Па звестках 1662 г. горадзенскі касцёл св. Панны Марыі быў спалены Масквой, скляпенні былі ў небяспечным стане, месцамі былі выпаўшы
Пачатак артыкула: |
(od Moskwy wszytek wypalony, sklepienie bardzo niebespieczne, mieyscami wypadłe) 64. Гаспадароў чакала доўгая праца па рамонце касцёла. Гэтыя працы арганізаваў тагачасны горадзенскі віцэ-прэпазіт Мацей Кеша-Падускі. З дапамогай парафіянаў з ліку шляхты, асабліва горадзенскага магістрату, ён накрыў касцёл саламяным дахам, аднак патрэбны быў больш сур’ёзны рамонт, каб не пабурыліся скляпенні касцёла 65.
Нягледзячы на прычыненыя Масквой разбурэнні, засталося шмат што ад велічнага ўнутранага ўбрання. Хоць звычайна ў тагачасных парафіяльных касцёлах было ў сярэднім па тры алтары, горадзенскі парафіяльны касцёл меў іх нашмат больш. Горадзенскія парафіяне былі багатымі людзьмі, якія маглі фундаваць алтары і ўтрымліваць іх абслугоўванне. Найперш у візітацыі 1662 г. згадваецца алтар св. Ружанца ў левай частцы касцёла, упрыгожаны вотамі. Згадваецца 16 пласцінак, 2 срэбныя пазалачоныя кароны, 7 ланцужкоў 66. 7 кастрычніка 1597 г. Папа Рымскі Клеменс VIII выдаў індульгенцыі членам брацтва св. Ружанца, што былі пабываўшы ля гэтага алтара 67. Візітатары невыпадкова апісалі гэты алтар перадусім – ён быў найзначнейшы ў касцёле, яму вернікі надавалі выключную ўвагу. Вотамі ўпрыгожвалі толькі асаблівыя выявы, верылі, што выказаныя ля іх маленні людзей будуць Госпадам пачутыя, а вернікі адчуюць супакой душы.
У 1662 г. у касцёле згадваецца выява Ўнебаўшэсця св. Панны Марыі і выява Хрыстовай Пакуты, яны нелакалізаваныя, аднак я раблю прыпушчэнне, што яны былі ў цэнтральным алтары. Алтаром св. Тройцы, які быў у касцёле, апекавалася брацтва св. Тройцы, а алтаром Анёла-Абаронцы – брацтва Анёла- Абаронцы. Цэхі муляроў, краўцоў, шаўцоў, мяснікоў і кавалёў мелі ў касцёле свае алтары. Такім чынам, у горадзенскім парафіяльным касцёле ў 1662 г. налічваем прынамсі дзевяць алтароў. Утрыманнем большасці з іх рупілася супольнасць горадзенскіх гараджанаў, арганізаваная ў брацтвы і цэхі. Аднак былі і асобныя фундатары алтароў. 13 студзеня 1593 г. Жыгімонт Ваза дазволіў Альберту Бесякірскаму будаваць і фундаваць алтар у горадзенскім парафіяльным касцёле 68.
У інвентары асобна згадваліся чатыры выявы: Анёла-Абаронцы і св. Св. Панны Марыі, Госпада Хрыста ў садзе, Гасподняй Перамены, а таксама св. Панны Марыі 69, магчыма, яны ўпрыгожвалі сцены касцёла.
Разам з гэтым убраннем згадваецца капліца Халецкіх унутры парафіяльнага касцёла. У 1591 г. уладар дазволіў падскарбніку ВКЛ Дэметрыю Юзафовічу-Халецкаму ў горадзенскім парафіяльным касцёле ўладкаваць бакавую капліцу 70. Халецкі ёй адпісаў забеспячэнне па тэстаменце: з уладання Сідарка (Siderka) даваць 80 залатых у год, з абавязаннем штотыдзень у гэтай капліцы праводзіць дзве імшы. На жаль, Патоцкі, які ад 1654 г. валодаў Сідаркай, не даваў парафіі тых грошай 71. У 1674 г. было загадана адрамантаваць дах гэтай капліцы 72
У 1674 г. горадзенскі парафіяльны мураваны касцёл характарызуецца як слынны і шырока вядомы (insignis, muro structa, omnibus notum est), аднак трэба было адрамантаваць і ўзмацніць яго сцены 73.
