Баі за Скідзель-Гродна.

Раніцай 20 верасня матарызаваная група камбрыга Разанава з 16-га ск атрымала загад камандуючага 11-й арміі наступаць з Ліды ў накірунку Скідзель – Гродна.

 Працяг. Пачатак тут: 

«Беларускі фронт». Ч.1. Гістарыяграфія і падрыхтоўка вайсковай аперацыі

«Беларускі фронт». Ч.2. Першы дзень вайны і баі за Вільню

«Беларускі фронт». Ч.3. 18-20 верасня. Паўстанні ў беларускіх мястэчках і цяжкасці ў наступленні.

Гэтыя дзеянні камандвання арміі супярэчылі яе мэтам у аперацыі – яна павінна была выйсці на мяжу з Літвой і перакрыць шляхі адступлення для польскіх войск. У сваю чаргу штаб Беларускага фронта не ведаў пра планы 11-й арміі ў дачыненні да Гродна. Як ужо згадвалася вышэй – наступленне на Гродна, па планах штаба фронта, павінна была праводзіць КМГ, прычым сіламі кавалерыйскай дывізіі корпуса камдзіва А. Яроменкі. Гэты прыклад яшчэ раз дэманструе адсутнасць аператыўнасці і зладжанай працы штабоў розных узроўняў. Наогул 20 верасня штабам фронта быў выдадзены загад № 4 аб ліквідацыі КМГ і далучэнню яе падраздзяленняў да 10-й арміі, наступаючай у другім эшалоне.62 Гэта ўносіла хаос у наступаючыя частках. Праз некаторы час загад ці быў адменены, ці проста не выконваўся.

У той жа дзень паліва нарэшце пачаў атрымоўваць 15-ы танкавы корус КМГ. Камдзіў М. Пятроў паставіў наступныя задачы: 27-я лтбр камбрыга І.І. Юшчука63 павінна была наступаць на Гродна праз Індуру і Вялікую Бераставіцу, а 2-я лтбр камбрыга А.В. Куркіна64 - на г.Сакулка. 4-я кд 6-га кк павінна была таксама наступаць на Гродна. Аднак толькі каля 18 гадзін вечара падраздзяленні корпуса перайшлі ў наступленне.

Матарызаваны атрад капітана Новікава з 2-й лтбр (у колькасці 43 танкі) пачаў наступленне з Ваўкавыска ў накірунку Сакулкі. Каля 14 гадзін атрад падышоў да г. Сакулка і заняў яго. Да канца дня была занята пасля невялікага бою і Дамброва-Беластоцкая.
Каля 11 гадзін раніцы механізаваная група камбрыга Разанава з 11-й арміі падышла да м. Скідзель. Населены пункт быў заняты кавалерыйскім атрадам ратмістра Р. Вішаватага. Раніцай 20 верасня ў Скідзелі атрымалі паведамленне з Мастоў аб тым, што горад заняты Чырвонай Арміяй. Кавалерысты з групы ротмістра Р.Вішаватага пачалі рыхтавацца да абароны. На шашэйным мосце праз Котру абарону заняла батарэя гармат з кавалерыйскага атрада.

Атрад камбрыга Разанава атакаваў мястэчка пасля 11 гадзін. У механізаваным атрадзе налічвалася 14 танкаў з 365-га танкавага батальёна 2-й сд (камандзір батальёна майор І.Г. Чарапкін65) і 317-га танкавага батальёна 100-й сд (камандзір батальёна капітан А.М. Чарняўскі). На ўзбраенні батальёнаў знаходзіліся танкі Т-26 з адной і двумя вежамі, плаваючыя Т-37/38.66 Першым да мястэчка падышоў танкавы ўзвод ст. лейтэнанта Ярашэнкі. Пасля сутычкі з атрадам польскай кавалерыі ў 5 км ад Скідзеля ён працягваў наступленне. Скідзель атакаваў 317-ы танкавы батальён (астатнія сілы атрада яшчэ знаходзіліся на падыходзе). Некалькі разоў савецкія танкі спрабавалі прарвацца праз мост, аднак іх атакі былі адбіты агнём польскай артылерыйскай батарэі. Толькі пасля гібелі камандзіра батарэі паручыка Лісоўскага 6-ы эскадрон адступіў. Такім чынам мост быў фарсіраваны савецкай тэхнікай. Агнём польскіх гармат і гранатамі былі падбіты два савецкіх танка (хутчэй за ўсё Т-37/38).67

