У маёнтак уваходзілі фальваркі Воля, Сямаскаўшчына і Віктарын, мястэчка Воля і чатыры вёскі – Залескі, Загараны і Касілы, у якіх налічвалася 58 сялянскіх двароў. Сістэма паляводства ў маёнтку была трохпольнай. Сялянскія двары былі надзелены ад няпоўных дзесяці да звыш дзесяці дзесяцін зямлі, ад адной да звыш двух дзесяцін сенажацяў.

Сяляне ва ўсіх вёсках павінны былі адбываць прыгонныя дні – цяглыя па тры дні, паўцяглыя па два дні ў тыдзень. Павінны былі адбываць згоны – па 12 дзён у год з рабочай душы, за выняткам адной душы, якая заставалася ў хаце для нагляду за гаспадаркай. Акрамя гэтага сяляне павінны былі адбываць шарваркі па 12 дзён у год з двара. Яны ж па чарзе мелі начны каравул, павінны былі выдзяляць па два дні пешых у год са двара на выпрацоўку воўны, палатна і сукна, як даніну аддаваць 10 яйкаў, 2 курыцы і адну капу грыбоў у год. Для абаграваньня хатаў сяляне атрымлівалі лес ад уладальніка, а для пашы жывёл кожнаму адводзілася месца. Праваслаўных сялян налічвалася 330. Яны належалі да Радзівонавіцкага і Ваўпянскага прыходаў. Сялян рыма-католікаў было 82. Усе належалі да Луненскай парафіі.


У «Сьведчаньнях аб маёнтку Воля» за 1845–1848 гг. ёсьць запіс пра тое, што маёнтак знаходзіцца ў вотчынным валоданьні Юльяна Крывіцкага, перайшоў яму ў спадчыну ад бацькі Ксавэрыя Крывіцкага, а апошні набыў яго ў князя Любецкага ў 1809 г.  Радавым гняздом Крывіцкіх быў г. Хэлм (Польшча). У канцы 16 в. Крывіцкія пасяліліся на Літве. У Геаграфічным слоўніку чытаем: «Воля. Мястэчка і маёмасьць  паблізу Нёмна Гродзенскага павета, у 3 акрузе паліцыйнай, гміны Луна, 46 вёрст ад Гродна, 665 жыхароў, пераважна жыдоў, сінагога, дом малітоўны жыдоўскі, гарбарня. Да мястэчка належыць 14 дзесяцін. Маёмасьць, уласнасьць Вікторыі Крывіцкай, маюць 3 фальваркі Семаскаўшчына і Вікторын 1037 дзесяцін (670 пад пабудовамі і ральля, 137 лугоў і пашы, 141 лесу, 83 неўжыткаў). Уладальнік  Волі і Зельвян   Ксаверы Крывіцкі - ротмістр Гарадзенскі судзьдзя земскі Ваўкавыскі. З жонкай Каралінай Дзянькоўскай,  дачкой  Антона  падскарбія надворнага Літоўскага, Ксаверы Крывіцкі меў трох сыноў. Сярэдні сын Ксаверыя Юльян  нарадзіўся ў 1806 г. і зрабіў нядрэнную кар’еру. У 1863- 67 гадах быў маршалкам шляхты  Гарадзенскай губерні  сапраўдным саветнікам штату, кавалер Ордэна Сьв. Ганны  I ступені. Згубіў павагу шляхты за ліст цару, у якім выказваў сваю вернападданасьць. З жонкай Вікторыяй з Эйсмантаў  меў дзьве дачкі Юзэфу і Караліну. На ім і закончыўся род Крывіцкіх. Юзэфа Памела Крывіцкая вышла замуж за Уладыслава Тарасовіча, які  паходзіў з Гнезна. У выніку Воля  і Зяльвяны сталі ўласнасьцю Тарасовічаў.

