Існуе даволі шмат даследаванняў, прысвечаных драўляным сінагогам, якія будаваліся на землях сучасных Беларусі, Літвы і Украіны ў XVII – XIX стагоддзях і якія амаль цалкам зніклі з краявідаў нашых мястэчак у гады Другой сусветнай вайны. Што ж тычыцца гарадской культавай архітэктуры беларускага габрэйства, і, у прыватнасці, гродзенскага, то тут сітуацыя выглядае процілегла.

Яшчэ сёння ў нашым горадзе засталося даволі шмат будынкаў, так ці інакш звязаных з функцыянаваннем іўдзейскай рэлігійнай абшчыны. Гэта малітоўныя дамы Хаем Адам (вул. Вялікая Траецкая №13), Бенахім (Сацыялістычная №35), сінагога на Аляксандраўскай слабадзе (праспект Касманаўтаў №1) і інш. Аднак галоўным помнікам архітэктуры Гродна, звязаным з габрэямі, безумоўна з’яўляецца галоўная харальная сінагога на вул. Вялікая Траецкая №59а.

На паштоўках, датаваных першымі пятнаццацю гадамі мінулага стагоддзя, мы бачым будынак сінагогі з дэкарацыйнымі вежачкамі ў псеўдарускім стылі, дастаткова нізкім дахам, багатай ляпнінай. Ён моцна падобны на сучасны будынак.  Гэта, зразумела, далёка не арыгінальны выгляд старажытнага будынка а, хутчэй, наадварот, апошняя фаза ягонай архітэктурнай эвалюцыі. Сціплыя іканаграфічныя крыніцы другой паловы ХІХ ст. дазваляюць нам зрабіць спробу рэканструкцыі знешняга выгляду сінагогі перад вядомым пажарам 1885 г., аднак спачатку некалькі словаў пра гісторыю будынка.

Гродзенская сінагога згадваецца ўпершыню ў 1540 г. Невядома, ці існуе нейкая сувязь паміж ёй і існуючым цяпер будынкам, аднак адмаўляць гэтага нельга. Новы будынак сінагогі быў узведзены ў канцы XVI ст. вядомым італьянскім архітэктарам Санці Гучы, які ў той час займаўся перабудовай гродзенскага Старога Замка.  У 1617 г. сінагога згарэла, пасля чаго кароль Жыгімонт ІІІ дазволіў габрэям пабудаваць новы каменны храм, які, верагодна, з’явіўся ў першай палове XVII ст. Першыя выявы сінагогі на планах горада адносяцца да 1706 і 1753 гг. (так званыя “пятроўскі” і “дрэздэнскі” планы). На іх паказаны вялікі, амаль квадратны або квадратны ў плане будынак з двума выступаючымі аб’ёмамі на пярэднім фасадзе (дрэздэнскі план).

Гэты будынак сваім месцазнаходжаннем цалкам супадае з сучасным месцазнаходжаннем сінагогі і таму можна дакладна сцвярджаць, што цяперашняя сінагога існуе як мінімум з пачатку XVIII ст. і хутчэй за ўсё з’яўляецца моцна перабудаваным варыянтам будынка канца XVI ст.

Харальная сінагога на малюнку Напалеона Орды, 1869-я гг.

Ніякіх выяваў сінагогі XVI – XVIII ст. на вялікі жаль не засталося. Першымі малюнкамі гэтага будынка, відавочна, можна лічыць дзве работы Напалеона Орды, зробленыя ў другой палове 1860-х гг. (тады ўжо былі зробленыя першыя фотаздымкі Гродна, але сінагога ў аб’ектыў фатографаў не трапіла). Адзін малюнак зроблены з даліны Гараднічанкі, прыкладна з-пад моста праз раку ў раёне Дома дзіцячай і юнацкай творчасці. На ім сінагога (злева) займае адно з важнейшых месцаў. Гэта будынак з вельмі высокім дахам, дэкаратыўным заднім фасадам і дзвюма вежачкам спераду. Другі малюнак Н. Орды зроблены з месца ўпадзення Гараднічанкі ў Нёман і сінагога на ім бачна фрагментарна, толькі верхняя частка пярэдняга фасада і частка сценкі з боку Гараднічанскі. На пярэднім фасадзе бачна адно вузкае вакно зверху і шэраг вузкіх вокнаў ніжэй (магчыма чатыры).

