У апошнія гады ў Горадні выдзялілася выразная тэндэнцыя зьнішчэньня старых камяніцаў з мэтай расчысткі пляцоўкі пад будаўніцтва новых будынкаў. Асабліва можна назіраць гэта недзе ў глыбіні двароў альбо на пэрэфэрыі старога горада.

Яно і ясна – малапрыкметныя, часта занядбаныя, у аварыйныя стане. Часамі па збурэньні на іх месцах вырастаюць копіі-наватворы, але як правіла навачасныя пабудовы. Што-ж, такая практыка існуе ня толькі ў Горадні, але і ў іншых гарадах Беларусі, ды папраўдзе падчас і ў эўрапэйскіх староўках – часы мяняюцца, нешта малакаштоўнае спрычыны нерацыянальнасьці направы і рэканструкцыі на жаль патрабуе неадкладнай замены. Іншая рэч, якім спосабам гэта ажыцьцяўляецца, наколькі рэгэнэрацыя адпавядае прынцыпу “не нашкодзіць”. Сучасныя гарадабудаўнікі, прызнаем, стараюцца прытрымлівацца гэтага (пытаньні зьнішчэньня архэолёгічнай спадчыны зь іх сумленьня не здымаю). Найболей нашкодзілі ў гэтым рэчышчы якраз іхныя савецкія гэніі-настаўнікі. У 60-80 гг. староўцы Горадні былі нанесеныя прэвэнтыўныя ўдары шэрагам “шэдэўраў”. Тое што ня зьнішчыла другая сьвятовая вайна, дабіла савецкая бязгусьціца. Пасьля гэтага ў ключавых асях архітэктонікі Горадні зьявіліся незалечныя раны, якія да сёньняшняга дня не загойваючыся звыродзяць складзены стагодзьдзямі кшталт нашага старога горада. Паспрабуем-жа скласьці пэўны рэйтынг “пэрляў”. Адбор ажыцьцяўляўся паводле наступных крытэрыяў: а) наколькі ўпісваецца (ці не парушыў гістарычныя восі), б) высотнасьць, в) эстэтычнасьць (зноў-жа архэолёгічныя страты ня буду кранаць, бо тады савецкаму гарадабудаўніцтву зусім не адмыцца). Такім чынам “Гітовую дзясятку” склалі:


10. Корпус былога завода бытавых прыбораў па вул. Кірава. 1960-я гады. Зрэшты гэтая гаргара не асабліва каб шкодзіла ў нечым. Між іншым у сярэдзіне 1990-х яе прывялі ў досыць прыстойны выгляд. Але якраз сваёй аб’ёмнасьцю будынак трохі адпужвае, ды і знаходзіцца пры адной з даўніх вуліцаў, недалёка Брыгідзкага кляштара.

Корпус былога завода бытавых прыбораў па вул. Кірава. 1960-я гады
 

9. Гарвыканкам. Праблема мажліва нават не ў самым будынку, а ў плошчы Леніна, для якой засыпалі кавалак даліны Гараднічанкі. Сам-жа будынак часткова перакрыў сабой пэрспэктыву на Старое места з вул. Горкага і пл. Тызэнгаўза.

Гарвыканкам
 

8. Корпус гістфака ГорДзУ, колісь рэсторан “Зубр”. 1973 г. Зрэшты для свайго часу не такі ўжо і паскудны будынак. Не хмарачос. Ня бурыць комплекснасьці гістарычнай забудовы – бо ў гэтым раёне яе ў прынцыпе амаль не засталося – навокал амаль спрэс “сталінкі”. Але для замыканьня вулічных пэрпэктываў варта ўсё-ж было-б яго забудаваць вуглавой камяніцай адной высотнасьці з будынкамі на гэтым скрыжаваньні вуліцаў Кастрычніцкай і В.Траецкай. Незавершанасьць композыцыі вуліцаў Кастрычніцкай і Вялікай Траецкай яскрава пацьвярджаецца здымкам з птушынага палёту.

Корпус гістфака ГорДзУ, колісь рэсторан “Зубр”. 1973 г
 

7. Будынак АблСавПроф. Вул. Савецкая, 4. 1950-я гады. Стылёвы “Сталінскі ампір”. Ды вось толькі сваёй аддаленасьцю ад гістарычнай асі вуліцы разьбівае яе на самым выйсьці яе з колішняга Рынка (плошчы Савецкай).

