У апошні час катастрофе Чырвонай Арміі ў 1941 г. прысвячаецца значная колькасць кніг. Трагічны для савецкай арміі пачатак вайны прыцягвае ўвагу шматлікіх даследчыкаў.
Дадзены артыкул быў напісаны пры выкарыстанні прац як савецкай, так і нямецкай гістарыяграфіі. У цэнтры ўвагі аўтара знаходзіўся горад Гродна і падзеі, якія праходзілі ў яго бліжэйшых ваколіцах у апошні тыдзень чэрвеня 1941 г.
Горад Гродна ў 1941 г. быў невялікім заходнебеларускім горадам непадалёк ад мяжы з Германіяй. Яго насельніцтва дасягала 55 тысяч чалавек. У горадзе традыцыйна размяшчаўся вялікі вайсковы гарнізон, і савецкі перыяд не быў тут выключэннем.
Працяг артыкула: Гродзенская катастрофа савецкай 3-й арміі ў 1941 г. Частка 2 Гродзенская катастрофа савецкай 3-й арміі ў 1941 г. Частка 3 Гродзенская катастрофа савецкай 3-й арміі ў 1941 г. Частка 4 |
Пасля далучэння Заходняй Беларусі да БССР у горадзе размяшчалася значная колькасць савецкіх войскаў. Так, у горадзе былі арганізаваныя больш за 30 вайсковых гарадкоў. Часткова яны былі створаныя яшчэ ў царскія часы, і ў міжваенны перыяд выкарыстоўваліся Войскам Польскім, а часткова ўзніклі пры паляках.
За невялікі перыяд свайго панавання ў Заходняй Беларусі (верасень 1939 — чэрвень 1941 гг.) Чырвоная Армія не паспела распачаць будаўніцтва казармаў для войскаў у самім горадзе, аднак створаныя былі склады і шматлікія летнія лагеры. Акрамя таго, у горадзе размяшчаліся вялікія армейскія склады з палівам і боепрыпасамі.
Новая савецка-нямецкая мяжа праходзіла непадалёк ад горада — па Аўгустоўскім канале і рацэ Чорная Ганьча. На самай мяжы было распачата будаўніцтва новай умацаванай лініі. Гэта таксама паўплывала на дадатковую канцэнтрацыю савецкіх войскаў у раёне Гродна і ў самім горадзе.
Савецкія сілы 3-й арміі ў раёне горада Гродна
Як ужо адзначалася, савецкія сілы ў раёне Гродна былі дастаткова шматлікімі — тут знаходзілася большая частка агульнавайсковай 3-й арміі. Аднак зусім не колькасць войскаў мела вырашальную ролю ў Другой сусветнай вайне. Нягледзячы на шматлікасць, галоўнай «ахілесавай пятой» тагачаснай Чырвонай Арміі быў вельмі слабы яе камандны склад. Большасць вышэйшых афіцэраў занялі свае пасады толькі перад самай вайной. Пры гэтым 90% афіцэраў займалі свае пасады з павышэннем. Напрыклад, былыя камандзіры палкоў ці брыгад станавіліся камандзірамі дывізій, камандзіры дывізій — камандзірамі карпусоў, а камандзіры карпусоў — камандзірамі армій. Практычна ніхто з іх не меў дастатковага баявога вопыту: толькі некаторыя былі ўдзельнікамі вайсковай аперацыі па далучэнні Заходняй Беларусі, адзінкі ўдзельнічалі ў вайне з Фінляндыяй ці канфлікце з Японіяй. Гэтага, безумоўна, было недастаткова. Аднак самае галоўнае, чаго не хапала савецкаму каманднаму складу — гатоўнасці да прыняцця самастойных рашэнняў і праяўлення асабістай ініцыятывы. Гэтаму перашкаджалі, па-першае, жывая памяць пра нядаўнія «чысткі» і рэпрэсіі, а па-другое — просты недахоп адукацыі і вопыту.
Камандаванне і штаб 3-й арміі
У горадзе размяшчаўся штаб 3-й арміі Заходняй асобай вайсковай акругі (ЗахАВА). Ён знаходзіўся ў будынку былога царскага Пазямельнага сялянскага банка, дзе пазней размяшчалася ўпраўленне DOK III (камандаванне 3-га корпуса) польскага войска. Зараз гэты будынак знаходзіцца на скрыжаванні вуліц Карбышава і Леніна. Тут размяшчаецца штаб Ззаходняга аператыўнага камандвання.