   Уладыслаў Тарасовіч і Юзэфа  пасьля сьмерці былі пахаваны  ў Гнезьне, дзе пры касьцёле ёсьць помнік з надпісамі: “SP Wladyslaw Tarasowicz ur 24 stycznia  1826 r, zmarl 1 lutego 1892 r”, “SP Krywickich  Jozefa Tarasowicz, ur 22  czerwca 1836 r. Zm 2 grudnia 1903 r.” Маці Юзэфы Вікторыя  перажыла іх. Цэцылія з Талочкаў Цяшкоўская  ў “Размове пра тое, што было” узгадвае Волю таго часу :  “ А дзьве мілі ад Зяльвян  быў другі маёнтак Тарасовічаў, Воля, у якім ў вельмі прыгожым старым доме з вялікім паркам жыла бабка Юлька Тарасовіча пані Крывіцкая са сваёй дачкой  удавою Юзэфай Тарасовіч. Пані Крывіцкая была вельмі дастойнаю старэнькаю.  Дробная, акружаная старою службаю, сядзела самотна  і не мела таварыства.” У 1832 г. Крывіцкія пабудавалі ў Волі цікавы двор у класічным стылі, падобны да будынку ў Росі. Двор падрабязна апісаны Раманам Афтаназі ў  артыкуле “Воля каля Луны”, дзе змешчана  аж 4 здымкі будынка з 1939 г. Фатаздымак  двара з 1934 г. надрукавала ў сваёй кнізе амерыканская падарожніца Louise Arner Boyd - амерыканская дасьледчыца Грэнландыі і Арктыкі , ў 1955 годзе стала першай жанчынай, праляцеўшай над Паўночным полюсам.  Зьмясьціла фатаграфіі Луна-Волі  ў сваёй справаздачы, апублікаванай Амерыканскаім геаграфічным  таварыствам ў 1937 годзе. Добра адлюстраваны палац і на малюнку Вітольда Карпызы. Наступным уладальнікам Волі да 1912 г. стаў сын Юзэфы Юльян Тарасовіч. Тарасовічы  валодалі Воляй увесь міжваенны адрэзак часу.


   Наступным вядомым уладальнікам Волі быў Эдвард Тарасовіч. Магчыма, гэта сын Юльяна Тарасовіча. Вядома, што яго маці была Ядзьвіга з Талочкаў Тарасовіч. Нарадзіўся Эдуард Тарасовіч у 1891 г. Скончыў Сельскагаспадарчую акадэмію ў Дублянах. Ажаніўся з Ядзьвігай Дзяконьскай. У іх было два сыны – Казімір (1920 г. н.) і Станіслаў (1923 г. н.). Гэтую сям’ю яшчэ памятаюць старэйшыя людзі ў ваколіцы. З іхных слоў гаспадар быў страшным карцёжнікам. Частку маёнтка прайграў у карты.


З-за гэтага напэўна Эдвард Тарасовіч меў фінансавыя праблемы, таму што маёнтак Воля быў закладзены ў Віленскім земскім банку. Нягледзячы на гэта, у пачатку 20 ст. новы ўладальнік Эдвард Тарасовіч адрамантаваў увесь будынак, але ў час першай сусьветнай вайны ён быў зьнішчаны. Адноўлены ў 1928 г.  Па дадзеных на 1937 г. за гэтым маёнткам пляцам 561 га значылася пазыка ў 104 тысячы 224 злотыя. Двор стаяў у парку плошчай 3 га. З правага боку вяла да яго шырокая ўязная алея таполяў, якая заканчвалася стылёвай брамай, завешанай на двух мураваных акруглых слупах. Перад домам быў вялікі газон, праз які вяла сьцежка сярод дэкаратыўных кустоў і штамбавых руж. Другі газон быў з тыльнага боку дома, спадаў ён да гуляючай у нізе рачулкі, праз якую перабягалі два бярозавыя масткі. За рэчкаю ляжаў агарод. Газоны акружалі ёлкі, лістоўніцы, ліпы, бярозы і таполі.
 



Маёнтак Воля. Выгляд да 1939 г.



