10 красавіка сышоў “звычайны” гарадзенец, ужо даволі сталага ўзросту - напэўна, дзесьці скончыўся вызначыны зверху час. Пішам са спазненнем, аднак нават зараз цяжка знайсці тыя галоўныя словы, якіх бы хапіла каб выказаць сутнасць. Чарговы сумны абавязак.

 Мы не былі добрымі знаёмымі, але бачыліся некалькі разоў. Гэтага аказалася дастаткова, каб зараз напісаць – памёр САПРАЎДНЫ гарадзенец, якіх ужо амаль не засталося. Можна спрачацца за помнікі архітэктуры, бараніць дрэвы, захоўваючы аблічча любімага горада, а можна проста пражыць сумленна жыццё і гэтага будзе дастаткова, каб тут застацца. Хаця пра Аляксандра Сяргеевіча Рымарчука, вядомага ў горадзе баскетбольнага трэнера і не менш вядомага калекцыянера, збіральніка гродзенскай даўніны, можна таксама смела казаць як пра чалавека, які заўзята бараніў нашае мінулае.

Цяжка пераказаць тыя пачуцці, з якімі мы ўваходзілі да спадароў Рымарчукоў у пошуку чарговых узгадкаў аб мінулым Гародні. Утульны, невялічкі пакойчык з нёманскімі краявідамі, вельмі прыветлівыя і цёплыя словы пры сустрэчы. Гэта асабліва адчуваеш, калі перад табою людзі больш сталага ўзросту і гэтая розніца прымушае быць вельмі ўважлівымі. Мы прыйшлі слухаць.

На жаль, спадар Аляксандр не хоча размаўляць пад запіс – знаёмая рыса САПРАЎДНЫх гарадзенцаў. Яны, чамусці, быццам бы саромеюцца, не ўпэўненыя, што ўзгадаюць ўсё дастаткова поўна. Насамрэч, гэта аднаму з аўтараў ёсць пра што прасіць прабачэння – у сваім папярэднім артыкуле ён недакладна апісаў падзею, вельмі важную для гэтай сям’і, і зараз чакае прысуду – ці прабачаць? Апошнія некалькі слоў, каб выказаць уласны боль ад несправядлівасці, і з вялікадушшам, уласцівым толькі шчырым і па-сапраўднаму добрым людзям, яны больш не вяртаюцца да таго прыкрага выпадка. Гэта той урок, які варта запомніць на доўга…

А далей было некалькі гадзін размовы, старыя сямейныя альбомы, фотаздымкі, за якімі хавалася столькі непераказанага! Разглядаем на фота, як польскія ўлады разбіраюць царкву Аляксандра Неўскага: вось здымаюць крыжы, вось разбіраюць купалы, вось засталіся толькі некалькі метраў сцен. Мы не маглі ўстрымацца ад ўражанняў – гэткае адчуванне, быццам падзеі разгортваюцца проста на вачах.

Яшчэ некалькі кадраў: сям’я нашых гаспадароў – звычайныя фота. Тыя самыя людзі, толькі да і пасля прыходу “бальшавікоў”. Ніякай палітыкі, толькі жыццё! На першым – прыгожыя твары, вясёлыя усмешкі, лёгкія сукенкі, бесклапотная маладосць. Другі фотаздымак – за некалькі год яны значна пасталелі, замест сукенак нейкая нязручная вопратка, у руках вёдры ці тое з бульбай, ці то з агароднінай. Толькі усмешкі нікуды не хочуць знікаць!

Варта, напэўна, узгадаць яшчэ пра дом Рымарчукоў-старэйшых па сённяшняй вуліцы Бялінскага – з прыгожымі драўлянымі дзьвярыма, моцным, дарма што амаль стогадовым, фасадам. Аляксандр Сяргеевіч распавядае – “Тут, у маіх бацькоў на пачатку 1930-х гадоў здымаў пакой Станіслаў Жыўна”. Мы перапытваем – ці не пачулася нам. Так. Усё праўда. Той самы Жыўна, які доўгі час быў нязменным дырэктарам гарадзенскага музея прыроды, чыя калекцыя жывёлаў і зараз застаецца сапраўдным скарбам у Новым Замку...

А размова ідзе далей, і ўсё новыя і новыя постаці людзей больш ці менш значных, але аднолькава цікавых і жывых, устаюць перад намі – Аляксандр Сяргеевіч быццам бы выконвае свой нейкі высакародны абавязак, захоўваць успаміны пра горад і ягоных жыхароў. Пакуль яны застаюцца ў ягоных думках, Гародня жыве…

Зараз, калі Аляксандра Сяргеевіча больш няма, цяжка пазбавіцца ад уражання, што і Гародні стала значна менш…

Аляксандар Рымарчук разам з жонкай на адкрыцці выставы ў Старым Замку, снежань 2009 г.

Scroll to top