Сутыкнуўшыся з танкамі, польскія кавалерысты адступілі ў Скідзель. Аднак супрацьтанкавага ўзбраення ў іх не было. Тым не меньш бой цягнуўся некалькі гадзін. Танкі атрада камбрыга Разанава ўварваліся ў мястэчка. Палякі падпалілі мост праз р. Скідлянка, аднак савецкія танкі паспелі яго праскочыць. Плаваючыя танкі Т-38 пераадолелі раку ўплаў. Значную дапамогу Чырвонай Арміі аказалі і мясцовыя падпольшчыкі. Яны пачалі абстрэльваць палякаў на вуліцах населенага пункта. Бой разгарнуўся на рынку. Тут, па польскай інфармацыі, было падбіта яшчэ 4 савецкіх танка. Пасля гэтага бою, не атрымаўшы дапамогі з Гродна, каля 18 гадзін польскі кавалерыйскі атрад адступіў на Жыдомлю. Страты кавалерыстаў склалі: 4 афіцэра і 20 кавалерыстаў забітымі.68 Згодна савецкіх рапартаў падчас баёў у Скідзелі 1 танк Т-38 і 1 бронемашына былі падбіты, быў паранены 1 танкіст.

На працягу дня савецкімі войскамі быў узяты ў палон атрад з 2-га палка ўланаў (каля 50 чалавек), які адступаў на Гродна. Салдаты былі выпушчаны, а 10 афіцэраў і князь Чацвярцінскі былі растраляны ў Скідзелі.

Польскія салдаты ідуць па хатах, верасень 1939 г

Пасля бою ў Скідзелі атрад камбрыга Разанава на працягу дня заставаўся ў мястэчку. Загад аб наступленні на Гродна такім чынам выкананы не быў. У накірунку Гродна наступала толькі 27-я лтбр камбрыга І.І. Юшчука. У складзе брыгады знаходзілася 146 танкаў БТ і 11 бронеаўтамабіляў. Некаторыя часткі брыгады адсталі, чакаючы запраўкі. Камдзіў М. Пятроў загадаў заліць поўныя бакі танкам для манёўра на Гродна. Паліва хапіла толькі для 63 танкаў і 2 бронеаўтамабіляў, а таксама 8 грузавікоў.69 Першым выйшаў у гродзенскім накірунку разведбатальён (11 танкаў, бронеаўтамабіль, санітарны аўтамабіль і аўтамабіль з радыёстанцыяй).

У Гродна польскі гарнізон рыхтаваўся да абароны. Вуліцы блакіраваліся барыкадамі, салдатам раздалі бутэлькі з гаручай сумессю. Асаблівая ўвага надавалася абароне мастоў праз Нёман, а таксама абароне горада з усходу і паўночнага-усходу. Гарнізон горада складаўся з шэрагу асобных, невялікіх частак. У яго склад уваходзілі: маршавы батальон 29-й пд, 31-ы каравульны батальон, атрад падпаручыка А. Іглеўскага з 200 чалавек, асабовы склад 5-га авіяцыйнага палка з г.Ліда, групы жандармерыі і паліцыі, батальона КОП “Паставы”, 2 зенітна-кулямётныя роты. На іх узбраенні было 5 гармат, у тым ліку 2 зенітныя “Бафорс”, калібру 40-мм.70 Па інфармацыі польскага гісторыка Ч. Гжэляка агульная колькасць гарнізону горада дасягала 2,5 тыс. чалавек. Узначаліў гарнізон палкоўнік Сядлецкі, а з 21 верасня – брыгадны генерал В. Пшэздзецкі.

