Пасярод вядомых па-за межамі нашага горада гродзенцаў важнае месца займае асоба Пятра Шумава – чалавека, які пакінуў пасля сябе заўважны след не толькі ў гісторыі Гродна, але і ў гісторыі сусветнага мастацтва.

Адзін з вядомых і найбольш важных дзеячаў сацыялістычнага руху ў Гродне ў пачатку ХХ стагоддзя, Пётр Шумаў надоўга застаўся ў памяці сваіх калегаў па рэвалюцыйнай барацьбе і наагул гродзенцаў прыкладам сумленнасці і адданасці сваім ідэалам.

Пётр Шумаў нарадзіўся 13 сакавіка (па старым стылі) 1872 г. у Гродне. Бацька Пятра Іван Андрэевіч Шумаў (нар. 1842 г.) быў расійскім дваранінам, які быў пасланы ў заходнія губерні ў 1864 г. Ён скончыў Маскоўскае Уезднае Вучылішча, вучыўся ў Маскоўскай Духоўнай Семінарыі. Хутчэй за ўсё гэта быў тыповы чыноўнік-русіфікатар, які прыехаў на нашыя землі пасля задушэння Паўстання 1863 – 1864 гг. Пры гэтым ён займаў досыць высокае становішча ў іерархіі чыноўнікаў Гродна. У Гродне ён жыў з 1870 г. і быў бухгалтарам, а пасля ўрадоўцам па надзвычайных справах у Палаце Дзяржаўных Маёмасцей (трэба прыгадаць, што інстытуцыя гэтая ўпраўлялася маёнткамі, канфіскаванымі пасля паўстання ў яго ўдзельнікаў). У 1884 г. сям’я Шумавых жыла на вуліцы Садовай (Ажэшкі) у доме Хамічэўскага. Гледзячы па адказным становішчы, якое займаў бацька, Пётр павінен быў выхоўвацца ў атмасферы рускага шавінізму. Магчыма, што менавіта смерць бацькі ў 1884 г. ускладніла матэрыяльнае жыццё сям’і і паказала Шумаву побыт ніжэйшых грамадскіх слаёў. 

 

Пётар Шумаў
Пётар Шумаў


У 1892 г. дваццацігадовы Пёрт Шумаў атрымаў “Аттестат Зрелости”, у якім было запісана, што ён цягам дванаццаці гадоў навучаўся ў гродзенскай гімназіі, апоші, восьмы, клас, скончыў цягам аднаго году і меў выдатныя паводзіны. Гэта значыць, што будучы рэвалюцыянер яшчэ ніякім чынам у П. Шумаве не праяўляўся. Пасля гімназіі П. Шумаў накіраваўся ў Тэхналагічны Інстытут у Санкт-Пецярбургу. Фармальна П. Шумаў быў студэнтам гэтага інстытуту ад кастрычніка 1892 да чэрвеня 1894 года. Менавіта ў Пецярбургу Шумаў першы раз сутыкнуўся з сацыялістычным рухам. Што паставіла сына даволі выскопастаўленага чыноўніка на шлях рэвалюцыі застаецца загадкай. Напэўна нейкі ўплыў аказаў на яго і родны горад, дзе ён амаль штодня мог бачыць, як прыгнятаюць людзей “нярускіх” нацыянальнасцей – беларусаў, палякаў, яўрэяў, палякаў; бачыў як выкарыстоўваюць бедных уласнікі вялікіх фабрык. У дадатку П. Шумаў мог крытычна глянуць на гісторыю Рэчы Паспалітай, што цяжка было зрабіць прадстаўнікам мясцовай патрыятычна настроенай інтэлігенцыі. 

У Пецярбургу П. Шумаў пачаў актыўна працаваць у сацыялістычных гуртках, нават некаторы час перахоўваў нелегальную студэнцкую бібліятэку. Але ў турму П. Шумаў упершыню трапіў у сваім родным горадзе. У пачатку 90-х гг. ХІХ ст. у Гродне не было ніякіх арганізацый, якія вялі б барацьбу за інтарэсы рабочых. Між тым умовы працы на гродзенскіх прадпрымествах былі вельмі цяжкія. Тытунёвую фабрыку Шарашэўскага называлі нават “вялікімі могілкамі рабочых”. Не існавала ніякіх пенсійных выплат, дапамогі па хваробу, а працоўны дзень сягаў нават 15 гадзін у суткі.

