, яе падкінула на некалькі метраў. Высокі слуп агню, успышка і выбух боезапасу, які здэтанаваў, танкавыя бензабакі ўзлятаюць у неба — у гэтае імгненне перад намі ўздымаюцца пяць слупоў дыму і агню, пяць савецкіх танкаў былі літаральна разарваныя на часткі.

Паводле ўспамінаў нямецкага вайсковага карэспандэнта Хорста Слязіны, які знаходзіўся ў гэты час у вёсцы, савецкія страты дасягалі 11 падбітых танкаў і бронетранспарцёраў.

 

разбітыя лёккія танкі Т-26 з канічнай вежай 29-й тд аглядаюць нямецкія салдаты.раён Гродна.фота з калекцыі Д.Люціка
Разбітыя лёккія танкі Т-26 з канічнай вежай 29-й тд аглядаюць нямецкія салдаты.раён Гродна. Фота з калекцыі Д.Люціка


Немцы адразу ж пачалі перакідаць да месца бою падмацаванні — у першую чаргу гэта была артылерыя (дывізійная і карпусная: батарэі 445-га цяжкага артпалка, якія займалі агнявыя пазіцыі каля вёскі Рацічы, і дывізіён 44-га цяжкага матарызаванага палка), а таксама правафлангавы полк 8-й дывізіі — 84-ы пяхотны. Вельмі вялікай цяжкасцю для нямецкай арміі аказалася дрэнная якасць савецкіх дарог. Нягледзячы на гэта, немцы да пачатку атакі галоўных сіл 29-й дывізіі Студнева паспелі нават выкапаць траншэі і замініраваць некаторыя подступы да сваіх пазіцый. Танкавых жа частак, як ужо адзначалася, у немцаў не было, нягледзячы на неаднаразовую іх згадку ў савецкай літаратуры.

Атрымаўшы данясенне з 29-га разведбатальёна пра бой з немцамі, пасля 10 гадзін раніцы палкоўнік Студнеў аддаў загад афіцэрам 57-га палка аб наступленні ў кірунку на паўночны захад, на вёску Галынка. У загадзе прадпісавалася «знішчыць праціўніка які прарваўся, аднак мяжу не пераходзіць».

 

камандзір 57-га танкавага палка І.Р.Чарапкін
Камандзір 57-га танкавага палка І.Р.Чарапкін


Другі полк дывізіі, 59-ы, павінен быў наступаць у кірунку Сапоцкін — вёска Калеты. Такі напрамак атакі тлумачыўся наяўнасцю дзвюх дарог, па якіх і павінны былі прасоўвацца савецкія танкі. Дарэчы, гэтыя дарогі цалкам захаваліся да нашых дзён, толькі зараз яны пакрытыя асфальтам. 29-ы мотастралковы полк не ўдзельнічаў у наступленні, бо быў па распараджэнні генерала Кузняцова адпраўлены ў лес за 5 км на ўсход ад Гродна для барацьбы з нямецкім дэсантам. Такім чынам, наступленне танкаў павінна было праходзіць без падтрымкі мотапяхоты і артылерыі. Не было і падтрымкі для танкавай дывізіі і з боку 16-га бамбардзіровачнага палка, які дыслакаваўся ў вёсцы Чарлёна. Гэтыя фактары шмат у чым паўплывалі на вынікі гэтага бою. Не былі дывізіяй атрыманыя і тапаграфічныя карты раёна баявых дзеянняў. Праўда, камандзіры дывізіі (той жа палкоўнік Студнеў) павінны былі добра ведаць гэтую мясцовасць. Нягледзячы на ўсе гэтыя пралікі, дывізія ўяўляла з сябе даволі значную сілу — больш чым 100 бранеадзінак.

Каля 12 гадзін дня 57-ы танкавы полк выйшаў на рубеж Лабна—Агароднікі. Прыкладна ў гэты ж час на рубеж вёскі Навумавічы падышоў і 59-ы полк.

У адрозненне ад немцаў, савецкія танкісты зусім не рыхтаваліся да першага бою. Атака каля вёскі Канюхі была праведзена танкістамі 57-га палка проста ў лоб — па дарозе, без спробаў зрабіць абыход ці акружэнне праціўніка.

Камандзір 57-га палка маёр Іосіф Чарапкін успамінаў, што ў першым сутыкненні з немцамі адкінуў іх, пры гэтым немцы нібыта згубілі 6 танкаў і бронетранспарцёраў. У другім баі, ужо ў раёне вёскі Канюхі, было падбіта яшчэ 12 адзінак нямецкай бронетэхнікі. Аднак у немцаў у раёне Гродна не было танкаў! Не было ў іх і такой колькасці бронетранспарцёраў. Па словах савецкага афіцэра, у трэцяй атацы немцы нібыта выкарысталі ўжо 30 бронеадзінак! Атрымліваецца, што ў немцаў было больш за паўсотні танкаў і бронетранспарцёраў, большую частку якіх знішчылі танкісты 57-га палка. Падобныя ўспаміны пакінуў і старшы палітрук Аркадзь Марчанка з 59-га танкавага палка. Так, паводле ягоных словаў, полк адбіў да 10 нямецкіх танкавых атак! Усё поле бою было ўсеяна нямецкімі і савецкімі танкамі. Ізноў жа, у шматлікіх выданнях прыводзяцца наступныя вынікі бою 29-й тд: немцы страцілі 41 танк і 34 бронетранспарцёры спаленымі і падбітымі, савецкія страты склалі 27 танкаў «лёккіх тыпаў». Калі гэтаму верыць, то тады трэба канстатаваць, што немцы выкарыстоўвалі ў баях за Гродна цэлую танкавую дывізію!

