У снежні 2012 года Гродна адзначыў маленькі, аднак вельмі важны юбілей. Гэта быў юбілей... электрычнай лямпачкі. Сто гадоў таму на вуліцах горада, у розных установах і дамах звычайных гродзенцаў запалілася электрычнае святло.
Газавая (керасінавая) лямпа, якая хоць і сустракалася на Гродзеншчыне яшчэ нават у сярэдзіне XX стагоддзя, з таго часу ўжо належала да мінулага.
З’яўленне электрычнай лямпачкі ў Гродне было б немагчымым без электрастанцыі. Між іншым, у канцы XIX стагоддзя попыт на электрычную энергію быў у нашым горадзе досыць значны. Бо Гродна было губернскім горадам, у ім жыло больш за 46 тысяч чалавек (1897 год), стаяў магутны расійскі гарнізон (ад 11 да 15 тысяч салдат), існавала некалькі значных прамысловых прадпрыемстваў. Вельмі актуальнай таксама была праблема асвятлення вуліц. У 1860 годзе на вуліцах свяцілася толькі 150 спіртавых ліхтароў і праз паўстагоддзя гадоў сітуацыя мала змянілася. З надыходам вячэрняга змроку горад акунаўся ў цемру.
Яшчэ 16 лістапада 1898 года Гродзенская гарадская Дума стварыла спецыяльную камісію, якая павінна была вырашыць пытанне будаўніцтва першай гродзенскай электрастанцыі. У 1899 годзе гэта камісія ў супрацоўніцтве з інжынерам Гушчам разпрацавала праект пабудовы электрастанцыі і сфармулявала змест дамовы з прыватным прадпрыемствам аб прызначэнні канцэсіі на яе будаўніцтва. Разпрацоўваючы свой праект, камісія актыўна карысталася вопытам першых гадоў існавання электрастанцыі ў Мінску, пабудаванай у 1895 годзе па ініцыятыве старшыні Мінскай гарадской Думы графа Караля Чапскага. Аднак па дакладна невядомых прычынах будаўніцтва электрастанцыі ў Гродне было адтэрмінавана ажно на дзесяць гадоў.
У канцы першага дзесяцігоддзя XX стагоддзя ўласныя электрастанцыі былі ў Мінску, Вільні, Магілёве, Віцебску, не кажучы ўжо пра большыя гарады цэнтральнай Расіі ці Каралеўства Польскага. Таму няма нічога дзіўнага ў тым, што ініцыятывы будаўніцтва гарадской электрастанцыі траплялі ў гарадскую Думу ад самых гродзенцаў. Так у 1909 годзе інжынеры В. Бук і А. Дзержаноўскі, а таксама купец В. Іонес клапаціліся пра прызначэнне ім канцэсіі на будаўніцтва электрастанцыі. Кіраўніцтва горада такой канцэсіі ім не прадставіла, але ў сакавіку 1909 года стварыла новую камісію, якая павінна была дакладна даследаваць патрэбы горада ў электрычным току.
Цяпер гэта можа паказацца дзіўным, але спачатку ў горадзе не было аж так многа жадаючых стаць абанентамі электрастанцыі. Камісія знайшла толькі 116 гродзенцаў, якія жадалі мець у сваіх дамах, гатэлях і офісах каля 4500 электрычных лямпачак. Гэтага было замала, каб гарантаваць электрастанцыі прыбытак, аднак будаўніцтва пачалося і 12 снежня (25 снежня па новым стылі) 1912 года электрастанцыя на вуліцы Аляксандраўскай (цяпер Будзёнага) падала на горад першы ток. Два рухавіка сістэмы Дызеля былі ў стане даць ток для 120 вулічных электрычных ліхтароў горада і 8000 лямпачак для абанентаў. Асвятленне вуліц горада – Мураўёўскай (цяпер Ажэшкі), Саборнай (Савецкай), Замкавай а таксама галоўных плошчаў стала найлепшай рэкламай электрычнасці, а адзін з аўтараў беластоцкай газеты ў сувязі з гэтым напісаў нават наступны верш:
Jak to pięknie, jak to ładnie:
Koło tyki stoi tyka,
A na tykach, gdy noc spadnie –
W szklanych bombach elektryka .1
За год дзеяння электрастанцыі колькасць абанентаў узрасла да пяцісот, а ўлады былі вымушаны ўсталяваць яшчэ два рухавіка Дызеля (пасля гэтага магутнасць электрастанцыі ўзрасла да 405 КВт). Нават разглядалася магчымасць будаўніцтва трамвайнай лініі ад чыгуначнага вакзала да параходнай прыстані на Нёмане. На жаль, гэты план ніколі не быў рэалізаваны.
