Гродзенскі дзяржаўны гісторыка-археалагічны музей, адна з самых старых музейных установаў рэспублікі, у 2020 г. будзе святкаваць сваё стагоддзе. Сёння музей, размешчаны адразу ў двух гродзенскіх каралеўскіх замках, фонды яго налічваюць каля 200 тысяч адзінак захоўвання, самыя каштоўныя з якіх прадстаўлены ў экспазіцыйных залах.


Асноўная экспазіцыя музея размешчана ў гродзенскім Старым Замку і з’яўляецца прыкладам традыцыйнай музейнай экспазіцыі – у прахалодзе і цішы музейных залаў можна пабачыць шыкоўныя археалагічныя знаходкі, старажытную зброю, манетныя клады, прадметы дэкаратыўна-прыкладнога значэння. Сёння музей чакае перамен і, не выключана, што ў бліжэйшыя гады будзе зачынены на досыць доўгі рамонт-рэстаўрацыю. Таму запрашаем усіх гасцей горада – не абінайце аднаго стары музей, ён падорыць вам сустрэчу з сапраўдным мінулым. Кожны экспанат – гэта эпоха, людзі, гэта набор сімвалаў, які мы рупліва перахоўваем, каб перадаць наступным пакаленням. Раскажам пра некалькі з іх.
Значная частка экспазіцыі прысвечана дзейнасці гродзенскіх рамесніцкіх цэхаў. Тут і рыба са сцяны дома цэха рыбакоў, які да 1970-х гг. стаяў на Замкавай вуліцы, і харугва млынарскага цэха (экспанат асабліва каштоўны, бо са сваёй харугвай рамеснікі абавязкова ўдзельнічалі ў гарадскіх урачыстасцях і рэлігійных святах). Але найбольш увагі прыцягвае да сябе вялікая каваная скрыня – ляда, зробленая ў Гродне ў 1797 годзе. У такіх скрынях захоўваліся грошы цэха, сімвалы ўлады цэхмайстра і каралеўскія прывілеі. Унікальны унутраны замочны механізм скрыні працуе дасюль і можа быць прыведзены ў дзеянне толькі двума ключамі адначасова (замочныя адтуліны ёсць у вечцы скрыні і ў бакавой сценцы). Ключы ад скрыні звычайна захоўваліся ў двух цэхавых майстроў і толькі разам яны маглі яе адчыніць. Можна было павесіць і два дадатковыя навясныя замкі. Цяперашнія наведвальнікі музея падоўгу разглядаюць замочны механізм скрыні, але дзвесце гадоў таму ён быў прыкрыты быццам карункавай каванай рашоткай з выявамі анёлаў.
Не менш цікавая за знешні выгляд скрыні і гісторыя абставін, дзякуючы якім яна трапіла ў музей. У канцы ХІХ ст. рамесныя цэхі па Расійскай імперыі аджывалі сваё. На змену ім прыходзілі вялікія капіталістычныя прадпрыемствы, уласнікі якіх прымушалі рабочых працаваць па 12 і нават па 14 гадзін у суткі. Аднак у 1892 г. настаўнік-сацыяліст С. Гажанскі раскапаў у “Зводзе Законаў Расійскай Імперыі” указ імператрыцы Кацярыны ІІ ад 1785 г., дзе было напісана, што рамеснікі ў павінны працаваць ад “6 гадзін раніцы да 6 гадзін вечара” з двухгадзінным перапынкам на абед. Выходзіла, рабочы дзень павінен быў працягвацца максімум дзесяць гадзін. Вось так не адмненены ўказ стогадовай даўніны, сэнс якога быў у тым, каб не дазволіць рамеснікам вырабляць зашмат прадукцыі, стаў юрыдычнай падставай, каб выратавацца ад засілля капіталістаў.