Аднак нямецкія крыніцы не пацвярджаюць ніводзін з гэтых фактаў. Ніводная нямецкая танкавая дывізія ў чэрвені 1941 г. на Беларусі не была прыдадзена агульнавайсковай арміі (ва ўсялякім выпадку, у складзе 9-й арміі іх не было). Усе яны дзейнічалі ў т. зв. танкавых групах — і гэта неаспрэчны факт. Так званыя «танкі», якія «падбівалі» савецкія танкісты 57-га танкавага палка, былі шасцю штурмавымі гарматамі 1-й батарэі 184-га дывізіёна. На думку аўтара, фантастычныя нямецкія танкі пасля з’явіліся як спроба апраўдаць свае цяжкія страты ў першым жа баі. У гэтым моманце цікава падкрэсліць і той факт, што яшчэ ў данясенні палітаддзела корпуса ад 15 ліпеня 1941 г. за подпісам намесніка камандзіра 11-га механізаванага корпуса палкавога камісара Андрэева, адзначалася, што 29-я дывізія панесля цяжкія страты менавіта ад супрацьтанкавай артылерыі праціўніка.

А цяпер прывядзем іншы варыянт бою 57-га танкавага палка 29-й дывізіі каля вёскі Канюхі. Згодна інфармацыі, якую прыводзіў карэспандэнт Хорст Слязіна, наперадзе савецкіх баявых парадкаў рухаліся лёгкія савецкія танкі і браневікі, сярэднія і цяжкія танкі ішлі ззаду. Савецкая атака адразу ж сутыкнулася з моцнай нямецкай супрацьтанкавай абаронай. Немцы выкарыстоўвалі супрацьтанкавыя гарматы, штурмавыя гарматы, гаўбіцы, зенітныя гарматы, супрацьтанкавыя стрэльбы, міны і агнямёты. Нягледзячы на гераізм і рашучасць савецкіх танкістаў, ім не ўдалося прарваць нямецкую абарону ці хаця б адкінуць немцаў да дзяржаўнай мяжы. Паводле слоў Слязіны, савецкія танкі былі амаль што безабаронныя. Прывядзем сведчанні карэспандэнта пра баі з цяжкімі танкамі КВ-2:

Вялікая танкавая вежа ўжо бачная, за ёй з’яўляюцца сапраўды вялізныя шасі танка. Танкі! Гіганскія танкі, якіх мы дагэтуль ніколі не бачылі! Сталёвыя гіганты з грукатам рухаюцца на нас! Расійскія 52-тонныя танкі з 15-см гарматай! Жах паралізуе нас. Супрацьтанкавыя гарматы адскокваюць ад стрэлаў. Гарматы страляюць з усіх ствалоў, аднак гэта лёгкія супрацьтанкавыя гарматы, якія не прыносяць ніякага эфекту. Снарады адлятаюць ад стальных бартоў як гумовыя шарыкі. У бяссільным гневе мы страляем з усяго, што можа называцца зброяй. Прарэзлівыя гукі выклікаюць штурмавыя гарматы. Яны імчацца проста на расійцаў. Зараз усё вырашаюць секунды. Яны на лініі агня! Затым снарад за снарадам накіроўваюцца ў монстраў… Удар за ўдарам паражаюць сталёвыя каробкі... Мы страляем хутчэй і лепей, аднак паўсюль, дзе падаюць расійскія снарады, узнікаюць смерць і разбурэнні. Адзін гігант ярка гарыць, стварае агромністую дымавую завесу. Пякельны ўдар побач са мной — наўпроставае патраплянне ў штурмавую гармату! Цэлы кут тоўстай брані адарваны і адзін чалавек сур’ёзна паранены. Снарад таксама разнёс манокль лейтэнанта на тысячу частак! Ягоная рука дастае з кішэні запасны манокль… Другое патраплянне побач з гарматай. Смяротна паранены артылерыст адпаўзае назад. Тры цяжкія танкі ўсё яшчэ застаюцца і ўпарта коцяцца на нас. Экіпаж другой штурмавой гарматы просіць боепрыпасы, бо апошні снарад толькі што вылецеў са ствала. Адзін з членаў экіпажа выскоквае з самаходкі і бяжыць назад праз свісцячыя асколкі і кулямётныя чэргі. Танкі падыходзяць бліжэй — мы, здаецца, паралізаваныя. Артылерыст з самаходкі варочаецца з двума снарадамі пад пахамі! Ён нясецца ўперад шалёнымі скачкамі. Чаму расійцы не страляюць?.. Ён знікае ў штурмавой гармаце. Тры расійскія танкі на адлегласці 50 метраў. За некалькі секунд выбухі запаўняюць неба — патрапіў, патрапіў, патрапіў! З неверагоднай сілай тры наўпроставыя патраплянні разбіваюць барты трох гіганцкіх танкаў…