Будынак АблСавПроф. Вул. Савецкая, 4. 1950-я гады
 
Дзьве камяніцы (адна зь іх - палац Сапегаў) гістарычна складалі пачатак сфармаванай яшчэ ў XV ст. вуліцы Віленскай

А вось так распачыналася вуліца ў гэтым месцы яшчэ ў першай пал. ХХ ст.
Дзьве камяніцы (адна зь іх - палац Сапегаў) гістарычна складалі пачатак
сфармаванай яшчэ ў XV ст. вуліцы Віленскай


6. Дом Быту. 1971 г. Будынак можа неяк і глядзеўся-бы дзе-небудзь на Дзевятоўцы. Пры пабудове зьнішчана трасіроўкі колішняй вуліцы Кляшторнай (праходзіла паміж Базыліянскім кляштарам і цяперашняй пальчаткавай фабрыкай у кірунку вул. Замкавай). Для адкрыцьця пэрспэктывы для агляду будынка з боку вуліцы Замкавай былі зьнішчаны камяніцы XVII-XVIII ст. (у прыватнасьці будынак карчмы і г.зв. Дом Рыбака), якія цудоўна адлюстраваныя на паштоўцы 1930-х гг.

Дом Быту. 1971 г.
 
Будынак карчмы і г.зв. Дом Рыбака, цудоўна адлюстраваныя на паштоўцы 1930-х гг.
 

5. Драматычны тэатар. 1977-84 гг. Аўтарскі проект. Нібы орыгінальная, нават унікальная, непаўторная пабудова. Але тутака паўстае гістарычны контэкст. Рэч у тым, што да 1960-х гадоў на гэтым месцы стаяў колішні кляштар Бэрнардынак, дык той органічна ўпісваўся ў гістарычна складзенае асяродзьдзе. Чаго ня скажаш аб монумэнталістычнай пабудове тэатру, які асабліва ў выглядзе з занёманскага боку складае псэўдадомінанту. Нішчачы тым самым адвечную гармонію старадаўняй Горадні, знанай нам яшчэ з гравюры Цюндта, дзе нязьменнымі домінантамі былі вежы замкаў, сьвятыняў і Ратушы.

Драматычны тэатар. 1977-84 гг
 
Здымак 1920-х гг. зроблены зь вежы Бэрнардыскага касьцёла. Збураны ў 1960-х гг. касьцёл кляштару бэрнардынак

Здымак 1920-х гг. зроблены зь вежы Бэрнардыскага касьцёла. Збураны ў 1960-х гг.
касьцёл кляштару бэрнардынак стаяў акурат на месцы Малой залі Драмтэатра

Драматычны тэатар і тое, што было да яго
 
Так яшчэ ў 1970-х гг. адчынялася пэрспэктыва на старое места зь левага берага Нёману.

Так яшчэ ў 1970-х гг. адчынялася пэрспэктыва на старое места зь левага берага Нёману.


4. Жылы будынак над крамай “Баторыя”. 1960-я гады. Помнік утылітарызма. Пры колішнім Рынку недалёка Катэдры і палаца Сапегаў XVI-XVIII ст. стаіць Хрушчоўка – што тут яшчэ можна дадаць. Тое самае можна сказаць дарэчы і аб будынку насупраць (паміж палацам Тэкстыльшчыкаў і пальчаткавай фабрыкай). Праўда апошні больш удала схаваўся тарцом да плошчы. Між іншым пасьля апошняй “рэконструкцыі” плошчу інакш як Совецкай нельга назваць.

Жылы будынак над крамай “Баторыя”. 1960-я гады. Помнік утылітарызма
 
Здымак чэрвеня 1941 года. Яшчэ стаяць муры палаца Радзівідаў (зьлева), але ўжо зруйнавана паўднёвая частка палаца Сапегаў (Батораўкі)

Здымак чэрвеня 1941 года. Яшчэ стаяць муры палаца Радзівідаў (зьлева), але ўжо
зруйнавана паўднёвая частка палаца Сапегаў (Батораўкі)

Выгляд вуліцы Мяшчанскай (вул. Баторага) у 1944 годзе

Выгляд вуліцы Мяшчанскай (вул. Баторага) у 1944 годзе. Цяжка сказаць, ці варта было-б
аднаўляць зьнішчаныя вайною камяніцы, але ці месца тут хрушчоўцы?..


