Скуры забітых жывёлаў былі самым першым матэрыялам, які пачаў выкарыстоўвацца чалавекам для таго, каб захінуцца ад холаду. Напрыклад скурамі мамантаў многа тысяч гадоў таму накрывалі свае жытлы першыя жыхары Беларусі. З часам людзі навучыліся вырабляць тканіны, але патрэба ў скурах не зменшылася, паколькі самым важным спадарожнікам чалавека стаў конь, а для каня трэба было зрабіць вельмі шмат скураной вупражы.

Без вупражы ані гараць канём, ані запрэгчы яго ў плуг, ані ездзіць верхам не было ніякай магчымасці. 

Кажамяка, Дубатоўка, Гарбар, Рымарчук, Кушнер – калі нехта з гродзенцаў мае такое прозвішча, значыць ягоныя продкі працавалі са скурай. Цудоўны мастак Ганс Адэльгаўзер пакінуў для нас аўтэнтычную выяву гродзенскіх гарбароў XVI cт. Разлажыўшы скуры на спецыяльных станках, гарбары ачышчаюць іх, змываючы адходы проста ў Нёман. Побач яшчэ сушацца некалькі скур. Але зняўшы скуру з жывёлы адразу пасля забою пачысціць яе ад поўсці і рэштак мяса і тлушчу нельга. Спачатку скуры каля двух тыдняў вымочвалі ў так званых зольных ямах, дзе была наліта вада з дадаткам вапны. Толькі пасля скуры чысцілі, выкарыстоўваючы спецыяльныя скрабалы. 

Але і гэта быў не канец. Скуры трэба было выдубіць – зрабіць яе адначасова мягкай, вадастойкай і трывалай. У даўнія часы для дублення выкарыстоваўлі “чарнільныя” арэшкі, якія нарасталі на дубовым лісці калі дрэва было заражана паразітамі. Стуль і назва дубленне і спецыялісты-дубатоўкі. Але былі і больш танныя спосабы. Напрыклад ачышчаную скуру апускалі ў ёмістасці, дзе падагрэтая вада была настоена на… сабачых фекаліях. Мы нават ведаем “рэцэпт”, калі на 100 цялячых скур трэба было замяшаць у вадзе і даць тыдзень настаяцца 20-25 кілаграмам сабачых фекалій. Таму ў Сярэднявеччы тое была досыць каштоўная сыравіна і адыходамі жыццядзейнасці нашых меншых братоў ніхто так як цяпер не раскідваўся. 

Гарбары мелі ўласныя цэхі пачынаючы з XVI ст. і заўсёды былі людзі паважанымі. Але і ў той час, і праз трыста гадоў іх працу аніяк нельга было назваць лёгкай. У пастаяннай сырасці, з рукамі, раз’едзенымі вапнай, часта наогул па калена ў вадзе, у прадуваемых ветрам памяшканнях каля чанаў або ям, дзе вымакалі або дубіліся скуры, рабілі яны сваю працу. 

У пачатку ХХ ст. праца гарбароў крыху спрасцілася. Пачалі выкарыстоўвацца спецыяльныя барабаны для пачатковай апрацоўкі скур, з’явіліся больш эфектыўныя хімікаты, спецыяльныя сушыльні. Але па-ранейшаму работа гарбароў працягвала заствацца вельмі цяжкай. У пачатку 1920-х гг. гарбарная вытворчасць была засяроджана ў трох месцах. Найперш гэта быў раён вуліц Ерусалімскай і Парахавой (цяпер Антонава і Захарава). Тут працавалі фабрыкі “Альбaркос”, “Язерскі і К” і вытворчасць Пінскага, Гарбера і Левіна. Яшчэ адна ўстанова была зарэгістравана на вуліцы Горнай, 41 і мела назву “Браты Мардхелевіч і А. Хілеўскі”. Але фактычна гарбарня знаходзілася на вуліцы Вапнавай, якая цяпер носіць назву вуліца Зярнова. Пазней адрас змяніўся. У 1930-х гг. гарбарная фабрыка “Апола” на вуліцы Вапнавай, 1 належала Лазару Кагану. На прадпрыемстве працавалі ад 80 да 130 рабочых і выпускаліся самыя розныя скуры. У савецкі час гэта быў скураны завод № 5, які пакуль яшчэ працягвае працаваць як рэспубліканскае ўнітарнае прадпрыемства ў межах канцэрна “Беллегпрам”.

 

 

 

 

 

 

 

 

 

 

 

 

 

 

 

 

Гарбарня Касоўскага на вуліцы Гарнавых

Апрача гэтых, існавала яшчэ адна гарбарня ў занёманскай частцы горада. Яна была ўзведзена ў 1924 г. гродзенскім прадпрымальнікам А. Касоўскім. У тыя часы яна была перадавым прадпрыемствам з уласным генератарам электрычнасці і сучасным абсталяваннем для апрацоўкі скур – кадзямі для вымочвання, жорнамі для размолу дубовай кары, уласнай артэзіянскай скважынай. На прадпрыемстве за тыдзень апрацоўвалася да тысячы скур, быў уведзены васьмігадзінны працоўны дзень, функцыянавала сталоўка для рабочых. Скуры, што вырабляліся на фабрыцы, лічыліся аднымі з найлепшых у Польшчы, а фірма А. Касоўскага (пазней належала Файнбергу, Любашынскаму і Раўшу і мела назву “Фалюра”) прыносіла гораду да 50 тыс. злотых падаткаў у год. У савецкі час завод меў № 4, на ім апрацоўвалі грубыя скуры. Зачынены з пачатку 2000-х гг., знаходзіцца пад пагрозай разбурэння, што выклікае шкадаванне, бо будынак капітальны і мог быць вельмі добра прыстасаваны для гаспадарчых патрэб горада. 

Чытай таксама: Што мы можам страціць і што варта захаваць

Scroll to top
Website Security Test