Заснаваны ў стратэгічным месцы ля Нёмана пры ўтоку ў яго рэчкі Гараднічанкі, горад Горадня быў адным з найважнейшых у Вялікім княстве Літоўскім. У часы Аляксандра, у 1496 г., яму было нададзена Магдэбургскае права, фармавалася самакіравальная супольнасць гараджанаў.

У Горадні стаяў замак вялікага князя літоўскага, з якога кіравалася каралеўская эканомія Горадні, сюды часта наведваліся і тут жылі вялікія князі літоўскія і польскія каралі. Значэнне Горадні асабліва вырасла ў другой палове XVII ст., калі гэты горад стаў месцам агульных соймаў польска-літоўскай дзяржавы.

Хрысціянская вера дайшла да ваколіцаў Горадні ў XII стагоддзі ў выглядзе праваслаўнай царквы. Дзеля нястачы крыніц у гістарыяграфіі падаюцца розныя звесткі, колькі і якія праваслаўныя цэрквы стаялі ў Горадні ў Сярэднявеччы, хто былі іх фундатары і якім было іх уплыў на мясцовых жыхароў. Адзіны помнік, што захаваўся ў Горадні і памятае тыя часы, – Барысаглебская царква (Каложа).

Фара Вітаўта (зправа) ў агульнай кампазіцыі гродзенскага Рынка, рэканструкцыя Ю. Кішыка

Каталіцкая вера ў Горадню пачала пранікаць пасля афіцыйнага хросту Вялікага княства Літоўскага ў 1387 г. У гэты час было створана Віленскае біскупства, а дзякуючы фундацыі Вітаўта – з’явілася каталіцкая горадзенская парафія св. Панны Марыі (парафіяльны касцёл папулярна называецца фарай Вітаўта). На жаль, прывілей не захаваўся, гісторыкі толькі робяць здагадкі, у якім годзе ён мог быць нададзены 1. Вельмі замглёныя даты і фундатары горадзенскіх каталіцкіх касцёлаў і кляштароў да другой паловы XVI ст. У гістарыяграфіі згадваюцца дзейныя касцёлы св. Мікалая, св. Духа, св. Тройцы ды кляштар аўгусцінцаў. Хоць паралельна з гэтымі каталіцкімі касцёламі існавалі і адорваліся княскімі прывілеямі праваслаўныя цэрквы (немалы ўплыў на пашырэнне праваслаўя ў горадзе мела жонка князя Аляксандра Алена, дачка князя маскоўскага Івана ІІІ, якая фундавала некалькі праваслаўных цэркваў у Горадні), аднак тым не менш першынства ад 1387 г. належала Каталіцкаму касцёлу. Горадня стала важным фарпостам каталіцтва ва ўсім Вялікім княстве Літоўскім. Менавіта ў Горадні, у княскім палацы 4 сакавіка 1484 г. памёр сын караля Казіміра Ягайлавіча св. Казімір, адзіны літоўскі святы.святы Казімір

XVI ст. было асабліва інтэнсіўным перыядам царкоўных рэформаў, у гэтым часе паўсталі новыя хрысціянскія канфесіі, сярод іх асноўнымі былі лютэранская, кальвінісцкая і арыянская. На жаль, у гістарыяграфіі зусім не абмяркоўваюцца дачыненні Горадні з гэтымі канфесіямі. Каталіцкая царква у 1545–1563 гг. склікала Трыдэнцкі агульны царкоўны з’езд і абвесціла праграму рэформаў, у часе ажыццяўлення якой найбольш актыўным перыядам пашырэння каталіцтва ў ВКЛ быў канец XVI – першая палова XVIІ ст. Гэтая хваля рэформаў істотна закранула Горадню, у ёй пачалі засноўвацца фундацыі каталіцкіх кляштароў, паўсталі бернардзінскі (прывілеем ад 15 лютага 1494 г. забеспячэнне бернардзінцам надаў Аляксандр 2, але іх дзейнасць да апошняй фундацыі Ганны Друцкай-Сакалінскай 1595 г. была замглёная), езуіцкі, дамініканскі, францішканскі і брыгіцкі кляштары з касцёламі. Істотнае адрозненне, што ў большасці фундатарамі гэтых кляштароў і касцёлаў былі ўжо не ўладар ці члены яго сям’і, а грамадзяне ВКЛ – шляхта, што свядома ўцягнулася ў рэлігійнае жыццё ВКЛ.