 

КВ-2 29-й тд на захад ад Гродна.фота з калекцыі Д.Люціка
КВ-2 29-й тд на захад ад Гродна.фота з калекцыі Д.Люціка



Дарэчы, хутчэй за ўсё гэта было першае сутыкненне нямецкіх салдат з гэтым тыпам цяжкага савецкага танка ў вайне. КВ-2, якія ўвогуле не прабіваліся нямецкай супрацьтанкавай артылерыяй, здолелі вывесці са строю сапёры, якія засоўвалі ў ствалы гармат гранаты і падсоўвалі пад гусеніцы міны:

Зараз яны [салдаты. — Дз. Л.] з’явіліся са сваіх траншэй і бягуць да сталёвых гігантаў, засоўваюць ручныя гранаты ў ствалы гармат і вешаюць звязкі гранат на гусеніцы. Сапёры бягуць пад агнём і размяшчаюць міны перад танкамі, якія рухаюцца наперад, прымацоўваюць да іх выбуховыя рэчывы.

Як бы тут спатрэбіўся 29-ы матаполк савецкай дывізіі, які знаходзіўся ў тыле! Менавіта матапехота і павінна была абарнаняць свае танкі ад салдат праціўніка. Згодна інфармацыі, якую прыводзіць у сваёй кнізе Аляксей Ісаеў, яшчэ адзін КВ-2 затануў у балоце. Давяршылі разгром савецкіх танкавых палкоў нямецкія пікіруючыя бамбардзіроўшчыкі Ju—87. Дарэчы, пра менавіта такі сцэнарый баёў згадвалі пасля вайны і жыхары вёскі Канюхі. Дзясяткі савецкіх танкаў, знішчаных на полі непадалёк ад яе, прастаялі там да самага канца вайны і былі забраныя на металалом толькі ў канцы 1940-х гг. 

59-ы танкавы полк (камандванне ім прыняў палітрук Аркадзь Марчанка, удзельнік вайны з Фінляндыяй і з Японіяй) вёў бой у раёне на захад ад вёскі Навумавічы. Ён атакаваў падраздзяленні 28-га і 38-га пяхотных палкоў 8-й пяхотнай дывізіі немцаў, якія наступалі ў накірунку р.Нёман. Хутчэй за ўсё, сам сцэнарый баёў быў ідэнтычным – нясучы цяжкія страты полк адступіў на Гродна.

Савецкія страты 29-й танкавай дывізіі ў баю з нямецкай пяхотай былі вельмі вялікімі. Згодна нямецкай інфармацыі савецкі бок згубіў у гэтым баю ад 70 да 150 танкаў і бронетранспарцёраў. Паводле дакументаў нямецкай 8-й пяхотнай дывізіі, толькі яна знішчыла да 110 танкаў. Значная іх частка была падбіта штурмавымі гарматамі 1-й батарэі 184-га дывізіёна. Адна са штурмавых гармат, паводле сцвярджэння Х. Слязіны, знішчыла 8 савецкіх танкаў. Пры гэтым немцы знішчалі і новыя танкі — Т-34 і КВ-2. Адзіным вынікам савецкіх танкавых атак было затрыманне наступлення баявой групы 84-га пяхотнага палка, якая магла ўжо вечарам 22 чэрвеня ўварвацца ў Гродна! Адкінуць іх да дзяржаўнай мяжы нямецкія сілы не ўдалося.

 

адзін з нешматлікіх Т-34.раён Гродна.чэрвень 1941г.
Адзін з нешматлікіх Т-34.раён Гродна.чэрвень 1941г.


Тым не менш, немцы адзначалі ўпартасць і жорсткаць савецкіх танкавых атак. Нямецкая прапаганда тлумачыла гэта наяўнасцю савецкіх загараджальных атрадаў, якія нібыта складаліся з паліткамісараў, што растрэльвалі адступаўшых. У найбольш цяжкіх танках, паводле нямецкай версіі, таксама сядзелі камісары. Безумоўна, гэта была выдумка.

У тыя часы, калі танкі 29-й танкавай дывізіі ўжо адыходзілі на Гродна, у накірунку г.Ліпск атакавала 33-я савецкая танкавая дывізія (больш 100 танкаў). Яе ўдар прышоўся па парадках 256-й нямецкай пехотнай дывізіі (481-ы полк і штурмавыя гарматы), часткі якой знаходзіліся ў м.Новы Двор. Ізноў савецкія танкісты не здолелі прарваць парадкаў савецкай пяхоты. Пасля няўдалай такі танкавая дывізія адступіла. Згодна нямецкай інфармацыі, савецкі бок згубіў у атацы 8 танкаў.

З надыходам цемры 84-ы полк 8-й нямецкай дывізіі знаходзіўся на раздарожжы паблізу вёскі Падлабенне. На наступны дзень група павінна была штурмаваць Гродна. 28-ы і 38-ы палкі выйлі да Нёмана на поўнач ад Гродна, аднак іх спробы фарсіраваць раку былі адбітыя савецкімі 59-м і 184-м палкамі.

