Шчыра кажучы, няма ў рэспубліцы помнікаў, так бы мовіць, больш яскравага гаспадарчага дойлідства, чым дзве воданапорныя вежы ў Гродна. Цяжка сказаць, з якой нагоды гараджане надалі ім пяшчотныя жаночыя імёны Бася і Кася, бо ні ў архіўных дакументах, ні ў даведніках яны не згадваюцца. Таму будзем прытрымлівацца назваў Паўночная і Паўднёвая, якія прыводзяцца ў грунтоўным выданні "Збор помнікаў Беларусі".

... 1876 год. Па вуліцах Маставой і Падольнай пракладзены першыя трубы, запачаткаваўшы тым самым нараджэнне гарадскога водаправода. Пітную ваду пампавалі ў 8 адмысловых разбіральнікаў дзве магутныя па тым часе паравыя помпы, зманціраваныя на Падольнай паблізу цяперашняга Румлёўс- кага моста. Там размяшчалася, гаворачы па-сучаснаму, станцыя першага пад'ёму. З гэтай мэтай прыблізна пасярэдзіне Нёмана на дне замацавалі дубовы зруб, у які ўводзілася чыгунная труба дыяметрам 10 цаляў з паўшаравідным агалоўкам. Вада падавалася на станцыю другога пад'ёму - фільтры і рэзервуар-адстойнік, адсюль - у разбіральныя калонкі, дзе за грошы адпускалася ў бочкі і вёдры. Але тут узнікла нечаканая акалічнасць. Багатыя гараджане захацелі, як у Еўропе, каб у іх кватэры падвялі ваду. Ды і чыноўнікі дзяржаўных устаноў, шматлікія рамеснікі таго ж жадалі. Але разбіралі яе неаднолькава: ранкам і ўвечары, як і цяпер, максімальна, днём мала, а ноччу, вядома ж, патрэбы ў вадзе не было. Здаралася, што спажыўцы бліжэй да Падольнай разбіралі ранкам увесь дэбіт, днём і вечарам вады не хапала. Каб ураўнаважыць водазабеспячэнне спажыўцоў, спатрэбілася пабудаваць адмысловую вежу, з рэзервуарам-збіральнікам наверсе, падняўшы яго як мага вышэй над зямлёй. I гарадская казна ад гэтага прыбытак мела: адна тона вады каштавала 3 рублі 85 капеек - дзённы заробак добрага масцеравога. Так, у 1890 годзе спраектавалі, а ў 1895-м пабудавалі Паўночную вежу.

 

Відаць, архітэктар надаваў гэтаму збудаванню шмат увагі не з гаспадарчага, а з мастацкага пункту гледжання. Таму фасады, як бачым, багата дэкарыраваны. Магутныя карнізы, пілястры, лапаткі, спалучэнне чырвонай цэглы і белай тынкоўкі - усё гэта надавала вежы незвычайны каларыт. Унутры - трубы для падачы вады, якія праходзяць праз чатыры ярусы, дзе размяшчаліся інжынернае абсталяванне, кантора, лабараторыя. А на верхнім ярусе — рэзервуар з кованага жалеза аб'ёмам 300 тон. Дарэчы, лабараторыя штодня праводзіла аналізы вады на празрыстасць, чысціню, смак, але мікрабіялагічныя не праводзіла: Нёман лічыўся чыстым. Таму і хларыраванне не вялося.

Вядома ж, забеспячэнне вадой спажыўцоў значна палепшылася, дэфіцыту не было, хаця расходавалася за суткі 4000 тон. Але гарадскія ўлады пайшлі далей. Плануючы разбудову горада ўздоўж чыгункі, яны вырашылі і на перспектыву ліквідаваць увогуле дэфіцыт пітной вады, дпя чаго пабудаваць побач яшчэ адну вежу - Паўднёвую. Роўна праз дзесяць гадоў, у 1905 годзе, гэта было зроблена. Яна мела рэзервуар такой жа ўмяшчальнасці, як і першая, але ярусы-паверхі іншага прызначэння. Там размяшчаліся склады, архіў, невялікая майстэрня.
Дарэчы, кемлівы архітэктар так спраектаваў у вежах рэзервуары, каб туды не мог трапіць які-небудзь зламыснік з атрутаю.

Па прамому прызначэнню вежы выкарыстоўваліся аж да 1956 года, спраўна забяспечваючы горад вадою. А кантора адміністрацыі аб'яднання "Водаканал, яго склады знаходзіліся там да 1982 года. Прычым у флігелі па-за вежамі - кіраўніцтва «Водаканала», у Паўночнай - дыспетчарская, бухгалтэрыя, абанентны аддзел, у Паўднёвай вежы - майстры, склады. Як не ўхваліць прадбачлівасць архітэктараў?!

Набыўшы статус помніка архітэктуры рэспубліканскага значэння, вежы Бася і Кася старанна захоўваліся, ахайна і своечасова рамантаваліся. Кіраўніцтва "Водаканала" пры падтрымцы гарвыканкама меркавала нават стварыць там музей тэхнікі водазабеспячэння, дзе ў якасці экспанатаў дэманстраваліся б адрэзкі металічных і нават бамбукавых трубаў, медныя краны, фільтры, помпы і г.д. Магчыма, тое і здзейснілася б, каб не разваліўся Саюз. А потым Басю і Касю перадалі новым гаспадарам - Саюзу мастакоў для размяшчэння там мастацкіх майстэрняў.

— На сродкі Саюза і часткова гарвыканкама вялася знешняя рэстаўрацыя Паўночнай вежы, — гаворыць мастак Фелікс Собалеў. - А зрэшты, адчуваем мы тут сябе неякавата: мала месца ды і за арэнду трэба шмат плаціць. Майстэрня Фелікса Аляксеевіча месціцца, так бы мовіць, у аднапавярховым флігелі. I сапраўды, там цеснавата, але мастакі вераць, што калі-небудзь на іх праблемы ўлады звернуць увагу, дапамогуць.

I апошняе. Паўстае цікавае пытанне, а чаму ў наш час не будуюць такія вежы? Няма сэнсу, не задаволяць патрэбы імкліва растучага горада. Да таго ж вада цяпер бярэцца выключна з падземных свідравін. Магутнымі помпамі падаецца ў гарадскую сетку, праходзячы праз станцыі абезжалезвання і падземныя рэзервуары чыстай вады. А вось у невялікіх паселішчах, ля жывёлагадоўчых комплексаў, такія вежы ёсць. Але хто і калі думаў аб іх аздабленні ці архітэктурным абліччы! Звычайна, гэта мураваны з цэглы цыліндр, наверсе якога — металічны бак такога ж дыяметру. I стаіць гэтакая "свечка" дзе-нібудзь на ўзвышшы, пачарнелая ад іржы. Кажуць, да часу, але ж усё часовае хутка робіцца пастаянным.

Вячаслаў КОТ. 2006  г.

Scroll to top