3. Кінатэатар “Гродна”. 1961 г. Будынак перакрыў сабой трасу вуліцы Калючынскай, якая выходзіла колісь на Рынак – цяпер-жа у канцы вуліцы бачная голая сьцяна кінатэатра. Таксама пры пабудове былі наўмысна зруйнаваны камяніцы пры вуліцы Савецкай.

Кінатэатар “Гродна”. 1961 г.
 
Выява пач. ХХ ст. Два першыя будынкі справа былі зьнішчаныя для адкрыцьця пэрспэктывы на кінатэатар.

Выява пач. ХХ ст. Два першыя будынкі справа былі зьнішчаныя для адкрыцьця
пэрспэктывы на кінатэатар. Рэдкі здымак. Як ня дзіўна, гэтае месца не карысталася
папулярнасьцю ў фатографаў. Цудоўны матэрыял для рэконструкцыі вул. Савецкай.
Шаноўныя гарадзенскія архітэктары, карыстайцеся, калі ласка!

Так неразрыўна выглядала вуліца Савецкая на месцы кінатэатра "Гродна" ў першай пал. ХХ ст.

Так неразрыўна выглядала вуліца Савецкая ў гэтай частцы ў першай пал. ХХ ст.


2. Унівэрмаг. Складаецца з двух частак: а) “сталінскі ампір”1950-я г., б) шклабэтон 1970-я гады. Пры пабудове асабліва што тычыць другой часткі быў зруйнаваны шэраг камяніцаў, якія складалі неад’емную органічную частку архітэктонічнага комплексу гістарычнай забудовы колішняй вул. Віленскай (цяпер в. Савецкая). Будынкі унівэрмага разам з АблСавПрофу і Кінатэатра “Гродна” недаравальна разьбіваюць увесь прабег галоўнай вуліцы Старога места. Дарэчы будынак крамы “Дзіцячы сьвет” у гэтым пляне істотна выйграе сваёй упісвальнасьцю ў забудову вуліцы, хоць трохі сьвеціцца навачаснасьцю.

Унівэрмаг. Складаецца з двух частак: а) “сталінскі ампір”1950-я г., б) шклабэтон 1970-я гады
 
Трохпавярховы будынак готэля "Эўрапейскі" быў зьнішчаны падчас Другой Сьвятовай вайны. Кінатэатар "Спартак" разабраны ў 1970-х гг.

Прыблізна з таго самага месца здымак пач. ХХ ст. Трохпавярховы будынак готэля
"Эўрапейскі" быў зьнішчаны падчас Другой Сьвятовай вайны. Кінатэатар "Спартак"
разабраны ў 1970-х гг., пасьля чаго на яго месцы паўстаў шкляны корпус унівэрмага


1. Аблвыканкам. 1966-79 гг. Функцыяналізм. Паскудны з усіх бакоў. 9 паверхаў сярод 2-3-павярховых камяніцаў XVIII-XIX ст – папросту хамства. Дзеля гэтай “прыгажосьці” была зьнішчана цэлая дзяльніца між вуліцамі Гараднічанскай, Карбышава, Сацыялістычнай і Ажэшкі, у тым ліку будынак карчмы “Галеча” XVIII ст. На пачатку 1990-х быў заплянаваны паступовы дэмонтаж пабудовы Аблвыканкама.

Аблвыканкам. 1966-79 гг. Функцыяналізм
 
Забудова на месцы якой стаіць аблвыканкам
 

Паводле ніжняга і верхняга здымкаў кожны мае мажлівасьць уласным вокам прыкінуць усю каштоўнасьць "цудоўнага" набытку старой Горадні

Аблвыканкам
 
Здымак сярэдзіны 1970-х гг. Аблвыканкам у сваім палавінчатым выглядзе.

