Нарыс нашага земляка Аляксея Карпюка, прысвечаны гісторыі гарадзенскіх мастоў. Артыкул быў надрукаваны ў часопісе "Беларусь" у 1983 годзе (№2).

1

Дзіва, але чалавецтва доўгі-доўгі час умудралася абыходзіцца без гэтых нескладаных, як нам сёння здаецца, збудаванняў. Старажытны чалавек і дрэвы, і рэчкі, і каменні ўспрымаў, як адушаўлёныя істоты, якімі кіруюць тыя ж, што і людзьмі, матывы, меркаваў, што іх можна таксама ўлагодзіць словам ці падарункам. Таму, калі нашаму далёкаму продку ў зубрынай накідцы трэ было пераправіцца праз Нёман, ён шпурляў у віруючую строму ахвяру, браў вёслы ды, мармычучы заклінанне, гнаў па вадзе свой човен да процілеглага берага.

Так склалася, што мост у Гродне з’явіўся задоўга да адкрыцця Амерыкі. У месцы, дзе ўпадае Гараднічанка ў Нёман, хоць і вытыркаліся ўжо з-над дубровы змрочныя вежы замка ды цьмяныя цыбуліны царкоўных купалоў. Але ў Горадзені (як тады называўся сённяшні абласны цэнтр) пераважалі курныя хаціны, і права называцца горадам мясціна яшчэ не мела.

Паводле старажытных дакументаў, наш мост узнік у 1392 годзе (даведка: першы рускі мост – наплаўны, драўляны – наладзіў цераз Дняпро ў Кіеве Уладзімір Манамах у 1115 г.; першы палевы – Пётр Першы ў 1715 г.).

У XV стагоддзі, каб навесці мост на рацэ Канібу і засцерагчы яго ад нячыстай сілы, тагачасныя майстря замуравалі жыўцом пад філяр маладую красуню.

Якую ахвяру паклалі нашыя продкі пад палі гродзенскага моста, гісторыя не гаворыць. Можам толькі меркаваць, памятаючы, што гэта быў за час: людскімі жыццямі задобрывалі злога духа зімы, крывёю цяжарных жанчын арашалі палеткі для ўраджаю… Пра такія жахі аж занадта дакументаў і ў нашых народаў. Здавён заўважана: хоць існавала і мноства варыянтаў старажытных людскіх сістэм, выпрацаваных розумам чалавека, але ў асноўных ды прынцыповых рысах усе яны былі надта ж падобныя (чытайце “Залатую галіну” Фрэзера).

Першы мост на Нёмане гродзенцы перакінулі на левы бераг, дзе на кручах, палюючы за прываркам, далёкі наш прашчур запусціў у нябесную сінь стралу па лебедзю ці ў непраходныя нетры – па дзіку. Месца было падабрана гэтак удала, што і летам 1944-га, калі гродзенскі мост немцы абрынулі ў ваду, нашыя сапёры наладзілі пераправу дакладна на тым самым месцы.

Масты людзей хвалююць.

У кожным чалавеку заўсёды жыве адчуванне, звязанае з імкненнем і надзеяй, тоіцца няўцерпнае чаканне падыходу да дальняй ці блізкай мэты, чаму якраз і спрыяюць такія збудаванні. І таму, трапіўшы ў незнаёмы горад, калі ты яшчэ не стары, стараешся абавязкова хоць зірнуць і там на асноўны мост. Калі ж ты цягніком набліжаешся да вялікай ракі, падсвядома імкнешся да акна, а за табой цягнуцца і твае спадарожнікі – і салдат, і прафесар, і работнік гандлю, каб не прапусціць запаветны момант, калі вагон з працяглым чыгунным грукатам нырне ў даўзёрную канструкцыю сталёвых бэлек.

Масты ў наш час людзей збліжаюць, знаёмяць і яднаюць.

Але ж – каб яны маглі яшчэ і адчуваць!

А яшчэ лепш, каб яны мелі памяць і валодалі здольнасцю гаварыць!

2

Тыя прашчуры, ад каго ідуць нашыя карані, у змрочныя старажытныя часы карысці з першага гродзенскага моста мелі мала. Тагачасны селянін і рамеснік сам сябе карміў і апранаў, а сыравіну здабываў на сваім гародзе і палетку. Таму патрэбы ў далёкіх раз’ездах амаль не меў.