Асноўнымі прыбыткамі парафіі была дзесяціна, якую атрымлівалі з горадзенскай эканоміі, здача ў арэнду нерухомай маёмасці яўрэям і іншым жыхарам Горадні, працэнты з адпісанняў розных дабрадзеяў, прыбыткі ад корчмаў і зямельных уладанняў. Парафіі належаў фальварак Русота з маёнткам (у 1661 г. наглядчык гэтага маёнтка названы прэфектам Русоты, ён меў права судзіць лягчэйшыя справы парафіі (цяжэйшыя судзіў сам прэпазіт) 74) ды іншыя меншыя ўладанні. Старым звычаем па серадах і пятніцах духоўнікі парафіі забяспечваліся злоўленай у Нёмане рыбай, а таксама дровамі.
Духоўнікі горадзенскай прэпазітуры ў 1662 г. маглі жыць у пабудаванай ля парафіяльнага касцёла св. Панны Марыі плябані (Масква яе спаліла, у 1662 г. згадваецца пабудаваная на месцы пажару белая істобка з каморай, мураванай карчмой непадалёку і меншай карчмой), у маёнтку Русота (у ім стаяў вялікі стары дом, белая істобка з каморай, пякарняй, стайняй, 2 свірны, пограб, хлявы і іншыя гаспадарчыя будынкі), пры прытулку св. Духа. Бакалаўр меў асобны пакой (гіпакаўст), які ацяпляўся і быў прызначаны для навучання дзяцей 75.
Хоць пасля вайны прыбыткі парафіі зменшыліся, аднак прызначаных фундатарамі душпастырскіх абавязанняў духоўнікі не маглі пазбегнуць. Па святах яны мелі праводзіць ранішняе набажэнства, асноўную псальмовую імшу з казаннем удзень ды вечаровае набажэнствае. У звычайныя дні трэба было праводзіць Курст св. Панны Марыі. Па аўторках праводзілася імша за жывых, па пятніцах – за памерлых фундатараў касцёла і іх нашчадкаў. Раз на месяц мелі праводзіць імшу за ўсіх дабрадзеяў касцёла, а за ўсю супольнасць – раз на чвэрць года 76.
Пробашч спасылаўся на шматлікія выпадкі ігнаравання веры і непільнавання законаў Каталіцкага касцёла ў горадзенскай парафіі ў другой палове XVII ст. Асабліва злаваліся ў выпадках публічнага канкубінату (сужыцця без шлюбу). Па звестках 1662 г., гараджанін Mielniczek жыў з жанчынай, сапраўдны муж якой знаходзіўся у Варшаве. Праваслаўны Мікалай Kiriaki, хоць яго жонка жыла ў Луцку, жыў ужо дзесяць гадоў з іншай жанчынай і меў з ёй дзяцей. Жонка жыхара Горадні Сцяпана Pastuszek’а была забраная ў маскоўскую няволю. Хоць не было пэўных звестках пра яе смерць, згаданы С. Пастушак жыў з іншай жанчынай, так робячы грэх пралюбадзеяння 77. У дэкрэце аб рэфармаванні (decretum reformationis) ад 1674 г. ізноў жа нямала ўвагі прысвячаецца праблеме канкубінату. Пазначаецца выпадак, калі па смерці мужа яго брат пачаў жыць з жонкай памерлага без сакраменту шлюбу. Скандальна жыў ксёндз Шашко (Szaszko), які пачаў дзяцей з маці-прастытуткай і г.д. Візітатар непакоіўся, што ў вёсках папы ці ксяндзы злучалі людзей у публічных месцах, на кірмашах і пад. 78 Падпарадкоўваючыся імунітэту Каталіцкага касцёла, яўрэі не маглі жыць бліжэй за 300 метраў ад касцёла 79, мелі шанаваць каталіцкія святы і ў часе іх у горадзе паводзіцца мелі адпаведна 80. Гэтыя дэталі сведчаць, што ў мультыкультурным горадзе стараліся ўзгадніць маральныя палажэнні людзей розных канфесій і рэлігій ды захаваць павагу да звычаяў адзін аднаго.