Здымак сярэдзіны 1970-х гг. Аблвыканкам у сваім палавінчатым выглядзе. Яшчэ на
рагу вуліцаў Ажэшкі і Сацыялістычнай стаіць будынак карчмы эпохі Тызэнгауза
(старэйшае пакаленьні яшчэ памятаюць як афіцэрскую сталоўку). Мост праз
Гараднічанку зьяўляецца яшчэ мастом праз Гараднічанку, а не папросту кавалкам
пэрымэтра плошчы Леніна


Бачыцца некалькі крокаў па рашэньні проблемаў вышэйпералічаных будынкаў. У прыватнасьці, што тычыць пунктаў 10 (былы завода прыбораў па Кірава) і 9 (гарвыканкам) – пакінуць у супакоі; 8 (корпус гістфака, “Зубр”), 7 (АблСавПроф па Савецкай), 2 (унівэрмаг) – забудаваць фасадамі на ўзор старых камяніцаў, 6 (дом быту) – дэмонтаж у залежнасьці ад пэрспэктываў рэгэнэрацыі старога горада, 4 (крама “Баторыя”) – дэмонтаж альбо карэнная перабудова фасадаў, 5 (драмтэатар), 3 (кінатэатар “Гродна”), 1 (аблвыканкам) – дэмонтаж.

Зразумела, што да гэтага сьпісу можна было-б дадаць яшчэ дзясяткі будынкаў, якія тым ці іншым чынам ня ўпісваюцца ў гістарычную забудову Горадні. Калі старацца прытрымлівацца прынцыпу захаваньня непарушнасьці даваеннай староўкі, дык напэўна належала-бы ставіць пад пытаньне дэмонтажу цэлы шэраг дамоў па вул. Парыжскай комуны, Соцыялістычнай, Сьвярдлова, Баторыя, Кастрычніцкай, В. Траецкай, Леніна, Ажэшкі. Каб потым аднавіць на іх месцы камяніцы, якія там стаялі да вайны і савецкага панаваньня?! Но, па-першае, падчас не да канца знаны выгляд тых камяніцаў, па-другое, былі гэта, як правіла, бедныя адна-двухпавярховыя будынкі (жыдоўскія кварталы па вул. В.Траецкай). І якраз сталінкі часта зьяўляюцца цудоўным архітэктурным рашэньнем. Таму для архітэктараў 1950-х не стаяла нават пытаньня аб іх аднаўленьні – уявіце сабе, ці абараняў-бы хто зараз хрушчоўкі на Фартах, калі-б была прапанова збудаваць замест іх навачасныя стылёвыя гмахі! Інакш кажучы Сталінскі ампір сам па сабе ўжо зьяўляецца архітэктурным набыткам Горадні. Апроч таго часта пасьляваенныя будынкі у староўцы падкрэсьліваюць трасіроўку даваенных вуліцаў: Баторыя – Мяшчанскую, Парыжскай Комуны – Бэрнардынскую, Соцыялістычная – Вітаўта і Курган, Сьвярдлова – Боніфратэрскую, Кастрычніцкая – Плябанскую і г.д., той-жа Палац Тэкстыльшчыкаў паўтарае сабой даваенныя заходнія межы Старога Рынку. Асабліва ўдала ўпісваюцца два вуглавыя будынка на скрыжаваньні вуліцаў Карбышава і Васілька. Хоць можна было-б пагадзіцца, што да таго, каб некаторыя будынкі надзяліць лепшым аздабленьнем фасадаў, што апошнім часам мернымі крокамі і робіцца, напрыклад будынак, які аддзяляе плошчу Леніна ад вул. Ажэшкі. Куды больш актуальным зьяўляецца пытаньне вынясеньня некаторых інстытуцыяў па-за межы старога горада – вязьні, пальчаткавай фабрыкі. Дарэчы на месца першай мае вярнуцца першая вышэйшая навучальная ўстанова ў Горадні – Езуіцкі Колегіюм, які як і ў Вільні мусіць стаць галоўным гмахам гарадзенскай alma mater – Унівэрсытэта ім. Я.Купалы. Заснаваная Расейскім рэжымам Гарадзенская вязьня ўжо 200 год знаходзіцца пасярод староўкі, займаючы корпусы к. XVII – пач. XVIII ст. Пальчаткавая фабрыка-ж пасьля рэконструкцыі фасаду можа стаццам цудоўным офісным будынкам, ці нават гатэлем.

 

Scroll to top
Website Security Test