3-я армія была сфармаваная ў верасні 1939 г. На яе чале стаяў генерал-лейтэнант Васіль Кузняцоў. Начальнікам штаба быў генерал Аляксандр Кандрацьеў. Абодва афіцэра мелі вышэйшую вайсковую адукацыю, баявы вопыт (прайшлі Першую сусветную і грамадзянскую войны, удзельнічалі ў паходзе 1939 г. у Зах.Беларусь, Кандрацьеў, да таго ж, удзельнічаў у вайне ў Іспаніі). Аднак, як паказалі далейшыя падзеі, ні камандарм, ні начальнік ягонага штаба не паказалі сябе ў першыя дні вайны таленавітымі камандзірамі, здольнымі на прыняцце нетыповых рашэнняў. Хутчэй яны былі звычайнымі вышэйшымі афіцэрамі Чырвонай Арміі ўзору 1941 года.
У сітуацыі перадваеннага чэрвеня менавіта ад камандуючага і яго штаба залежаў лёс арміі. Аднак генерал Кузняцоў і ягоны штаб мэтанакіравана забаранялі праводзіць у падначаленых ім войсках якую-небудзь падрыхтоўку да вайны, цалкам выконваючы загад «не правакаваць Германію». Так, напрыклад, 19 чэрвеня на нарадзе ў штабе арміі пасля заканчэння падрыхтоўкі «чырвоных пакетаў» (план дзеяння падраздзялення ў выпадку вайны) начальнік штаба 29-й танкавай дывізіі падпалкоўнік Мікалай Каланчук звярнуўся да начальніка штаба арміі па дазвол папоўніць танкавы боекамплект да 50% (па інструкцыі павінен быў складаць толькі 25%), але генерал Кандрацьеў катэгарычна адмовіў яму ў гэтым і аб’явіў, што на будучыню ўвогуле забаронена звяртацца з такімі пытаннямі. Тады падпалкоўнік Каланчук звярнуўся да камандарма Кузняцова з пытаннем, што яму рабіць з людзьмі ў сваёй дывізіі, якія ўвогуле не маюць зброі. На гэтае пытанне ён атрымаў іранічны адказ камандарма: «На Нёман пасадзім, дубіны дамо, абараняцца будзем».
Яшчэ адзін падобны выпадак адбыўся 21 чэрвеня 1941 г. Каля 17-й гадзіны генерал Васіль Кузняцоў і член Ваеннага савета арміі Мікалай Бірукоў прыбылі для інспекцыі ў 345-ы стралковы полк у горад Аўгустоў. Камандзір палка палкоўнік Васіль Саладоўнікаў (ён жа камендант Аўгустова) самастойна вывеў полк і заняў пазіцыі ўздоўж мяжы. Камандзір дывізіі даў на гэта згоду ўжо пасля дзеянняў камандзіра палка. Трэба адзначыць, што ў паласе 3-й арміі гэты полк стаў адзіным пяхотным падраздзяленнем, якое было загадзя прыведзена ў баявую гатоўнасць і заняло пазіцыі. Камандарм Кузняцоў зрабіў камандзіру палка вымову за самавольства і за тое, што афіцэр няправільна разумее сучаснае становішча ды робіць няправільныя высновы, бо, паводле словаў камандарма, вайны не будзе! Камандарм таксама спачатку не дазваляў выдаць салдатам каскі і зрабіў гэта толькі пасля таго, як кампалка далажыў яму, што на 22 чэрвеня ў палку плануецца страявы агляд.
Як бачна, штаб арміі і яе камандуючы не разглядалі сур’ёзна пытання адносна магчымага пачатку вайны, ці проста баяліся ўзяць на сабе адказнасць за самастойныя рашэнні. Яшчэ горш было тое, што яны і сваім падначаленым забаранялі праяўляць якую-небудзь ініцыятыву. У выніку, улічваючы таксама тое, што многія вайсковыя часткі не былі да канца сфармаванымі (у чым не было наўпроставай віны камандавання арміі), яны не былі належным чынам падрыхтаваныя да хуткіх дзеянняў у надзвычайных абставінах.