Цягам руху рэформаў у 1596 г. была складзеная царкоўная Берасцейская унія, паводле якой каталіцкая і праваслаўная цэрквы Вялікага княства Літоўскага мелі злучыцца ды падпарадкавацца аднаму царкоўнаму кіраўніку – каталіцкаму Папу Рымскаму, аднак былым праваслаўным было дазволена захоўваць свае абрады, яны сталі ўніятамі. Гэтым праектам хацелі дасягнуць адзінства рэлігій у ВКЛ, аднак частка шляхты не пагадзілася з уніяй і засталася праваслаўнай. Хоць большасць горадзенскіх праваслаўных сталі ўніятамі, але засталася дзейнаю і праваслаўная царква.

Побач з гэтай стракатасцю хрысціянскіх канфесій, з канца XIV ст. у Горадні дзейнічала яўрэйская супольнасць, што мела сінагогу, школу, прытулак і іншыя найважнейшыя кагальныя інстытуцыі. Яўрэйская супольнасць Горадні была пятай па велічыні ў ВКЛ. У XVI ст. яўрэі ў Горадні складалі каля 10 працэнтаў жыхароў. Іх колькасць расла – у другой палове XVIІІ ст. сярод жыхароў Горадні 40 працэнтаў было яўрэяў 3.

Па звестках гісторыкаў, у канцы XVII ст. у Горадні было каля 5500 жыхароў 4, з іх каля 3000 каталікоў. Найважнейшай каардынатаркай каталіцкага жыцця была парафія св. Панны Марыі ў Горадні, да якой тэарэтычна мелі належаць усе вернікі гэтай мясцовасці, хоць частка іх наведвала касцёлы пры гарадскіх кляштарах. У Сярэднявеччы і ў новыя часы Касцёл быў не толькі інстытуцыяй, што задавальняла патрэбу ў рэлігіі. Ён дапамагаў людзям адольваць асабістыя праблемы, праблемы сэнсу жыцця, ён, фармаваў маральныя ўстаноўкі тагачасных людзей, нормы паводзінаў, выконваў асветніцкія, сацыяльныя, супольнасныя, карытатыўныя функцыі. У парафіяльных касцёлах абвяшчаліся грамадска-палітычныя распараджэнні – Касцёл далучыўся да фармавання палітычных установак жыхароў.

Мэта гэтага артыкула – грунтуючыся на візітацыі горадзенскага парафіяльнага касцёла 1662 г., акрэсліць яго становішча ў горадзе і ўплыў на жыхароў. У 1660-1662 гг. канцлер Віленскага біскупства, дэкан Горадні Казімір Ян Вайшнаровіч наведваў касцёлы падпарадкаванага яму дэканату, у тым ліку і Горадню 5. У XVIII ст. асобным дакументам быў перапісаны акт візітацыі парафіяльнага касцёла Горадні 6. Цяпер гэтыя абодва дакументы захоўваюцца ў Дзяржаўным гістарычным архіве Літвы ў Вільні. У часе візітацыі горадзенскага дэканату быў апісаны горадзенскі парафіяльны касцёл св. Панны Марыі, яго фундацыйныя прывілеі, датацыйныя паступленні, лаканічна ахарактарызавана ўнутранае ўбранне, алтары ды літургічныя рэчы. Напрыканцы складзены дэкрэт аб рэфармаванні (decretum reformationis), у якім пазначана, як трэба палепшыць стан касцёла. Побач з гэтым, ахарактарызаваны іншыя прыналежныя да горадзенскай парафіі касцёлы ў Горадні (св. Духа, св. Тройцы і св. Мікалая). Гэтая візітацыя ў гістарыяграфіі вядомая, ёй карысталіся (часцей са зробленых у XVIII ст. копій) з мэтай высветліць пашырэнне Каталіцкага касцёла ў Горадні, аднак не ўсё з наяўнай у ёй інфармацыі скарыстана. Матэрыял па царкоўных візітацыях – адзін з найлепшых крыніц, што характарызуюць становішча каталіцкіх парафій ды раскрываюць іх значэнне для грамадства.

Візітацыя горадзенскага парафіяльнага касцёла 1662 г. важная тым, што гэта найранейшая захаваная візітацыя гэтага касцёла. У 1674 г., ажыццяўляючы візітацыю Віленскага біскупства, біскуп Грацыянопальскі і арцыдыякан Віленскі Мікалай Слупскі з дапамогай натарыуса Якуба Клейна візітаваў горадзенскі дэканат 7. 20 ліпеня наведалі горадзенскі парафіяльны касцёл з усімі яго ўладаннямі і зафіксавалі існую на той час сітуацыю. На жаль, матэрыял гэтай візітацыі не захаваўся, маем толькі канспект візітацыі М. Слупскага, зроблены ў пачатку ХХ ст. вядомым гісторыкам царквы членам Віленскай капітулы Янам Курчэўскім. У ім найбольшая ўвага прысвечана пераказу зместу дэкрэта аб рэфармаванні. Цяпер канспект захоўваецца ў Аддзеле рукапісаў бібліятэкі Акадэміі навук Літвы. На падставе гэтага канспекта Я. Курчэўскі зрабіў публікацыю, у якой акрэсліў становішча горадзенскай парафіі 8, аднак захаваны ў рукапісе тэкст – паўнейшы. Гэтыя дзве візітацыі 1662 і 1674 гг. – адзіныя крыніцы такога кшталту, што могуць адлюстраваць становішча парафіі ў другой палове XVII ст.