***

У сярэдзіне дня штаб 3-й арміі ўжо ўсведамляў прыблізны стан, у якім знаходзіліся падначаленыя яму падраздзяленні. Згодна з пратаколам наступнага допыту генерала Дзмітрыя Паўлава:

У другой палове дня Кузняцоў данёс, што з трох радыёстанцый, якія ў яго былі, дзве разбітыя, а адзіная, што засталася, пашкоджаная, і ён просіць падкінуць радыёстанцыю. За гэты ж час ад яго паступілі звесткі, што нашымі часткамі пакінуты Сапоцкін, і Кузняцоў дрыжачым голасам заявіў, што, на ягоную думку, ад 56-й стралковай дывізіі застаўся нумар.

У другой палове дня 22 чэрвеня па загаду камандуючага 3-й арміяй была створана тылавая абарончая пазіцыя на подступах да Гродна — на фронце па рацэ Ласосна. Тут абарону занялі два палкі 85-й стралковай дывізіі. Нагадаем, што гэтыя палкі былі двухбатальённага складу (трэція батальёны знаходзіліся на будаўніцтве ўмацаванняў у раёне Сапоцкіна). 141-ы полк заняў пазіцыі ад вусця Ласасянкі да вёскі Новікі, 103-ці полк — Новікі — Чэхаўшчызна — Калбасіно. Прыкрываў палкі асобны супрацьтанкавы дывізіён (3 батарэі на механічнай цязе). Паводле ўспамінаў камандзіра дывізіі генерала Бандоўскага, «на працягу дня 22 чэрвеня наземнага ўздзеяння з боку праціўніка на нашу абарону не было».

 

лёккі савецкі танк БТ-7 з цыліндрычнай вежай. раён Гродна.фота з калекцыі Д.Люціка
лёккі савецкі танк БТ-7 з цыліндрычнай вежай. раён Гродна.фота з калекцыі Д.Люціка


Гэта азначае, што два стралковыя і два артылерыйскія палкі 85-й дывізіі 22 чэрвеня ў баях не ўдзельнічалі. Толькі вечарам, да наступлення цемры з пазіцый дывізіі ў бінокль былі бачныя нямецкія часткі, якія набліжаліся да горада. Нямецкія крыніцы таксама не згадваюць пра баі на Ласосне 22 чэрвеня.

Каля 14 гадзін у Гродна пачалі прыбываць падраздзяленні 204-й матарызаванай дывізіі 11-га механізаванага корпуса. Дывізія прыбывала з Ваўкавыска. Склад яе палкоў быў далёка не поўны — не ўсе салдаты мелі зброю. Акрамя таго, у дывізіі не хапала транспарту, каб перавезці цалкам два мотастралковыя палкі. Першымі прыбылі адзін мотастралковы батальён і штаб дывізіі. Толькі бліжэй да вечара ў раён згрупавання прыбылі і астатнія батальёны. Палкі дывізіі занялі абарону на поўдзень ад Гродна, побач з пазіцыямі 85-й стралковай дывізіі. Абарону мотастралковых палкоў узмацнілі танкі Т-26 са 126-га танкавага палка.

У горадзе быў арганізаваны прапускны рэжым. На шашэйным мосце на правым беразе ракі быў арганізаваны пункт пропуска. Шмат групаў салдат і асобных байцоў на працягу дня адступалі з боку мяжы ў горад. Тут іх правяралі, выдавалі па 90 патронаў і накіроўвалі ў розныя падраздзяленні. Увесь дзень нешматлікія падраздзяленні СПА спрабавалі арганізаваць паветранае прыкрыццё горада. На працягу дня 346-ы асобны зенітна-артылерыйскі дывізіён 85-й дывізіі збіў над лагерам Солы і паўднёва-ўсходняй часткай горада 5 нямецкіх самалётаў.

Вечарам каля 19 гадзін штаб 3-й арміі, на чале з камандуючым пакінуў Гродна. Першапачаткова штаб арміі размясціўся ў лесе за 2 км на поўдзень ад лагера Солы. Менавіта тут камандуючы 3-й арміяй прыняў рашэнне пакінуць Гродна і адвесці сілы арміі на рубеж рэк Котра—Свіслач. Штаб арміі меў звесткі пра глыбокі нямецкі прарыў на поўнач ад Гродна (у сутыку 3-й і 11-й армій прарваліся часці 161-й нямецкай дывізіі). Незразумелым было і становішча 10-й арміі. Нямецкі прарыў з раёна горада Ліпск пагражаў леваму флангу арміі. Безумоўна, трэба прызнаць, што гэты загад генерала Кузняцова быў адзіна правільным для камандуючага рашэннем у тых абставінах. Інжынеры і сапёры 85-й дывізіі павінны былі знішчыць абодва масты праз Нёман, а таксама шматлікія склады. Адказным за гэтыя работы быў прызначаны начальнік інжынернай службы дывізіі. Паводле ўспамінаў начальніка аховы вайсковых складоў на паўночнай ускраіне горада І. Я. Прывалава, са складоў вечарам было выдадзена для выбуховых работ некалькі тон толу.