Мост неабходны быў іншым.

Паміж братамі Ягелам і Вітаўтам ішла бясконцая крывавая міжусобіца. Каралеўская знаць ды крыжаносцы, імкнучыся авалодаць прынадным караваем – Прынёманшчынай, плялі свае інтрыгі. І ўсім дазарэзу патрэбна была пераправа, каб з берага на бераг перакідваць дружыны, асадную зброю, харчы і трафеі.

Бедным нашым продкам, што жылі ў штодзённых клопатах, мост здаваўся ненажэрнай гусеніцай, вечна рухомай сараканожкай дый асацыіраваўся з такімі словамі, як пажар і голад, асада і разня, вываз рабочай сілы ды ўгон быдла, што бясконца чынілі бязлітасныя пыхлівыя ды прагныя да ўлады і чужога дабра князі і старшыны ордэнаў.

А ў выніку – пасля таго, як ушчэнт спалілі маю Ваўкавышчыну, па яшчэ свежанькіх бярвеннях насцілу першага гродзенскага моста крыжаносцы вязлі на Захад свае катапульты (іх пяціпудовыя ядры, якімі захопнікі разбівалі Прачысценскі храм, экспануюцца зараз у Гродзенскім рэспубліканскім музеі атэізму і гісторыі рэлігіі), нарабаванае дабро ды тысячы нявольнікаў. Услед за імі Вітаўт паслаў свае сорак палкоў…

Земляробы, рамеснікі і лесавікі праязджалі па мосце толькі ў тым выпадку, калі везлі феадалу ці ў манастыр чынш, калі адпраўляліся ў невядомыя землі з абозам вяленага зубрынага мяса для войска, амуніцыі, крупы, мукі, альбо – калі іх саміх чарговы заваявацель ці феадал валок у Мельбурк альбо ў Кралявец (ад гэтуль і пайшло: “дзядзька Юзік з’ехаў у Прусы, дзе ні ступіць – беларусы!..”) на продаж ці ў Горадзень – на работу.

У Майнцы захаваліся балкі ад моста, пабудаванага яшчэ рымлянамі. Якісьці кароль таксама для сваёй карысці паклаў на іх драўляныя пралёты. У 813 годзе, каб мець нервам спакой, пераправу цераз Рэйн жыхары Майнцу спаліі. У тыя змрочныя часы, напэўна, і гродзенскі мост наслухаўся плачу і праклёнаў на яго, магчыма, узнімаліся даведзеныя да адчаю гавакольныя жыхары… Ды толькі як хто б нам пра гэта расказаў.

Самі ж масты маўчаць, як зачараваныя.

3

З Савецкай плошчы сёння добра відаць на фарным касцёле чатырохсотгадовы гадзіннік, які майстры “Рамбыттэхнікі” адрамантавалі, і ён ужо ідзе (гадзіннік – копія таго, які з 1386 года стаіць у Салебермскім саборы ў Англіі). Дык вось, станіна, на якой замацаваны яго няхітры механізм, выкавана ў звычайнай кузні. Брусы станіны тонкія (бо метал тады, не ў прыклад нам, надта ашчаджалі!) і на іх выразна відочны след малаткоў.

Хто быў той прыгонны каваль, што іх прыдумаў, зварыў ды прыладзіў? Адкуль ён родам – з-пад Бераставіцы, Свіслачы, Поразава, Слоніма, Ваўкавыска!..

Што ён адчуваў, калі загрукатаў пад колы насціл моста і навічка (мажліва, звязанага вяроўкаю) панскія гайдукі ці манастырскія служкі парнулі ў бок пугаўём ды велікадушна паведамілі: “Вось горад, куды цябе вязём!..”.

А калі ўзняцца над Савецкай плошчай на верталёце, то на правым беразе Нёмана адназу ўбачыш “паэму ў камені” – славутую Каложу – жывы помнік старажытнай архітэктуры XII стагоддзя. Шасціслуповая будыніна з тоненькай цэглы-плінфы кранае сучаснікаў непаўторнай арыгінальнасцю архітэктуры, самабытнай прыгажосцю фасадаў, а праставатая жывапіс- дэкора вонкавых сцен змушае адразу ўспомніць народны стыль вышывак і ткацтва.

