Спроба прайсціся па невялікіх гарадзенскіх крамках першай паловы ХХ ст.

Тыповая гарадзенская крамка пачатку ХХ ст. (фота old.grodno.net)

«Іду далей па мястэчку і бачу шыльду: «Прадаюцца напыткі» - квас і содавая вада. Прашу вады. Гаспадар установы, худы, як кій, стары яўрэй, робіць «напытак» тут жа, пры мне, каб не было ніякага зману. Ён чэрпае вядра шклянку халоднае негатаванае вады, сыпле ложку соды, мяшае – і гатова. Увесь яго завод пад рукамі – шклянка соды і вядро рачное вады».

Гэтая гісторыя адбылася з будучым знакамітым беларускім гісторыкам Міколам Ўлашчыкам пад час адной з вандровак па Беларусі ў канцы 1920-х гг. Хаця яна непасрэдна не адносіцца да Гродна, аднак, здаецца, вельмі добра перадае атмасферу яўрэйскага жыцця ў нашай краіне. З яўрэйствам звязаныя ў нашай свядомасці найперш уяўленні пра крамы, гандаль і іншыя бізнесовыя справы. Насамрэч яўрэйскі гандаль быў самы розны – ад маленькіх кіёскаў–крамак, да большых крамаў-камяніц з каланіяльнымі і іншымі таварамі, або нават і цэлых ледзь не супермаркетаў, як бы сказалі на сённяшні лад. Сёння ў нашым горадзе ацалела вельмі няшмат прыстасаваных спецыяльна для гандлю цікавых гістарычных будынкаў. У большасці яны былі зруйнаваны ў савецкі час, бо прыватны гандаль лічыўся перажыткам і, адпаведна, ніхто нават не стараўся захаваць маленькія крамы, якіх у Гродне было безліч. Тыя ж будынкі, што ацалелі, даўно не выкарыстоўваюцца па прызначэнні і разбураюцца. Мы паступова страчваем унікальную магчымасць музеефікаваць апошнія такога кшталту будыначкі, каб на іх аснове адрадзіць атмасферу нашага горада пачатку ХХ ст., зрабіць яго прывабным для турыстаў.

Прапануем рупліва сабраныя цягам апошніх некалькіх год выявы цікавых гарадзенскіх крамаў, пабудаваных у першай палове ХХ ст. Нават непрывабны сучасны выгляд гэтых будынкаў не можа прыхаваць арыгінальнасць канструкцыі і архітэктурную стыльнасць некаторых з іх. Дакладныя даты пабудовы некаторых з іх нам невядомыя, таму мы просім чытачоў, якія валодаюць нейкай інфармацыяй аб гаспадарах ці часе пабудовы гэтых крамаў, пісаць каментары ці лісты, каб нашыя веды па гісторыі роднага горада папаўняліся і надалей. Магчыма, нехта таксама хоча звярнуць увагу на цікавыя будынкі, якія мы міжволі прапусцілі. Некаторыя з будынкаў, якія вы пабачыце ніжэй, на жаль, ужо не існуюць.

1. Выкнаная з цэглы крамка на вуліцы Валковіча. Моцна пераробленая, з закладзенымі аканіцамі, якія раней выконвалі функцыю вітрын, яна тым не менш захавала элементы архітэктурнага аздаблення, якія дазваляюць аднесці час яе пабудовы да першай чвэрці ХХ ст. Паколькі гэтая крамка знаходзіцца амаль у самым цэнтры горада, ёй даволі проста можна вярнуць першапачатковы выгляд і  функцыянальнае прызначэнне. У горадзе стане больш яшчэ адным цікавым для турыстаў аб’ектам.

