Шматгадовыя абяцанкі ўладаў адрамантаваць то Свяцк, то гарадзенскую сінагогу, то палац у Станіславове ці Панямуні застаюцца абяцанкамі. Як выглядае сёння сядзіба апошняга караля Рэчы Паспалітай...

 

Сцены палаца ў Свяцку развальваюцца на вачахЧасам складваецца ўражанне, што некаторыя помнікі гарадзенскай архітэктуры дажываць апошнія гады. У адміністрацыі Гарадзенскага раёна складаюць праектную дакументацыю на рамонт палаца ў Свяцку і ніхто не выдзеліў пару мільёнаў рублёў на тэрміновы рамонт сцёкавых трубаў, з-за адсутнасці якіх вада цячэ па сцяне палаца. У выніку палац заражаны грыбком бадай што смяротна, унутраная сцяна цэнтральнага эркера літаральна пакрылася мохам. Вывальваюцца аконныя рамы. Варварства з помнікам працягваецца амаль два гады і нікому няма да гэтага ніякай справы.

Але што гаварыць пра далёкі Свяцк?! У самой Горадні становішча не асабліва лепшае. Глянце на сінагогу ці Стары Замак... Між тым трацяцца велізарныя грошы на выкладанне гранітам нашых вуліцаў, знішчэнне брукаванкі ў старых дварах ды знос цалкам нармальных дабротных будынкаў, такіх, як музычная школа на рагу вуліц Савецкіх пагранічнікаў і Гарнавых. Не ў лепшым стане, чым сінагога, і сядзіба ў Станславова – адзін з карпусоў Гродзенскага Дзяржаўнага Аграрнага ўніверсітэта.

Сядзіба Станіславова пабудавана ў 1760-70-х гадах паводле праекта італьянскага архітэктара Дж. Сака і была загараднай рэзідэнцыяй польскага караля Станіслава Аўгуста Панятоўскага.

Калі падыходзіш да будынка з боку парка, то адразу ў вочы кідаецца цэнтр дваровага фасада з паўкруглым эркерам з манаграмай караля на атыку, а над вокнамі другога паверха можна заўважыць яшчэ не знішчаныя часам элементы дэкору, якія надаюць велічнасці і прыгажосці гэтаму будынку. Калі абысці сядзібу і паглядзець на галоўны фасад, то і тут увагу прыцягвае цэнтральная частка.

Па-першае, вельмі арыгінальна і прыгожа выглядае рызаліт з філёнгавым фігурным атыкам і тэрасай.

Па-другое, яшчэ больш прыцягвае ўвагу шыльда з надпісам “гісторыка-культурная каштоўнасць” і праваруч ад яе кавалак сцяны, з якой абваліўся ўвесь тынк ды яшчэ і цэгла пачынае вывальвацца. Пасля такой карціны хочацца задаць пытанне як самому кіраўніцтву універсітэта, так і тым структурам, каторыя павінны сачыць за станам помнікаў: “Дзе вашыя вочы і розум?” Універсітэт робіць еўрарамонт галоўнага корпуса, ставіць там дзесяткі дарагушчых шклопакетаў, а на касметычны рамонт хаця б невялічкай часткі помніка архітэктуры XVIII стагоддзя не можа выдаткаваць ні рубля! Рэктар універсітэта, спадар Песціс, “бацька” патрыятычнай грамадскай арганізацыі “Белая Русь”, спрабуе прывіць студэнтам любоў да сваёй спадчыны і гісторыі, але праз год пяць ад гэтай любові ў сцяне ўтворыцца дзірка такіх памераў, што дзверы стануць проста непатрэбнымі.

Не лепш выглядае сытуацыя ўнутры самога будынка. Каб не дзве неагатычныя печы ў вестыбюлі, то было б уражанне, што заходзіш не ў навучальную ўстанову, а ў грамадскую прыбіральню. Навокал пафарбаваныя ў мінулым стагоддзі сцены вельмі кантрастна глядзяцца з цвіллю ды воднымі падцёкамі. Тая ж самая сітуацыя і з правым флігелем: са сцен ападае тынк, з даху вывальваецца дахоўка…

Часам задумваешся, калі бачыш у горадзе плакат з надпісам “Гродно - город-музей”. Што застанецца нашым нашчадкам? Шматвекавыя будынкі наўрадці прастаяць доўга, калі мы аб іх так старанна “клапоцімся”

 

 

 

 

 

 

Неагатычныя печы ў вестыбюлі

 

Фасад з боку двара

Галоўны фасад

Правы флігель сядзібы

 

Scroll to top