Крыху бліжэй, на Замкавай гары, пад вялізным ахоўным дахам прытаілася аднагодка Каложы, княжацкая царква – Ніжняя. Равесніцу гэтых дзвюх – Прачысценскую, а ў ёй і цудоўную маялікавую падлогу адкапаў у 1980 годзе археолаг з Гродзенскага універсітэту М. А. Ткачоў. З-пад шматвекавога друзу Міхаіл Аляксандравіч бярэцца выкапаць яшчэ два падобныя храмы, і нельга не верыць гэтаму чалавеку.

Выходзіць Горадзень пяцьсот-шэсьцьсот гадоў таму назад меў ужо такіх храмаў паўтузіны. Каб іх збудаваць, аздобіць, а пасля даглядаць патрэбны былі сотні, а можа і тысячы высокакваліфікаваных майстроў. І вялікая частка іх перавальвала на другі бераг праз Гродзенскі мост…

Хто сылі тыя муляры, дойліды, мастакі, багасловы, што ўзыходзілі ўпершыню на маставы насціл, ідучы на працу ў Горадзень? Якія ў іх былі згрызоты, праблемы і таямніцы? Да чаго тыя самародкі імкнуліся? Аб чым марылі? Пра што думалі?

Мост маўчыць.

4

Першае візуальнае ўяўленне аб Гродзенскім мосце даносіць да нас гравюра Мацвея Цюнта (1572 г.). На ёй выразна відаць, што быкамі для яго тады служылі звычайныя груды камянёў.

Некаторыя гараджане тады ў вольны час спяшаліся да моста проста так, каб паўзірацца на праезджых ды сябе паказаць. Гэта ўлічвалі феадалы і каля ўезду на мост наладжвалі часамі экзекуцыі. У той змрочны час найвялікшым злачынствам лічылася і непадпарадкаванне, і забойства аленя ў панскім лесе, і вольнае тлумачэнне якога-небудзь раздзела Бібліі, і неасцярожнае слова пра Бога. Каралі смерцю, мажліва, часцей, чым сёння садзяць на пятнаццаць сутак. Таму князі і каралі побач з галоўным конюхам, пісарам ды паляўнічым мелі пры сабе яшчэ адну вельмі неабходную персону – ката-прафесіянала. Экзекуцыі праводзілі паводле рытуалу: катам друкавалі спецыяльныя нібы падручнікі, дзе падрабязна апісваліся месцы, спосабы і працэдуры выканання прысуду. Напрыклад тых, каго саджалі на кол, кат мусіў накачаць пойлам, настоеным на адпаведных зёлках, каб няшчасная ахвяра доўга цешыла вока гарадскіх зявак ці тых, хто праязджаў па мосце.

5

У пятроўскія часы нашаму мосту выпала сыграць не абы-якую гістарычную ролю.

Наспявала шведска-руская вайна. У канцы 1705 года Карл XII стаў ля сцен Варшавы. Паводле “Гродзенскай старыны” Яўстафія Арлоўскага (1910 г.), кароль ратаваўся ад сцюжы ў шатры, які абагравалі распаленымі гарматнымі ядрамі. Шведскія ж салдаты стаялі ў адкрытым полі і такой каралеўскай раскошы дазволіць сабе, вядома , не маглі.

Каб не памарозіць войска дарэшты, Карл XII вырашыў перабрацца ў Гродна на цёплыя кватэры. Але к таму часу ў горадзе над Нёманам паспеў пабываць ужо рускі цар. Пётр Першы горад добра ўмацаваў (пятроўскія рэдуты табе і цяпер пакажа кожны школьнік), размясціў у ім свае войскі ды пакінуў свайго фаварыта Аляксандра Меншыкава з наказам: сачыць уважліва за праціўнікам і, па-магчымасці, яму перашкаджаць.

Вораг усё ж перайшоў Нёман па лёдзе каля вёскі Дзявяткаўцы. Застаўшы горад умацаваным, шведы тут жа, у Грандзічах (за вёрст 10 ад Гродна) і сталі на зімоўку.