Лёс апошніх уладальнікаў Волі

   У 20-30-я гг. ХХ ст. сям’я Тарасовічаў працягвала жыць ў Волі. У бацькоў было два сыны, абодва зьявіліся на сьвет у маёнтку Воля. Старэйшы Казімір нарадзіўся 20 сьнежня 1919 г., малодшы Станіслаў - 22 траўня 1922 г. Хлопчыкі вучыліся ў гімназіі бацькоў-езуітаў у Вільні. 20 сакавіка 1939 г. памерла Ядзьвіга-Эмілія, яна была пахаваная ў Варшаве на Павонзках. Пасьля верасьня 1939 г. па прыходзе савецкіх войскаў Эдвард Тарасовіч і яго сын Станіслаў былі арыштаваныя ў Вільні. Невядома толькі ці ў 1939 г., ці ў 1940–1941 гг. Па другой версіі ён быў арыштаваны разам з маці Ядзьвігай. Эдвард Тарасовіч памёр ад дызентэрыі 8 верасьня 1941 г. у лагпункце № 47 лагернага комплексу Севураллаг Сьвярдлоўскай вобласьці Расійскай федэрацыі. Лёс яго маці Ядзьвігі невядомы.


   Станіслаў апынуўся ў ваколіцах Ташкента, пасьля патрапіў у войска Андэрса. Ваяваў пад Монтэ-Касінам. Пасьля вайны патрапіў у Англію, дзе сустрэўся са сваёй будучай жонкай Марыен-Элан (нар. у 1932 г.). Хутка  сям’я пераехала ў канадскі Манрэаль. Станіслаў Тарасовіч пачаў выкарыстоўваць англізаваную форму свайго імя і прозвішча - Стэнлі Дэ Тэры. Працаваў графікам. У 1987 г. прыязджаў у Польшчу, каб сустрэцца з братам. Станіслаў памёр у Манрэалі 9 сьнежня 1992 г., дзе да гэтага часу  жыве яго жонка і двое дзяцей. Дачка Джэнет у шлюбе з Лэй Харысанам мае дачку Ізабэлу Доўн і сына Марка. Сын Станіслава Роджар Дэ Тэры нарадзіўся ў 1963 г., жонкі і дзяцей не мае. Лей Харысан валодае ў Манрэалі фабрыкай шкла і люстэркаў, дзе працуе яго жонка Джэнэт і яе брат.
 
 

Маёнтак Воля. Пасьля паляваньня.


У гары са  стрэльбамі Станіславаў, унізе - Казімір Тарасовічы. Фота сярэдзіны  30-х гг. ХХ ст.
 Фота з кнігі:  В. М. Папко. Род Дзяконьскіх і іх маёнткі на Брэстчыне ў ХІХ-ХХ стст. Брэст: Алтернатыва, 2009.
 

 


Эдвард, Казімір і Станіслаў Тарасовічы,1939 г.
Фота з кнігі:  В. М. Папко. Род Дзяконьскіх…

   Лёс Казіміра быў вельмі складаным. У 1939 г. ён не патрапіў у савецкія турмы. З прыходам немцаў пасяліўся ў Луне, таму што маёнтак на той час быў ужо разрабаваны. Паколькі добра ведаў нямецкую мову, быў войтам. У час акупацыі  ў Луне дзейнічала Армія Краёва. Застава АК належала да акругі «Левы Нёман». Камендантам заставы Луны быў падпаручнік Казімір Тарасовіч, згодна з запісамі Вітольда Карпызы, апошні уладальнік Луна-Волі.  Яго звесткі заснаваны на ўспамінах жыхаркі Луны Ірэны Алізар: “ Казімір Тарасовіч быў у войску (пасьля экзамену і падхаранжоўкі). У час нямецкай акупацыі жыў у Луне (знаў добра нямецкую мову) і быў войтам. Быў таксама камандзірам узводу АК у нашай акрузе. Тарасовіч быў уладальнікам маёнтка Воля. На пачатку 1945 г. быў арыштаваны. У лагеры працаваў як фельчар. Да краю вярнуўся ў 1956 г. Нядаўна даведалася, што памёр.”