У гады Першай сусветнай вайны электрастанцыя панесла значныя страты. Расійская армія, адыходзячы з горада, узарвала адзін з рухавікоў, у сваю чаргу немцы дэмантавалі ўсе дэталі, зробленыя з медзі і так актыўна карысталіся абсталяваннем, што праз некалькі гадоў электрастанцыя магла абслужыць толькі армейскія арганізацыі. Гродзенцы зноў дасталі са сваіх куфраў керасінавыя лямпы. У 1919 годзе электрастанцыю пераняла польская ўлада. Але бюджэт горада быў яшчэ надта бедны і толькі ў кастрычніку 1922 года быў узяты крэдыт у памеры 75450 шведскіх кронаў і набыты ў фірме Атлас Дізель новы рухавік. У студзені 1923 года скончылі новы будынак электрастанцыі, злучаны са старым. А са Швецыі прывезлі часткі новага рухавіка. Гэта дало магчымасць ужо праз год пераўзысці перадваенную колькасць электрычных лямпачак і абанентаў. На электрастанцыі тады працавала каля трыццаці чалавек, яна была хіба што найважнейшым прадпрыемствам у Гродне і яе працаўнікі былі ў ліку найлепей аплачваемых рабочых горада.
У 1928 – 1932 гадах была праведзена сур’ёзная рэканструкцыя электрастанцыі. Тут усталявалі дзве паравыя турбіны фірмы “Сталь” і некалькі катлоў, вада ў якіх награвалася пры дапамозе каменнага вугля, прывозімага з цэнтральных ваяводстваў Польшчы. Для новых тэхнічных сістэм пабудавалі турбінную залу. Цікава, што электрастанцыя пасля рэканструкцыі магла даваць току нават у два разы больш за рэальную патрэбу цэлага горада. У 1928 годзе былі пабудаваны таксама чатыры падстанцыі – дзве за Нёманам, адна на вуліцы Ерусалімскай і адна на плошчы Баторыя. У 1933 г. пабудавалі пятую падстанцыю каля магістрату, шостую ў 1936 г. на вул. Нарутовіча, сёмую ў 1937 г. на вуліцы Рыдза-Сміглага. Гродзенская электрастанцыя забесяпечвала электрычнасцю не толькі горад, але і Фолюш, Панямунь, Чэхаўшчызну. У канцы 1920-х – першай палове 1930-х гг. да току былі падключаны млын Ашэра Касоўскага, тытунёвая фабрыка і гарадскі вадаправод. У 1937 годзе горад урачыста адзначаў 25-годдзе электрастанцыі. Быў арганізаваны святочны вечар, рабочым сур’ёзна павялічылі пенсію і спецыяльна адзначылі.
Попыт на электрычнасць пастаянна павялічваўся, аднак нават у 1939 г. было забяспечана электрычнасцю толькі 52 % жылых кватэр горада. Добра разумеючы той факт, што праз нейкі час існуючага запасу прадукцыйнасці электрастанцыі ўжо не хопіць, гарадскі магістрат рашыўся на новую рэканструкцыю прадпрыемства. У 1939 годзе былі падпісаны дамовы з фірмай “Бабкоў-Зелянеўскі” ў Сасноўцы пра закупку новага паравога катла, і са шведскай фірмай “Сталь” пра набыццё новай вельмі прадукцыйнай турбіны.
Планавалася будаўніцтва новых падстанцый, напрыклад у раёне гарбарнага завода, паколькі жыхары навакольных вуліц скардзіліся на перапады электранапругі. Існаваў нават праект пабудовы гідраэлектрастанцыі на Нёмане, для чаго наш горад нават наведала спецыльяная камісія. Меркавалася, што энергетычныя рэсурсы Нёмана, Дзвіны і Віліі дазволяць з часам забяспечыць не толькі наш рэгіён, але і даць лішак энергіі ў цэнтральныя ваяводствы тагачаснай Польшчы. Праўда нават самыя аптымістычныя прагнозы прадугледжвалі рэалізацыю гэтых планаў толькі каля 1975 года.