Вечарам немцы выйшлі да Нёмана на поўнач ад Гродна — у раёне вёскі Грандзічы (28-ы і 38-ы палкі 8-й пяхотнай дывізіі). Аднак фарсіраваць раку ў гэтым месцы ім не ўдалося. У раёне вёскі Астравок аднаму з палкоў 28-й пяхотнай дывізіі (магчыма, гэта быў 7-ы пяхотны полк, які пасля фарсіравання Нёмана на наступны дзень заняў вёску Верцялішкі) удалося захапіць маленькі плацдарм на правым беразе Нёмана. Паводле ўспамінаў камсамольца І. А. Мандрыка, які ўдзельнічаў у будаўніцтве ўмацаванага раёна, немцы падышлі да Нёмана пры падтрымцы танкаў, якія дапамагалі сваім агнём фарсіраваць раку (гаворка ідзе ізноў жа пра «штугі»). Абарона савецкага 74-га разведвальнага батальёна не вытрымала, і ён адступіў.

Ужо да вечара немцы навялі праз Нёман два пантонных масты — каля вёскі Грандзічы (28-я пяхотная дывізія) і каля мястэчка Гожа (161-я пяхотная дывізія) і захапілі два плацдарма. Пры гэтым 364-ы пяхотны полк 161-й дывізіі ў 20.00 падышоў аж да м.Азёры! 256-я нямецкая дывізія авалодала раёнам мястэчка Новы Двор.

Горад быў запоўнены параненымі. Некалькі вайсковых шпіталяў, будынкі школ былі прыстасававныя для размяшчэння параненых. Нягледзячы на тое, што 22 чэрвеня з Гродна ўдалося адправіць два санітарных саставы з цяжкімі параненымі, да вечара ўсе памяшканні былі ізноў запоўненыя. Пасля пачатку эвакуацыі горада лёгкапараненыя адпраўляліся пехатой, а цяжкапараненыя пакідаліся ў шпіталях. Медыкі засталіся з імі.

У 0.30 23 чэрвеня склады і гарадскія масты былі знішчаныя пасля таго, як падрыўныя каманды атрымалі кодавае слова «Масква». Генерал Аляксандр Бандоўскі адзначаў:

Выбухі былі вялізнай сілы. Здавалася, што горад быў падняты ў паветра. Гэта былі ўзарваныя масты праз раку Нёман. Пачалося знішчэнне склада баепрыпасаў. Агромністае полымя агню на складзе паліва хутка разрасталася, захопліваючы пажарам паўднёва заходнюю ўскраіну горада.

Пасля першага дня баёў самымі баяздольнымі ў 3-й арміі засталіся палкі 85-й стралковай і 204-й матарызаванай дывізій. Ноччу 23 чэрвеня палкі 85-й дывізіі пакінулі Занёманскі фарштат і пачалі адступленне ў кірунку ракі Свіслач па дарозе Гродна—Лунна. Трэба заўважыць, што ў палках дывізіі захоўвалася арганізаванасць, а штаб дывізіі працаваў. 

Мотастралковыя палкі 204-й дывізіі засталіся на сваіх рубяжах прыкрываць адступленне арміі.

Іншыя падраздзяленні арміі панеслі цяжкія страты. Фактычна была разгромлена 56-я стралковая дывізія. Каля Аўгустоўскага канала працягвалі абараняцца 213-ы полк і батальён 184-га стралковага палка, аднак шанцаў прабіцца на ўз’яднанне з арміяй у іх ужо не было. Пазней (у ноч на 25 чэрвеня) гэтыя падраздзяленні, разам з 1-й і 3-й ротамі 9-га арткульбата адышлі да Нёмана, фарсіравалі яго і працягвалі адступленне праз нямецкі тыл. Рэшткі 37-га палка адкаціліся ў накірунку на ўсход ад Гродна. Батальёны 184-га палка адступалі па правым беразе Нёмана. 29-я танкавая дывізія панесла вялікія страты. Значная частка танкаў была ўжо згублена. Згодна з ацэнкай камандавання 3-й арміі, страты дывізіі дасягалі 40—50 танкаў. На думку аўтара гэтага артыкула, яны былі значна большымі. Аркадзь Марчанка ўспамінаў:

У нас скончыліся боепрыпасы, стала не хапаць паліва. Не было ніякага забеспячэння. Вечарам мы даведаліся, что паводле загаду камандавання нашыя войскі пакідаюць Гродна, а нашая дывізія павінна прыкрыць іх адыход. Аднак ніякіх канкрэтных указанняў мы не атрымалі.

Некаторыя злучэнні яшчэ працягвалі адступаць у накірунку горада, калі ён ужо быў пакінуты 3-й арміяй. Так, ноччу да ўзарванага маста падышоў 1-ы дывізіён 444-га карпуснога артылерыйскага палка. Пераправіцца праз раку ўжо не было ніякай магчымасці. Камандзірам было прынята рашэнне абсталяваць пазіцыю на месцы (у 800 метрах ад маста) і прыняць бой.