Каля 8 гадзін раніцы 20 верасня да паўднёвай часткі горада падышлі савецкія танкі БТ-7 разведбатальёна пад камандваннем майора Багданава. Абароны Занёманскага фарштата фактычна не было. Каля чыгуначнай лініі ў палон трапіла два польскіх салдата, якія не паспелі нават папярэдзіць абаронцаў горада. Паўднёвая частка горада была атакавана з ходу і ўзята без бою. У такім становішчы камандзір батальёна, згодна з загадам камандзіра брыгады, прыняў рашэнне заняць мост і самыя галоўныя пункты на супрацьлеглым беразе (танкавы ўзвод лейтэнанта Я. Чарнова павінен быў фарсіраваць Нёман па чыгуначным мосце і заняць вакзал, узвод ст. лейтэнанта М. Яўсеева павінен быў заняць пошту і тэлеграф). 5 танкаў і бронеаўтамабіль павінны былі заняць Фарштадт і ўтрымліваць шашэйны мост праз Нёман. Пры гэтым камандзір батальёна маёр Багданаў не меў ніякага ўяўлення аб сілах і магчымасцях абаронцаў горада.

БА-10А у м.Лебедзеў. Заходняя Беларусь, верасень 1939 года

Атака савецкіх танкаў праз шашэйны мост была настолькі нечаканай што польскія салдаты, заняўшыя абарону ў казармах 81-га пп (будынкі былога тонкасуконнага камбіната), без бою прапусцілі іх праз мост. Савецкія танкі ўварваліся ў горад. Ч. Гжэляк піша, што першы танк быў знішчаны адразу каля казармаў 81-га пп.71 Аднак на думку гісторыка В. Цыгана першым быў спалены танк ст. лейтэнанта М. Яўсеева на плошчы Свабоды (цяпер плошча Тызенгаўза), у центры горада, каля будынка пошты. БТ-7 уступіў у бой з польскай зенітнай гарматай. У выніку боя ў танка была пашкоджана гусеніца. Пасля гэтага польскія салдаты і добраахвотнікі закідалі яго бутэлькамі з бензінам і спалілі.72 Другі танк быў спалены ў цэнтры горада на вул. Гувера. Калі аднаго з членаў экіпажа ўзялі ў палон ён крычаў: “Таварышы, не забівайце, таварышы, не забівайце, мы вас вызваліць прышлі”.73 Гэта фраза вельмі вобразная. Яна паказвае, што дзякуючы прапагандзе для савецкіх салдатаў і афіцэраў уся гэтая аперацыя сапраўды была “вызваліцельным паходам”. Тое, што яны выступалі ў якасці агрэсараў, не ўкладвалася у галовах большасці чырвонаармейцаў.

У раёне вул. Дамініканскай савецкі танк расціснуў польскую зенітную гармату, але і сам быў падбіты. Яго спаліла гімназістка. Экіпаж трапіў у няволю. Разлік другой польскай зенітнай гарматы заняў пазіцыю каля казармаў 81-га палка. Такім чынам шашэйны мост ізноў быў перакрыты. Яшчэ два танка былі спалены на плошчы Баторыя і на вул. Скідзельскай. Апошні танк быў спалены каля казармаў 81-га палка, калі ён спрабаваў прабіцца праз мост назад на Занёманскі фарштадт. Штабны аўтамабіль з радыёстанцыяй быў падпалены на мосце. Хутчэй за ўсё ён ішоў услед за танкамі, але калі яны паспелі праскочыць праз мост, аўтамабілю не пашанцавала. Польскі гісторык Я. Ледвух піша, што быў падбіты і танк майора Багданава.74 Аднак іншыя крыніцы гэтага не пацвяржаюць. Абаронцы такім чынам знішчылі ўсе 6 танкаў, перайшоўшых праз Нёман па мосце. Па савецкім дадзеным страты батальёна дасягнулі 4-х падбітых танкаў, бронеаўтамабіля і аўтамабіля з радыёстанцыяй.

Пасля 10 гадзін раніцы да Занёманскага фарштата падышлі астатнія сілы 27-й лтбр – 1-ы і 2-і батальёны (42 танка і каля роты салдатаў). Камандзір брыгады палкоўнік Юшчук са штабам і камандзір 15-га тк камдзіў М. Пятроў таксама прыбылі ў Гродна. Частка танкаў распачала абстрэл польскіх пунктаў абароны з супрацьлеглага берага. Пазней да іх далучылася артылерыя. У адказ палякі адкрылі агонь з зянітнай гарматы “Бафорс” падпаручыка Насаліка і кулямётаў. Аднак савецкі артылерыйскі агонь быў больш трапны. Справа ў тым, што гэты агонь карэктавалі мясцовыя падпольшчыкі па гарадскому тэлефону. На працягу перастрэлкі танкі ізноў спрабавалі прабіцца ў горад, аднак спроба скончылася няўдачай. Палякі паведамлялі пра 2 падбітыя зеніткай БТ-7. У гэтых баях загінуў камандзір танкавага батальёна маёр Ф.І. Квітко.75

