Канец XV – пачатак XVI стст. у гарадской гісторыі Вялікага княства Літоўскага адзначыўся як час шырокага распаўсюджвання магдэбургскага права1. Гэты працэс можна патлумачыць як фіскальнымі інтарэсамі дзяржавы, так і ростам гаспадарчага значэння гарадоў.

Гаспадарскі скарб у пачатку XVI ст. знаходзіўся “далёка не ў бліскучым стане”2. Войны з Масквой, набегі крымскіх татараў, якім ВКЛ абавязалася з 1511 г. плаціць штогод па 3000 коп літоўскіх грошаў, вымушалі вялікага князя шукаць новыя крыніцы папаўнення дзяржаўнага скарбу. Неабходныя сродкі гаспадар пазычаў у прыватных асоб, аддаючы ў заставу дзяржаўныя маёнткі3, накладаючы надзвычайныя падаткі на падуладнае насельніцтва. Вырашэнню праблемы паспрыяла змяненне кан’юнктуры еўрапейскага рынку і змена ролі гандлёвых шляхоў. Захоп туркамі ў 1453 г. Канстантынопаля, закрыццё партоў Чорнага мора ў сярэдзіне XV ст., упадак у канцы стагоддзя манаполіі Ганзы на Балтыцы і адыход да Польшчы Гданьска па ўмовах міру з Тэўтонскім Ордэнам 1466 г. прывялі да ажыўлення гандлю ў балтыйскім рэгіёне. Праз Балтыйскае мора з Польшчы і ВКЛ ў XVI ст. пачынае экспартавацца збожжа, попыт на якое значна ўзрос ва ўсіх еўрапейскіх краінах4.

Вялікакняская ўлада імкнулася выкарыстаць гэтую кан’юнктуры ў мэтах павышэння вытворчасці гаспадаркі5. Аграрныя новаўвядзенні каралевы Боны, а потым аграрная рэформа Жыгімонта Аўгуста, вядомая пад назвай як “устава на валокі” 1557 г., забяспечылі рост дзяржаўных даходаў. Часткай гэтай палітыкі было наданне самакіравання гарадам Вялікага княства Літоўскага. Гаспадар выдатна ўсведамляў, што пашырэнне гарадскіх правоў прывядзе да дынамічнага іх развіцця. Таму менавіта ён быў галоўным ініцыятарам даравання гарадам магдэбургскага права. Такім чынам, самакіраванне гарадоў ВКЛ гэта ў першую чаргу вынік “зацікаўленасці манаршай улады”, а не змагання гарадоў за вольнасць6.

У канцы XV - пачатак XVI стст. магдэбургскае права атрымалі: Гродна, Полацк, Мінск, Кіеў, Высокае, Навагрудак, некаторыя паўторна (Луцк), іншыя былі пераведзены з хэлмінскага права на магдэбургскае – Бранск, Бельск, Драгічын, Мельнік7.

Гродна набыло магдэбургскае права ў 1496 г., як можна меркаваць, у сакавіцкі дзень св. Бенэдыкта8. Згодна з прывілеем у горадзе ўводзілася пасада войта. Гараджане выводзіліся з-пад юрысдыкцыі земскіх і іншых судовых устаноў. Штогод ім дазвалялася праводзіць тры кірмашы і пабудаваць млын на Нёмана, важніцу, васкабойню, а таксама ратушу9.

Час пабудовы і месцазнаходжання першай ратушы ў Гродна пакуль што канчаткова не высветлена. З прывілея 1496 г. вынікае, што горад атрымаў дазвол на пабудову ратушы: “узвядуць нават ратушу на годным месцы, на каторым які пакой або камору для пастыгання сукна выгатаваць і мець ім не забараняем. Будуць таксама мець на ратушы меру збож, г.зн.: бочку ратушную і мёду г.зн. медніцу”10.