Да сёння гісторыяй горадзенскай парафіі цікавіліся ў кантэксце гісторыі горада Горадні або гісторыі Каталіцкага касцёла ў ВКЛ 9. Адным з першых пра Горадню пісаў Юзаф Ядкоўскі ў кнігах агляднага характару 10. У літоўскай гістарыяграфіі звесткі сістэматызаваны ў энцыклапедычным артыкуле Адолфаса Шапокі пра Горадню 11. У савецкія часы гісторыяй Касцёла не цікавіліся, таму толькі з пачаткам адлігі з’явіліся першыя ўгрунтаваныя на крыніцах даследаванні. Польскі езуіт Ежы Пашэнда апублікаваў артыкул, у якім, грунтуючыся на матэрыяле ватыканскіх архіваў, апісаў акалічнасці заснавання езуіцкага ордэна ў Горадні і дачыненні езуітаў з горадзенскім парафіяльным касцёлам 12. У даследаванні ўключыліся беларускія гісторыкі, апісаўшы архітэктурна-гістарычнае развіццё фары Вітаўта як культавага будынку 13. Дзеля таго што гэты касцёл 29 кастрычніка 1961 г. пастановай савецкіх уладаў быў узарваны, напісаць пра яго было важна для развіцця беларускага гістарычнага самаразумення. Агляд фундацый касцёлаў і кляштароў Горадні, грунтуючыся на дакументах з Дзяржаўнага гістарычнага архіва Беларусі, зрабіла Ева Дубас-Урвановіч 14. Фундаментальнае даследаванне па гісторыі Горадні выканаў беларускі гісторык Юры Гардзееў 15, яго дапоўніла капітальная штудыя польскага гісторыка Пшэмыслава Баравіка, прысвечаная юрысдыкам Горадні ў XV–XVIII ст. 16

1662 год быў шчаслівым для людзей таго часу, бо толькі што была скончыўшыся першая ў гісторыі акупацыя Горадні. Па загадзе расійскага цара ў 1655 г. войска Івана Хаванскага заняло Горадню і горадзенскі замак, акупацыя цягнулася да 1661 г., калі сілы Крыштапа Бухавецкага змаглі выгнаць з замку ўмацаваных у ім маскавітаў. Ажно шэсць гадоў жыхары Горадні цярпелі ад сваволля і рабаўніцтва чужога войска, асабліва ад разрабавання і спусташэння пацярпелі горадзенскія касцёлы. Праз год пасля сканчэння акупацыі, у 1662 г., у матэрыяле візітацыі горадзенскага дэканата выразна адлюстроўваецца ўрон, зроблены маскоўскім войскам.

 

Vaida Kamuntavičienė (Вайда Камунтавічэне)

Універсітэт імя Вітаўта Вялікага

 

З літоўскай мовы пераклаў Алесь Мікус

 

Працяг артыкула:

Горадзенская каталіцкая парафія ў XV–XVII ст. Частка другая: стварэнне парафіі св. Панны Марыі ў Горадні; горадзенская парафія становіцца прэпазітурай

Горадзенская каталіцкая парафія ў XV–XVII ст. Частка трэцяя: Касцёл св. Тройцы, касцёлы і прытулкі св. Мікалая і св. Духа ў Горадні


 

1 Мяркуюць, што драўляны парафіяльны касцёл ужо стаяў у 1389 г., бо згадваецца ў прывілеі Вітаўта горадзенскім яўрэям. Гарбусь T. B., Мураваныя харалы. Сакральная apxiтэктура Беларускага барoка. Miнск, 2001. C. 66.

2 Kodeks dyplomatyczny katedry i diecezji wileńskiej. T. 1. (1387–1507). Wyd. J. Fijałek, W. Semokwicz. Kraków, 1948. S. 472–473.

3 Гардзееў Ю., Магдэбурская Гародня. Гародня – Wrocław, 2008. С. 274–276.