 

 

 

 


    Царскія ўлады адрэагавалі досыць хутка і пачалі афіцыйную ліквідацыю цэхаў. Віленскі генерал-губернатар у сакавіку 1893 г. ліквідаваў цэхі і ўвёў у Вільне, Коўне, Гродне і Беластоку “спрошчаныя рамесленыя правілы”. Кіраўнікоў цэхаў загадвалі здаць пячаткі і каралеўскія прывілеі. Трэба было здаць і чыста сімвалічныя рэчы – цэхавыя скрыні-скарбцы і таблічкі з выявай прыладаў працы цэха. Такія таблічкі на ланцугу вешаў на сябе падчас святаў цэхмайстар. Большасць цэхавых атрыбутаў былі здадзены іх уласнікамі ўладам або былі прымусова канфіскаваны, аднак некаторыя патрыятычна настроеныя цэхмайстры пахавалі каштоўныя рэчы на гарышчах гродзенскіх камяніц.
    Толькі ў сярэдзіне 20-х гг. ХХ ст., калі паўстаў Гродзенскі музей, гэтыя рэчы пачалі вандраваць у музейныя сховішчы. Нашчадкі цэхмістра злучанага цэха ганчароў, муляроў, бандароў і цесляроў Сымон і Міхаліна Навіцкія перадалі Юзафу Ядкоўскаму гэтую скрыню разам з пергаміннымі прывілеямі каралёў Яна ІІІ Сабескага і Аўгуста ІІ Моцнага і цэхавымі сімваламі.

 

 


    Сёння ў экспазіцыях беларускіх музеяў можна пабачыць яшчэ толькі адну падобнага кшталту і ўзроўню выканання скрыню. Яна захоўваецца ў Мірскім замку, але таксама паходзіць з Гродна, дакладней з недалёкага ад нашага горада маёнтка Гожа. Гэта скрыня, вырабленая ў 1710-х гг., таксама трапіла ў Гродзенскі музей у міжваенны час, але пасля вайны яе перадалі ў адзін са сталічных музеяў.
    Яшчэ адзін прадмет з той эпохі – сонечны гадзіннік, выкананы Янам Ігнатам Манувірам. Ян Ігнат Манувір – адна з найменш вядомых асобаў беларускай гісторыі, вывучэнне жыцця якога яшчэ толькі пачынаецца. З 1784 г. Я.І. Манувір быў каморнікам Вялікага княства Літоўскага, насіў тытул геаметра Яго Каралеўскай Міласці. У музеях Беларусі (Мінск, Гродна), Літвы і Польшчы захаваліся 7 сонечных гадзіннікаў Манувіра, вырабленых па заказу высопастаўленых асобаў Рэчы Паспалітай - рэчыцкага старасты Альбрыхта Радзівіла (1776), мінскага абознага Францішка Аборскага (1777), надворнага падкаморыя Францішка Валадковіча (1781), ашмянскага крайчага, бабінавіцкага маршалка Тадэвуша Бучынскага (1781), Ігнацыя Мараўскага і яго жонкі Тэафіліі Канстанцыі з Радзівілаў (1785). Гадзіннікі вырабляліся Манувірам са свінцу, латуні, волава, некаторыя экзэмпляры былі распісаны і вызалачаны. У 1782 г. Манувір паднёс каралю. Станіславу Аўгусту Панятоўскаму сваю працу па вымярэнні часу па сонцу.

 

 