Іканаграфічны матэрыял XVI ст. (гравюры Матэуса Цюндта, зробленая на падставе малюнка Іагана Адэльгаўзэра ў 1568 г.11, а таксама яе копій XVI- XVIII стст.12) не дазваляе вызначыць дакладнае месца пабудовы ратушы канца XV - пачатку XVI стст. Гарадзенскі гісторык Юзаф Ядкоўскі13 і гісторык архітэктуры Юрый Якімовіч14 асвятлілі гісторыю ратушы і прааналізавалі яе архітэктурны воблік, але нічога не пішуць аб яе месцазнаходжанні. Алена Квітніцкая размясціла будынак ратушы на скрыжаванні Рынку і вуліцы Замкавай15. Больш верагодным нам здаецца меркаванне Алеся Краўцэвіча, які размясціў яго ў сярэдзіне Рынку16. Гэтую думку можна пацвердзіць наступнымі аргументамі. Згодна з люстрацыяй г. Гродна 1675 г. гарадскія ўлады былі абавязаны пабудаваць ратушу на тым самым месцы, дзе размяшчаўся яе стары будынак, разбураны ў часы вайны 1654-1667 гг.17 Менавіта ў цэнтры Рынку і была ўзведзена новая ратуша ў XVIII ст., што знайшло адлюстраванне на планах горада XVIII – першай паловы XX стст.

Ратуша на гравюры Цюндта, XVI ст.

Ратуша на гравюры Цюндта, XVI ст.

Першая і пакуль што адзіная звестка аб наяўнасці ратушы ў Гродна адносіцца да 1539-1540 гг.18 Можна меркаваць, што збудавалі яе адразу пасля атрымання горадам магдэбургскага права, як было, напрыклад, у Мінску (дараванне права на самакіраванне ў 1499 г. – першае ўпамінанне аб ратушы 1503 г.)19.

Гравюра на медзі Адэльгаўзэра-Цюндта 1568 г. – першая іканаграфічная выява Гродна20 прадстаўляе ратушу як архітэктурную дамінанту не толькі рынку, але і ўсяго горада. Гэта быў двухпавярховы будынак, увенчаны вежай з назіральнай пляцоўкай. У ёй размяшчаўся гарадскі гадзіннік. Аб ім ўпершыню ўпамінаецца ў прывілеі каралевы Боны 1541 г., якая паказвала на неабходнасць дагляду за гадзіннікам спецыяліста-рамесніка21. Пасля аднаго з пажараў Гродна ў 1753 г. гадзіннік быў перанесены на вежы езуіцкага касцёла22. Уздоўж другога паверха будынка ратушы ішла галерэя, якая мала выконваць функцыю назіральнай пляцоўкі для пажарнай варты. Другі паверх традыцыйна адыгрываў ролю рэпрэзентатыўнага цэнтра, дзе адбываліся пасяджэнні гарадской рады і войта з лавай. Да галоўнага аб’ёма гэтага паверха прымыкала невялікая прыбудоўка, дзе, магчыма, размяшчалася капліца. На першым паверсе згодна з прывілеем 1496 г. мелі знаходзіцца крамы, медніца, ратушная бочка і камора для пастрыгання сукна23. З-пад падмуркаў ратушы ў бок вул. Маставой ішло падзямелле, якое магло выконваць функцыю гарадской турмы24.

У час вайны з Масквой 1654-1667 гг. Гродна разам з іншымі гарадамі Рэчы Паспалітай быў моцна разбураны.

“Таму як горад Гродзенскі з фальваркамі і прадмесцямі ад войск маскоўскіх ушчэнт зруйнаваны і спустошаны, каб да дасканалага дабрабыту дайсці мог, ад падаткаў на тым сейме і на потым звальняем”25 – гаварыцца ў канстытуцыі сейма 1661 г. “Непрыяцелем” была знішчана гарадская ратуша26. Згодна з сеймавай канстытуцыяй 1678 г. “мяшчане гродзенскія ратушу паводле мінулых камісій узводзяць, таксама мураваць, будаваць, і ранейшыя будынкі маюць выстаўляць”27.

Ратуша на плане 1706 г.

Ратуша на плане 1706 г.