Шведскі кароль у Грандзічах усю зіму прымаў паслоў, ездзіў на паляванні, знаёміўся з мясцовымі прыгажунямі, а яго афіцэры пілі і балявалі ў навакольных памешчыкаў, бо рускія са сваім “найсвятлейшым князем”, здавалася, сядзелі ціха, бы мышы. Шведы і ўпэўніліся – куды сыну конюха Меншыкаву цягацца з удалым дваццацішасцігадовым каралём-прыгажуном, у жылах якога цячэ блакітная кроў і якому спадарожнічаюць перамогі ў Даніі, Саксоніі ды Польшчы?

Тым часам Аляксандр Данілавіч Меншыкаў праз сваіх лазутчыкаў пільна сачыў за кожным крокам ворага ды слаў цару рэляцыі.

Так прайшла вясна 1706 года.

Крыгаход на Нёмане ў Гродне пачынаецца, калі зямля ўжо добра падсохне (бо з Навагрудскага ўзвышша вада сюды прыбывае са спазненнем на два тыдні). І вось пагодным вясновым днём лазутчыкі далажылі Меншыкаву: шведы збіраюцца ў паход – варожы лагер заварушыўся, як мурашнік; салдаты рыхтуюць штурмавыя гарматы ды іншую зброю ля гродзенскай крэпасці, а перайшоўшы мост, возьмуць накірунак цераз Ваўкавыск на ўсход.

Меншыкаў да такога быў падрыхтаваны.

Каб не перашкаджалі на маршы, князь, паводле Пятра I, пакідаў гарматы ноччу ў раку, а войскі пераправіў на другі бераг, мост за сабой разабраў ды на легцы павёў свае войскі марурутам, якім збіраліся наступаць шведы, знішчаючы за сабой усе пераправы, склады фуражу ды месцы стаянак.

Тым часам, як было запланавана, Карл XII наступнага дня раніцой з асаднай артылерыяй памкнуўся да крэпасці – пустая! Кінуліся шведы да моста, а ён – без пралётаў, ды на стрыміне – суцэльная лавіна крыг!

Покуль шведы перачакалі ў Гродне крыгаход, покуль наладзілі пераправу зноў, покуль пасля вясновай паводкі ўбавілі свае воды рэчкі Палесся ды высахлі дарогі для шведскіх грувасткіх абозаў і цяжкіх гармат, Меншыкаў злучыўся ў Кіеве з Пятром I, і яны ўжо разам пачалі рыхтавацца да сустрэчы з нязваным госцем.

Пару гадоў таму нехта з гараджан убачыў з моста ў вадзе дзіўны жоўты прадмет, які аж гарэў на сонцы. Аказалася – гармата Меншыкава! Рачны пясочак адшліфаваў яе на жывое золата. У той жа дзень з ілу добраахвотнікі-вадалазы вывалаклі ажно шэсць пятроўскіх гармат!

6

Гродзенскі мост быў і пасля сведкам бурлівых перавалаў з захаду на ўсход ды з усходу на захад вялізнай колькасці цяпер ужо войск рэгулярных – польскіх, нямецкіх, шведскіх, французскіх. А ўсе яны, як саранча, пляжылі гарады і вёскі Прынёманшчыны, пакідалі калек, удоў і сірот, голад і пустэчу, гора і роспач. Хто заставаўся жывы, уцякаў у лес, забіваўся ў гушчар і з тоена чакаў, калі схлыне навала, каб зноў араць зямлю, сеяць збожа, звычкі свае ды традыцыі перадаць новым пакаленням.

Па дарозе ў Берлін, Парыж, Рым ці Пецярбург грукаталі па мосце карэты знакамітых прынцаў, пыхлівых баронаў, франтаватых графаў, выпешчаных князёў, маркізікаў ды безліч іншых тытулаваных гультаёў і абібокаў. Каб даць хоць нейкае ўяўленне аб падарожніках таго гатунку працытую радкі з дакументальнага твора свайго земляка – Ежы Путрамента:

“…Арыстакраты XVIII стагоддзя будавалі палацы, элегантна апраналіся, разбіраліся ў музыцы, мастацтве ды былі даволі начытаныя, але ж мелі надта сціплыявымогі асабістай гігіены.

