Імя кашталяна гарадзенскага замка Давіда Даўмонтавіча, які з мячом у руце здолеў абараніць край ад крыжацкіх рэйзаў, добра вядома. А вось імя іншага князя, які правіў Гародняй, сёння забыта. Што праўда, на гэта існуюць свае асобныя прычыны…

У крыніцах гэты князь узгадваецца і як Патрык-Патрыкей, і як Потырг– Пацірг. Ён быў старэйшым сынам славутага Кейстута ды весталкі Біруты. Уласна канцоўка ягонага імя - Tirg, што, падобна, азначае “з цяжкасцью куплены”, быццам звязана з гісторыяй сватаўства Кейстута да ягонай маці. Праўда нават сам Т. Нарбут ужо не даваў гэтаму веры. Першапачаткова Патрык фігуруе як Смаленскі князь (у іншых крыніцах ён ужо з 1347 г. узгадваецца як князь гарадзенскі), а ў якасці даты нараджэння падаецца 1339 год. Апошняе таксама не пэўна, бо ўжо ў 1353 годзе ў адказ за спусташэнне крыжакамі Жамойці Патрык разам з бацькам і вялікім князем Альгердам прымае ўдзел у буйным паходзе на Haffem Kuronskiе, а гэта азначае, што яму тады была ўсяго каля чатырнаццаці год. Гэта таксама зусім верагодна.

Паход гэты мала чым адрозніваўся ад крыжацкіх нападаў на тую ж Гародню – літоўскае войска, як адзначае Т. Нарбут, паўсюль чыніла “звычайнае забойства, спусташэнне, захопы.” Аднак самому смаленскаму князю не пашанцавала – за ягоным атрадам, захапіўшым амаль чатырыста палонных, кінуліся ў посціг крыжакі на чале з камандорам з Ragnity Henningа Schindekopfа. Не вельмі дасведчаны князь паспрабаваў праскочыць праз багны, але тыя яшчэ не паспелі замерзнуць. Тады літоўцы кінуліся перапраўляцца праз рэчку Дэйму, але і тут лёд аказаўся занадта слабы. Сам князь Патрык разам з канём апынуўся у вадзе і хутчэй за ўсё загіну бы, каб не камандор Schindekopf, які выратаваў яго, што само па сабе было рэччу незвычайнай. Далей жа адбылося зусім неверагоднае – крыжакі выхадзілі хворага хлопца, а пасля адпусцілі да бацькі, нават не запатрабаваўшы выкупа. Напэўна, гэта амаль што не адзіны падобны выпадак за ўвесь час літоўска-крыжацкіх войнаў і мы наўрадці зараз знойдзем яму тлумачэнне. Можна толькі здагадвацца, чаму гэтак сталася і які след падобны акт чалавечнасці, калі навокал лілася процьма крыві, пакінуў на сэрцы маладога ваяра.

У гэты момант у самым Вялікім княстве квітнее паганства. Напрыклад, калі сыны Альгерда і хрысціліся ў праваслаўе, то толькі з мэтай уладкавацца ў рускіх землях. Сыны ж Кейстута, пры жыцці бацькі, наколькі вядома, увогуле не атрымалі хрышчэння. Уласна таму дзейнасць Тэўтонскага ордэна знаходзіла апраўданне ў вачах каталіцкай Еўропы. Дарэчы, вяртаючыся пасля бітвы на Дэйме, князь Патрык быццам бы пабачыў цела нейкага знатнага рыцара, што патрапіў у палон да крыжакоў і быў імі закатаваны нейкім асабліва жудасным чынам. Узрушаны Патрык звярнуўся за дазволам пахаваць забітага, пасля чаго спаліў нябожчыка, як і патрабаваў стары звычай.