Адукаваныя гродзенцы стараліся дапамагаць рабочым і пачалі рабіць першыя крокі ў справе арганізацыі рабочых на барацьбу за свае првы. Гэта былі вайсковы ўрач Сяргей Галюн, мяшчане Пётр Баар і Марцін Берзін і студэнт Пётр Шумаў. У пачатку жніўня 1894 г. яны сабраліся на сваю першую сустрэчу на прыватнай кватэры. Гэта былі вельмі наіўныя і нявопытныя людзі, паколькі не захоўвалі элементарных правілаў канспірацыі. За імі ўжо сачылі а размову падслухваў жандар, які сядзеў на дрэве каля адчыненага вакна (было вельмі горача). Пасля сходу ўсіх арыштавалі. У выніку найбольш пацярпеў С. Галюн высланы ва ўнутраныя губерні Расіі.

20 мая 1895 г. П. Шумаў быў вызвалены з турмы, але цягам двух год яму было забаронена пакідаць межы Гродна. У яго канфіскавалі асабістыя дакументы і ўсталявалі так званы “гласны нагляд”. Як пасля падкрэсліваў у сваіх успамінах Б. Шушкевіч, гэта была трагічная памылка ўладаў, паколькі ўсю сваю энергію Шумаў накіраваў на арганізацыю рабочага руху.  

У верасні 1896 г. П. Шумаў асабіста прасіў аб зняцці з яго палійцэскага нагляду, але тады яму адмовілі. Аднак у наступным 1897 г. нагляд такі знялі і П. Шумаў атрымаў назад свае дакументы і магчымасць працягваць адукацыю. Паколькі яму забаранілі жыць у сталіцы Імперыі і яе ваколіцах П. Шумаў у 1898 г. паступіў у Тэхналагічны Інстытут у Харкаве, адразу на трэці курс факультэта хіміі. Але рэвалюцыйная дзейнасць настолькі захапіла яго, што ўжо ў лютым 1899 г. ён быў з інстытута звольнены. На гэтым сістэматычная адукацыя П. Шумава скончылася. 

П. Шумаў хутка арганізаваў вакол сябе рабочых і прагрэсіўную інтэлігенцыю. У той час існаваў пэўны недавер паміж прадстаўнікамі розных народаў – яўрэі былі перакананыя, што палякі “не здалі экзамін” у 1863 г., палякі крытыкавалі яўрэяў за працу на карысць эканомікі Расіі, што быццам узмацняла Імепрыю. Расіянін па нацыянальнасці П. Шумаў злучыў усіх у барацьбе з царызмам. Пасярод удзельнікаў яго гуртка была і Кейла (Кацярына) Лапін – дачка багатага гродзенскага яўрэя, якая праз некалькі гадоў стала жонкай П. Шумава.

Восенню 1899 г. удалося арганізаваць першую вялікую забастоўку на тытунёвай фабрыцы. Улады арыштавалі больш за 90 чалавек, пасярод якіх быў і Шумаў. Але хутка яго выпусцілі. Агулам у 1894–1907 гг. Пятра Шумава арыштоўвалі шэсць разоў і ён правёў у турме чатыры гады.

П. Шумаў дзейнічаў рашуча, але быў ужо намнога больш асцярожны, пра што сведчыць цэлы шэраг ягоных псеўданімаў – Перэц, Пейсах, Літоўскі, Пётр Іванавіч, Баляслаў. П. Шумава аднолькава шанавалі рабочыя ўсіх нацыянальнасцей – найперш таму, што не рабіў ніякай розніцы паміж беларусамі, палякамі, яўрэямі і расіянамі.

Спачатку нелегальны гурток П. Шумава складаўся галоўным чынам з русіфікаваных яўрэйскіх рабочых, пасля да яго далучыліся некалькі чыноўнікаў, што спачувалі рэвалюцыйнаму руху. Ужо ў 1897–1898 гг. П. Шумаў схіляўся да злучэння з Польскай Сацыялістычнай партыі (ППС), што і адбылося ў самым канцы 1890-х гг. Прыкладна ў гэты час П.Шумаў пазнаёміўся з Ю.Пілсудскім.

Праца, якую вёў Шумаў на чале гродзенскай арганізацыі ППС была агромністай. Ён арганізоўваў гурток навучання польскай мовы сярод яўрэйскіх рабочых, правёў з’езд яўрэяў – членаў ППС, прыняў у партыю некалькі гродзенскіх гімназістаў, вёў агітацыю у гродзенскім гарнізоне.