***
З Вітаўтавых часоў пачаліся фундацыі каталіцкіх касцёлаў у Горадні, была створана парафія св. Панны Марыі, фундаваны касцёл св. Мікалая, аўгусцінскі кляштар і касцёл св. Тройцы, касцёл і прытулак св. Духа. Імкнучыся палепшыць душпастырства, у 1561 г. была створана горадзенская прэпазітура, ёй даручылі нагляд за касцёламі св. Мікалая і св. Духа. Прэпазітамі Горадні былі духоўнікі ВКЛ з ліку шляхты, найчасцей звязаныя з Віленскай капітулай. Паступова прэпазіт авалодаў і маёмасцю касцёла св. Тройцы ды фундаванага пры ім каралевай Бонай прытулку. На сутыку XVI–XVII ст. шматлікія фундацыі кляштароў у Горадні вызначылі, каб манахі пераймалі частку душпастырскіх функцый горадзенскай парафіі – прэпазітуры. Балючы ўдар па горадзенскай парафіі зрабіла маскоўская акупацыя 1655–1661 гг., у часе якой былі цалкам зруйнаваныя (і потым не аднаўляліся) касцёлы св. Мікалая і св. Тройцы.
У другой палове XVII ст. горадзенская парафія была цэнтрам навукі, культуры, маральнасці, карытатыўнага апекавання і грамадскай дзейнасці. Пры парафіяльным касцёле дзейнічала школа, ёй быў прызначаны асобны будынак, у якім жыў і навучаў дзяцей бакалаўр. Карытатыўную дзейнасць выконвалі прытулкі св. Тройцы і св. Духа (пасля акупацыі сярэдзіны стагоддзя застаўся толькі апошні), што былі ў распараджэнні прэпазіта-пробашча парафіі. Цэхі горадзенскіх гараджанаў фундавалі і ўтрымлівалі алтары ў парафіяльным касцёле, тут дзейнічала брацтва св. Ружанца, што аб’ядноўвала ўсіх вернікаў без выключэння што да полавага ці сацыяльнага стану ды апекавалася сваім алтаром. Побач з ім у парафіі былі брацтвы св. Тройцы і Анёла-Абаронцы. У душпастырстве асаблівая ўвага надавалася ўшанаванню св. Панны Марыі, асноўныя малітвы прысвячалі ёй мансіянарыі. Горадзенскі прэпазіт быў захавальнікам маральнасці гараджанаў і жыхароў наваколляў, асабліва ён быў заклапочаны выпадкамі канкубінату ды наданнем сакраментаў у неналежных месцах. Усё гэта рабіла касцёл св. Панны Марыі (Вітаўтаву фару) жывым цэнтрам грамадскага жыцця ў Горадні.
Vaida Kamuntavičienė (Вайда Камунтавічэне)
З літоўскай мовы пераклаў Алесь Мікус
64 Acta decanatus Grodnensis... Арк. 9v.
65 Acta decanatus Grodnensis... Арк. 28v.
66 Acta decanatus Grodnensis... Арк. 9v.
67 Pergamentų katalogas. Sudarė R. Jasas. V., 1980. P. 303.
68 Paknys M. Mecenatystės reiškinys XVII a. LDK. Bažnytinės architektūros užsakymai. Vilnius, 2003. P. 152. (Аўтар грунтуецца: Літоўская Метрыка 77. Арк. 429v.)
69 Acta decanatus Grodnensis... Арк. 12.
70 Paknys M. Mecenatystės reiškinys... P. 154. (Аўтар грунтуецца: Літоўская Метрыка 76. Арк. 189.)
71 Acta decanatus Grodnensis... Арк. 13.
72 Kurczewski J. ... Арк. 53.
73 Kurczewski J. ... Арк. 52–53.
74 Acta decanatus Grodnensis... Арк. 29v.
75 Acta decanatus Grodnensis... Арк. 23–24v, 29.
76 Acta decanatus Grodnensis... Арк. 28v–29.
77 Acta decanatus Grodnensis... Арк. 13v.
78 Kurczewski J. ... Арк. 53.
79 Acta decanatus Grodnensis... Арк. 29.
80 Kurczewski J. ... Арк. 53.
-
Катэгорыя: Вялікае княства і Рэч Паспалітая
-
Апублікавана 04 Лістапад 2013
Апошняе
- Гродненский военный лагерь 1705 – 1706 гг.
- Первое упоминание про Городен - 1127 год
- НА ПРАВАХ МАГДЭБУРГА
- ГАРАДЗЕНСКАЕ КНЯСТВА (ПАЧАТАК ГІСТОРЫІ)
- ІМЯ ГОРАДА
- Тайны семейной усыпальницы
- Андрэй Чарнякевіч Айцы горада: кіраўнікі гродзенскага магістрата ў міжваенны час і іх лёсы 1919–1939 гг.
- Старая Лента. Гродненский синематограф: забытые страницы
- В аренду предводителю дворянства или история дома на ул. Академической