Пры каралеўскім двары моднымі прыладамі былі кавадліцы са малаточкамі з шляхетнага металу, які знакамітыя госці ўжывалі да мілай таварыскай забавы: князі, князёўны, маркізы і баранесы на залатых кавадлечках таўклі адны адным вошай, што лічылася тады цалкам натуральным…”

Праязджалі па Гродзенскім мосце таксама карэты з немцамі-аканомамі, гувернанткамі-францужанкамі, італьянцамі-балетмайстрамі, спевакамі ды музыкантамі, што з перанаселенай Заходняй Еўропы ехалі ў Расію шукаць сабе кавалак хлеба. Вядома, ніхто тады і ў снах не сніў, што іхнія посныя аперэты, вычурныя па і сентыментальныя арыі, трапіўшы ў адпаведную глебу на Усходзе, будуць натхняць таленавітых мясцовых аўтараў на такія шэдэўры, што неўзабаве ўся Заходняя Еўропа будзе, як паветра, прагна чакаць твораў Чайкоўскага і Мусаргскага, за вялікія грошы хапаць ноты новай музыкі, а парыжскія імпрэсарыо гатовы будуць пасылаць аж на Гродзенскі мост засады, каб перахапіць карэты з дзівоснымі красунямі ў пуантах з Пецярбургскага балетнага.

Па Гродзенскім мосце снавалі і мадэльеры венскіх атэлье мод, што везлі рускім модніцам васковыя фігуркі з новымі фасонамі сукенак ды капялюшыкаў, чаравічак ды прычосак, паліто і накідак (часопісаў моды тады яшчэ не прыдумалі).

А ўсе гэтыя двухколкі на рысорах, шыкоўныя карэты і фаэтоны, запрэжаныя коньмі варанымі і буланымі, сівымі і каштанкамі, бурымі і … (больш назваў не памятаю, але яшчэ мой бацька пры размове пра коней адрозніваў аж 24 масці!). З эскортам маляўнічых уланаў, драгунаў і гусараў ці толькі з лакеямі ў ліўрэях на задках яны нецярпліва абганялі даўжэзныя чароды павольных ды замуленых балаголаў – яшчэ адну неапісаную старонку нашай гісторыі.

7

“Почти пригнувшись головой к ногам, обвитым бечевой, обутым в лапти, вдоль реки ползли гурьбою бурлаки…”

Гэтыя словы Някрасава, вядома, адносяцца да Волгі. Толькі ж дакладна гэтак выглядала ўсё тады і на Нёмане. Шкада, Гродзеншчына не мела ў той час свайго летапісца.

На пачатку мінулага стагоддзя, калі людзі яшчэ не ведалі ні асфальту, ні чыгункі, а Прынёманскі край патанаў у дрыкве, асноўнай транспартнай магістраллю для грузаў служыў бацька-Нёман. Па рацэ плылі бясконцыя ланцугі баржаў і суднаў купцоў, наладаваных па самыя барты (ды яшчэ з капцом) багаццем нашага краю.

“Возврат судов вверх Немана бывает не реже, чем к осени, коих тяга производится, по здешнему обычаю, людьми, но не скотом…” - сцвярджае адзін дакумент з Гродзенскага архіва.

Хто былі тыя людзі, што пакручастымі берагамі капрызнага Нёмана цягнулі бурлацкую лямку?

Прыгонныя сяляне.

Царскі ўрад выдаваў спецыяльнае “Правіла”, на аснове якога памешчыкі заходніх губерань маглі аддаваць купцам па найму сваіх мужыкоў для сплаву тавараў у Данцыг, Кёнігсберг і Торн… Памешчыкі за гэта атрымлівалі ад купцоў добрыя грошы, толькі абавязаны былі карміць ды апранаць бурлакоў.

Лёгка можна ўявіць, як брылі босыя бічавікі Гродзеншчыны, тыя прыгонныя мужыкі і бабы – дзяды і прадзеды, бабкі і прабабкі нашых бабак і дзядоў. Натужліва, высільваючыся, пнуліся яны па лагчынах, залітых клейкай цінай ды гнілой вадзіцай з жабурыннем, то зноў - па зарослых кустамі прынёманскіх стромах… І гэтак ад Балтыкі аж да Беліцы, Любчы, Шчорсаў, Стоўбцаў. Дзень у дзень і пры любым надвор’і…

Покуль для праводкі каравана разбіралі прасла Гродзенскага моста, тысячы тых няшчасных (ушчэнт змардаваных вашаёў, знясіленых, кудлатых ды панылых ад бесрасветнасці) у раёне сённяшняга піўзавода ці тонкасуконнага камбіната сушылі свае порткі, світкі і анучы, высвятлялі сямейныя непаразуменні, атрымлівалі ад аканомаў свае порцыі крупы, бульбы і рыбы ды гатавалі юшку, “шукалі” адзін у аднаго ў галаве, азіралі струпы, зводзілі парахункі, альбо, развесіўшы іконкі, горача маліліся і прасілі “госпада бога”, каб “даў здароўя ды шчасця дзецям…” Вось дзе няўмольная прырода мела раздолле спакойна тварыць сабе дарвінаўскую селекцыю віду!