Пачатак Другой сусветнай вайны не даў магчымасці рэалізаваць гэтыя планы. Новая, ужо савецкая ўлада горада таксама планавала значную рэканструкцыю электрастанцыі. Гэта было звязана з сур’ёзным ростам попыту на электрычную энергію з боку розных дзяржаўных устаноў і, у першую чаргу, механізіраваных частак арміі, якіх у горадзе стаяла вельмі шмат. У 1940 годзе быў расправаны праект рэканструкцыі электрастанцыі. Паравыя катлы павінны былі разагравацца пры дапамозе торфу, паліва планавалася падаваць у катлы механічным шляхам. Напад нацысцкай Германіі на СССР перакрэсліў гэтыя планы.
Пакідаючы Гродна ў 1944 годзе, нямецкія войскі моцна панішчылі электрастанцыю. Толькі ахвярная праца гродзенцаў, у тым ліку студэнтаў гродзенскага педінстытута, сярод якіх быў будучы вядомы пісьменнік Аляксей Карпюк, дала магчымасць за кароткі час узнавіць нармальную працу электрастанцыі.
У канцы XX стагоддзя старая гарадская электрастанцыя страціла сваё прамысловае значэнне. Нават у найменшай ступені яна не магла забяспечыць патрэбы вялікага 300-тысячнага горада з прамысловасцю, пабудаванай у савецкія гады. Аднак захаваць стары арыгінальны будынак электрастанцыі несумненна было варта. Можна было б “пачысціць” яго ад пасляваенных надбудоваў, падкрэсліць цікавыя архітэктурныя дэталі і пабудаваць каля яго нешта вельмі моднае, са шкла і бетона, з сучасным выглядам і камфортам. Ідэя такой перабудовы электрастанцыі была прывабнай яшчэ і таму што гэта дало б дадатковую магчымасць “гістарызаваць” Студэнцкую вуліцу, адну з найпрыгажэйшых вуліц горада.
На стыку вуліц Студэнцкай і Будзёнага недалёка ад чыгуначнага вакзала мог бы паўстаць цікавы офісны комплекс ці гандлёвая зала адначасова сучасная і сваёй старой часткай гарманічна паяднаная з каштоўнымі дамкамі на гэтых вуліцах. Трэба было толькі сур’ёзна памеркаваць, але “няма будынка – няма праблемы”. У 2009 годзе усе будынкі старой гарадской электрастанцыі цалкам зруйнавалі.
На жаль, мы недаацанілі значэнне гэтага будынка. Але што тут гаварыць пра гродзенскую электрастанцыю, якая нават не была ўнесена ў спіс архітэктурных помнікаў, калі ў сакавіку 2011 года ў Мінску зруйнавалі самую старую ў Беларусі электрастанцыю графа Караля Чапскага. Яна ж была прызнана міністэрствам культуры Беларусі помнікам прамысловай архітэктуры, а фотаздымак гэтага прыгожага неагатычнага будынка можна было сустрэць у кожным турыстычным пуцяводніку па Мінску. На месцы мінскай электрастанцыі паўстане гатэль, а архітэктары прысягаюць, што будынак электрастанцыі будзе “адноўлены” недзе непадалёку. Аднак няма сумніву, што ён ужо не будзе мець нічога агульнага з сапраўднай гісторыяй. Хіба што яшчэ ніхто не ведае, што будзе на месцы старой электрастанцыі ў Гродне, але напэўна ўжо нічога не будзе тут напамінаць пра першую гродзенскую электрычную лямпачку.
1. Як гэта прыгожа і цудоўна / Каля тычкі стаіць тычка / А на тычках, калі прыйдзе ноч / У шкляных шарыках – электрычнасць. Назад да тэкста
-
Катэгорыя: Расійская імперыя
-
Апублікавана 30 Кастрычнік 2013
Апошняе
- Гродненский военный лагерь 1705 – 1706 гг.
- Первое упоминание про Городен - 1127 год
- НА ПРАВАХ МАГДЭБУРГА
- ГАРАДЗЕНСКАЕ КНЯСТВА (ПАЧАТАК ГІСТОРЫІ)
- ІМЯ ГОРАДА
- Тайны семейной усыпальницы
- Андрэй Чарнякевіч Айцы горада: кіраўнікі гродзенскага магістрата ў міжваенны час і іх лёсы 1919–1939 гг.
- Старая Лента. Гродненский синематограф: забытые страницы
- В аренду предводителю дворянства или история дома на ул. Академической