У выпадку пачатку вайны 3-я армія павінна была прыкрываць гродзенскі напрамак. 68-ы ўмацаваны раён, які размяшчаўся на самай мяжы, стрымліваў бы ворага ў першыя гадзіны вайны, разам са стралковымі дывізіямі першага эшалону арміі. Пасля падрыхтоўкі галоўны ўдар пры падтрымцы авіяцыі павінен быў нанесці 11-ы механізаваны корпус. Вораг мусіў быць адкінуты за дзяржаўную мяжу. Кожная дывізія загадзя павінна была распрацаваць свой, больш дакладны план дзеянняў — «чырвоныя пакеты» (захоўваліся ў сейфах у штабах падраздзяленняў). Аднак не ўсе яны былі канчаткова распрацаваныя. Так, напрыклад план дзеяння 85-й стралковай дывізіі камандуючы арміяй павінен быў зацвердзіць толькі 22 чэрвеня 1941 г. Да таго ж планы гэтыя былі такімі аб’ёмнымі, што для таго, каб азнаёміцца з імі, камандзіру падраздзялення спатрэбілася б 1,5—2 гадзіны!
У арганізацыйным плане 3-я армія складалася з 4-га і 21-га стралковых карпусоў, а таксама з 11-га механізаванага. У падпарадкаванні арміі былі таксама 85-я і 24-я (знаходзілася ў Маладзечна) стралковыя дывізіі. Арміі была падпарадкавана і 11-я змешаная авіядывізія. Спынімся на характарыстыцы падраздзяленняў, якія дыслакаваліся ў Гродне ці паблізу ад яго.
4-ы стралковы корпус
У самім горадзе і яго ваколіцах быў дыслакаваны 4-ы стралковы корпус. Ён быў сфармаваны яшчэ ў 1922 г. і лічыўся кадравым. З ліпеня 1940 г. корпус знаходзіўся ў Гродне, тут жа размяшчаўся і ягоны штаб. Камандаваў корпусам генерал-маёр Яўген Ягораў. Кадравы савецкі афіцэр ужо быў арыштаваны ў 1938 г. але яму пашчасціла – ён быў вызвалены і прызначаны з павышэннем на пасаду камандзіра корпуса. Начальнікам штаба корпуса быў палкоўнік П.І.Чыжык , камісарам – палкавы камісар Сяргей Ягораў. Палкавы камісар атрымаў загад аб прызначэнні ў 4-ы корпус толькі 13 чэрвеня і прыбыў на месца службы толькі за дзень да пачатку вайны.
4-ы корпус складаўся з 27-й, 56-й і 50-й стралковых дывізій. Акрамя таго, у склад корпуса ўваходзілі 152-гі і 444-ы карпусныя артылерыйскія палкі, зенітна-артылерыйскі дывізіён і батальён сувязі, шпіталь, ветэрынарны лазарэт, трыбунал.
27-я стралковая дывізія дыслакавалася даволі далёка ад Гродна, у раёне Аўгустоў — Сухаволя (зараз абодва гарады на тэрыторыі Польшчы), і баёў за горад не вяла. Таму лёс гэтага падраздзялення ў першыя дні вайны мы разглядаць не будзем. 50-я стралковая дывізія ўвогуле знаходзілася на маршы з Полацка ў Крэва і ў Гродна да пачатку вайны так і не патрапіла. 56-я стралковая дывізія знаходзілася ў першым эшалоне арміі на поўнач ад Гродна. Такім чынам, вайну корпус павінен быў сустрэць толькі з дзвюма дывізіямі.
56-я Маскоўская Чырвонасцяжная стралковая дывізія
Дывізія была сфармавана ў 1919 г. Яна прымала ўдзел у Грамадзянскай вайне і вайне з Фінляндыяй. З 12 чэрвеня камандаваў дывізіяй генерал Сямён Сахноў. Такім чынам генерал прыняў дывізію толькі за два тыдня да пачатку вайны. Зразмела, што за такі кароткі тэрмін ён не паспеў як належыць вывучыць мясцовасць і пазнаёміцца са сваімі падраздзяленнямі.
Палкі дывізіі размяшчаліся на поўнач ад Гродна, у раёне вёсак Парэчча — мястэчка Гожа, мястэчка Сапоцкін — фальварак Свяцк. Складалася дывізія з 37-га, 184-га, 213-га стралковых, 113-га артылерыйскага і 247-га гаўбічнага палкоў. Падраздзяленні дывізіі знаходзіліся ў розных месцах, і гэта паўплывала на тое, што з пачаткам баявых дзеянняў дывізія не здолела сабраць іх разам. Так, 213-ы стралковы полк знаходзіўся каля дзяржаўнай мяжы, на месцы будаўніцтва 68-га ўмацаванага раёна ў раёне на поўнач ад Сапоцкіна. Камандаваў палком маёр Цімафей Якаўлеў.