Калі б масты валодалі памяццю ды маглі яшчэ і гаварыць!

8

Тавар з гарадоў у мястэчкі дастаўляла тады спецыяльная каста - балаголы. То былі збяднелыя немцы, а найбольш местачковыя яўрэі.

Пясчанымі палявымі дарогамі, ляснымі выбоістымі шляхамі і гразкімі грэблямі скрозь балоты дзень і ноч у сцюжу і гарачынь скрыпелі восямі фурманкі балаголаў. На шырокіх платформах для нашых дзядоў і прадзедаў яны везлі жалезныя пранты і сашнікі, соль і мыла, сукно і корт, плюш і бочкі з селядцамі, шоўк і бутлі з газаю, нават і няхітрыя прысмакі, а таксама - тонкае шкло і крышталь багацеям.

На тых гаротніках практыкавалі сваё рамяство пачынаючыя рабаўнікі і рэцыдывісты: кідаліся з дрэў на хрыбты іхніх коней, выбягалі да іх з нажамі ў зубах з–пад мосцікаў, рабілі завалы. Яшчэ і цяпер шэрхне на мне скура, калі ўспамінаю апавяданні старых пра тое, як ля Страшава бандыт Паўтарак, апісаны ўжо мной у рамане - былі “Вершалінскі рай”, разам з братамі Савіцкімі з Зарачанаў зарэзалі балагола Янкеля, забралі з фуры ды прыкацілі ў вёску бочку з алеем.

Што там стары Янкель!

У 1824 годзе, калі з Парыжа вяртаўся Аляксандр Першы, такія зухі за Гарадзенскім мостам не пабаяліся нават эскорту драгунаў і ад царскай карэты адрэзалі куфры (аб гэтым здарэнні можна і цяпер прачытаць у дакладной палкоўніка жандармерыі губернатару, якая ляжыць у Гродзенскім гарадскім архіве).

З моста на высачэзную кручу нёманскага берага ўзвалачы наладаваную фуру каню было нялёгка. Дапамагаючы свайму карміцелю, балагол з усяе сілы падпіхаў у задок плячом. Думаючы пра дрымучыя лясы, што чакалі яго наперадзе - Блудаўскую і Белавежскую пушчы, - чалавек падбадзёрваў сябе песняю:

Я – балагол і тыраю без адпачынку,
Але раблю карысную справу,
Но–о, мілы, вазьмі–і!..

Давай, давай, конік, бо ўжо поўная фура
кабет! –
Заразы, балбочуць, гарэзліва рагочуць,
А мяне пачынае разбіраць!..
Вё–о, саколік!

Адзін раве: “Хутчэй, бо світае!”
Лямантуе другі: “Паганяй, бо нас могуць дагнаць!”

Но–о, воўчае падла!
Но–о, халера, вязі–і!..

(падрадкоўнік з народнай песні балаголаў)

Па нашым мосце правезлі ў Сібір тысячы закаваных у кандалы катаржнікаў – былі сярод іх рэвалюцыянеры і патрыёты, былі казнакрады і зладзеі.

Нядаўна работнікі музея выявілі, што “Іскра” ў Расію трапляла на Гродзенскі вакзал?

Дзівакі-музейшчыкі! Фурманкі з пачкамі Ленінскай газеты абмінуць Гродзенскі мост не маглі аніяк, і сёння мемарыяльную дошку ставіць трэба на ім!

Калі б масты маглі гаварыць, яны паведамілі б нам болей, чым музеі ды кніжкі бібліятэк!

9

Неверагодна?

