Лёс будынка па Сацыялістычнай 44 выклікае ў гарадзенцаў усё большую занепакоенасць. Як будуць “рэстаўраваць” гэты дом яго новыя ўладальнікі?
Дом па Сацыялістычнай 44 – помнік рэспубліканскага значэння ІІ катэгорыі. Гэта значыць, што любыя змены ў гэтым будынку, якія прывядуць да значнай змены яго знешняга выгляду ці аўтэнтычнасці, караюцца па закону. Тым не менш, год таму падчас навукова-метадычнай рады ў Горадні мэр горада А.Антоненка прапанаваў знесці гэты дом да ўзроўню першага паверха і пабудаваць на яго месцы нешта падобнае. Сэнс, які хаваецца за гэтымі словамі, вельмі дакладны – адзін з унікальных помнікаў гарадзенскай архітэктуры будзе заменены складзеным з сілікатных блокаў муляжом.
Дэталі ляпніны на будынку, якія ўласна і складаюць галоўную каштоўнасць гэтага дома, рабіліся па невядомай зараз тэхналогіі. Ніхто з гарадзенскіх ці нават беларускіх будаўнікоў не зможа іх аднавіць. Будынкаў з такой ляпнінай у горадзе ўсяго 3-4, у Беларусі магчыма 20. Хутчэй за ўсё рабілі яе заліваючы цэментную масу ў спецыяльныя гіпсавыя формы, якія рабіліся майстрамі індывідуальна для кожнага дома і таму так дорага каштавалі. Сёння польскія рэстаўратары ў выпадку неабходнасці аднаўлення такой ляпніны проста робяць злепкі з яшчэ існуючых дамоў. Мы ж дом з такой, трэба сказаць, вельмі трывалай ляпнінай, збіраемся зносіць.
Але знешні дэкор дома – гэта не адзіная яго цікавасць. Паглядзіце на фотаздымкі інтэр’ераў: дэталі карнізаў печкі, ляпныя разеткі на столі (яны выкананы з гіпсу і сёння ніхто не зробіць нічога падобнага) і… фрэскі, якімі былі памаляваны жылыя пакоі дома. Пры адпаведным фінансаванні захаванне гэтых фрэсак і ляпніны не складуць вялікай праблемы для прафесіяналаў-рэстаўратараў.
Падымаемся на паддашша дома, палова трэцяга паверха зроблена як жылая кватэра (можа, для прыслугі) з акенцам, з якога бачны Фарны касцёл і бясконцыя палі за ім, а палова – гэта звычайнае паддашша, з незвычайным аднак, “ламаным” дахам. Ужо першы погляд на кроквы дома дазваляе зрабіць выснову, што яны “жывыя”, г.зн. не закранутыя плесняй і вільгаццю. Такім чынам, ў гэтага дома не трэба нават ламаць кроквы, а толькі перакрыць дах. Гэта тычыцца, дарэчы, усіх канструкцый будынка, ніякіх трэшчынаў, што разбуралі б яго нясучыя канструкцыі, у гэтым доме проста няма.
Домік на Сацыялістычнай 44 павінен стаць прыкладам узорнай рэстаўрацыі, якую калісьці трэба пачынаць у гэтым горадзе. Калі захаваць і аднавіць усе дэталі інтэр’еру і экстэр’еру гэтага будынка (каваныя балконы, ляпніну ўнутры і звонку, фрэскі, печкі і г.д.), то будынак гэты можа служыць самым выключным мэтам. Напрыклад, менавіта ў гэтым будынку можна размясціць музей гарадскога побыту, бо ў фондах гродзенскіх музеяў акурат набярэцца экспанатаў, каторымі можна будзе абставіць некалькі пакояў выключна рэчамі ў стылі “мадэрн”. На першым паверсе можа быць музеефікаваная кавярня ў стылі пачатку ХХ ст., бо і фотаздымкаў такіх гарадзенскіх кавярняў засталося нямала. Але самае галоўнае – захаваць арыгінальнасць гэтага будынка, і праходзячы міма яго ведаць, што ён сапраўды пабудаваны з цэглы ў пачатку ХХ ст., а не з сілікатных блокаў пачатку ХХІ стагоддзя. Ці будзе гэты будынка захаваны насуперак планам нашых “горадабудаўнікоў”, залежыць толькі ад гарадзенцаў.
Фотаздымкі А.Шулаева
-
Катэгорыя: Праблемы захавання спадчыны
-
Апублікавана 26 Сакавік 2008
Апошняе
- Гродненский военный лагерь 1705 – 1706 гг.
- Первое упоминание про Городен - 1127 год
- НА ПРАВАХ МАГДЭБУРГА
- ГАРАДЗЕНСКАЕ КНЯСТВА (ПАЧАТАК ГІСТОРЫІ)
- ІМЯ ГОРАДА
- Тайны семейной усыпальницы
- Андрэй Чарнякевіч Айцы горада: кіраўнікі гродзенскага магістрата ў міжваенны час і іх лёсы 1919–1939 гг.
- Старая Лента. Гродненский синематограф: забытые страницы
- В аренду предводителю дворянства или история дома на ул. Академической