Па даручэнню каралеўскіх камісараў магістрат Гродна меў распачаць пабудову ратушы. На гэта была вызначана сума 4800 злотых, у тым ліку яўрэў павінны былі даць 300 злотых, а таксама 20 000 штук цэглы, 100 мерак вапны. Аднак справа замаруджвалася з-за недахопу сродкаў. За невыкананне распараджэння з горада меркавалася спагнаць 2000 коп літоўскіх грошаў28. Галоўнай прычынай недахопу грошаў на будаўніцтва былі цяжкасці з іх зборам, аб чым і паведамляе канстытуцыя сейма 1690 г. Сродкі павінны былі збірацца прымусова, “абы ратуша была пабудавана коштам горада”29. Нягледзячы на згадагыя намаганні, справа адбудовы ратушы расцягнулася амаль што на цэлае стагоддзе.

Першая выява ратушы на планах горада датуецца 1706 г.30 На плане, выкананым у гэтым годзе, на Рынку паказаны будынак з надпісам “базар” (былая ратуша), а на скрыжаванні рынку з вул. Замкавай размешчаны будынак з надпісам “ратуша”. З чаго вынікае, што на руінах першай ратушы былі заснаваны гандлёвыя крамы, а магістрат пераехаў у дом лентвойта.

Занядбанне справы адбудовы ратушы скарысталі гродзенскія яўрэі, якія занялі яе пашкоджаны будынак крамамі і не хацелі фінансаваць на адбудову. Аб гэтым ускосна паведамляла канстытуцыя сейма 1690 г.31

У 1713 г. яўрэў атрымалі загад “гандаль свой у рынку тым жа ў Гродне каб не вялі”, акрамя таго, каб “на ратушу 50 тысяч цэгел і іншых матэрыялаў да рэстаўрацыі прысуджаных абы адразу далі”32.

Праблема адбудовы ратушы была закранута ў каралеўскім прывілеі 1718 г. кароль Аўгуст II некалькі разоў наказваў пачаць направу і патраціць на гэта горшы, якія засталіся ад выплачаных скарбу падаткаў.

Пасля разбурэнняў Паўночный вайны Гродна быў вызвалены на дзесяць гадоў ад выплочвання да скарбу “чыншаў ... капшчызны ад напояў”. Гэтыя сродкі таксама мелі пайсці “на рэпарацыю ратушы і аздобу горада”33. Як сведчыць універсал надворнага каралеўскага падскарбія Асалінскага 1720 г. “ратуша ў горадзе тутэйшым Гродне, так даўно пустуючая да як найхутчэйшай ма прыйсці пэрфекцыі”, у чым павінны былі дапамагаць таксама і ўладальнікі крамаў ў рынку.

Але ратуша стаяла надалей без усялякага рамонту і паціху разбуралася гандлярамі.

Так яўрэй Зэльман Беркавіч “капаючы падмуркі на свае крамніцы ў шкоду горада асмеліўся і выразаць казаў трубы, якія з даўніх часоў сядзяць і ўфундаваныя для бяспекі горада ад агню выпадковага”34.

Фрагменты згаданага ўніверсала сведчыць аб заняцці яўрэйскім гандлярамі будынку ратушы, якая ж да таго знаходзілася ў зруйнаваным стане.

У гарадскіх актах 1730 г. упамінаецца: “старая ратуша ... неадрамантаваная і цяпер пустуе і да рэшты руйнуецца”.

Таму гарадскі магістрат распачаў выдаляць крамы з будынку ратушы. Яўрэі, уладальнікі крамаў, што не згаджаліся з рашэннем уладаў, падчас спробы рамонтных работ закідалі муляроў і нават бурмістра Войцеха Цяхлевіча камянямі і цэгламі35. Вывесці гандляроў з руін ратушы так і не ўдалося. Падарожнік Вільгельм Шлемюлер, які наведаў Гродна ў час сейма 1752 г., у сваім дзённіку звяртае ўвагу на ратушу толькі ў канцы апісання гарадской забудовы, лаканічна натуючы: “некалькі яшчэ значнейшых дамоў мураваных у рынку. У сярэдзіне бачны руіны велізарнага гмаху, дзе купцы раскладваюць свой тавар”36.

