13 мая тапанімічная камісія пры Гродзенскім гарвыканкаме прыняла рашэнне аб перайменаванні некаторых вуліц у новадалучаных раёнах горада

У сувязі з тым, што некаторы час таму да Горадні былі далучаны навакольныя вёскі, паўстала пытанне аб наданні назваў вуліцам у гэтых вёсках, тым больш, што некаторыя назвы дублююцца з назвамі ў горадзе. У выніку, разгледзеўшы прапанаваны спіс, камісія прыняла шэраг рашэнняў аб наданні новых назваў. Такім чынам на гарадскіх ускраінах з’явяцца вуліцы ў гонар гарадзенскага кампазітара Шыдлоўскага, камандзіра 3-га кавалерыйскага корпуса Аслікоўскага, героя СССР Бажоры.

У ходзе паседжання камісіі далося заўважыць тэндэнцыю, што гарадскія ўлады баяцца даваць гарадскім вуліцам назвы ў гонар лепшых людзей нашай краіны, жыццё якіх было звязана з нашым горадам – Аляксея Карпюка, Васіля Быкава, Міхася Ткачова. Так катэгарычна была адкінута прапанова назваць вуліцу ў вёсцы Кульбакі ў гонар ксяндза Уладыслава Талочкі, знакамітага беларускага святара, філосафа, сябра Ю. Ядкоўскага. А між тым акурат у Кульбаках нарадзіўся бацька святара, там дасюль жывуць яго сваякі.

Тым не менш у горадзе хутка з’явіцца вуліца ў гонар выдатнага гарадзенскага кампазітара, патрыёта Беларусі і Горадні Аляксандра Канстанцінавіча Шыдлоўскага.

Аб яго жыцці чытайце тут

Тое, што Горадня атрымала назву вуліцы імя Шыдлоўскага, можна расцэньваць як добры знак. Грамадскасць горада павінна прыкласці ўсе высілкі дзеля таго, каб хутка ў Горадні з’явіліся вуліцы Аляксея Карпюка, Міхася Ткачова, Васіля Быкава, Апанаса Цыхуна!

Гэтая справа толькі ў нашых руках. Пішыце гарадскім уладам! Выказвайцеся гучна, патрабуйце!

Scroll to top