Многія ведаюць пра падзеі 1 мая 1960 г., калі ў час першамайскага парада ў Маскве над Уралам збілі амерыканскі самалёт-шпіён U-2. Але гісторыя палётаў U-2 над нашай “сацыялістычнай радзімай” пачалася яшчэ летам 1956 г., і першым сфатаграфаваным з вышыні 21 кіламетр горадам СССР быў… Гродна.

У 1955 г. праваліліся спробы рэалізаваць дамову аб “адкрытым небе”. СССР і ЗША не давагаварыліся пра магчымыя ўзгодненыя інспектарскія палёты над сваёй тэрыторыяй. Амерыканцы мелі над СССР істотную тэхнічную перавагу, а Саветы не хацелі дазваляць амерыканцам шукаць на сваёй тэрыторыі базы бамбардзіроўшчыкаў М-4, якія адзіныя тады маглі даляцець да ЗША. Балістычныя ракеты яшчэ толькі выпрабоўваліся. Тады амерыканцы вырашылі заняцца шпіянажам.

Вельмі хутка кампанія “Локхід” распрацавала самалёт-разведчык U-2, які меў унікальныя характарыстыкі. Самалёт мог сфатаграфаваць паласу шырынёй 120 км і даўжынёй 3000 км так дакладна, што распазнаваліся аб’екты памерам да метра!

Вышыня палёта была 21 км, у той час калі савецкія МіГ-19 дацягвалі толькі да вышыні 19 км. Лётчык у касманаўцкім скафандры (у чалавека на вышыні 18 км з-за паніжанага ціску закіпае кроў) адчуваўся бяспечна, хаця і вельмі некамфортна, 10–12 гадзін у цеснай кабіне пры моцных перагрузках.

Першы разведвальны вылет адбыўся летам 1956 года. Як паведамляе сайт ЦРУ, 4 ліпеня 1956 г. самалёт U-2 падняўся з аэрадрома ў заходненямецкім Вісбадэне і скіраваўся ў бок савецкай мяжы.

Пілот Гарві Штокман (Стокман) пераляцеў савецкую мяжу каля Гродна. Далейшы ягоны шлях ляжаў каля Мінска і праз Прыбалтыку ў бок Ленінграда. Пафатаграфаваўшы аэрадромы і іншыя вайсковыя аб’екты паблізу горада Ільіча, U-2 над Балтыкай вярнуўся ў Германію. Гарві Штокман яшчэ некальі разоў лятаў над СССР, але не быў збіты і спакойна дажыў да 2011 года.

Тры гады амерыканцы ляталі над СССР як хацелі. Савецкія службы “бачылі іх” пры дапамозе радараў, але нічога не маглі з імі зрабіць. Тады і пачалася ў СССР арыентацыя на высотныя самалёты-перахватчыкі накшталт Су-9, МіГ-25, МіГ-27, МіГ-31.

1 мая 1960 г. савецкім зенітчыкам удалося збіць U-2 амерыканскага лётчыка Паўэрса, збіўшы перад тым уласны МіГ-19, які быў узняты на перахват амерыканскага шпіёна. Савецкі лётчык Сяргей Сафронаў загінуў, а вось Паўэрс ацалеў і ў 1962 г. нават вярнуўся ў ЗША, памяняны на савецкага шпіёна Рудольфа Абеле.

Эпоха беспакараных палётаў самалётаў-шпіёнаў над СССР скончылася. Але тое ўжо было не асабліва патрэбна, паколькі на змену самалётам прыйшлі спутнікі.

Амерыканцы ўжо ў 1959 г. запусцілі набіты фотаапаратурай спутнік Corona. Толькі за першы палёт ён даў больш інфармацыі, чым усе самалёты U-2. Аналагі хутка з’явіліся і ў СССР. Савецкія праекціроўшчыкі пайшлі далей і нават навесілі на адзін са спутнікаў аўтаматычную гармату, з якой пры нагодзе можна было б расстраляць пралятаючы міма варожы спутнік-шпіён.

Спутнікі хутка перафатаграфавалі ўсю тэрыторыю СССР. Оптыка была ўнікальная, але лічбавых тэхналогій перадачы дадзеных яшчэ толкам не было. Таму стужкі з адзнятымі кадрамі скідваліся з космасу ў акіян, дзе іх вылоўлівалі амерыканскія караблі.

Ужо на працягу некалькіх гадоў гродзенскія гісторыкі і краязнаўцы карыстаюцца фотаздымкамі Гродна, зробленымі амерыканскімі спутнікамі-шпіёнамі ў 1968 г. Здымкі ўнікальныя і вельмі цікавыя для даследчыкаў нашага мінулага. Гэтыя здымкі былі замоўлены на сайце НАСА – Нацыянальнага касмічнага агенцтва ЗША. Там іх замовіць можа кожны: плаціш 30 $ – і праз колькі дзён маеш аблічбаваны здымак добрай якасці.

А нядаўна сваімі шпіёнскімі матэрыяламі падзялілася ЦРУ – Цэнтральнае разведвальнае ўпраўленне ЗША.

Гродна ў цэнтры ўвагі амерыканцаў не быў, але згадваецца ў дзясятках дакументаў. Галоўным чынам упамінаюцца вайсковыя аб’екты – не існуючыя сёння вайсковыя склады на Пушкіна і Перамогі, палігон каля Парэчча, інфармацыя пра дыслакацыю савецкіх танкавых частак у Гродне (танкавы полк 30-й Іркуцка-Пінскай мотастралковай дывізіі), а таксама ўсохлыя ў разы з таго часу ваенныя гарадкі на Фолюшы, Пралетарскай і Дзяржынскага.

Шмат дзе амерыканцы памыляліся. Напрыклад, палічылі “меркаваным вайсковым аб’ектам” ачысныя збудаванні ды аздараўленчы лагер у Грандзічах. Таксама дзіўна, што амерыканцаў асабліва цікавілі беларускія мясакамбінаты – апошнія, мабыць, лічыліся стратэгічнымі аб’ектамі.

Адно шкада – фоты не вельмі добрай якасці, хаця гродзенскія замкі ды знесеная ў 2013 казарма на Перамогі пазнаюцца вельмі добра. Можа, ЦРУ з часам адскануе і вывесіць свае фоты, як гэта зрабіла НАСА. Вось ужо будзе радасці для даследчыкаў гродзенскай гісторыі! Ды і амерыканскія спутнікі Corona сёння найбольш выкарыстоўваюцца археолагамі і географамі ў выключна мірных мэтах!

Dodaj komentarz


Kod antyspamowy
Odśwież

Scroll to top