Згодна з планам г. Гродна 1753 г. на Рынку размяшчалася “ратуша, цэхгауз, крамы жыдоўскія і плацы гарадскія”37. Як на гэтым, так і на плане Гродна 1758 г., добра бачны прыбудоўкі да паўднёвага фасада ратушы38. Не выключана, што гарадскія ўлады дамовіліся з яўрэямі.

І ідучы на саступкі, дазволілі ім пабудаваць крамы, “а іншыя крамы коштам горада мураваныя магістрат як усеагульную гарадскую ўласнасць ... жыдам арандуючы, даход ратушы справіў”39.

Такім чынам, горад, аддаючы ў арэнду яўрэям свае крамы, знайшоў сродкі на адбудову ратушы.

На плане Гродна 1780 г.40 ратушны будынак ў Рынку адсутнічае, хаця рынак і названы “ратышным”, а “ратушны дворык” у той час размяшчаўся на вул. Калюцінскай, якая выбягала з Рынка. Магчыма, у гэты час на месцы руінаў старой ратушы расчышчалася пляцоўка для будовы новай. Пытанне гэта пакуль што застаецца адкрытым. Але дакладна вядома, што пяць гадоў раней ратушны будынак яшчэ займаў сваё месца41.

У 1784 г. мураваная ратуша з крамамі і гауптвахтай нарэшце была ўзведзена42. Пацвярджэнне існавання новай ратушы сустракаецца ў 1791 г. вядома, што яна мела дзве брамы “з фацыятамі”43. Верагодна, гэта і была класіцыстычная ратуша, якая праіснавала да сярэдзіны XX ст. будынак ратушы адзначаны таксама на планах г. Гродна 1793, 1795, 1798 гг. Як “ратуша” ці “ратуша з лаўкамі”44.

Высновы

  1. Дакладная дата пабудовы першай гродзенскай ратушы пакуль што застаецца не высветленай. Вядома, што гэта адбылося паміж 1496 і 1539 гадамі. Узвядзенне ратушы і іншых пабудоў на Рынку ў канцы XV - пачатак XVI стст. вызначылі яго форму і архітэктурнае аблічча. Зруйнаваная ў час вайны XVII ст. ратуша была адноўлена толькі ў 1784 г.
  2. Можна дапусціць, што новы будынак ратушы быў узведзены на месцы старога.
  3. Функцыянальны характар ратушы змяніўся ў другой палове XVII ст. Яе пашкоджаны будынак доўгі час выкарыстоўваўся для размяшчэння крамаў.

