Айца Ігната Кульчынскага, архімандрыта гродзенскага базыльянскага Каложскага манастыра, справядліва лічаць заснавальнікам беларускага краязнаўства. Яго творы па гісторыі Каложскай царквы і Жыровіцкай іконы Маці Божай з’яўляюцца важнымі крыніцамі па гісторыі гэтых святыняў.
Гістарычную каштоўнасць напісаных у XVIIIстагоддзі твораў айца І.Кульчынскага “Інвентар базыльянскага манастыра ў Гродне на Каложы…” і “Хроніка ігуменаў, архімандрытаў, фундатараў і пратэктараў Гродзенскага манастыра на Каложы закону С[вятога] А[йца] Н[ашага] Базыля В[ялікага]” высока ацэньваюць сучасныя даследчыкі. Аднак айцец Ігнат Кульчынскі не толькі быў адным з першых, хто зацікавіўся мінулым нашай краіны, але і тым, хто прапагандаваў веды пра Царкву і гісторыю Вялікага Княства Літоўскага на захадзе Еўропы.
Нарадзіўся Ігнат Кульчынскі ў 1694 (па іншых звестках – 1707) годзе. Няма пэўнасці што да месца яго нараджэння. Па звестках адных гісторыкаў ён паходзіў з Уладзіміра Валынскага, паводле іншых – з ваколіц Гародні. У маладым узросце ўступіў у ордэн базыльянаў. Пасля вывучэння філасофіі і тэалогіі прыняў святарскія свячанні і працаваў сакратаром генерала ордэну базыльянаў Карнэлія Сталпавіцкага-Любянецкага. Займаючы гэтую пасаду, у 1726 годзе айцец І. Кульчынскі прымаў удзел у агульным сходзе (кангрэгацыі) манахаў бызыльянаў у Быцені (сучасны Івацэвіцкі раён). Паводле некаторых гісторыкаў, на гэтай кангрэгацыі ён быў прызначаны пракуратарам базыльянаў Рэчы Паспалітай у Рыме, гэта значыць меўся прадстаўляць інтарэсы базыльянскага ордэна і біскупаў Уніяцкай Царквы пры Апостальскім Пасадзе. Аданак, паводле базыльянскіх крыніц, пасаду гэтую айцец І. Кульчынскі займаў з 1729 па 1735 год. У гэты ж час айцец Ігнат выконваў функцыі рэктара рымскай царквы святых Сергія і Вакха, якая належала Уніяцкай Царкве Рэчы Паспалітай.
“Цудатворная трохкаляровая яшма…” Культ Маці Божай Жыровіцкай у творах айца Ігната Кульчынскага
Прысутнасць гісторыка і царкоўнага дзеяча ў Рыме супала з узрастаннем культу Маці Божай Жаровіцкай. У жніўні 1718 году ў рымскай царкве Сергія і Вакха падчас рамонту пад тынкам на адной са сцен выпадкова быў выяўлены абраз Маці Божай, які ідэнтыфікаваны як копія іконы Маці Божай Жыровіцкай. Сярод рымскага люду абраз стаўся вельмі папулярным пад назвай Madonna del Pascolo.
Гісторыю рымскай копіі Жыровіцкай іконы айцец І. Кульчынскі апісвае ў адной са сваіх прац. Як адзначае даследчык, гісторыю іконы ён даведаўся ад езуіта К. Кароччы, вядомага ў Рыме распаўсюдніка культу цудатворных абразоў Маці Божай. Рымская ікона Жыровіцкай Божай Маці была знойдзена ў гаспіцыі, які прылягаў да царквы св. Сергія і Вакха, на пачатку жніўня 1718 года. У гэты час паводле загаду генеральнага пракуратара распачаўся рэмонт памяшкання, і майстар, які ачышчаў мур ад старой вапны, нечакана ўбачыў фрагмент абраза. Прыйшоўшы на наступны дзень, майстар убачыў, што адвалілася яшчэ некалькі кавалкаў вапны, і адкрыўся прыгожы абраз Маці Божае з Дзіцяткам. У гэтай выяве рэктар царквы пазнаў копію Жыровіцкай іконы. І. Кульчынскі піша, што невядома, хто намаляваў гэтую копію, хто яе схаваў і як доўга яна была схаваная. Аднак рымская копія, хоць і большая за арыгінал, ва ўсім падобная да яго.
У кнізе “IlDiasproprodigioso…” святар пераказвае гісторыю развіцця культу іконы ў Рыме напрацягу 1718-1719 гадоў. Шанаванне беларускай святыні італійскімі вернікамі, сярод якіх былі і простыя сяляне, і шляхта, паспрыяла пераносу іконы з гаспіцыя да царквы. Сам І.Кульчынскі спрычыніўся да развіцця культу абраза, падрыхтаваўшы для яго ў час паміж 13 верасня і 29 кастрычніка новую капліцу, адкрытую мітрапалітам Фларыянам Грабніцкім. Напэўна цудоўная знаходка копіі і рост яе папулярнасці паспрыялі паскарэнню каранацыі самой Жыровіцкай іконы папскімі каронамі з золата і каштоўных камянёў, якая адбылася 19 (8) верасня 1730 года, у той час, калі І. Кульчынскі знаходзіўся ў Рыме. Аднак святар разам з мітрапалітам Апанасам Шаптыцкім прымаў удзел у каранацыі рымскай копіі абразу ў тым самым годзе.