Між тым у Маскве, не ведаючы і не ўлічваючы рэальнага стану рэчаў на заходняй мяжы дзяржавы, была распрацавана Дырэктыва № 3. Згодна з ёй, савецкія войскі павінны былі правесці атаку нямецкіх злучэнняў, знішчыць іх і працягваць наступленне на нямецкай тэрыторыі. Заходні фронт павінен быў авалодаць раёнам горада Сувалкі да вечара 24 чэрвеня. Камандаваць гэтымі дзеяннямі павінен быў намеснік камандуючага фронтам генерал Іван Болдзін, які прыбыў у штаб 10-й арміі яшчэ ў сярэдзіне дня.


23 чэрвеня


Раніцай 23 чэрвеня немцы ўвайшлі ў Гродна. Каля 9-й гадзіны баявая група 84-га пяхотнага палка 8-й пяхотнай дывізіі данесла, што яна захапіла плацдарм у цэнтры горада, за шашэйным мастом (Дз. Ягораў чамусьці піша, што першымі ў горад увайшлі часткі 28-й пяхотнай дывізіі, якіх наогул у Гродне не было). Абарончых баёў за горад фактычна не адбылося — адстрэльваліся толькі апошнія адступаючыя чырвонаармейцы. Адсутнасць абароны горада і адступленне з яго сведчылі аб разгубленасці і частковай дэмаралізацый савецкага боку.У нямецкай сводцы 8-й пяхотнай дывізіі адзначалася:

Сёння да поўдня 8-й пяхотнай дывізіі ўдалося знянацку захапіць часткова разбураны мост праз р.Нёман у Гродна. Зыходзячы з таго факта, што важны вузел Гродна ар’ергардам праціўніка больш не абараняецца, а ўзрыў моста, судзячы па ўсім, праводзіўся нябрэжна, можна зрабіць вынік, што на працягу мінулага дня баявы дух праціўніка пачаў падаць. Складаецца ўраджанне, што наш поспех мінулага дня меў большы ўплыў на рускае камандванне, чым на стойкасць асобных рускіх салдат.

Разбурэнні горада былі вельмі лакальнымі, большасць з іх была нанесена нямецкай авіяцыяй. Аўтамабільны (шашэйны) мост быў узарваны Чырвонай Арміяй пры адступленні, аднак падрыў быў праведзены вельмі няўдала, і немцы адрамантавалі яго за некалькі гадзін. Чыгуначны мост быў узарваны цалкам — ягоная сярэдняя частка рухнула ў ваду.

 

23 чэрвеня. пяхота 8-й дывізіі ўступае ў Гродна
23 чэрвеня. пяхота 8-й дывізіі ўступае ў Гродна


Перадавыя часткі 84-га пяхотнага палка падышлі да шашэйнага маста па сучасных вуліцах Савецкіх Пагранічнікаў (з боку Ласосны) і Гарнавых. Штурмавыя гарматы 1-й батарэі 184-га дывізіёна адразу ж занялі пазіцыі каля маста, прыкрываючы сваю пяхоту, якая хутка фарсіравала Нёман, не чакаючы сапёраў. Аднымі з першых праз мост праехалі самакатны эскадрон (на роварах) пад камандаваннем оберлейтэнанта Фр.-В. Проске і 4-я рота 84-га палка. Зенітная артылерыя заняла пазіцыі на высокім беразе Нёмана, уздоўж сучаснай вуліцы Дарвіна. Хутка горад быў заняты нямецкай пяхотай 8-й дывізіі. Прывядзем ураджанні карэспандэнта Слязіны ад Гродна:

Знойдзены піваварны завод. Кожны з нас бярэ столькі піва, колькі можа змясціцца ў скрынку. Аднак лепшым было б, каб мы не бралі яго. У наступную раніцу цэлыя батальёны сядзяць па ўзбочынах. Гэта — выдатны «поспех» піцця. Справа ў тым, што піва было толькі што прыгатаваным! Я быў шчаслівы, што знайшоў толькі бутэлькі сельтэрскай вады. Пасля шостай бутэлькі я спыняюся і практыкую стрыманасць…

 

23 чэрвеня 1941г.Гродна ўжо заняты нямецкімі войскамі
23 чэрвеня 1941г.Гродна ўжо заняты нямецкімі войскамі


Згодна з планам, два палкі 8-й пяхотнай дывізіі фарсіравалі Нёман і працягвалі наступленне ў кірунку мястэчка Скідзель: 28-ы і 38-ы пяхотныя палкі, 8-ы разведвальны батальён, 1-я рота 8-га дывізіёна знішчальнікаў танкаў, 3-я рота 8-га сапёрнага батальёна. Наступленне падтрымлівалі 2-гі дывізіён 44-га артпалка, батарэя 184-га дывізіёна штурмавой артылерыі. Адзін полк дывізіі застаўся ў Гродне ў якасці баявой аховы. Гэта быў 84-ы полк, батальёны якога занялі пазіцыі на ўсходняй ускраіне Занёманскага фарштату. У якасці месца дыслакацыі полк заняў казарму каля шашэйнага моста (зараз будынак Беларускага інстытута правазнаўства). Штаб дывізіі размясціўся ў в.Ласосна. Палкі 28-й пяхотнай дывізіі працягвалі фарсіраваць Нёман на поўнач ад Гродна. Штаб дывізіі размясціўся ў в.Шадзінцы. 161-я дывізія працягвала наступленне ва ўсходнім накірунку. Яе штаб размясціўся ў в.Парэчча. На працягу дня савецкая авіяцыя неаднаразова прадпрымала бамбёжкі нямецкіх злучэнняў, аднак, цяжкіх стратаў немцам яны не прынеслі.