184-ы полк размяшчаўся ў вёсцы Барбарычы (каля мястэчка Гожа). 37-ы полк дыслакаваўся на поўдзень ад Гродна, у раёне мястэчка Шчучын—Новы Двор. Гэтак сама былі раскіданыя і артылерыйскія часткі: 113-ы артполк знаходзіўся ў ваенным гарадку Фолюш, а 247-ы гаўбічны — у раёне на поўдзень ад мястэчка Сапоцкіна (фальварак Свяцк).
85-я Чалябінская ордэна Леніна стралковая дывізія
Дывізія была сфармавана ў 1931 г. Пасля пачатку вайны (22 чэрвеня) была ўключана ў склад 4-га стралковага корпуса. Камандаваў дывізіяй генерал-маёр Аляксандр Бандоўскі.
Дыслакавалася дывізія ў вёсцы Солы, на ўсходняй ускраіне горада (зараз у раёне Румлёўскага маста праз Нёман). У горад яна прыбыла за месяц да пачатку вайны і складалася з 59-га, 103-га і 141-га стралковых, 223-га гаўбічнага і 167-га лёгкаартылерыйскага палкоў. Гаўбічны полк і два стралковыя палкі размяшчаліся ў лясным масіве Румлёва, непадалёк ад Солаў. 59-ы стралковы полк размяшчаўся ў ваенным гарадку № 11, недалёка ад чыгуначнага вакзала (раён сучаснай вул. Чырвонаармейскай). Частка 59-га палка (3-ці батальён) знаходзілася на будаўніцтве ўмацаванага раёна ў ваколіцах вёскі Доргунь і была адрэзана ад галоўных сілаў дывізіі. Акрамя таго, па адным батальёне вылучылі на будаўнічыя працы і 103-ці ды 141-ы палкі. Штаб дывізіі размяшчаўся непадалёк ад штаба арміі — на сённяшняй вуліцы Элізы Ажэшкі, д. 22.
Пасля пачатку баявых дзеянняў палкі дывізіі павінны былі заняць пазіцыі ў раёне мястэчка Дамброва, у 30 км на паўднёвы захад ад Гродна.
29-я танкавая дывізія
29-я танкавая дывізія была галоўнай ударнай сілай у раёне Гродна. Яна ўваходзіла ў склад 11-га механізаванага корпуса (разам з 33-й танкавай і 204-й матарызаванай дывізіямі).
Гэта было вельмі «маладое» вайсковае злучэнне. Створана дывізія была толькі ў сакавіку 1941 г. Арганізацыйна яна складалася з двух танкавых палкоў (57-га і 59-га), а таксама 29-га мотастралковага палка, 29-га гаўбічнага палка, 29-га разведвальнага батальёна, 29-га рамонтнага батальёна і 29-й роты рэгулявання. Як бачна з пераліку, дывізія патэнцыйна ўяўляла з сябе значную сілу. Аднак яе падраздзяленні не былі цалкам укамплектаваныя тэхнікай, да таго ж не было наладжана ўзаемадзеянне паміж імі.
Згодна з праграмай па стварэнні механізаваных карпусоў, танкавая дывізія была асноўным механізаваным фармаваннем у перадваеннай Чырвонай Арміі (у склад кожнага механізаванага корпуса ўваходзілі па дзве такія дывізіі і адна мотастралковая). Укамплектаваная танкавая дывізія павінна была налічваць 375 танкаў, 1360 аўтамабіляў, 97 гармат і мінамётаў і 9874 чалавекі. Толькі па колькасці асабовага складу дывізія была амаль што ўкамплектаваная і налічвала 9253 чалавекі. Дакладная колькасць танкаў і артылерыі ў 29-й дывізіі ў чэрвені 1941 г. да нашых дзён, на жаль, невядомая. Тым не менш, прывядзем тую інфармацыю, якой мы валодаем.
Танкавы парк дывізіі да пачатку баявых дзеянняў налічваў, згодна першай версіі – 66 танкаў, з якіх: 22 лінейныя танкі Т-26, 16 хімічных танкаў (узброеныя агнямётамі), 2 КВ-2, 26 Т-34. Акрамя гэтага, дывізія мела 38 бронеаўтамабіляў БА-10, меўшых на ўзбраенні 45-мм гармату, а таксама 20 бронеаўтамабіляў БА-20. Аднак адносна колькасці тэхнікі ў дывізіі ёсць, аднак, і іншыя дадзеныя — каля 200 лёгкіх танкаў Т-26. Ёсць верагоднасць таго, што колькасць цяжкіх танкаў КВ у дывізіі складала 20 штук. Паводле інфармацыі, якую прыводзіць гісторык Дз. Ягораў, у дывізіі перад пачаткам вайны былі наступныя танкі: 20 КВ, 24 Т-34, 44 БТ, 281 Т-26, 20 ХТ-26, 25 Т-37/38. Увогуле, такім чынам, дывізія мела 414 танкаў. На думку аўтара артыкула, гэты варыянт найбольш адпавядае рэчаіснасці. Прыкладна такую ж колькасць бранятэхнікі ў 29-й танкавай дывізіі ўзгадваюць і нямецкія крыніцы (да 500 адзінак).