У жніўні 1358 года Патрык, які, судзячы па ўсім, ужо быў гарадзенскім князем, па даручэнню свайго бацькі правеў у Гародні паспяховыя перамовы з Мазовіяй па вызначэнню агульнай мяжы. Тым часам аднаўляецца вайна з крыжакамі. У сакавіку 1360 года літоўцы пацярпелі паражэнне: біліся амаль цэлы дзень, але нямецкія рыцары атрымалі перамогу. Дарма князь Кейстут спрабаваў спыніць бягучых. Патрык кінуўся ратаваць бацьку, але сам быў збіты з каня і ледзь выратаваўся. Што праўда, і гэтая параза не зламала князя Патрыка, і амаль праз год яму ўдалося абараніць Гародню ад чарговага напада крыжакоў.

Тое, што адбылося пазней пад сценамі гарадзенскага замка ў самы разгар вайны не можа не выклікаць шчырае здзіўленне. У 1365 годзе (згодна Т.Нарбуту – у 1363 г.) адбываюцца ажно два крыжовыя паходы. Адзін з іх – у накірунку на Гародню, узначальвае германскі арыстакрат Ульрых фон Хатнаў, а ўдзельнічалі ў ім пераважна англічане і шатландцы. Характэрная дэталь: ужо падчас пахода паміж нямецкімі і ангельскімі рыцарамі пачалася сварка адносна таго, хто павінен несці наперад вайсковых шыхтоў харугву Святога Ежы - крыжакі прызначылі на гэтую ганаровую пасаду нямецкага рыцара Куно Хаттенстэіна (Kuno Hattenstein).

Аднак, князь Патрык, які ўзначаліў абарону Горадні, замест таго каб трываць пад час бясконцай аблогі, сустрэў крыжакоў … як гасцей! “Хутка крыжацкае войска, - пісаў Т.Нарбут, - паказалася над Нёманам насупраць горада, калі раптам ягоны камандуючы, невядома з якой прычыны, выслаў на сустрэчу да Вялікага Маршала грамадзян з хлебам ды соллю, сярод якіх былі святары з крыжамі і ўсялякімі хрысціянскімі святынямі. Замежныя рыцары, здзіўленыя гэтакай з’яваю, не адважыліся не прыняць пабожнага прывітання і, так як, не збіраліся ваяваць ні з кім іншым, а толькі з язычнікамі, выказаўшы сваё незадаволенне падмануўшымі іх крыжыкам, адыйшлі ад горада”. Па іншых крыніцах, крыжакі ўсё ж такі “бесчалавечна спустошылі наваколле горада, уводзячы шмат людзей у няволю…”

Па сутнасці, князь Патрык гэткім чынам прадухіліў знішчэнне Гародні, як да гэтага, напрыклад, сталася з Коўнам. Што дзіўна - Кейстут не ацаніў крок сына і раззлаваны на Патрыка, адаслаў яго на ўсходнюю мяжу Вялікага княства, як сцвярджае той жа Т. Нарбут – на Палессе. Ізноў, мы можам толькі здагадвацца, што насамрэч сталася прычынай такога крока? Як падаецца, адказ на гэтае пытанне змяшчае гэтак званая хроніка Ваpтбеpга. “У тым жа (гэта значыць 1365) годзе, - піша летапісец, - у дзень святога Якава (25 чэрвеня), сын Кейстута, караля літоўскага, прыйшоў з пятнаццаццю васаламі язычнікамі ў замак Кенігсберг, дзе быў ахрышчаны і атрымаў імя Генрых. Пазней імператар надаў яму герцагскі тытул, а нямецкія госці прыслалі шмат падарункаў. Ён жа пасля таго застаўся прыхільнікам хрысціянства і нават прывёў вялікага магістра ў літоўскую зямлю”. Што праўда, крыніцы не называюць імя сына Кейстута, аднак улічваючы папярэднія падзеі, магчыма дапусціць, што гаворка тут ідзе пра гарадзенскага князя Патрыка, а гэта значыць, што з дзяржаўнага пункта гледжання, гэта была ўжо непрыкрытая здрада. Іншая справа што гэтым ён амаль на дзесяць год адвёў ад Гародні крыжацкую навалу – наступны рэйз крыжакоў хронікі аднатоўваюць толькі ўжо у сярэдзіне 1370-х гадоў, калі горад становіцца ўладаннем князя Вітаўта.

Гарадзенскі замак у часы князя Патрыка, рэканструкцыя.

Scroll to top