Развіццё культу Маці Божай Жыровіцкай стала адным з асноўных накірункаў дзейнасці І. Кульчынскага. Першай яго працай на гэтую тэму стаў пераклад з італьянскай на польскую мову працы каноніка Ізідара Нардзі “Relacja historyczna o zjawieniu Cudownego Obrazu Najswietszej Panny Zyrowickiej, nazwanego po wlosku DEL PASCOLO...”. Пераклад быў выдадзены ў Супраслі ў 1728 годзе. Наступныя творы: “Il Diaspro prodigioso di tre colori ovvero narrazione istorica delle tre imagini miracolose della B. V. Maria: la prima di Zirovice in Litvana, la seconda, del Pascolo in Roma, e la terca copia della seconda parimente in Zirovice detta de quei Polpoli Romana…” (“Цудатворная трохкаляровая яшма, або гістарычны аповед пра тры цудатворныя абразы Дзевы Марыі: першы ў Жыровічах на Літве, другі – Паскола ў Рыме, і трэці – гэта копія другога, падораная рымлянамі ў Жыровічы”) і “Signummagnum… Regina Maria Virgo, inthaumaturgoiconeZyroviesi… coronata…” (“Вялікі знак... Валадаркі Дзевы Марыі, у цудатворнай іконе Жыровіцкай... каранаванай...”) і “Oratio de beatissimae Virgini sMariae imagine Zyroviensimiraculis” (“Малітва да найсвяцейшай Дзевы Марыі ў цудатворным Жыровіцкім абразе...”) выйшлі амаль адначасова – у 1732 годзе. Як адзначаюць некаторыя даследчыкі, менавіта І. Кульчынскі сваімі публікацыямі і дзейнасцю ў значнай ступені паспрыяў шанаванню беларускага цудатворнага абраза на Захадзе.
Праз развіццё культу Маці Божай Жыровіцкай святар імкнуўся наблізіць да заходніх хрысціян Уніяцкую Царкву. Прысутнасць святыні з Вялікага Княства Літоўскага ў сэрцы Каталіцкай Царквы ставіла Уніяцкую Царкву на адзін узровень з іншымі часткамі Каталіцкай Царквы.
Праца “Signummagnum…” невялікая па памерах і напісаная на лацінскай мове. Яна прысвечана каранацыі іконы, якая адбылася ў Рыме з удзелам мітрапаліта Атаназія Шаптыцкага і самога айца Ігната Кульчынскага. Твор напісаны ва ўзнёслай форме ўсхвалення цудадзейнага абраза. Гэтай падзеі прысвечаная яшчэ адна праца гісторыка: “Oratio de Beatissimae Virginis Mariae imagine Zyrovicensi…” Яна перадае тэкст прамовы, якая прагучала ў Рыме падчас каранацыі іконы.
Найбольшае значэнне сярод твораў айца Ігната Кульчынскага мае напісаная па-італьянску праца “IlDiasproprodigioso…”. Сама мова гэтага твору раскрывае мэту яго стварэння. Праца была адрасавана італійскім вернікам і ставіла за мэту пашырэнне культу Жыровіцкай іконы сярод католікаў Рыма і ўсёй Італіі. “IlDiasproprodigioso…” складаецца з трох частак: першая – “Стварэнне і шанаванне Жыровіцкай Мадонны”; другая – “Некаторыя звесткі пра царкву Сергія і Вакха, яе жыццё, а таксама пра блаславёнага Язафата”; трэцяя – “Гістарычны аповед пра Дзеву Марыю Паскола ў Рыме і зробленую з яе цудатворную копію, якая потым з’явілася ў Жыровічах”; чацвёртая – “Аповед пра каранацыю Жыровіцкай Мадонны”. Каштоўнасць выдання для сучасных даследчыкаў яшчэ і ў тым, што яно ўтрымлівае гравюру Жыровіцкага абраза – малавядомы сучасным даследчыкам іканаграфічны спіс.
Падсумоўваючы, можна сказаць, што а. Ігнат Кульчынскі пакінуў па сабе невялікую, але надзвычай важную спадчыну. Як адзначаюць некаторыя даследчыкі, менавіта І. Кульчынскі сваімі публікацыямі і дзейнасцю ў значнай ступені паспрыяў шанаванню беларускага цудатворнага вобраза на Захадзе. Культ Жыровіцкай іконы Божай Маці стаўся для вучонага манаха памостам паміж Уніяцкай Царквой Вялікага Княства Літоўскага і Каталіцкай Царквой Заходняй Еўропы. Маці Божая Жыровіцкая яднала беларускіх вернікаў і сялянаў з ваколіц Рыму. І таму айцец Ігнат Кульчынскі праз свае творы імкнуўся як наблізіць беларускім вернікам культ рымскай іконы, так і заходнім вернікам – шанаванне Маці Божай Жыровіцкай.
айцец Андрэй Крот, Гародня
-
Катэгорыя: Вялікае княства і Рэч Паспалітая
-
Апублікавана 20 Люты 2014
Апошняе
- Гродненский военный лагерь 1705 – 1706 гг.
- Первое упоминание про Городен - 1127 год
- НА ПРАВАХ МАГДЭБУРГА
- ГАРАДЗЕНСКАЕ КНЯСТВА (ПАЧАТАК ГІСТОРЫІ)
- ІМЯ ГОРАДА
- Тайны семейной усыпальницы
- Андрэй Чарнякевіч Айцы горада: кіраўнікі гродзенскага магістрата ў міжваенны час і іх лёсы 1919–1939 гг.
- Старая Лента. Гродненский синематограф: забытые страницы
- В аренду предводителю дворянства или история дома на ул. Академической