 Здымак, зроблены перад 1892 г. (магчыма перад 1885 г.) Злева ад паруса віціны - харальная сінагога

Іншыя найбольш старыя выявы сінагогі – фотаздымкі 80-х – 90-х гг. ХІХ ст. Адзін здымак можна датаваць перыядам 1885 – 1892 гг. Магчыма, ён быў зроблены адразу пасля пажару 1885 г. з вежы Фары Вітаўта, якая была тады праваслаўным Сафійскім саборам. На ім сінагога бачна з боку вуліцы Вялікай Траецкай і ззаду. У сінагогі згарэў дах – рэшта будынка ацалела. Але цалкам магчыма, што здымак зрабілі яшчэ да пажару. На ім відаць захаваныя будынкі каралеўскіх канюшняў. Хоць можна дапусціць, што іх ужо паспелі аднавіць. У 1892 г. Фара Вітаўта згарэла і разам з ёй знікла выдатная пляцоўка для фатаграфавання.

 На здымку таксама бачны кавалак пярэдняга фасада харальнай сіганогі. Ён адрозніваецца ад выявы Н. Орды. Замест высокага вакна на франтоне і вокнаў ніжэй мы бачым сістэму стрэшак, якія можна лічыць характэрнымі для габрэйскіх культавых пабудоў.
Сінагога была адбудавана пасля пажара 1885 г., але не набыла адразу сучасны выгляд.

Фотаздымак Я. Блазункевіча, зроблены каля 1898 г. Сінагога адразу злева ад Фары Вітаўта.

На фотаздымку Яна Блазункевіча, зробленым прыкладна ў 1896–1898 гг. (датуючы элемент на ім – аднаўленне Фары Вітаўта ў праваслаўным варыянце пасля пажара 1892 г.) сінагозе быў вернуты той выгляд, які яна мела да 1885 г. Значыцца пераробка храма ў псеўдарускім стылі, больш, дарэчы, дэкарацыйная, чым канструктыўная, адбылася толькі пасля 1898 г.

Фотаздымак, зроблены паміж 1892 і 1896 гг. Паміж Фарай Вітаўта і паезуіцкім касцёлам бачны дом купца Мураўёва

Гэта збліжае дату рэканструкцыі сінагогі з датай пабудовы другога вельмі падобнага на яе помніка архітэктуры горада – дома купца Мураўёва на Савецкай плошчы. Афіцыйна лічыцца, што дом купца Мураўёва быў пабудаваны каля 1914 года, аднак гэта не так. Захавалася дастаткова выяваў Рынка (Савецкай плошчы) (фотаздымкаў і паштовак) канца XIX - пачатку XX стагоддзяў). На паштоўцы прыкладна 1900 г. выдання за палацам Сангушак досыць добра відаць вежы дома Мураўёва. Паколькі на пярэднім плане бачна згарэўшая Фара Вітаўта (такі выгляд яна мела ў 1892 – 1896 гг.), то і дом Мураўёва быў пабудаваны найпазней ў сярэдзіне 1890-х гг. Наогул дэкаратыўнае аздабленне дома Мураўёва і харальнай сінагогі даюць магчымасць з пэўнай верагоднасцю сцвярджаць, што праектант дома і аўтар рэканструкцыі храма – адзін і той самы чалавек.

Гродзенская харальная сінагога да перабудовы пачатку ХХ ст. Рэканструкцыя А.Вашкевіча і З.Люціка

Такім чынам, можна сцвярджаць, што да пажара 1885 г. гродзенская сінагога мела больш строгія формы і высокі дах, характэрны для будынкаў XVI – XVII стст. Храм пацярпеў падчас пажара 1885 г., аднак хутка быў адноўлены ў падобным на ранейшы выглядзе. Перабудова сінагогі ў сучасным варыянце адбылася пасля 1898 г. і характарызавалася пабудовай дэкарацыйных псеўдарускіх вежачак, паніжэннем даху, вялікай колькасцю ляпніны (тады ж, мабыць, паўстала ляпніна ўнутры будынка).

Scroll to top
Website Security Test