Летам 1938 г. група навучэнцаў Львоўскага дзяржаўнага ліцэя на чале са студэнтам Станіславам Цвердахлебам вырашыла даплыць ад Луцка на Валыні аж да Гродна. Паколькі і Валынь, і Заходняя Беларусь знаходзіліся ў складзе Польшчы, дык ніякіх праблем з перасячэннем мяжы моладзь не мела. Таксама куды больш актыўна выкарыстоўваліся водныя шляхі, таму дзе-нідзе можна было разлічваць на добры прычал і начлег на беразе.

Львавяне набылі маторную лодку, якой надалі дзявочае імя “Крыся”, давялі яе да ладу і з Луцка адправіліся ў падарожжа на поўнач. Яны плылі па Стыры – правым прытоку Прыпяці. Першыя некалькі дзён пасярод бясконцага плоскага поля з хмызнякамі і невысокімі дрэвамі кампанію падарожнікам складалі толькі ластаўкі, якія жылі ў пясчаных берагах ракі.

Патроху Стыр пачала ўцягвацца ў Палессе. На берагах з’явіліся дрэвы, а на рацэ – дýбы – вялікія лодкі, якімі перавозілі драўніну (да сямі тон на адной лодцы).

Яшчэ праз некалькі дзён, праплыўшы па Стыры, Струмені ды Піне львоўскія маракі дайшлі да Пінска – сталіцы Палесся. У міжваенныя гады Палессе лічылася “польскай Афрыкай”, а на Піне ды Прыпяці можна было пабачыць і старажытныя дзяўбаныя чоўны, і стальныя артылерыйскія маніторы пінскай рачной флатыліі.

Праз два дні ў Пінску “Крыся” ўвайшла ў Ясельду – левы прыток Прыпяці – і пайшла на поўнач, у бок Гродзеншчыны. Таксама дзікія мясціны – суцэльна забалочаныя берагі, уздоўж якіх можна плыць цэлы дзень і не пабачыць не тое што хаты, але і нават кавалка сухой зямлі.

Магчымасць перабрацца з басейна Чорнага мора (Прыпяць, як вядома, упадае ў Дняпро) у басейн Балтыкі дае Агінскі канал. Збудаваны па ініцыятыве гетмана Вялікага Княства Літоўскага, уласніка Слоніма Міхала Казіміра Агінскага, канал мае больш за 50 км даўжыні і 10 шлюзаў, якія падымаюць караблі на вышыню аж 17 метраў. Падарожнікі заплацілі за шлюзаванне на канале 41 злоты і за 42 хвіліны пераехалі доўгае (11 км) Выганашчанскае возера, скуль “Крыся” трапіла ў Шчару. Шчара складаецца з мноства загінаў і амаль цалкам была запоўненая доўгімі ланцужкамі плытоў (па 20–25 плытоў у ланцужку даўжынёю да 150 метраў).

Самым галоўным портам на Шчары быў Слонім. Падарожнікаў уразіла архітэктура горада і невялікі музей, дзе яны ўбачылі нават старажытныя кітайскія манеты.

Нёман кінуўся ў вочы высокімі берагамі, такімі, што падарожныя нават змушаны былі доўга плыць лодкай, каб прыстаць да берага. Іх уразіла начная цішыня на берагах ракі, а таксама вялікія нёманскія параходы, якія час ад часу праплывалі каля іх у дарозе да Мастоў. Наогул лета 1938 г. было халаднаватае – дробны дождж, хмары. Падарожнікі стараліся выграцца ноччу каля вогнішча, бо пасля прыцемкаў тэмпература істотна паніжалася.

З Гродна львоўскія студэнты вярнуліся ў Львоў цягніком. Невядома, ці засталася “Крыся” ў нашым горадзе, ці яны забралі яе з сабою. За некалькі тыдняў львоўскія ліцэісты праплылі больш за 500 кіламетраў. Калі ж улічваць усе павароты Стыры, Ясельды, Шчары ды Нёмана, дык пераадолены імі шлях павялічваецца амаль у тры разы, да 1500 кіламетраў.

 

Dodaj komentarz


Kod antyspamowy
Odśwież

Scroll to top