Гродна, канец верасня 1939 г

На працягу дня сілы штурмуючых павялічваліся. Так у горад прыбыў 119-ы сп 13-й сд маёра К. Введэнскага.76 Пры штурме моста загінуў ст. палітрук Г.А. Гарнавых, які ўзначаліў атаку адной з рот 27-й лтбр.77 Да 20 гадзін танкісты сумесна са 119-м палком замацаваліся ў паўднёвай частцы Гродна.

Ноччу з 20 на 21 верасня, пры дапамозе мясцовых жыхароў у раёне гарадскіх могілак Нёман фарсіравала група мал. лейтэнанта Шайхідзінава са 119-га сп. Яна здолела замацавацца на супрацьлеглым баку ракі. Да раніцы тут сканцэнтравалася два батальёна чырвонаармейцаў. Трэці батальён палка павінен быў наступаць праз шашэйны мост.

На працягу ночы працягваўся артылерыйскі абстрэл горада. Група чырвонаармейцаў спрабавала фарсіраваць раку вышэй горада, аднак спроба скончылася няўдала. Група польскіх салдат таксама фарсіравала Нёман, праўда ў адваротным накірунку. У мясцовасці Фолюш імі было забіта некалькі чырвонаармейцаў, што выклікала ў савецкіх падраздзяленнях паніку. Такім чынам першы дзень баёў паказаў – пры выкарыстанні адных танкаў нельга захапіць вялікі горад нават з нешматлікімі абаронцамі. На працягу дня страты савецкай брыгады былі наступнымі: 15 чалавек былі забіты, 11 паранены, спалены 3 танка і радыёстанцыя, падбіты 6 танкаў і бронеаўтамабіль.78 На ноч танкі 27-й брыгады былі выведзены з горада для папаўнення палівам. Аднак яго, як звычайна, не хапала. Таму ізноў бензін пералівалі з адных танкаў у другія. На працягу ночы ў Гродна падышлі кавалерыйская брыгада “Ваўкавыск” і група ротмістра Р. Вішаватага. Польскі гарнізон такім чынам таксама ўзмацніўся.

Раніцай 21 верасня штурм Гродна Чырвонай Арміяй ўзнавіўся. Зараз танкі суправаджалі групы савецкай пяхоты. Каля 9 гадзін раніцы атаку праз мост пачала група 20-й мбр, якая пасля пачатку вайны нарэшце далучылася да свайго 15-га тк. Пры гэтым брыгада страціла два бронеаўтамабіля БА-20 (адзін быў падпалены бутэлькай з гаручай сумессю, другі быў падбіты агнём польскай гарматы).79 Цяжкія баі ішлі паміж польскімі атрадамі і 1-м і 2-м батальонамі 119-га сп у раёне гарадскіх могілак. Акрамя таго баі ішлі за казармы 29-га артпалка па вул. Скідзельскай (у раёне цяперашняга аўтавакзала). Каля 10 гадзін раніцы з усходу ў горад уварвалася матарызаваная група камбрыга Разанава, з 16-га ск, якая падышла са Скідзеля. Танкі 317-га танкавага батальёна капіна А. Чарняўскага пасля двухгадзіннага бою далучыліся да батальёнаў 119-га палка. Вулічныя баі дасягнулі такой жорсткасці, калі чалавечыя каштоўнасці гублялі сваё значэнне. Так абаронцы горада ўспаміналі, што савецкія танкісты (хучэй за ўсё з 317-га танкавага батальёна) прывязалі да танка ў якасці жывога шчыта 13-гадовага хлопчыка!80

БА-20 з 29-й лтбр.На машыне бачная поручневая антэна. Брэст. 22.09.39. На заднім плане - нямецкія афіцэры

З поўдня да горада падышла і група 6-га кавалерыйскага корпуса. Яна атакавала праз шашэйны мост. Атаку 11 танкаў узначаліў сам камандзір 6-га кк камдзіў А. Яроменка. Аднак атакі танкаў былі спынены абаронцамі. Бетонныя перашкоды і моцны кулямётны агонь спынілі атакуючых. Пры гэтым былі падбіты 2 браневіка і 2 танка БТ-5. Сам А. Яроменка быў паранены ў нагу.