Наш гадзіннік трапіў у музей у даваенныя гады, але быў узяты на ўлік у 1953 годзе. Крайчы Аршанскі Тадэвуш Бучынскі згадваецца ў гербоўніку Каспара Нясецкага як адзін з прадстаўнікоў шляхты, які ў пачатку 1760-х гг. быў запісаны на выбары караля Польшчы Станіслава Аўгуста Панятоўскага. Бучынскія паходзілі з Кракаўшчыны і мелі герб Стрэмя. Згаданая на гадзінніку мясцовасць Бабінова магчыма называецца сёння Бабіна і знаходзіцца ў Смаленскай вобласці Расійскай Федэрацыі. У часы Рэчы Паспалітай там існавала Бабінаўская воласць.
Гадзіннік з нашага музея складаецца з квадратнай пласціны і гномана, які прымацаваны да пласціны дротам. Гадзіннік вешаўся на вертыкальную паверхню, таму па краях у ім чатыры невялікія адтуліны. У цэнтры пласціны выява цыферблата, які мае форму сімвалічнага стрэмя - гербу Бучынскіх. Над выявай стрэмя карона з верхняй часткай гербавога шчыта. Тэкст падзелены на тры часткі і складае невялікі панегірык:
Slawne Mestwo BUCZYNSKICH z Strzemia tryumfuje, Dowod jasny gdy samo w herbie im holduje
W tym kompasowym strzemiu kwadranse godziny, niechaj skaza KRAYCZEMU sukcesow nowiny
Masz wiec zaszczyt Oyczyzno kiedy z twojej ziemie tak przeslawnych rycerzow zawielbia sie Plemie
Ніжэй змешчана інфармацыя пра крайчага Аршанскага Тадэвуша Бучынскага і дата "MDCCLVVVVIIIIIIIIIII", якую можна прачытаць як "1781 год".
Па краях пласціны змешчаны табліцы з дадатковай інфармацыяй - аб планетах сонечнай сістэмы, адлегласці да іх і іх руху, якія былі складзены астраномам Ціха Браге ў XVII стагоддзі.
Зусім недалёка ад гадзінніка ў спецыяльнай вітрыне знаходзяцца два крэслы, якія з’яўляюцца самымі старымі прадметамі мэблі, што ўпрыгожвалі гродзенскія каралеўскія замкі ў XVIII ст.

 

 

 


Крэсла маюць традыцыйную форму (спінка, сядзенне і чатыры ножкі без падлакотнікаў). Верхняя частка спінкі дэкаратыўная, ўяўляе сабой выкананы ў тэхніцы разьбы арнамент, які накшталт франтона завяршае крэсла. З правага і левага боку арнамента размяшчаюцца два С-падобныя завіткі ў выглядзе загнутых лісцікаў аканта. Паміж завіткамі ў цэнтры выява каралеўскай геральдычнай кароны, ніжэй – моцна стылізаваная выява створкі ракавіны. Асноўную частку спінкі складаюць дзве разныя дошчачкі у цэнтры і два тачоныя фігурныя круглыя ў сячэнні брускі, якія па вертыкалі злучаюць ножкі і сядзенне крэсла з верхняй дэкаратыўнай часткай спінкі.
Сядзенне трапецыяпадобнай формы, звужаецца ў накірунку да спінкі крэсла. Само сядзенне набіта конскім воласам і абцягнута тонкай добра вырабленай, хутчэй за ўсё цялячай, скурай чорнага колеру. Скура прымацавана да каркаса крэсла дэкаратыўнымі цвічкамі з вялікімі плешкамі. Ніжняя аснова сядзення з тканіны і моцных тканых льняных палосаў.
Пярэднія ножкі тачоныя фігурныя, выкананы ў форме птушыных лап. Перамычка паміж пярэднімі ножкамі амаль дакладна капіруе разны арнамент, які завяршае верхнюю частку спінкі (карона, С-падобныя завіткі і ракавіна). Разьба на крэсле (асабліва на спінцы) выканана пад выразным уплывам барочных формаў (асабліва ракавіна і С-падбныя завіткі), якія пачалі актыўна распаўсюджвацца ў мэблі з сярэдзіны XVII ст.