Савецкія мотастралковыя палкі 204-й матарызаванай дывізіі таксама пакінулі сваю ранейшую пазіцыю на рацэ Ласосна і адступілі на некалькі кіламетраў на ўсход (у раён вёсак Гібулічы—Альшанка). Тут жа знаходзіліся і танкавыя палкі 29-й танкавай дывізіі. Немцы не рабілі спробаў наступлення на ўсход у гэтым кірунку. 84-ы полк 8-й дывізіі заняў пазіцыі ў Гродна і наступлення не прадпрымаў. Часці 256-й дывізіі на працягу 23 чэрвеня вялі баі за в.Кузніца, дзе абараняліся сілы 33-й танкавай дывізіі. Толькі ў ноч на 24 чэрвеня вёска была ўзята.

 

загрузка снарадаў у штуг 184-га дывізіёна. Гродна.23 чэрвеня
Загрузка снарадаў у штуг 184-га дывізіёна. Гродна.23 чэрвеня


85-я стралковая дывізія генерала Бандоўскага на працягу ночы адступіла на новы абарончы рубеж па рацэ Свіслач (ад вусця ракі да вёскі Бракава). Штаб 3-й арміі размясціўся ў гаі на поўдзень ад Бракава. У другой палове дня ён пераехаў яшчэ далей на ўсход — да мястэчка Лунна.

Адступленне палкоў 85-й дывізіі было праведзена даволі ўдала. Аднак у дывізіі былі цалкам знішчаны 2-гі аўтамабільны батальён і палявы аўтамабільны хлебазавод. Абодва падраздзяленні былі ўшчэнт разбомбленыя нямецкай авіяцыяй з-за поўнай адсутнасці маскіроўкі. Гэты факт сведчыць пра выключную нядбайнасць некаторых савецкіх камандзіраў. У выніку дывізія была пазбаўлена большасці свайго аўтатранспарту і свежага харчавання. На працягу цэлага дня падраздзяленні дывізіі так і не ўступілі ў баявы кантакт з немцамі.

59-ы стралковы полк, які напярэдадні паводле загаду камандуючага 3-й арміяй павінен быў абараняць горад з поўначы (па цячэнні Нёмана), раніцай 23 чэрвеня пачаў адступаць па шашы Гродна—Скідзель. Вечарам полк, разам з акруговай школай малодшага каманднага складу памежных войскаў, занялі абарону на ўскраіне мястэчка Скідзель уздоўж ракі Котра. Цікава адзначыць, што камандзір 85-й дывізіі не ведаў пра дзеянні палка і не меў з ім сувязі. Вечарам таго ж дня на гэтым рубяжы пачаліся першыя баі з перадавымі нямецкімі падраздзяленнямі (8-ы разведвальны батальён 8-й пяхотнай дывізіі). На працягу 24 чэрвеня полк вёў цяжкія баі за мястэчка Скідзель і вечарам вымушаны быў адступіць у кірунку мястэчка Лунна.

 

савецкі танк Т-26 з 29 танкавай дывізіі перад Фарай Вітаўта.Гродна.чэрвень 1941.
Савецкі танк Т-26 з 29 танкавай дывізіі перад Фарай Вітаўта.Гродна.чэрвень 1941.


23 чэрвеня 83-ці нямецкі полк працягваў атаку ДАКаў 68-га УРа, якія аказаліся у тыле нямецкіх войск. Нямецкія атакі акружаных гарнізонаў ДАКаў пачаліся  з самай раніцы. У гэты дзень пяхота 83-га палка атрымала падмацаванне: батарэю «штугаў» са 184-га дывізіёна, знакамітыя 8,8-см зенітныя гарматы і сапёраў (верагодна 43-і сапёрна-штурмавы батальён, які 23 чэрвеня знаходзіўся ў раёне м.Сапоцкін). Аднак і на працягу гэтага дня нямецкі полк не здолеў знішчыць савецкія ўмацаванні! Абодва бакі неслі вялікія страты. Так, у немцаў загінулі камандзіры 1-й і 10-й ротаў. Курсант 6-га ўзвода вучэбнай роты Леанід Ірын з ДАК № 38 успамінаў:

Падышоў танк ворага і стаў «прасаваць» нашыя акопы. І хто не паспеў схавацца за сценамі ДАКа, застаўся навекі ў магіле, якую мы самі сабе выкапалі [маюцца на ўвазе акопы. — Дз. Л.].

Танкі, пра якія ўспамінаў Ірын, былі штурмавымі гарматамі 184-га дывізіёна.

Працягвалі супраціўляцца і іншыя ДАКі. Так, паводле ўспамінаў курсанта Ніла Цімафеева з ДАКа № 55, 23 чэрвеня іх гармата падбіла два «танкі», якія зноў жа былі «штугамі».