   Па іншых звестках пасьля вызваленьня Беларусі ў 1944 г. быў арыштаваны і засуджаны да 25 гадоў за супрацоўніцтва з Войскам Арміі Краёвай. У 1953 г. яго выслалі ў Казахстан. Дзяўчына  з Луна Людвіка Швед, якая слала ў лагер пасылкі свайму бацьку, падтрымлівала пасылкамі цягам знаходжаньня ў лагеры і Казіміра. Ён прапанаваў ёй у лісьце выйсьці за яго замуж. Яна доўга не згаджалася, бо была простай дзяўчынай, да таго ж нянька ў дзяцінстве вывіхнула ёй лапатку, і ў яе пачаў развівацца горб. Але потым усё ж паехала да яго.  Казімір меў адукацыю фельчара, разам з жонкай працаваў у шпіталі ў горадзе Акчатаў. У 1955 г. нарадзілася адзіная дачка Казіміра - Ядзьвіга-Стэфанія. Праз год сям’я атрымала дазвол на пераезд у Польшчу і пасяліліся ў сучасным Заходнепаморскім ваяводстве. Па дарозе туды ў касьцёле вёскі Каменка каля Скідаля Казімір і Людвіка ўзялі шлюб і пахрысьцілі маленькую Ядвігу. Да пенсіі Казімір працаваў фельчарам, памёр у Гнезне праз месяц пасьля спатканьня з братам 17 лютага 1988 г.
   Ядзьвіга-Стэфанія скончыла філалагічны факультэт, выйшла замуж за Паўла Хэлміняка (нар. у 1956г.), мае адзінага сына Міхала-Ежы, які нарадзіўся ў 1981 г. Ядзьвіга працуе настаўніцай польскай мовы і літаратуры ў Гнезне.
                                                                                                                   

Апошнія з Сапегаў

   Калі ўспамінаць пра ўсіх уладальнікаў Луны, то трэба зноў вярнуцца да Сапегаў. А каб падзеі выглядалі больш зразумела, зірнем на Сапегаўскае радавое дрэва. Вядомы нам Аляксандр Міхал, заснавальнік родавай рэзідэнцыі ў Дзярэчыне, меў сына Францішка , які ў сваю чаргу  быў бацькам Яўстаху – паўстанцу. Яўстах Каятан Сапега з 1821 г. жыў у Англіі. Але ў лістападзе 1830 г. выбухнула  вызвольнае паўстаньне  супраць расейскіх акупантаў. Трыццацігадовы князь пакідае маёнтак у графстве Лянкашыр, магілу жонкі Мары Патэн Больд і вяртаецца ў радавое гняздо. У ранзе падпаручніка так змагаецца з ворагам, што ўзнагароджваецца Залатым Крыжом  Віртуці Мілітары (Вайсковага Гонару). Не толькі адвагай ў баях, але, прадаўшы  маёнтак у Ружанах, Яўстах Каятан грашыма падтрымлівае паўстаньне, так, як гэта зрабіла і Эмілія Плятэр. Пасьля паразы паўстаньня князь з сотнямі сваіх сяброў змушаны падацца ў эміграцыю. Жыве спачатку ў Англіі, потым у Францыі ў гарадку Бяланкурт пад Парыжам. Назапашвае сродкі з надзеяй на новае паўстаньне, але 16 лістапада 1860 г. памірае. Пахаваны на Манмартры. Усе ўладаньні на радзіме былі канфіскаваны. Спіс вывезенага дабра з Дзярэчына ў Расею складаецца з 124 лістоў. Толькі мастацкіх палотнаў ды ўпрыгожваньняў было вывезена 303 пуды 25 фунтаў
(каля 5 тон).
 
