У апошні час захаванне аўтэнтычнага аблічча гістарычных гарадоў становіцца важнай праблемай у нашай краіне. У Еўропе даўно ахоўваюць не толькі будынкі да 1850 г. (як гэта агульнапрынята), але імкунуцца захаваць архітэктуру ХХ ст., у тым ліку будынкі савецкай эпохі.

У Гродна захаваліся помнікі розных часоў, у тым ліку і ХХ ст. Пачатак ХХ ст. і далейшыя 20-30-я гады стварылі цэлы гарадскі раён – Новы свет, па сутнасці акружылі старажытную частку Гродна дадатковымі жылымі кварталамі. Галоўным чынам будаўніцтва было сканцэнтравана у паўночнай частцы горада за рэчкай Гараднічанкай.

Назва раёна Новы свет прыйшла да нас яшчэ з ХІХ ст. Нараджэннем Новага свету можна лічыць 24 чэрвеня 1875 года, калі прадмесце “Новы свет” было ўключана ў рысу горада Гродна.1

У гродзенскім Доме-музеі Максіма Багдановіча ў экскпазіцыі вы можаце ўбачыць канверт з наступным адрасам: “гор. Гродна, Новы свет, дом Агульнікава”. Гэты канверт быў дасланы з Галоўнага дэпо музычных інструментаў у Пецярбурзе. Яго атрымала маці паэта - Марыя Афанасьеўна Багдановіч. Яна займалася музыкай і ў гэтым канверце атрымала ноты для ігры на фартэпіана.

Яшчэ адно сведчанне ХІХ ст. пра Новы свет можна знайсці ва ўспамінах Адама Ягоравіча Багдановіча2, дзе ён паведамляе аб месцы жыхарства сваёй сям’і пасля пераезду ў Гродна ў 1892 г.: “Жили мы на окраине города, на Новом свете по Садовой, занимали квартиру в последнем доме слева. Дома в то время шли после имения Станиславова”3. Такім чынам, спачатку Новы свет – з’яўляўся былой прывакзальнай часткай горада Гродна, у якую ўваходзіла і Садовая вуліца, цяпер вуліца Ажэшкі.4

Вядома, што назва Новы свет шырока распаўсюжана ў Польшчы. Самы вядомы гэта Новы свет у Варшаве, але ёсць такая назва і ў Беластоку, Катавіцах і іншых польскіх гарадах. Лагічна, што і да нас гэта назва прыйшла з суседняй краіны.

У 20-30-х гады ХХ ст. г. Гродна знаходзіўся ў складзе Польшчы. У гэты час актыўна забудоўваецца раён, які і сёння мы называем Новым светам і лакалізуем яго ў квартале вуліц Астроўскага (былая Панятоўскага), Горкага (Грандзіцкая), Дзяржынскага (Нарутовіча), Міцкевіча, 17 верасня (11 ліпеня). На карце Гродна 1928 г., выдадзенай у выдавецтве кнігарні Іберскага, можам убачыць назву Залатая горка, пазначаную ў раёне пералічаных вуліц. Назву звязваюць з Новым светам, у сувязі з будаўніцтвам дамоў заможніх асоб. Але ў гэты час забудоўваліся і іншыя часткі горада, якія таксама па сваёй архітэктуры можна аднесці да Новага свету, які цягнецца далей у бок вуліц Лермантава, Цагляная, Чкалава, Цяміраз’ева, раён вуліцы Суворава.

Аб пачатковай забудове вуліцаў Грандзіцкай і Міцкевіча мы можам даведацца з архіўных дакументаў Дзяржаўнага архіву Гродзенскай вобласці.5 Так на 1923 год на вуліцах былі ўздведзены ў асноўным драўляныя будынкі 1890-х, таксама былі мураваныя, узведзеныя ў першым дзесяцігоддзі ХХ ст.

Новы свет асаблівы выгляд набывае ў 20-30-я гады. Гэты раён мае важнае значэнне для Гродна ў сувязі з яго архітэктурай. Менавіта ў 20-30-я гады ў Гродна будуюцца жылыя дамы ў стылі канструктывізма, які імкнецца да максімальнай выразнасці і эканамічнасці форм, да агалення іх тэхнічнай асновы6. Але адной з галоўных яго рыс – гэта стварэнне зручнага і камфортнага жылля. У Беларусі захавалася не шмат архітэктурных аб’ектаў, пабудаваных у гэтым стылі. Асабліва няшмат жылых дамоў. І на сёння Новы свет з’яўляецца раёнам, дзе захаваліся помнікі канструктывізму не толькі мураванага, але і драўлянага. Напрыклад, будынак па вул. Астроўскага 15 – аддзяленне эндакрыналогіі, ці жылы дом па вул. Рэйманта, Р.Люксембург. Яны сапраўды з’яўляюцца ўжо помнікамі, але пакуль не прызнанымі. Тут хочыцца ўзгадаць досвед іншых беларускіх гарадоў, напрыклад, Заслаўя. Так драўляныя дамы, узведзеныя ў Заслаўі, нягледзячы на адсутнасць асаблівых архітэктурных элементаў, з’яўляюцца помнікамі архітэктуры пач. ХХ ст. ці, напрыклад, 1927 года. Мы бачым прыклад аховы драўлянага дойліцтва ХХ ст., якім варта скарыстацца гродзенцам.