Яшчэ 22 чэрвеня камандаваннем фронту быў распрацаваны план па арганізацыі контрудара ў раёне Гродна. Ён утрымоўваўся ў Дырэктыве № 3:
нанесці моцны контрудар сіламі не меньш двух мехкарпусоў і авіяцыі фронта ў фланг і тыл Сувалкскай групоўкі праціўніка…

Праводзіць контудар павінна была т. зв. «конна-механізаваная група генерала Болдзіна» — 6-ы і 11-ы механізаваныя і 6-ы кавалерыйскі карпусы. Падтрымаць наступаючыя сілы павінны былі стралковыя дывізіі 3-й арміі. Ноччу з 22 на 23 чэрвеня генерал Паўлаў канкрэтызаваў свайму намесніку генералу Болдзіну накірунак атакі: Беласток – Ліпск. Аднак з-за адсутнасці сувязі са штабам 3-й арміі, слабой аператыўнасці – раніцай 23 распачаць контрудар не атрымалася.  Дывізіі 6-га механізаванага і 6-га кавалерыйскага карпусоў пачалі займаць зыходныя пазіцыі – усё гэта пад бамбёжкамі нямецкай авіяцыі. Камандуючы 3-й арміяй даведаўся пра арганізацыю контрудара толькі 23 чэрвеня і выдаў адпаведны загад аб арганізацыі наступлення на Гродна ў ноч з 23 на 24 чэрвеня.

У рэаліях 1941 г. гэты контрудар быў самы найгоршы з загадаў першых дзён вайны. Замест таго, каб выходзіць з нямецкага акружэння, якое ўжо пазначылася, 3-я і 10-я арміі павінны былі яшчэ і контратакаваць. Улічваючы поўнае панаванне немцаў у паветры і адсутнасць надзейнага зенітнага прыкрыцця савецкай пяхоты, гэты загад выракаў людзей на простае самагубства. Самае ж прыкрае было тое, што ўдар не спыняў наступаючыя на Мінск нямецкія танкі, а быў накіраваны толькі супраць пяхоты ХХ нямецкага корпуса.

Сілы 3-й арміі (29-я танкавая, 85-я стралковая і 204-я матарызаваная дывізіі) павінны былі перайсці ў наступленне на занёманскую частку Гродна.

24 чэрвеня.

На працягу 24 чэрвеня працягвалі супраціўляцца ДАКі вучэбнай роты 9-га артылерыйска-кулямётнага батальёна. Баі з німі вялі часткі 83-га пяхотнага палка. Для ўзмацнення 83-га палка яго батальёнам былі прыдадзеныя некалькі дыстанцыйна кіраваных танкетак (носьбітаў зарадаў) — браніраваныя гусенічныя машыны Sd.Kfz.300. Гэтыя танкеткі павінны былі канчаткова скончыць з савецкім супраціўленнем. Аднак і яны не здолелі скарыць ДАКі 9-га арткульбата, хоць і лічыліся ў немцаў «ідэальным сродкам». Дзве з гэтых машын здэтанавалі занадта рана, і не прынеслі ніякага эфекта. Трэцяя танкетка не здолела праехаць праз кусты і таксама не даставіла зарад да ДАКа.

Самы лепшы вынік у барацьбе з ДАКамі быў атрыманы дзякуючы дзеянням нямецкіх сапёраў. Сапёрны батальён, які пачалі выкарыстоўваць немцы, пачаў метадычна, адзін за адным, узрываць ДАКі. Нямецкія сапёры забіраліся на дах умацаванняў і моцнымі накіраванымі выбухамі знішчалі гарнізоны. Так была знішчана камандная ДАК № 38 і ДАК № 59. Толькі пасля гэтага дарога Рудаўка—Сапоцкін была забяспечана ад абстрэлу ДАКаў. Немцы лічылі, што такое доўгае супраціўленне ДАКаў тлумачылася тым, што іх гарнізоны складаліся з адборных падраздзяленняў і кадэтаў (паводле інфармацыі палонных). На самай жа справе ДАКі, якія адбівалі нямецкія атакі на працягу некалькіх дзён былі занятыя вучэбнай ротай 9-га арткульбата. Менавіта іх немцы і называлі «кадэтамі». Нямецкі 1-ы батальён 83-га палка страціў падчас баёў 24 чалавекі забітымі і 125 параненымі. Аднак і пасля гэтага, яшчэ 25 чэрвеня, 28-ы запасны палявы батальён, які рухаўся за 83-м палком, наноў зачышчаў тэрыторыю ад савецкіх салдат, якія на ёй заставаліся. Толькі пасля гэтага 83-ці пяхотны полк змог працягваць далейшае наступленне.

 

гэты Т-34 яшчэ не паспелі разгрузіць.чыгуначны вакзал Гродна. чэрвень 1941г.
Гэты Т-34 яшчэ не паспелі разгрузіць.чыгуначны вакзал Гродна. чэрвень 1941г.

Нямецкія сілы працягвалі даволі паспяхова наступаць на паўночны-усход ад Гродна. Палкі 28-й дывізіі размяшчаліся ў раёне м.Азёры, а перадавы атрад наступаў у накірунку м.Астрыно. Перадавы атрад 161-й дывізіі знаходзіўся ў раёне вёсак Забалоць – Сабакінцы.

Зміцер Люцік

Scroll to top