1 Акты Виленской Археографической Комисии (далей АВАК), т. VII, Вильно, 1874, c. 59-61; Акты, относящиеся к истории Западной России (далей АЗР), т. 1, СПб, 1846, с. 179-181, 187-188; J. Bardach, O dawnej i niedawnej Litwie, Poznan, 1988, s. 87, 117.
2 В. Пичета, Аграрная реформа Сигизмунда-августа в Литовско-Русском государстве, Москва, 1958, с. 20.
3 Тамжа, с . 26; W. Pociecha, Krolowa Bona (1494-1557), t. 2, Poznan 1949, s. 414; В. Пичета, Аграрная..., с. 53, 55.
4 A. Szelagowski, Pieniadz i przewrot cen w XVI i XVII wieku w Polsce, Lwow, 1902, s. 62; В. Пичета, Белоруссия и Литва в XV-XVI в., Москва, 1961, с. 552.
5 В. Пичета, Аграрная..., с. 55.
6 J. Bardach, O dawnej..., s. 118; З. Копысский, Магдебургское право в городах Белоруссии (конец XV- первая половина XVII в.) // ”Советское славяноведение”, Москва, 1972, № 5, с. 28.
7 J. Bardach, O dawnej..., s. 87.
8 АВАК, т. VII, Вильно, 1874, с. 59-61.
9 Тамжа.
10 Тамжа.
11 T. Schiemann, Ru?land, Polen und Livland bis ins 17 Jahrhundert, bd. 1, Berlin, 1886, s. 636; T. Niewodniczanski, Grodno – bemerkungen zur panorama-vedute von Adelhauzer (Zundt 1568) Luneburget beitrage zur veduten-forschung, Luneburg, 1983, s. 103-109.
12 Тамжа; P. Rekliatis, Die Stadtansichten Alt Litauens in der Graphik des 16 bis 19 Jahrhunderts. Vilnius. Gardinas. Kaunas, Trakai, Luneburg, 1972, s. 33-43.
13 J. Jodkowski, Srodmiescie grodzienskie. Dawne a jutrzejsze, Grodno, 1930, s. 1-4.
14 Ю. Якимович, Зодчество Белоруссии XVI – середина XVII вв., Минск, 1991, с. 104.
15 Е. Квитницкая, Планировка Гродно в XVI-XVIII вв. // “Архитектура наследство”, № 17, 1964, с. 25.
16 А. Краўцэвіч, Гарады і замкі беларускага Панямоння в XIV-XVIII стст., Мінск, 1991, с. 81.
17 Писцовая книга Гродненской экономии (далей ПКГЭ), т. 2, Вильно, 1882, с. 181-182.
18 АВАК, т. XVII, Вильно, 1890, с. 25, 218-219.
19 АЗР, т. 1, с. 187-188.
20 T. Schiemann, Ru?land..., s. 636.
21 АВАК, т. VII, с. 77.
22 J. Jodkowski, Srodmiescie..., s. 2.
23 АВАК, т. VII, с. 61.
24 J. Jodkowski, Srodmiescie..., s. 2.
25 Volumina legum (далей VL), t. IV, Petersburg, 1859, s. 385-386.
26 Літоўскі дзяржаўны гістарычны архіў Ф. 1282 воп. 1 спр. 4528 арк. 3.
27 VL, t. V, Petersburg, 1860, s. 305.
28 J. Jodkowski, Grodno, Wilno, 1923, s. 305; ПКГЭ, т. 2, с. 181-183.
29 VL, t. V, s. 399.
30 Расійскі дзяржаўны ваенна-гістарычны архіў і Маскве (далей РДВГА), Ф. 846 воп. 16 спр. 1466.
31 VL, t. V, s. 399.
32 АВАК, т. V, Вильно, 1871, с. 287-288.
33 Рукапісны аддзел Бібліятэкі АН Літвы (далей РА БАН Літвы), F 1-314.
34 АВАК, т. V, с. 308.
35 Тамжа, с. 337-339.
36 W. Schlemuller, Dyaryusz podrozy na sejm grodzienski roku 1752 odbytej // “Litwa i Rus”, Wilno, 1912, s. 12.
37 Інстытут мастацтва Польскай АН у Варшаве, № 51093; S. Szymanski, Urbanistyczno-architektoniczne formowanie sie Grodna w okresie od XIV do XVIII wieku // „Rocznik Bialostocki”, 1970, s. 260.
38 АВАК, т. V, с. 338.
39 РА БАН Літвы, F L-18(2-51). Wiadomosci osiadlosci miasta stolecznego J.K.M. Grodna ... 1775 r.
40 РДВГА, Ф. 846 воп. 16 спр. 21872.
41 E. Lopacinski, Nieznane dane archiwalne i wiadomosci zrodlowe do historii sztuki Wilna i b. W.K. Litewskiego do poczatkow XIX w. // Prace i materialy sprawozdawcze Sekcji Historii sztuki Towarzystwa Przyjaciol Nauk w Wilnie , t. 3, 1938/39, s. 81.
42 „Kronika wiadomosci krajowych i zagranicznych”, R. III, Warszawa, 1858, nr 52; Encyklopedia powszechna, t. X, Warszawa, 1862, s. 750.
43 Materialy do dziejow Sejmu Czteroletniego, t. IV, Warszawa, 1961, s. 201.
44 РДВГА, Ф. 846 воп. 16 спр. 21528.

Scroll to top