Каля 14 гадзін камандуючы польскай абаронай горада брыгадны генерал В. Пшэздзецкі загадаў пакінуць горад і адступаць у накірунку Літвы. Польскія атрады пачалі адступаць з горада ўжо каля палудня. Аднак, баі не спыніліся. Працягвалі абараняцца будынкі казармаў 81-га пп каля шашэйнага моста і Стары замак, а таксама некалькі будынкаў у горадзе. Так зенітная гармата падпаручыка Насаліка абараняла мост пакуль ёй у тыл не вышлі савецкія салдаты са 119-га палка. Цікава што нават у гэтай сітуацыі гармата была вывезена з горада. Па польскай інфармацыі разлік гарматы знішчыў не меньш 6 танкаў.

Танкі групы камбрыга Разанава ў сярэдзіне дня занялі пошту, электрастанцыю. Каля 15 гадзінаў камбрыг Разанаў прыбыў у штаб 15-га тк. Ён паведаміў камдзіву М. Пятрову аб заняцці Гродна. Праўда вышэйназваныя пункты яшчэ аказвалі супраціўленне. З надыходам ночы з горада былі выведзены 119-ы, 101-ы сп і пяхота 20-й брыгады. Танкісты засталіся без пехотнага прыкрыцця. У выніку гэтага палякамі быў спалены танк камандзіра ўзвода мал. лейт. Алексанава разам з экіпажам. Танк лейт. Мірскага з 317-га батальёна быў таксама падпалены, але механніку пашчасціла збіць пламя. Вечарам савецкія танкі, па загаду камдзіва М. Пятрова, былі таксама выведзены з цэнтральнай часткі горада. За дзень страты КМГ складалі 6 забітых і 5 параненых. Да Гродна тым часам падышла 4-я кд КМГ. У ноч на 22 верасня польскі гарнізон пакінуў Гродна.

Раніцай 22 верасня часткі КМГ і механізаваны атрад 16-га корпуса падрыхтаваліся да новых баёў. Агульная кіраўніцтва сіламі ажыцяўляў камкор І. Болдзін. Аднак каля 7 гадзінаў раніцы прыйшла інфармацыя ад адступленні з го

рада польскага гарнізона. Савецкія войскі прыступілі да ачышчэння горада ад дробных групак абаронцаў, якія не паспелі, ці не захацелі адступіць з Гродна. На працягу дня, ў выніку перастрэлак у горадзе было паранена 7 чырвонаармейцаў са 101-га палка. Такім чынам горад быў канчаткова заняты Чырвонай Арміяй. Савецкі гарнізон узначаліў камбрыг Разанаў.

Страты ў баях за горад (20-22 верасня) КМГ былі вельмі вялікімі: 57 чалавек забіты, 159 паранены. Было падбіта 19 танкаў і 4 бронемашыны.81 З іх 27-я лтбр згубіла 14 танкаў БТ-7 (2 спалены і 12 падбіты).82 Група Разанава з 16-га ск згубіла – 6 забітых, 5 параненых. Адзін танк быў знішчаны і два – падбіты.83 Польскія страты па савецкай інфармацыі дасягалі 644 чалавек забітымі і 1543 палоннымі. У якасці трафеяў былі захоплены 514 вінтовак, 50 рэвальвераў, 146 кулямётаў, 1 зенітная гармата, 1 мінамёт.