 


Паводле Ю. Ядкоўскага крэсла адносіцца да эпохі Сасаў (часу кіравання саксонскай дынастыі Віцінаў у Рэчы Паспалітай – 1697-1763 гг.). Крэслы выяўлены Ю. Ядкоўскім у 1910 г. у Румянцаўскім музеі г. Масквы разам з бюро караля Станіслава Аўгуста Панятоўскага (сёння захоўваецца ў фондах музея). Абодва крэслы і бюро былі вывезены з гродзенскіх замкаў расійскімі ўладамі ў канцы XVIII або пачатку ХІХ ст. у Вільню, магчыма, прададзеныя віленскаму біскупу разам з іншай мэбляй з замкаў. У 1855-1864 гг. яны знаходзіліся ў віленскім музеі старажытнасцяў Я. Тышкевіча, адкуль пасля ліквідацыі музея былі вывезены ў Маскву. Пачынаючы з 1924 г. Ю. Ядкоўскі дамагаўся вяртання крэслаў і бюро з Масквы ў Гродна. Крэслы і бюро былі рэпатрыяваныя ў красавіку 1931 г. у Варшаву, адкуль вярнуліся ў Гродна і 15 красавіка 1931 г. паступілі ў фонды музея. 
    Сапраўдным аздабленнем экпазіцыі музея з’яўляецца тканы пося па тыпу слуцкага. Слуцкія паясы вядомы па ўсім свеце, як адзін з адметных сімвалаў Беларускай культуры і унікальны прыклад ручнога ткацтва. Слуцкая мануфактура па вырабе каштоўных тканых паясоў была адной з самых уплывовых у Рэчы Паспалітай, таму і падобныя вырабы іншых мануфактур таксама атрымалі назву “слуцкія”. Нажаль, дакладная колькасць “слуцкіх” паясоў, якія захоўваліся ў музеях Беларусі ў даваенны перыяд, на сённяшні дзень не вядомая. Вельмі шмат іх было вывезена з тэрыторыі краіны напярэдадні Першай сусветнай вайны і ў гады пасляваенных перадзелаў тэрыторыі Беларусі. Пэўная колькасць паясоў без вестак знікла ў гады Другой сусветнай вайны. Казаць аб маштабах страт культурнай спадчыны можна на прыкладзе Варшаўскага музея, у якім са 124 “слуцкіх” паясоў пасля вайны налічвалася толькі 28. У сучаснай Беларусі нешматлікія паясы работы Слуцкай персіярні, альбо выкананыя на іх узор іншымі ткацкімі цэнтрамі другой паловы XVIII ст. знаходзяцца ў зборах сямі музеяў. Большасць з іх ці то захаваліся фрагментарна, ці сшыты з кавалкаў некалькіх паясоў. І толькі некаторыя захаваліся цалкам. Адзін з такіх мае гонар экспанаваць наш музей.

 