4 Dubas-Urwanowska E., Fundacje kościołów i klasztorów grodzieńskich do XVIII wieku / Fundacje i fundatorzy w średniowieczu i epoce nowożytnej. Red. E. Opaliński, T. Wiślicz. Warszawa, 2000. S. 130.

5 Acta decanatus Grodnensis in visitatione decanali cura et labore Casimiri Joannis Woysznarowicz cancellary diaecesis Vilnen[sis] decani pro tunc Grodnensis confecta Anno Dni 1662 / Дзяржаўны гістарычны архіў Літвы (далей – LVIA). Ф. 694. Воп. 1. С. 3969.

6 Ecclesia Grodnensis A. D. 1662 mense aprilis die 20 visitata, et in suis fundationibus, legationibus, ac offitiis revisa et de integro conscripta / LVIA. Ф. 694. В. 1. С. 3968. Робячы гэтую копію візітацыі горадзенскай парафіі, другі ліст візітацыі горадзенскага дэканату (LVIA. Ф. 694. Воп. 1. С. 3969. Арк. 2–2v.) ужо быў пашкоджаны, бо на месцы незахаванага тэксту ў копіі пазначана шматкроп’е. Дзеля таго што пашкоджанай была копія прывілея Аляксандра ад 28 лютага 1494 г. горадзенскаму парафіяльнаму касцёлу, у канцы прыкладзены выпіс з архіва Віленскага біскупства, выкананыя 15 сакавіка 1793 г., – яшчэ адна копія таго прывілея. Гл. LVIA. Ф. 694. Воп. 1. С. 3968. Арк. 29–30v.

7 Kurczewski J., Канспект візітацыі віленскага біскупства біскупам Мікалаем Слупскім у 1674–1677 гг. Аддзел рукапісаў бібліятэкі Акадэміі навук Літвы. Ф. 318–26479. (Далей – Kurczewski J. …)

8 Kurczewski J., Stan kościołów parafjalnych w djecezji wileńskiej po najściu nieprzyjacielskiem 1655–1661 r. / Litwa i Ruś. Miesięcznik poświęcony kulturze, dziejom, krajoznawstwu i ludoznawstwu. Pod red. Jana Obsta. Wilno, 1912. T. 2/1. S. 60–61.

9 Kurczewski J., Biskupstwo wileńskie, Wilno, 1912.

10 Jodkowski J., Grodno z 28 ilustracjami i planem miasta. Wilno, 1922; Jodkowski J., Grodno i okolice. Jeziora augustowskie. Suwalszczyzna. Przewodnik turystyczny. Grodno, 1934.

11 Šapoka A., Gardinas / Lietuvių enciklopedija. Boston, 1955. T. 6. P. 535–538.

12 Paszenda J., Kościół pojezuitski (farny) w Grodnie / Kultura artystyczna Wielkiego Księstwa Litewskiego w epoce baroku. Red. Jerzy Kowalczyk. Warszawa, 1995. Стар. 191–211.

13 Мiлiнкевiч А., Пашэнда Е., Фара Вiтаўта ў Гродне / Наш радавод. Гродна, 1990. Кн. 2; Кутнярэвiч А. М., Мiлiнкевiч А. У., Пашэнда Е., Гродзенскi фарны касцёл / Архiтэктура Беларусi. Энцыклапедычны даведнiк. Мiнск, 1993. С. 182–183; Краўцэвiч А., Трусаў А., Трусаў І., Вяртаньне да людзей. Фарны касьцёл у Гродне / Мастацтва. Мiнск, 1993. Но. 8. С. 45–51; Габрусь Т. В., Мураваныя харалы. Сакральная apxiтэктура Беларускага барoка. Miнск, 2001.

14 Dubas-Urwanowicz E., Grodno do XVIII wieku. Miasto i ludność / Grodno w XVIII wieku. Miasto i ludność (na tle trendów rozwojowych od średniowiecza do 1939 roku). Red. Andrzeja Woltanowskiego i Jerzego Urwanowicza. Białystok, 1997. S. 7–26; Dubas-Urwanowicz E., Fundacje kościołów i klasztorów grodzieńskich... S. 130–141.

15 Gordziejew J., Socjotopografia Grodna w XVIII wieku. Toruń, 2002; Hardziejeū J., Źródła do dziejów Grodna w zbiorach krakowskich. Wstęp do badań / Pogranicze polsko-litewsko-białoruskie. Źródła historyczne, stan badań. Materiały z konferencji. Red. Marek Kietliński. Białystok, 2003; Гардзееў Ю., Магдэбурская Гародня…

16 Borowik P., Jurydyki miasta Grodna w XV–XVIII wieku. Stanowy podział nieruchomości. Supraśl, 2005.

Scroll to top