Вялікую цікавасць уяўляюць помнікі мураванага будаўніцтва тых часоў. Гэта акуратныя домы, акружаны зелянінай, якія ствараюць добрае ўражанне, нягледзячы на прастату свайго аб’ёма. Асабліва добры іх эканомны і функцыянальна прадуманы план. У гэтых домах, сціпласць канструктывіскіх формаў не падаецца аскетычнай.Стыль канструктывізм мы можам убачыць на вуліцах Цаглянай, на рагу вуліц Славацкага і 17 верасня, Бялінскага і сапраўднай стратай Новага свету з’яўляецца дом, які ўжо не існуе- па адрасу Горкага 29.

Дамы ўзводзіліся не толькі ў стылі канструктывізм, яны таксама утрымліваюць неабарочныя тэндэнцыі, напрыклад, жылы будынак па рагу вуліц 17 верасня і Славацкага, ці неакласічныя тэндэнцыі, будынак на вул. Рэйманта. Трэба адзначыць, што захаваліся не толькі будынкі, але і дэкаратыўныя элементы тых часоў – упрыгожванні вокнаў, дзверы, ручкі, дэкор фасадаў.

Аблічча горада вызначаюць не толькі архітэктура, але і тыя людзі, што жылі на Новым свеце. Гэта інжынер Высоцкі, дзеяч Сымон Якавюк, а таксама шматлікія дактары, уладальнікі крамаў. Усе гэтыя асобы заслугоўваюць даследавання іх жыццёвых дарог, бо яны былі часткай і гісторыі Новага свету. Таму вельмі важным для вывучэння Новага свету - з’яўляецца збор успамінаў яшчэ жывых людзей, што могуць апісаць раён і горад тых часоў. Вельмі яркімі і змястоўнымі з’яўляюцца ўспаміны Здзіслава Цыпельта, які нарадзіўся і жыў у Гродна. З.Цыпельт - генерал брыгады, лётчык-выпрабавальнік. Змагаўся на польскім баку ў Гродна ў 1939 г., малодшы лейтэнант у Арміі Краёвай. Грамадзкі дзеяч, які адданы справе дапамогі палякам на Усходзе. Былы старшыня арганізацыі імя Элізы Ажэшкі (сёння Саюз Гарадзенцаў) у Варшаве. Ініцыятар і галоўны арганізатар першага з’езду Гарадзенцаў у Гродна (25-29 траўня 1994 г.). Рысывальшчык, ілюстратар шматлікіх кніг для дзяцей і дарослых.7 У яго ўспамінах пра Новы свет можна знайсці дакладныя апісанні дроўнага рынка, вуліц Грандзіцкай, Міцкевіча, 11 лістапада. Па сутнасці яго ўспаміны дазваляюць аднавіць жыццё Новага свету – “месцы, якія ўзгадваю праз шмат гадоў. Іх вобраз вельмі добра захаваўся ў маёй памяці, што нават сучасныя вобразы не перакрэслілі яго. Увесь час бачу даўнюю вул. Грандзіцкую і прылягаючы да яе рынак”8. Цікава, што напісанне успамінаў пра Гродна мае дату 22 красавіка 1994 года. На наступны дзень Здзіслаў Цыпельт памёр.

Такім чынам, Новы свет – гэта адметны гістарычны і архітэктурны раён гораду, які патрабуе аховы і даследавання. Таму я заклікаю вас паважаныя даследчыкі нашай багатай мінуўшчыны звярнуць увагу на гісторыю раёну, на асаблівасці яго станаўлення і развіцця. Варта захаваць гэты раён, які і па сёняшні дзень з’яўляецца часткай асаблівага архітэктурнага аблічча Гродна, таму трэба прымаць меры па яго ахове і надаць будынкам Новага свету статус помніка архітэктуры. І важным крокам да гэтага з’яўляецца папулярызацыя Новага света сярод грамадзкасці.

Дроўны рынак

Дроўны рынак
канец 1930-х гг.

Новы свет на карце 1937 года

Фрагмент карты 1937 года з раёнам Новага свету

Таццяна Казак


1 Орловский Е. Гродненская старина. Часть 1. – Гродно: Губернская типография, 1910. – с. 313.
2 А. Богданович. Материалы к биографии Максима Адамовича Богдановича /Шлях паэта. Успаміны і біяграфічныя матэрыялы пра Максіма Багдановіча. – Мн.: Маст. літ., 1975. – С. 20.
3 Ibid.
4 Ibid. – С. 301.
5 ДАГВ, Ф. 46. В. 1.С. 50
6 Тлумачальны слоўнік беларускай літаратурнай мовы. – Мн.: БелЭн, 2002. – С. 273.
7 Cypelt Z. Drewny rynek. – s. 1-4.

Scroll to top