2. Цагляная крамка на вул. Падольнай (на фотаздымку справа). Гэта мабыць найбольш цікавы (з пункту гледжання архітэктурнага аздаблення) і старадаўні прыклад будынка такога прызначэння ў нашым горадзе, які можна аднесці да самага пачатку ХХ ст. Дарэчы, бачны на здымку ракурс зусім не змяніўсяза апошнія сто год. Нягледзячы на тое, што гарадзенскі Падол часта называюць  раёнам «халуп» і не водзяць туды турыстаў, менавіта ў гэтым раёне можна адчуцьнепаўторную атмасферу старога Гродна.Аб’ект знаходзіцца пад пагрозай разбурэння, між тым мог бы стаць адным з прыцягальных пунктаў гарадзенскага Падола (напрыклад, як музеефікаваны маленькі раён жыдоўскай беднаты горада пач. ХХ ст.)

3. Драўляная крамка па вул. Чырвонапартызанская 26 (на здымку справа). Нягледзячы на свой, на першы погляд, непрывабны выгляд з’яўляецца бадай апошнім ацалелым у нашым горадзе прыкладам тыповай драўлянай крамкі 20-х гг. ХХ ст. Заслугоўвае на цікавасць і пашану хоць бы з таго пункту гледжання, што ўявіць сабе наш горад без такіх крамаў у першай палове ХХ ст. проста немагчыма.

4. Даволі вялікі будынак, спецыяльна прызначаны для крамы, які можна было раней пабачыць на завулку Дзяржынскага. Прыклад позняй эклектыкі 20-х гг. ХХ ст., у савецкі час выкарыстоўваўся як кіёск для макулатуры, аднак дэталі архітэктурнага аздаблення сведчылі аб яго мінулай прыгажосці.  На здымку бачны закалочаныя вялікія вокны-вітрыны і месца для шыльды (назвы крамы) над галоўным уваходам. Будынак ужо зруйнаваны.

 5. Знаёмы многім гарадзенцам будынак крамы «Медыядорм» на вул. Маставой. Не гледзячы на дабудовы ў будынку прасочваюцца рысы эклектычнай крамы пач. ХХ ст. Адна з нямногіх старых крамак, якой сёння не пагражае руйнаванне.

6. Прахадная скуранога завода па вул. Арджанікідзэ (насупраць тытунёвай фабрыкі). Надзвычай стыльны канструктывістычны выгляд будынка дазваляе меркаваць, што раней ён быў крамай, узведзенай у 1930-х гг.

7. Крама на вул.Рэйманта 35. Можна меркаваць, што будынак узведзены на ўскрайку горада недзе ў 1930-х гг. Хаця можа адносіцца і да ранняга пасляваеннага часу. 

8. Вул. Каханоўскага 1. Будынак аналагічны з крамай па вул. Рэйманта 35.

 9. Вул. Гарнавых. Былая абутковая майстэрня, вядомая ў народзе як «Калі ласка!» Стыльны будынак тыповай крамы-майстэрні 1930-х гг. пабудовы. Зруйнаваны для пашырэння вул. Гарнавых у 2008 г.

10. Адзінкавы ў нашым горадзе і вельмі цікавы прыклад драўлянай крамы па вул. Гарнавых за тытунёвай фабрыкай. Час пабудовы дакладна невядомы, але будынак амаль адназначна перадваенны. Знаходзіцца пад пагрозай разбурэння.

11. Крама на вул. Будзёнага 28. Хутчэй за ўсё 1940-я – 1950-я гг.

 12. Будынак клуба «Мільён» па вул. Будзёнага 54/1. Гэты крамны будынак існаваў ужо ў часы  Першай сусветнай вайны.

 13. Тыповая невялікая крама савецкіх часоў (1940-я – 1950-я гг.). Цікавыя элемент сталінскага ампіру – маленькі франтончык і арыгінальная форма прыдаюць будынку неблагі выгляд. Гэтая крама на Азёрскай шашы ўжо не існуе.

14. Аналагічная папярэдняй савецкая крама на вул. Мікалаева. Яе можа сёння пабачыць кожны жадаючы. 

Scroll to top