Яшчэ трыццаць пяць гадоў таму здавалася неверагодным, што ў сябе дома мы будзем спакойна назіраць, як па Месяцы шпацыруюць ды скачуць людзі. Цалкам звычайна ўзнаўляемы сёння і галасы, запісаныя кімсьці на плёнку. Для нашых жа ўнукаў, мабыць, будзе здавацца такой жа невялікай складанасцю – закласці ў бліскучы апарат замест бабіны кавалак звычайнага дрэва ды пры дапамозе той самай усемагутнай электронікі ўзнавіць галасы і падзеі, што бушавалі на працягу шасці стагоддзяў ля моста, бо гукі – той самы рух матэрыі і ён абавязкова мусіць пакінуць след у складанай сістэме малекул.

Адным словам, нашчадкі, напэўна, змогуць здабываць гукі з дрэва, і гэта будзе лічыцца нават не рэвалюцыяй у тэхніцы, а – наступным крокам прагрэсу. На жаль, бярвенні таго насцілу даўно сатлелі, а гродзенцы на пачатку стагоддзя збудавалі сабе мост каменны, які сёння завецца Старым. Шырокі. З высокай пасадкай.

Зрэшты, і Стары мост паслужыў першым на вайне.

10

Пад той час вакол Гродна нечакана разгарнулася будаўніцтва фортаў. За работу афіцэры штаба плацілі чыстым золатам, таму цераз мост адразу пацягнуліся тысячы сялянскіх фурманак з цэглай, цэментам, пяском, жалезам, вайсковым скарбам ды абсталяваннем для даўжэзных казематаў.

Усё было дарэмна.

Летам 1915 года, выходзячы з акружэння, рускія войскі гэтыя самыя новенькія фарты, з якіх па ворагу ніхто так ні разу і не стрэліў, узарвалі. Іх змрочныя тунелі, казематы, калодзежы ды вялізныя глыбы бетону з цэленькімі гнёздамі для гармат, кулямётаў, НП, напэўна, будуць прыцягваць да сябе, як магнітам, не адно яшчэ пакаленне мясцовых хлапчукоў.

Пры адступленні рускія войскі заадно ўзарвалі і адзін пралёт Старога моста.

З гэтага моманту ў Гродне праз пяць гадоў пяць раз мянялася ўлада. А колькі пры гэтым разоў узрывалі сцэпленыя “на жывую” пралёты моста, цяпер і не ўдакладніш. Адно пэўна: калі ў чэрвені 1920 года Гай цераз Гродна вёў на Захад сваю конніцу, яго праслаўленым эскадронам давялося фарсіраваць раку ўброд.

11

Для людзей майго пакалення, каб узгадніць, як жылося вяскоўцам, што трапілі ў горад пры буржуазнай Польшчы, маглі нагадаць апавяданні беспрацоўных, што начавалі пад мостам: “А што? Над галавой не капае. Куртка пад бокам. Каб галава не мокла, скразнячок прадзімае. І ўсё. Дзе ты лепшае месца знойдзеш?!.”

У першыя дні Вялікай Айчыннай вайны па адзінай гарадской пераправе ў паніцы ішлі на ўход бежанцы. Паводле апісання старажылаў, суцэльную людскую плынь на мосце пакарана расстрэльвалі з бартавых кулямётаў і гармат антрапоіды люфтвафэ.

Мацярок агортваў такі жах, што бедныя, ратуючыся ад “месераў”, хапалі дзяцей, унукаў ды цераз поруцні сігалі ў ваду ў схованку…

І каменні моста нічога не расказваюць.

Нядаўна мне давялося пазнаёміцца з кнігай амерыканца Рэманда Талівера, выдадзенай у Лондане. Аўтар на поўным сур’ёзе апісаў якімі рыцарамі былі нямецкія асы. Калі збівалі самалёт праціўніка, нават сачылі, каб лётчык шчасліва апусціўся ды цэлы ступіў на зямлю, а саслужыўцу, хто нават памылкова абстраляў пасажырскі цягнік, сябры выносілі суровае пакаранне.

Прачытаў я – і дзіву даўся: ну, проста анёлы, а не фашысты-люфтвафаўцы.