Тут жа мы яшчэ раз нагадаем, што распаўсюджаны міф адносна таго, што савецкія танкі старых канструкцый (Т-26, БТ-5 і БТ-7) былі ўжо няздатнымі для баёў з нямецкай бранятэхнікай, на самой справе не адпавядаюць рэчаіснасці. І браніраванне, і ўзбраенне, і хуткасць у іх былі значна большымі, чым у асноўных нямецкіх тагачасных танкаў (напрыклад, Т-II і T-III). Вялікія страты ў Чырвонай Арміі менавіта гэтых тыпаў танкаў у першыя месяцы вайны тлумачыліся выключна слабой падрыхтоўкай танкавых экіпажаў, недастатковым узаемадзеяннем з іншымі радамі войскаў, адсутнасцю адпаведнага рамонту і тэхнічнага абслугоўвання.
Новыя танкі (КВ-2 і Т-34) трымаліся ў строгім сакрэце, і танкісты нават не мелі магчымасці самі вывучыць гэтую тэхніку і авалодаць ёй. Камандзір 57-га палка 29-й дывізіі маёр Іосіф Чарапкін адзначаў у сваіх успамінах, што новыя танкі «разгружалі ноччу і з танкавага парка не выводзілі». У той жа час механік-вадзіцель з таго ж самага палка А. І. Замашкін успамінаў, што хоць ён і вывучаў танк КВ-2, сваёй спецыяльнасцю так і не авалодаў. Да таго ж, згодна з інфармацыяй, якую прыводзяць расійскія даследчыкі Аляксандр Смірноў і Аляксандр Суркоў, у 11-м механізаваным корпусе не было 152-мм снарадаў да танкавых гаўбіц КВ-2! Гэта азначае, што тыя два танкі гэтага тыпу, якія меліся ў дывізіі, былі фактычна бяззбройнымі (калі не лічыць кулямётаў). Колькасць снарадаў для танкавай гарматы ў Т-34 не перавышала 12%.
Абодва танкавыя палкі 29 дывізіі размяшчаліся ў Гродне. 57-ы полк быў размешчаны ў ваенным гарадку Фолюш і на палявым лагеры непадалёк ад чыгуначнай станцыі Бяляны (у раёне вёскі Чэхаўшчызна). 59-ы полк размяшчаўся ў ваенным гарадку ў цэнтры горада (хутчэй за ўсё, былы ваенны гарадок 7-га польскага браніраванага батальёну ў раёне сучасных праспекта Касманаўтаў і вуліцы Пралетарскай). Камандаваў дывізіяй палкоўнік Мікалай Студнеў. Кваліфікаваны афіцэр-танкіст, ён добра ведаў горад і яго ваколіцы. У верасні 1939 г. ён удзельнічаў у далучэнні Заходняй Беларусі да СССР, калі яго брыгада вяла баі ў раёне Гродна. Аднак вопыта ў кіраванні такім злучэннем як дывізія, палкоўнік Студнеў практычна не меў.
Вельмі дрэнна былі ўкамплектаваныя іншыя часці дывізіі. 29-ы мотастралковы полк меў толькі 5 аўтамашын, а 29-ы артылерыйскі полк не меў аніводнага цягача! 3 тысячы чалавек наогул не мелі аніякай зброі! Менавіта іх камандарм Васіль Кузняцоў прапаноўваў пасадзіць на Нёмане з дубінамі ў руках.
204-я матарызаваная дывізія
204-я матарызаваная дывізія дыслакавалася ў ваколіцах Ваўкавыска. Яна, як і 29-я танкавая, была арганізавана толькі ў сакавіку 1941 г. У склад дывізіі ўваходзілі: 700-ы і 706-ы матарызаваныя палкі, 126-ы танкавы полк, 657-ы артылерыйскі полк. Камандаваў дывізіяй палкоўнік Аляксей Піраў.