Уся гэтая работа праводзілася П. Шумавым у вельмі складаных матэрыяльных умовах, паколькі ён меў на ўтрыманні маці і сястру-удаву з чатырма дзецьмі. Зарабляў галоўным чынам прыватнымі ўрокамі ў больш заможных сем’ях, дзе яго таксама паважалі, нягледзячы на розніцу ў поглядах. Цікава таксама адзначыць, што ў гэты час у Гродне жыў яшчэ адзін Шумаў – Андрэй Іванавіч, брат Пятра. Ён нарадзіўся ў 1865 г., таксама вучыўся ў гродзенскай гімназіі, адкуль накіраваўся на вайсковую службу, скончыўшы шэсць класаў. Ад 1897 года Андрэй Шумаў працаваў у той самай канторы, дзе і яго бацька. У 1908 г. ён займаў важные становішча ў паліцэйскім упраўленні Слоніма. Фактычна мела месца жыццёвая драма – адзін брат змагаўся з царызмам, другі верна служыў сістэме.

Пасля няўдалай першай рускай рэвалюцыі 1905–1907 гг. П. Шумаў стаў перад выбарам – або шматгадовая турма, або эміграцыя. Разам з жонкай ён рашыўся на апошняе. У 1908 г. П. Шумаў ужо ў Парыжы. Тут ён сустракае свайго знаёмага, таксама рэвалюцыянера з ППС, Яна Стружэцкага. Стружэцкі працаваў фатографам і гэта вызначыла далейшы лёс Шумава, які таксама пачаў навучацца майстэрству фатаграфіі. Паколькі П. Шумаў ведаў хімію і меў добрую гуманітарную падрыхтоўку, то быў у стане злучыць якасць фотаздымкаў з вялікім артыстызмам і майстэрствам іх выканання. У 1911 г., валодаючы ўжо дастатковым вопытам, ён рашыўся на адкрыццё ўласнай фотамайстэрні. Найважнейшым кліентам Пятра Шумава стаў знакаміты скульптар і мастак Аўгуст Радэн – адзін з творцаў і самых яскравых прадстаўнікоў імпрэсіянізма. Ад 1908 г. аж да смерці А. Радэна П. Шумаў зрабіў некалькі соцен яго здымкаў – у майстэрні падчас працы, у кабінеце, перад пахаваннем… Здымкі А. Радэна, зробленыя Пятром Шумавым – выключна важная жыццёвая хроніка вялікага скульптара.

 

Агюст Радэн
Агюст Радэн


1920-я гг. – самыя лепшыя для П. Шумава як фатографа. Са знішчанай грамадзянскай вайной Расіі прыехалі шматлікія эмігранты – вучоныя, палітыкі, мастакі. Усе яны вельмі любілі фатаграфавацца ў Шумава. “Я вельмі ўдзячны вам за маі здымкі, поўныя жыцця і экспрэсіі,” – пісаў Шумаву ў 1927 г. Марк Шагал. У захапленні ад яго здымкаў былі Уладзімір Маякоўскі, Барыс Савінкаў, Марына Цвятаева, Альберт Энштэйн, Анатоль Франс. Эксперыментаваў са светам, прыдумваў новыя тэхналогіі фатаграфавання, сапраўды адкрыў новую старонку ў гісторыі фатаграфіі. П. Шумаў рабіў вельмі добрыя рэпрадукцыі шэдэўраў французскага мастацтва, за што атрымаў бронзавы медаль Французскага таварыства фатографаў. У 1925 г. Пётр Шумаў стаў залатым медалістам мастацкай выставы ў Парыжы.

Эканамічны крызіс 1929 г. вельмі негатыўна адбіўся на працы П. Шумава. Замоваў было ўсё менш і майстар вымушаны быў зачыніць сваю майстэрню. Некалькі разоў наведаўшы Польшчу П. Шумаў вырашыў пераехаць туды. У 1934 г. з цяжкім сэрцам разам з жонкай і сынам ён выехаў з Парыжа. П. Шумаў пасяліўся ў Лодзі і напэўна ніколі не наведаў Гродна. Найбольшым прызнаннем ягоных заслуг у рэвалюцыйнай барацьбе стала ўзнагароджанне яго Крыжам Незалежнасці. Памёр П. Шумаў 25 чэрвеня 1936 г. і пахаваны на еванелісцкіх могілках у Лодзі. Пасля смерці мужа Кейла Лапін выехала ў Гродна і праўдападобна загінула ў гродзенскім гетта падчас вайны.

 

Пётар Шумаў у 1920-я гг.
Пётар Шумаў у 1920-я гг.

Так выглядае кароткая хроніка жыцця гэтага выдатнага чалавек. Зробленыя ім здымкі сёння захоўваюцца ў многіх музеях і рэкламных агенцтвах свету, дорага прадаюцца на аўкцыёнах антыкварыяту і цэняцца як сапраўдныя прадметы мастацтва. З пэўнасцю прыходзіць час каб і родны горад ушанаваў асобу Пятра Шумава – рэваюцыянера і майстра фатаграфіі.

Scroll to top