Трафеі Чырвонай Арміі ў Заходняй Беларусі, верасень 1939 г

У Гродна пачаліся расправы з удзельнікамі супраціўлення. Так мал. лейтэнант Дубавік з узвода сувязі 101-га сп 4-й сд атрымаў загад адканваіраваць з горада 80 палонных польскіх салдат. Адышоўшы з калонай на 2 км ад горада ён ўстроіў дазнанне тым палякам, якія прымалі ўдзел у забойстве бальшавікоў. Пасля гэтага лейтэнантам Дубавіком былі растраляны 29 чалавек. Наогул у гэты дзень у горадзе было растраляна да 300 чалавек – як салдатаў, так і добраахвотнікаў.84 Ч. Гжэляк узгадваў, што на ўсходняй ускраіне горада савецкімі танкістамі было задаўлена шмат абаронцаў.85

Такім чынам скончыліся баі Чырвонай Арміі за горад Гродна. Баі ў горадзе былі адзіным прыкладам такога працяглага супраціўлення польскіх атрадаў. Чырвоная Армія ў баях за горад таксама панесла самыя вялікія страты за ўсю кампанію.

 

Зміцер Люцік

Завяршэнне артыкула:

«Беларускі фронт». Ч.5: Фінальны акорд і высновы

 


 

Назад62. Grzelak K. Czesław. Kresy w czerwieni… – S. 332

Назад63. Юшчук І.І. – камандзір 27-й лтбр, у 1943г. – начальнік штаба танкавай дывізіі, у 1944г. – камандзір 11-га танкавага корпуса, генерал-маёр.

Назад64. Куркін А.В. – удзельнік грамадзянскай вайны ў Расіі, у танкавых войсках. У 1941г. – камандзір механізіраванага корпуса. На працягу вайны кіраваў танкавымі войскамі Волхаўскага, 2-га Украінскага франтоў. Памёр у 1948г. Па матэр’ялах сайта: http://bse.sci-lib.com

Назад65. Маёр І.Г. Чарапкін у 1941 г. камандаваў 57-м танкавым палком і абараняў Гродзеншчыну ад немцаў.

Назад66. Па матэр’ялах сайта: mechcorps.rkka.ru.

Назад67. Cygan Wiktor. Kresy we krwi… – S. 156.

Назад68. Ibidem.

Назад69. Ibidem. – S. 159

Назад70. Grzelak Czesław. Wilno-Grodno-Kodziowce 1939. – Bellona. Warszawa, 2002 – S.104.

Назад71. Grzelak K. Czesław. Kresy w czerwieni... – S. 341

Назад72. Cygan Wiktor. Kresy we krwi... – S. 160

Назад73. Ibidem.

Назад74. Ledwoch Janusz. Czołgi BT. – Militaria. Warszawa, 1998. – S. 26

Назад75. Госцеў А.П. Швед В.В. Кронан. Летапіс горада на Нёмане (1116 – 1990гг.) – Гродна, 1993. – С. 90.

Назад76. У пачатку марша матарызаваная група 119-га сп сутыкнулася з супраціўленнем двух адступаючых полькіх эскадронаў у трох кіламетрах на захад ад Ваўкавыска. У баю загінуў 1 савецкі салдат. Да 150 польскіх кавалерыстаў трапіла ў палон.

Назад77. Гродно. Энцикл. справ. – Мн., 1989. – С. 135-136. Праўда польскі гісторык В. Цыган піша што Г.А. Гарнавых загінуў у цэнтральнай частцы горада яшчэ пад час першай танкавай атакі.

Назад78. Grzelak K. Czesław. Kresy w czerwieni… – S. 347

Назад79. Sowieckie samochody panzerne. vol.2. – Militaria. Warszawa, 1998. – S. 51

Назад80. Grzelak K. Czesław. Kresy w czerwieni... – S. 350-351

Назад81. Польскія гісторыкі Ч. Гжэляк і В. Цыган прыводзіяць трохі іншыя лічбы: 47 забітых, 156 параненых; 4 танка і бронеаўтамабіль – спалены, 12 танкаў і 2 бронеаўтамабіла – падбіты. Grzelak K. Czesław. Kresy w czerwieni… – S. 352

Назад82. 5 механизированный корпус имени т.Калиновского. Па матэрыялах сайта: http://mechcorps.rkka.ru

Назад83. Grzelak K. Czesław. Kresy w czerwieni… – S. 352

Назад84. Лашкевіч К. Как "освобождали" Беларусь в 1939 году. Па матэрыялах сайта: http://tut.by

Назад85. Grzelak K. Czesław. Kresy w czerwieni… – S. 351

Scroll to top
Website Security Test