Дывізія практычна не была ўкамплектавана — 2 тысячы чалавек не мелі зброі. Не было аўтамашын. У 657-м артылерыйскім палку гарматы меў толькі 1-ы дывізіён. У 126-м танкавым палку налічвалася толькі 54 танка Т-26 і 1 ХТ-26 (з 238 БТ-7 па штату) і 11 БА-10. Такім чынам, у выпадку пачатку вайны дывізія не здолела б своечасова падтрымаць пяхотай танкавыя падраздзяленіі 29-й і 33-й дывізій корпуса (што і адбылося).
68-ы Гродзенскі ўмацаваны раён
Будаўніцва ўмацаванага раёна пачалося ў 1940 г. Усяго планавалася пабудаваць 606 доўгачасовых агнявых кропак (ДАК). Аднак да пачатку вайны будаўніцтва раёна так і не было скончана — было пабудавана толькі 165 (па іншай інфармацыі — 186) абарончых кропак. На ўзбраенні раёна знаходзілася каля 300 кулямётаў, 80 45-мм гармат і 20 76-мм гармат, 42 танкі МС—1 і 10 Т-24.
Камендантам умацаванага раёна быў палкоўнік Мікалай Іваноў, начальнікам штаба — палкоўнік Парфірый Кашырын.
ДАКі стаялі на самой мяжы, часта ўзбраенне на іх яшчэ не было ўсталявана. Звычайна некалькі ДАКаў (да 10—15) складалі апорныя пункты. Размяшчаліся яны ў дзве лініі — для прыкрыцця адзін аднаго.
Пазіцыі ва ўмацаваным раёне займалі 9-ы і 10-ы асобныя артылерыйска-кулямётныя батальёны (арткульбаты): 9-ы батальён на правым фланзе, 10-ы — на левым.
9-ы арткульбат складаўся з трох рот, а таксама вучэбнай роты, якая размяшчалася на левым фланзе. У батальёне налічвалася да 300 чалавек.2-я рота была перакінута за горад Ліпск на новы апорны пункт. Такім чынам, 22 чэрвеня 1941 г. на поўнач ад Гродна пазіцыі ва ўмацаваным раёне займалі толькі 1-я, 3-я і вучэбная роты. Камандаваў батальёнам капітан Пётр Жыла. Штаб батальёна размяшчаўся ў мястэчку Сапоцкін.
Такім чынам падраздзяленні 3-й арміі былі размешчаны на самай мяжы, каля горада Гродна і на ўсход ад яго (204-я мд). Па прыкладным падлікам колькасць 3-й арміі напярэдадні вайны складала каля 60 тыс. чалавек, 1500 гармат і мінамётаў, больш за 300 танкаў.
Аднак з усёй арміі толькі частцы падраздзяленняў выпала прыняць першы ўдар Вермахта раніцай 22 чэрвеня ў раёне Гродна: двум стралковым палкам 56-й сд, некалькім стралковым батальёнам, двум артылерыйскім палкам і некалькім спецыяльным батальёнам, а таксама некалькім заставам памежных войск.
Авіяцыя. 11-я змешаная авіяцыйная дывізія.
Дывізія складалася з двух палкоў знішчальнікаў і палка бамбардзіроўшчыкаў. Камандаваў дывізіяй палкоўнік Пётр Ганічаў.
122-гі знішчальны авіяцыйны полк (камандзір палка — Аляксандр Нікалаеў), базаваўся на аэрадроме ў мястэчку Новы Двор. Асноўны аэрадром размяшчаўся ў горадзе Ліда. У чэрвені 1941 г. у палку налічваўся 71 самалёт тыпу І-16. Паводле некаторай інфармацыі, з самалётаў было знята ўзбраенне.
127-ы знішчальны авіяцыйны полк (камандзір падпалкоўнік Андрэй Гардзіенка) базаваўся на аэрадроме ў мястэчку Скідзель. Перад пачаткам вайны полк пераляцеў на палявы аэрадром Лясішча. У палку налічваўся 71 знішчальнік І-153. Трэба дадаць, што гэта быў адзіны авіяцыйны полк, дзе загад аб маскіроўцы і разгрупаванню самалётаў быў цалкам выкананы яго камандзірам. Усе самалёты стаялі ў высечаных у лесе нішах. Цудоўная маскіроўка садзейнічала таму, што нямецкая разведка не ведала пра месцазнаходжанне палка.