Гісторыя “слуцкіх” паясоў сягае ў сярэдзіну XVII ст., калі ў Рэчы Паспалітай пачынае складвацца вобраз “польскага”, альбо “сармацкага” мужчынскага касцюма, неад’емнай часткай якога становіцца шырокі ўзорысты шаўковы пояс. Ён, апрача сваёй утылітарнай функцыі, падкрэсліваў сацыяльны статус і багацце ўладальніка. Гэта быў уплыў моды з усходу, калі вырабы майстроў з Асманскай Імперыі, Персіі, Кітая набылі вялікую папулярнасць. Паясы, якія прызначаліся для вышэйшага саслоўя вырабляліся з шаўковых, сярэбраных, залатых ніцей і, адпаведна, каштавалі вельмі дорага. Кошт тавару надаваў і працэс яго імпарту з далёкіх краін, таму ў хуткім часе вынікла неабходнасць стварэння мясцовай вытворчасці паясоў.
У 1740 годзе ў горадзе Слуцку князь Міхал Казімір Радзівіл Рыбанька засноўвае мануфактуру шаўковых паясоў. Пазней сюды быў запрошаны кіраваць майстар са славутай Станіславаўскай (сёння Івана-Франкоўск) персіярні – Ян Маджарскі. Справа ў тым, што па заканадаўстве Рэчы Паспалітай да 1791 года прадстаўнікам шляхты было забаронена займацца гандлёвай і прадпрымальніцкай дзейнасцю пад пагрозай пазбаўлення шляхецтва, таму і справа кіравання мануфактурамі фармальна перадавалася другім асобам.
Спачатку беларускія майстры падчас вытворчасі “ўсходніх”, ці, як іх тады яшчэ называлі, “стамбульскіх” альбо “персідскіх” паясоў выкарыстоўвалі традыцыйныя ўсходнія матывы. Але ў хуткім часе персідскія ўзоры сталі спалучацца з арнаментамі з мясцовым стылем і каларытам, за аснову якіх браліся выявы кветак рамонкаў, валошак, гваздзікоў і г.д.
Па свайму ніцявому складу “слуцкія” паясы падзяляюцца на “простыя”, “паўлітыя” і “літыя”. “Простыя” вырабляліся з шаўковых нітак, у арнаменце “паўлітых” меліся каштоўныя залатыя і сярэбраныя ніткі, у “літых” золата і серабро прысутнічала не толькі ў арнаменце, але і ў фоне. За год буйная персіярня магла выпусціць адных толькі залаталітых паясоў каля 200 штук. Найкаштоўнейшыя з іх маглі ўтрымліваць да 2 фунтаў (амаль 1 кг) золата. Даўжыня “слуцкіх” паясоў магла дасягаць 4,5 метраў, шырыня – 45см.
Поспех і папулярнасць прадукцыі слуцкай персіярні спрыялі ўтварэнню новых мануфактур у іншых гарадах Рэчы Паспалітай. Былі заснаваныя майстэрні ў Ружанах, Гродне, Ласосна і ішн. Буйнейшай на тэрыторыі Каралеўства Польскага была персіярня ў Ліпках, непадалёк ад Варшавы. На ёй і быў сатканы пояс, які зараз упрыгожвае экспазіцыю гродзенскага музея.

 


