Сярод гарадзенскіх постацей ХХ стагодзя ксёндз Людвік Саванеўскі займае асаблівае месца. І не толькі таму, што ён адзначыўся як аўтарытэтны пастыр ці пакінуў значны адбітак на мясцовым грамадскім грунце. Справа нават не ў яго паэтычнай спадчыне, бо ў рэшце рэшт у міжваеннай Гародні прагаю да вершаванага радка пакутаваў шмат хто (нават мясцовы камендат паліцыі быў у стане накрэмзаць некалькі радкоў у гонар адкрыцця моста праз Нёман).

Гаворка пойдзе ўсяго толькі пра адзін з ягоных твораў, ды і той паўстаў тады, калі сам аўтар назаўсёды пакінуў свой мілы горад, падзяліўшы лёс выгнання з тысячамі іншых. “Сага пра Гародню” (“Saga o Grodnie”) – вершаваная хроніка міжваенных часоў, напісаная адным з жыхароў у гонар горада, які быў ужо страчаны назаўжды. І што найбольш уражвае, у сучасным Гродне амаль невядомая!

Будучы ксёндз і паэт нарадзіўся 25 жніўня 1891 г. у вёсцы Ігнатовічы на Свіслачы і да сямі гадоў з прычыны хваробы быў пазбаўлены магчымасці хадзіць. Зразумела, што калі ў рэшце рэшт малое здолела зрабіць свае першыя крокі, усе ўспрынялі гэта як цуд. Хутчэй за ўсё, гэтае надзвычайнае здарэнне і вызначыла ягоны далейшы лёс: мясцовая школка ў Сакулцы, Віленская семінарыя, у рэшце рэшт духоўная акадэмія ў Петраградзе – гэта ўсё тыя ж самыя першыя крокі, якія ён распачаў яшчэ дзіцём.

Вясной 1918 г. ксёндз Людвік Саванеўскі атрымаў ступень кандыдата тэалогіі і амаль адразу пасля гэтага пачаў актыўную грамадскую дзейнасць у Гародні. Ягоная святарская праца наступныя дваццаць з нечым год была непадзельна звязана з актыўнай палітычнай і выдавецкай дзейнасцю. Справа ў тым, што ксёндз Саванеўскі з’яўляўся рэдактарам аднаго з найбольш уплывовых мясцовых выданняў – газеты “Nowe życie” – і актыўным дзеячам польскай хадэцыі ў горадзе.

Мякка кажучы, яго палітычныя погляды мелі вельмі супярэчлівы характар. Дастаткова ўзгадаць, што яшчэ ў 1920 г. ксёндз разам са сваёй газетай быў вымушаны апраўдвацца перад судом па абвінавачанні ў антысеміцкай агітацыі і распальванні варожасці сярод жыхароў Гародні. Не меў ён сентыментаў і адносна беларускага руху, пра што шчыра пісаў на старонках свайго выдання. Больш за тое. Ксёндз Саванеўскі знаходзіўся і ў апазіцыі да ўласна польскай улады, аб чым захаваліся шматлікія звесткі ў архіўных матэрыялах.

Зразумела, што актыўная грамадская і палітычная пазіцыя, якая знаходзіла свой выхад у вострых артыкулах, прыдбала будучыму аўтару “Сагі” не толькі вялікую колькасць прыхільнікаў, але ж і безліч праціўнікаў ды адкрытых ворагаў. Тым больш цікава чытаць лісты былых апанентаў адзін да другога, тады калі ад папярэдніх спрэчак ужо нічога не засталося, як, уласна, і таго месца, дзе тыя літаратурныя баталіі адбываліся!

Прэфект шматлікіх гарадзенскіх школак, сябра мясцовай рады ды розных таварыстваў, ксендз тым не менш знаходзіў і тады час, каб накідаць адзін-другі вершык для сваёй газеты. З гэтых ягоных творчых спроб найбольш уражвае прароцкі па сваім змесце верш “Ой Гродненко, ой Гродненко”, у якім ён узгадвае лёс вядомага гарадзенскага гісторыка Юзафа Ядкоўскага. Радкі пра “будучыя пакаленні”, якія “не пакінуць нават ценяў” ад мінулага, і зараз гучаць перасцерагальна…

Ксёндз Людвік Саванеўскі за сваё жыццё мог некалькі разоў загінуць, як шмат хто з ягоных знаёмых. Але яму было наканавана перажыць усе выпрабаванні. Пасля вайны былы гарадзенскі прэфект апынуўся ў Лодзі. На нейкі час ён пакінуў думаць пра свой родны горад, зацягнуты ў вір паўсядзённых патрэб, але пазней…

Паэма пра Гародню, якой ужо няма, стваралася па кавалаках, быццам бы каштоўная мазаіка. Аўтар браў з мінулага тую ці іншую постаць і рыфмаваў яе, быццам бы імкнучыся пакінуць пра чалавека ўспамін на стагоддзі. У нейкім сэнсе гэтак яно і было, а сама “Сага” з’яўляецца вершаванаю біяграфіяй горада і ягоных жыхароў…

На яе старонках мы знаходзім амаль увесь гарадскі бамонд: выдаўцы і лекары, паліцэйскія і святары, настаўнікі, арыстакраты, вайскоўцы ды іншыя. Пра кагосьці аўтар пакінуў некалькі радкоў, іншым засталося і менш за гэта. Час ад часу Саванеўскі ўзгадвае пра далейшы лёс сваіх герояў і вельмі часта навіны гэтыя дастаткова сумныя. Тыя ж, хто перажыў ліхаманкавы лёс, зараз апынуліся далёка ад свайго любімага горада, якому аддалі найлепшыя гады жыцця. Можна сказаць, што “Сага” – гэта своеасаблівы рэквіем польскай Гародні!

Памёр ксёндз Саванеўскі ў канцы 1960-х, працягнуўшы працу над сваёй паэмай ажно да часаў яцвягаў. Зараз цяжка казаць пра паэтычныя якасці ўсёй ягонай працы. Няхай гэтым займаюцца літаратуразнаўцы. Але ж для гісторыка ці проста – гарадзенца “Сага пра Гародню” – гэта незвычайны дакумент, стораны сведкам эпохі…

Add comment


Security code
Refresh

Scroll to top