На жаль, перыяд таго страшнага забойства некаторыя нават і нашы літаратары ды асабліва кінадраматургі пачалі ўжо ўпрыгожваць славеснымі кветачкамі ды карціннасцю, прытупляць у нас агіду да фашызму, да заваёўнікаў і войнаў, пасяляючы ў душах людзей, як слушна выказаўся ў адным тэлеінтэрв’ю мой аднакурснік па Вышэйшых літаратурных курсах Вікрар Астаф’еў, злачынную забыўчывасць, а ў моладзі – бяспецную дабрадушнасць. Такім для ацверажэння было б вельмі карысна прыехаць у Гродна, прыйсці на той мост, зірнуць уніз цераз тыя самыя поручні і ўбачыць бурлівую нёманскую плынь, уявіць сабе лямант, віск, крыкі і страляніну ды паспытаць хоць частку таго жаху, які выпала перажыць у першыя дні вайны няшчасным кабетам ды бабулям, іх дзеткам і ўнукам, ды адчуць спазму ў горле…

Нібыта помсцячы гітлераўцам за іх зверствы, лёс сурова пакараў іх на гэтай жа пераправе. Улетку 1944 года нямецкія сапёры ўзарвалі пралёт моста, калі на ўсходнім беразе заставаліся яшчэ значныя часці вермахта ды ляжала невывезенае вайсковае дабро. Гітлераўцаў даволі лёгка знішчылі чырвонаармейцы, а ў раёне нафтабазы ад агню байцы паспелі ўратаваць чатыры (з шасці) склады вермахта.

12

Калі б масты маглі гаварыць, то наш, гродзенскі, абавязкова засведчыў бы яшчэ і пра тысячы гаротнікаў, што ў суровыя пасляваенныя гады, разбітымі на франтавых дарогах палутаркамі везлі праз яго вузлы агрэгатаў для цукрабуда і тонкасуконнага камбіната, пералічыў бы мноства падвод, у якія былі запрэжаны лядашчыя конікі, што цягнулі цэмент з Росі, цэглу з Ваўкавыска, бярвенні з Кадыша, небагатыя абозы са збожжам з толькі што арганізаваных калгасаў. Ды абавязкова нагадаў бы жалобныя падводы з целамі актывістаў, забітых бандытамі ля Сапоцкіна, Зэльвы, Навагрудка…

Масты маўчаць, бы нямкі.

Але паміж людзьмі існуе святы, запаветны, вялікі ды адвечны закон, паводле якога нічога на свеце не прападае, бо застаецца ў дакументах, успамінах, звычках, паданнях, легендах, сэрцах і генах. Цяпер, калі горшае мінула, частка народнага прадукту з Гродна ідзе праз сучасныя масты горада ў Польшчу, Германію, Францыю ды нават у чапурыстую Англію, бо навядзенне мастоў паміж людзьмі, паміж жыццём, праўдай і прагрэсам на шляху да мэты – асноўны сэнс чалавечага існавання і ягонай дзейнасці.

Масты даўно ўжо не палохаюць людзей, не прыносяць гора, а сталі для іх неабходнымі.

Масты цяпер, як мала што іншае, людзей яднаюць!

У суровай барацьбе і цяжкай працы пакаленняў нашае Гродна неўзабаве пасля вайны дасягнула рубяжа сталасці, выйшла ў разрад стотысячнікаў, а цяпер рыхтуецца стаць горадам з насельніцтвам у чвэтць мільёна.

Шматлікім і непаседлівым гродзенцам, бурліваму гарадскому будаўніцтву і транспарту патрэбны былі новыя пераправы, таму неяк зусім незаўважна стаў для нас звыклым і мост Новы, перакінуты цераз Нёман дакладна ў тым самым месцы, дзе ў летку 1920 года перапраўляўся ўброд Гай са сваёй праслаўленай конніцай.

Кажуць, самая прыгожая форма ў моста, калі ён мае самую дасканалую і сучасную канструкцыю. Такім мы ўпершыню ўбачылі Новы мост.

Такім ў нас будуць і наступныя.

Бо народ наш праз нягоды і бяду дасягнуў тытанічнага ўзроўню, вартага касмічнай эры. Але палёт касмічных караблёў толькі працягвае імклівы шлях той самай стралы, што запусціў з лука ў нябёсы наш прашчур у зубрынай накідцы, прачарціўшы парабалу, як мост паміж мінулым і сучасным.

З гісторыі гродзенскага маста, 1392-1944. Эсэ
"Беларусь", 1983, №2, с. 22-25.

Scroll to top