Папоўніў ён музейныя фонды ў ліпені 1994 года. Даўжыня пояса складае 410,5 см. шырыня – 43,5. Вага – 820,7 г. – абумоўліваецца шчодрым выкарыстаннем залатых і сярэбраных нітак у спалучэнні з шаўковымі. Сам пояс можна падзяліць на наступныя часткі: дзве “галавы”, сярэднік, аблямаванне (бардзюр) і махры.
У галавах нашага пояса вытканы па тры гваздзікі, ад сцябла якіх адыходзяць галінкі з белымі, блакітнымі кветкамі і ягадкамі карміннага колеру. Такі тып арнаменту называецца “карумфіль”, што ў перакладзе з турэцкай абазначае “гваздзік”. Пры аздабленні паясоў “карумфілем” менавіта на слуцкай персіярні выкарыстоўвалася выявы двух гваздзікоў. Тут жа мы бачым індывідуальную разнавіднасць распрацоўкі арнаменту: узятыя за аснову структура і чляненне арнаменту, распрацаваныя ў Слуцку, але ў самастойнай трактоўцы, з уласным характарам і каларытам. Такую разнавіднасць поясу можна назваць польскім тыпам, які бярэ свой пачатак з гродзенскай персіярні.
Срэднік пояса ўкладаюць 127 арнаментаваных полак (папярэчныя поласы) памерам 2х35,8 см. Адна з двух полак падзелена напалову па колерах: палова – колеру слановай косці, другая палова – карміннага колеру. На полцы вытканы раслінна-геаметрычны арнамент. Такім чынам, склаўшы пояс пэўным чынам, гаспадар мог падпярэзацца, абраўшы колер адпаведна жыццёвым абставінам і тады пояс мог гарманіраваць з іншымі дэталямі касцюма. Адваротны бок пояса мае цёмную, карычневую афарбоўку і мог выкарыстоўвацца ў сувязі з падзеямі жалобнага характару. Другая полка мае залаты фон на якім вытканы ланцужок з блакітных і кармінных кветак злучаных зялёнымі галінкамі. Асноўныя полкі падзяляе паміж сабой вузкая палоска з залатымі ромбамі.
Па перыметры пояса ідзе аблямаване, арнаментаванае галінкамі з блакітнымі і карміннымі кветкамі на якіх размясціліся птушкі, якія па свайму знешнему выгляду нагадваюць папугаў з белымі грудкамі, карміннымі клювамі і крыламі. На канцах пояс абшыты залатымі махрамі, якія зроблены з шаўковай ніці, перавітай залатой. У вуглу ў 2 радкі выткана імя ўладальніка майстэрні: “Pascha / lis” на лацінскай мове – своеасаблівы знак якасці.
Якаў Пасхаліс (армянін, родам з Такату ў Малой Азіі) з 1761 г. пасяліўся ў Рэчы Паспалітай. Ён быў купцом, гандляваў у Варшаве ўсходнімі таварамі і заснаваў персіярню ў Ліпках, дзе з 1789 г. вытворчасцю кіраваў Франсуа Селіманд – ткач, запрошаны з Ліёну.
Адзін немалаважны факт дазваляе акрэсліць час стварэння нашага поясу.У 1791 годзе Якаў Пасхаліс атрымаў шляхецтва і прозвішча Якубовіч. З гэтага моманту маркаю на паясах стаў яго герб у выглядзе ягняці з чырвоным сцяжком на зялёным полі і ініцыяламі “J.P”.
Яшчэ адной візітоўнай карткай Беларусі, апрача слуцкіх паясоў, з’яўляюцца вырабы з саломкі, якія сваім залацістым бляскам знаёмыя кожнаму, хто хаця б аднойчы бываў у нашай краіне. Гэта могуць быць як дэкаратыўныя цацкі, знакамітыя капялюшы-брылі, саламяны посуд, так і ўнікальныя творы мастацтва народных майстроў, якія не саступаюць па прыгажосці і лепшым узорам народнага мастацтва з больш даўгавечных і дарагіх матэрыялаў.
Адным з такіх – знакамітымі саламянымі царскімі варотамі – можа пахваліцца музей у Гродне. Гэта адзін з тых экспанатаў, які “жыве” ў музеі амаль з самага пачатку яго заснавання.
У 1904-1915 гг. у Гродне дзейнічаў Царкоўна-археалагічны камітэт – арганізацыя, якая займалася зборам і вывучэннем помнікаў пісьмовай і матэрыяльнай царкоўнай культуры. З адным з сяброў камітэту, Уладзімірам Манасеінам, Юзаф Ядкоўскі падтрымліваў творчыя сувязі. Часам яны праводзілі агульныя даследаванні і першы нават дзяліўся з Ядкоўскім археалагічнымі знаходкамі. Царкоўна-археалагічным камітэтам быў створаны своеасаблівы музей, або “сховішча старажытнасцей”, які месціўся ў  Барыса-Глебскім манастыры. Сюды і патрапілі ў 1904 г. з вёскі Лясковічы, Іванаўскага раёну Брэсцкай вобласці саламяныя царскія вароты. У сховішчы старажытнасцей, на старых хорах Барыса-Глебскага манастыра, вароты праляжалі ажно да 1924 г., калі праваслаўны кансісторый па просьбе Ядкоўскага перадаў іх у музей. Па меркаванні навукоўца царскія вароты раней належалі адной з вясковых уніяцкіх парафіяў. Час іх стварэння прыпадае на канец XVIIІ – пачатак XIX стст., калі саломапляценне дасягнула найвялікшага росквіту і, разам з разьбой па дрэву і жывапісам, пачало выкарыстоўвацца ва ўнутраным аздабленні цэркваў.