Камандзірам 16-га хуткаснага бамбардзіровачнага авіяцыйнага палка быў Арсеній Скварцоў. Аэрадромы палка размяшчаліся ў мястэчку Жалудок і ў вёсцы Чарлёна. Менавіта на палявым аэрадроме каля вёскі Чарлёна (непадалёк ад мястэчка Лунна) і знаходзіўся полк перад пачаткам вайны. У палку на ўзбраенні стаялі 24 СБ-2 і 37 (магчыма толькі 16) Пе-2. Аднак найноўшыя пікіруючыя бамбардзіроўшчыкі Петлякова былі засвоеныя толькі 10 экіпажамі.
Акрамя гэтых паветраных сілаў, непадалёк ад Гродна, на аэрадроме каля вёскі Караліно знаходзіўся аэрадром 10-й авіяцыйнай памежнай эскадрыллі.
Нямецкія сілы, якія прымалі ўдзел у наступленні на Гродна
Наступленне ў кірунку горада Гродна праводзілі злучэнні 9-й палявой арміі генерала Адольфа Штраўса. Непасрэдна на горад наступаў VIII армейскі корпус генерала ад артылерыі Вальтэра Хейца. На правым фланзе корпуса наступала 8-я пяхотная дывізія, на левым — 28-я. 161-я дывізія армейскага падпарадкавання заняла пазіцыі яшчэ лявей. Перад войскамі стаяла задача прарыву ўмацаванай лініі на мяжы Савецкага Саюза і наступленне ў накірунку Гродна—Ліда. Справа ад VIII корпуса размяшчаўся ХХ корпус (256-я і 162-я дывізіі).
8-я Сілезская пяхотная дывізія
8-я пяхотная дывізія адыграла галоўную ролю ў будучых баях за Гродна. Камандаваў дывізіяй генерал-маёр Густаў Хёнэ.
Складалася дывізія з 28-га, 38-га і 84-га пяхотных і 8-га артылерыйскага палкоў, 8-га разведвальнага, 8-га матарызаванага знішчальнікаў танкаў, 8-га сапёрнага і 8-га сувязнога батальёнаў.
У канцы красавіка дывізія з Францыі пачала перакідвацца ва Усходнюю Прусію (горад Арыс). У чэрвені за некалькі начных маршаў дывізія прыбыла на Сувалкаўскі выступ. Адразу ж пачалася разведка савецкай тэрыторыі ў паласе будучага наступлення дывізіі. Для прарыву ўмацаванняў на мяжы дывізіі былі прыданыя: дывізіён 10-см гармат, дывізіён цяжкіх палявых гаўбіц, два дывізіёны 21-см марцір, дзве батарэі гармат, 3-і мінамётны дывізіён, батарэя штурмавых гармат, дзве 8,8-см гарматы, дэгазацыйная батарэя, 43-і сапёрна-штурмавы батальён. І гэта ўсё не ўлічваючы артылерыі дывізіі. Такім чынам бачна, што немцы сур’ёзна рыхтаваліся да прарыву лініі савецкіх умацаванняў на мяжы.
28-я пяхотная дывізія
28-я пяхотная дывізія складалася з 7-га, 49-га і 83-га пяхотных палкоў, 28-га дывізіёна знішчальнікаў танкаў, 28-ы разведвальны батальён. Камандаваў дывізіяй генерал Ёган Зінхубер.
У сярэдзіне чэрвеня палкі дывізіі пачалі перамяшчэнне да мяжы з СССР. Пераходы ажыцяўляліся толькі ноччу. 16 чэрвеня батальёны 83-га пяхотнага палка размясціліся ў раёне возера Пласкае. Дывізія павінна была наступаць з Сувалкаўскага выступу лявей за 8-ю пяхотную дывізію.
256-я пяхотная дывізія
Дывізія складалася з 456-га, 476-га і 481-га пяхотных палкоў, 256-га артылерыйскага палка, сапёрнага, разведвальнага батальёнаў, дывізіёна знішчальнікаў танкаў і іншых падраздзяленняў. Камандваў дывізіяй генерал-лейтэнант Герхард Каўфман. Кіраўніцтву дывізіі загад аб наступленні на Савецкі Саюз быў абвешчаны 20 чэрвеня 1941 г. Дывізія павінна была наступаць праз раку Ваўкушанка ў накірунку на паўднёвы захад ад Гродна.
