У “Вечернем Гродно” ад 8 лютага 2006 года з’явіўся артыкул з паведамленнем пра прынятае рашэнне аб пачатку “аднаўленчых” работ Каложскай (Барысаглебскай) царквы: нібы яна будзе рэканструявацца на стан 1852 году. Чаму ў нас выбіраюць заўсёды горшыя варыянты?

Нам прапануюць аднавіць:
Каложская царква, 2006 год

  • муры XII ст., якія абрынуліся ў сярэдзіне XIX ст.;
  • кансервацыйныя кавалкі сцен, надбудаваныя над мурамі XII ст.;
  • дах з гонтам (а хутчэй за ўсё з дранкай) – “шэдэўр” кансервацыйных работ XVIII ст.

Нам прапануюць забудаваць шэдэўр беларускай архітэктуры манастырскімі карпусамі (а манастыр, гэта таксама і гаспадарчы комплекс). Традыцыі РПЦ ужо зараз нам ярка паказвае маці Гаўрыіла сінімі металёвымі загародкамі і залатымі зоркамі на барочным купале Раства Багародзічнай царквы. І самае адыёзнае – пабудова побач муляжа Каложы XII ст. для турыстаў з дапамогай сучасных тэхналогій. Невядома, праўда, як яна выглядала ў XII ст. Дый турысты не такія дурні, каб захапляцца муляжамі... Але гэта дробязі, калі ў нашы галовы лезуць фантазіі. Мяне таксама панеслі эмоцыі. Прабачце, давайце паразважаем спакойна: навошта нам зараз патрэбна рэканструкцыя Каложскай царквы?

Па-першае, патрэбныя работы, якія абаранілі бы царкву ад разбурэння на як мага даўжэйшы час.

Па-другое, рэканструкцыя падкрэсліла бы мастацкую значнасць Каложы ў вачах турыстаў, сусветнай супольнасці.

Па-трэцяе, аднаўленчыя работы забяспечылі бы функцыйнае выкарыстанне аб’екта як культавага збудавання.

Да гэтага моманту рашэнне па рэканструкцыі Каложы балансавала паміж двума варыянтамі:Каложская царква XII ст. (рэканструкцыя)

  • аднавіць храм на XII ст. (гэтага з-за браку інфармацыі зрабіць немагчыма);
  • адбудаваць царкву на стан 1852 году.

Была ўхваленая другая канцэпцыі. І ўсім здаецца, што гэта адзіна правільнае рашэнне.

Жах! Мы думаем, што гэткі выгляд храма (які на хуткую руку і з бракам сродкаў быў накрыты ў XVIII ст., каб проста не разбураўся і каб там можна было маліцца) будзе вабіць турыстаў і нават трапіць у спісы UNESCO?! Калі ж мы ўсё-ткі пазбавімся гэтага перыферыйнага мыслення ўскрайку Расейскай імперыі?! Рэканструкцыя аніякім чынам не падкрэсліць мастацкай значнасці і запланаваны выгляд Каложы мала чым адрозніваецца ад сучаснага.

Дык навошта тады гарод гарадзіць?!

Ёсць трэці варыянт рашэння, які адпавядае ўсім тром патрэбам у рэканструкцыі. Да існых сцен XII ст. дабудаваць штосьці новае, тое, што:

  • падкрэслівала бы прыгажосць задумы старажытных дойлідаў;
  • не пярэчыла бы царкоўным канонам;
  • у той самы час паказвала бы гледачу , што вось гэта – сівое і бясцэннае XII-е, а вось гэта – шляхетнае сваёй далікатнасцю XXI ст. Гэта можа быць металёвая канструкцыя са шкляным пакрыццём (але хіба занадта для царквы), проста белыя фантазійныя абрысы XII ст. ці нешта іншае, якое не выглядала бы правінцыйна, банальна.

Да гэтага варыянта два пытанні.
Страчаная паўднёвая сцяна на малюнку 1852 года

  • Ці аднаўляць паўднёвую сцяну на стан XII ст.?
  • Які з варыянтаў рэканструкцыі больш спрыяльны для рэгістрацыі UNESCO?

Што да аднаўлення сцяны. Наколькі абмерныя малюнкі 1852 году дакладныя? Ці дастаткова кваліфікаваныя беларускія будаўнікі-рэстаўратары, каб паўтарыць старажытныя тэхналогіі? Наколькі мэтазгодна рабіць навюткую сцяну быццам бы XII ст., Каго яна будзе ўражваць? Што ў ёй будзе гэткае, чаго няма ў паўночнай сцяны? Пытанні застаюцца адкрытыя.

UNESCO уносіць у спіс не тое, што мы з вамі набудуем, а тое, што засталося з XII ст. А ці ўнясе яно парэшткі Каложскай царквы – залежыць таксама ад ступені прэзентабельнасці. Прэзентабельнасць зацверджанага варыянту вельмі нізкая.

Мы спадзяемся, што пытанні па рэканструкцыі Каложскай царквы, яшчэ не закрытыя і што ўлады і спецыялісты будуць абмяркоўваць розныя варыянты рэканструкцыі і прыслухоўвацца да думкі грамадскасці. Хаця бы для таго, каб зараз не адрывацца ад Зямлі і каб у свой час патрапіць на Неба...

Scroll to top