 


Іканастасныя вароты цалкам сплецены з саломы і замацаваны на драўляным каркасе пры дапамозе ільняных нітак. Аснова дэкору – складанае аб’ёмнае пляценне. Традыцыйная вітая пляцёнка інкруставана рамбічнымі устаўкамі з кавалачкаў тканіны чырвонага, блакітнага, сіняга колеру, якія быццам імітуюць каштоўныя камяні на фоне золата саломкі.
Вароты маюць кампазіцыю з дзвюх створак, кожная з якіх кампазіцыйна падзелена на тры квадраты. У кожны квадрат, укампанаваны плецены круг, у якім змешчана жывапісная ўстаўка-медальён. Жывапісныя вобразы ўяўляюць сабой чатырох евангелістаў з традыцыйнымі для іх сімваламі: Матфей з анёлам, Марк з ільвом, Лука з быкам, Іаан з арлом. У сярэднія векі ў 4 апакаліпсічных жывёлах бачылі сімвал самаго Хрыста і тлумачылі гэта наступным чынам: будучы ад прыроды анёлам, Хрыстос памёр, як ахвярная жывёла (бык), потым паўстаў, як леў і ўзнёсся на нябёсы накшталт арла. У верхняй частцы варот сюжэт Благавешчання найсвяцейшай Дзевы Марыі: злева жывапісная выява архангела Гаўрыіла, які благавестваваў Прасвятой Дзеве Марыі (выява справа) нараджэнне Збавіцеля. Медальёны напісаны маслам па дрэву.
Верхняя частка варот уяўляе сабой арку, якая ўвенчана каронай над якой ўзвышаецца колападобная дэталь. Геаметрычныя фігуры, якія выкарыстоўваюцца пры пляценні варотаў, наступныя: круг, ромб, квадрат сімвалізуюць сонца, а хвалістыя лініі вітой пляцёнкі – воду.
Час не шкадуе нічога, а тым больш такі матэрыял, як саломка. За шмат гадоў вароты пацямнелі, страцілі бляск, часткова спарахнелі. Пасля вайны была значна пашкоджана іх верхняя ажурная частка.
У 1970-х гадах у Гродна для правядзення рэтаўрацыйных работ быў накіраваны адпаведны спецыяліст – Ларыса Мікалаеўна Лось. Разам са сваёй дачкой Аленай яна пачала паспяхова аднаўляць унікальны экспанат.
У адным са сваіх інтэрв’ю Ларыса Мікалаеўна дзялілася ўспамінамі аб гэтай няпростай справе. Вароты і сапраўды былі ў вельмі дрэнным стане і дэталі, сшыльнянымі ніткамі літаральна рассыпаліся ў руках. Прыходзілася практычна з самага пачатку перарабляць народны твор мастацтва, на месцы вучыцца ідэнтычна паўтараць народныя тэхналогіі і кампазіцыі. Дзень за днём па кавалачку прыкладна 15х15 см.

 


Побач з варотамі экспануецца саламяны калядная зорка, выкананая ў падобнай тэхніцы. У момант прыезда рэстаўратара ў музей, стан яго ўжо лічылі безнадзейным і збіраліся спісваць, але Ларыса Мікалаеўна здолела выратаваць і яго. Сёння абодва прадметы займаюць пачэснае месца ў музейнай залі і радуюць вока наведвальніка.
Такім унікальным помнікам народнай творчасці, як саламяныя вароты, валодае толькі Беларусь. Вароты сведчаць аб дасканаласці мастацтва саломапляцення мінулага, аб высокім майстэрстве беларускіх майстроў.
У прынцыпе сказаныя вышэй словы тычацца не толькі царскіх варотаў з экспазіцыі Гродзенскага дзяржаўнага гісторыка-археалагічнага музея, але і іншых экспанатаў, пра якія мы распавялі сёння. Бадай кожная рэч з нашай экспазіцыі вартая асобнага даследаваня ці нават кнігі.

Scroll to top