***
Нямецкую пяхоту VIII корпуса падтрымлівалі часткі ўзмацнення. У першую чаргу гэта была шматлікая артылерыя і сапёры. Расійскі гісторык Аляксей Ісаеў прыводзіць дадзеныя, што VIII корпус падтрымлівалі 14 дывізіёнаў цяжкай і зверхцяжкай артылерыі (калібрам аж да 30,5 см!). Сярод гэтых падраздзяленняў можна назваць: дывізіёны 44-га, 109-га, 111-га, 646-га матарызаваных артылерыйскіх палкоў, 445-ы і 643-ці цяжкія артылерыйскія дывізіёны, два гарматныя дывізіёны, 6 мартырных матарызаваных дывізіёнаў, полк рэактыўных мінамётаў і 184-ы дывізіён штурмавых гармат «Ferro Ignique» («палаючы меч»). Такім чынам моцная артылерыя была галоўным козырам VIII корпуса.
Нямецкія штурмавыя гарматы (SturmGeschütz, ці проста «штуг») ўяўлялі з сябе варыянт нямецкіх самаходак на базе танка Т-ІІІ. Гэтыя самаходкі маглі весці агнявы бой з танкамі праціўніка, але паводле колькасці дывізіён налічваў толькі 18 самаходак. Камандаваў дывізіёнам оберстлейтэнант Віл-Эўген Фішар. Яшчэ ў маі дывізіён прыбыў у Сувалкі. Батарэі былі размеркаваныя паміж пяхотнымі падраздзяленнямі. Так, напрыклад, 8-ю дывізію падтрымлівала 1-я батарэя, 28-ю дывізію – астатнія. Танкавых падраздзяленняў у складзе армейскага корпуса ці 9-й арміі не было ўвогуле. Менавіта «штугі» і прымаліся ў савецкай арміі за нямецкія танкі.
Таксама сярод бронетэхнікі, якую мелі ў сваім распараджэнні дывізіі VIII корпуса, можна назваць бронеаўтамабілі. Так, напрыклад, 612-я рота прапаганды «Eichhornchen» (з ням. мовы — «вавёркі»; эмблема гэтага звярка наносілася на ўсе аўтамабілі роты) мела як мінімум адзін бронеаўтамабіль ААС-1937 (былы іспанскі рэспубліканскі, які немцы захапілі ў французаў). Падраздзяленні 83-га пяхотнага палка 28-й пяхотнай дывізіі, якія штурмавалі савецкія ДАКі, падтрымлівалі дыстанцыйна кіраваныя танкеткі Sd.Kfs. 300. Гэта былі невялікія гусенічныя танкеткі, якія дастаўлялі падрыўныя зарады да патрэбнага аб’екта. Цікава, што корпус танкетак вырабляўся з жалезабетона. Магчма, што некаторыя іншыя падраздзяленні таксама мелі адзінкавыя экзэмпляры бранятэхнікі.
Авіяцыйнае прыкрыццё нямецкая пяхоты павінны былі ажыцяўляць самалёты 2-га паветранага флота. Так у паласе наступлення нямецкіх войск на Гродна дзейнічалі бамбардзіроўшчыкі з 1-й і 3-й груп 2-й бамбардзіровачнай эскадры (на ўзбраенні Do-17Z), што дыслакаваліся на аэрадромах Арыс і Сувалкі, 1-й штурмавой эскадры (Ju-87В), аэрадром Рачкі. Са знішчальных частак у раёне Гродна немцы выкарыстоўвалі: 27-ю знішчальную эскадру (Bf-110), аэрадромы Собалева і Берзнікі, 2-ю групу 53-й знішчальнай эскадры (Bf-109F), аэрадром Собалева і 26-ю цяжкую знішчальную эскадру (Bf-110). Улічваючы той факт, што ў немцаў вельмі добра было адладжана ўзаемадеянне авіяцыі і наземных войск, самалёты Люфтваффе павінны былі адыграць рашучую ролю з першых хвілін вайны.
Зміцер Люцік
-
Катэгорыя: Гродна 1920-1944
-
Апублікавана 22 Чэрвень 2014
Апошняе
- Гродненский военный лагерь 1705 – 1706 гг.
- Первое упоминание про Городен - 1127 год
- НА ПРАВАХ МАГДЭБУРГА
- ГАРАДЗЕНСКАЕ КНЯСТВА (ПАЧАТАК ГІСТОРЫІ)
- ІМЯ ГОРАДА
- Тайны семейной усыпальницы
- Андрэй Чарнякевіч Айцы горада: кіраўнікі гродзенскага магістрата ў міжваенны час і іх лёсы 1919–1939 гг.
- Старая Лента. Гродненский синематограф: забытые страницы
- В аренду предводителю дворянства или история дома на ул. Академической