   Памяць Яўстаха Каятана шануецца ў Дзярэчыне. У 1999 г. мясцовыя патрыёты  ўстанавілі ў адноўленым касьцёле мемарыяльную дошку:
“ Яўстаху Каятану Сапегу
(1797- 1860)
уладару Дзярэчына ўдзельніку  нацыянальна – вызвольнага паўстаньня
1830- 1831 гг.”
   Яўстах Каятан меў сына  Яна Паўла Аляксандра. У 1877 годзе афіцэр арміі Яе Вялікасьці  Каралевы Вялікай Брытаніі ўзяў шлюб з  Севярынай Урускай – Тызенгаўз, якая як пасаг мела маёнтак Спушу, што ў 12 км ад Скідаля. Гэта стала адзінай маёмасьцю на акупаванай тэрыторыі  Вялікага Княства некалі магутнага роду Сапегаў. Праз чатыры гады ў маладой пары нарадзіўся сын Яўстах Каятан, названы так ў гонар дзеда. Атрымаўшы адукацыю ў Цюрыху (Швайцарыя ) і ажаніўшыся на Тэрэзе Ізабэле  з Любамірскіх, Яўстах Каятан пасяляецца ў радавым маёнтку Спушы (цяпер – Старая Спуша Шчучынскага раёна). Правадыр Польшчы Юзаф Пілсудскі запрашае яго на дыпламатычную службу паслом ў Англію, пазьней прызначае на пасаду міністра замежных спраў Польшчы. У 1921 г. бальшавікі з немцамі падпісалі ганебную Рыжскую дамову, разадраўшы Беларусь на дзьве часткі. Яўстах Каятан не можа з гэтым пагадзіцца і пакідае ўрад Пілсудскага.
 
   “Трэба было адбудаваць Спушу з руінаў, якія засталіся па вайне”, - ўспамінае сын былога міністра Яўстах Севярын, які нарадзіўся тут 7 жніўня 1916 г. і пражыў у Спушы  з невялікімі перапынкамі 23 гады. Пасьля заканчэньня аднаўленчых работ палац у Спушы выглядаў вельмі прыгожа: мураваны двухпавярховы, з мансардай, галерэямі і балконамі. Каля палаца разлягаўся прыгожы лесапарк. У 1933 г. Яўстаху Сапегу польскі ўрад вярнуў сканфіскаваныя Расеяй у яго дзеда паўстанца маёнткі і землі. Валянцін Дубатоўка піша, што сярод вернутых былі Ружаны, Дзярэчын, Зэльва, Новая Мыш, Луна (Волю?). У 1939 г. Яўстах Каятан быў арыштаваны  распачаўшымі вайну саветамі і пасаджаны ў Менскую турму.   Потым былі допыты на Лубянцы, сьмяротны прысуд сталінскай “тройкі”… Але Лаўрэнцій Берыя замяніў расстрэл на катаржныя работы на Беламор-канале. Уратаваньне прыйшло  праз армію Андэрса, з якой Яўстах трапляе ў Афрыку. Так род Сапегаў назаўсёды пакідае родную зямлю. І толькі праз паўстагодзьдзя 4 верасьня 1998 г. князь Яўстах Севярын Сапега  выйшаў з вагона Варшаўскага цягніка на Гарадзенскім вакзале.
 

   Сын апошняга з Сапегаў – уладальнікаў Луна жыў ў Афрыцы ў горадзе Найробі  краіны Кеніі. Ён не забыў сваіх каранёў. У Варшаве надрукаваны плён яго працы, прысьвечанай Бацькаўшчыне і свайму роду: васьмісотстаронкавы фаліянт “Сапегаўскі дом” з падрабязнымі біяграфіямі, фамільнымі партрэтамі, апісаньнямі маёнткаў… Адолеўшы 7 тысяч  кіламетраў, князь Яўстах Сапега  крочыў ля руін Ружанскага палаца, схіляў галаву перад мемарыяльным знакам свайму прадзеду ў Дзярэчынскім касьцёле, марыў пабудаваць  невялікі дом у Спушы…
                    

 Фота. Дом у Найробі.


   Мястэчка ж Луна працягвала заставацца ў складзе Гарадзенскай эканоміі, створанай у 1588 г. з дзяржаўных маёнткаў Гарадзенскага павета. Маёнткі яе здаваліся ў арэнду. Становішча сялян эканоміі было цяжкім, але лепшым, чым у магнацкіх і царкоўных уладаньнях. Значныя страты эканоміі нанеслі войны  17-18 стст., эпідэмія чумы ў 1709-10 гг. У другой палове 18 ст. у выніку рэфарматарскай дзейнасьці Антона Тызенгаўза гаспадарка аднаўляецца, уводзяцца новыя тэхналогіі ў жывёлагадоўлі, садоўніцтве …

Scroll to top