Некалькі тыдняў таму, калі быў зруйнаваны дом па вуліцы Віленскай, давялося пачуць галасы, а ці можна было выратаваць будынак, своечасова адрэагаваць, унесці яго ў спіс гісторыка-культурнай спадчыны. Адкажам на гэта – не, гэтага было зрабіць нельга.

І зусім не таму, што будынак не мае ніякай каштоўнасці сам па сабе або як частка ансамбля. Проста механізм папаўнення спісу гісторыка-культурнай спадчыны нашай рэспублікі функцыянуе зусім не так, як павінен функцыянаваць. Ён, фактычна, зусім не працуе.

Дом па вул. Валковіча, 23. Гродна

Энтузіясты з Мінска і Гродна цягам ужо некалькіх гадоў спрабуюць папоўніць спіс гісторыка-культурнай спадчыны нашага горада. Спрабавалі пашырыць межы ахоўнай зоны на Новы Свет, пасля падавалі асобныя будынкі – казарму на вуліцы Перамогі, “Гарачы хлеб” на Горкага, яшчэ дзясятак заявак ляжыць у Мінкульце. Кожны раз міністэрства культуры чамусці прысылае гэтыя заяўкі ў гарвыканкам і пытае, ці хочаце вы такі будынак мець у спісе.

Вось і нядаўна Антону Астаповічу – старшыні рэспубліканскага таварыства аховы помнікаў, адмовілі ва ўнясенні ў спіс будынка па вул. Валковіча 23. Пры чым прапаноўвалася заява па гэтаму будынку ў спіс двойчы. Прычына – “неадпаведнасць стану будынка крытэрыям адбору матэрыяльных аб’ектаў, устаноўленых пунктам 2 артыкулу 20 закона”. Простай мовай – будынак занадта “зношаны”, каб быць сведчаннем нашага багатага мінулага.

Адмова на наданне дому па адрасе вул. Валковіча, 23 стана гісторыка-культурнай каштоўнасці

Ніжэй змешчана частка Закона аб ахове гісторыка культурнай спадчыны ў РБ (Артыкул 20). Прапануем пашукаць, дзе прапісана неабходнасць Міністэрства культуры раіцца з мясцовымі ўладамі, ці патрэбен ім такі будынак, ці не запланаваны на месцы гэтага будынка які гіпермаркет, або ці ў надта дрэнным стане ён знаходзіцца. Нічога гэтага там няма. Але функцыянуе ўсё менавіта так. Таму спіс гісторыка-культурнай спадчыны горада над Нёмана за апошнія пяць гадоў папоўніўся толькі некалькімі будынкамі на вул. Мядовай (дзякуючы гісторыку Ігару Трусаву).

Фрагмент знешняй аздобы дома па вул. Валковіча, 23. Гродна У грунтоўных скляпеннях дома па Валковіча, 23 магла б размясціцца атмасферная кавярня

Аматарам жа пагаварыць пра “нікому непатрэбныя халупы” прапануем пару матэрыяльчыкаў пра тое як аднавілі драўляную спадчыну Томска і як яна стала турыстычным брэндам сібірскага горада.

Аднаўленнем дамоў займаюцца не толькі прыватныя інвестары, але і мясцовая адміністрацыя (чытаць тут).

Змены, якія адбываюцца з дамамі, да якіх прычыніліся руплівыя рукі спецыялістаў, проста ўражваюць.

Томск, дом па вул. Дзяржынскага, 18. Да рэстаўрацыі

Томск, дом па вул. Дзяржынскага, 18. Пасля рэстаўрацыі

Усе гэта, аднак, не азначае, што падаваць заяўкі на папаўненне спіса спадчыны нельга. Трэба падаваць заяўкі, трэба вывучаць спадчыну хаця б дзеля таго, каб пасля быў матэрыял для яе аднаўлення.

 


 

Закон аб ахове гісторыка культурнай спадчыны ў РБ

Артыкул 20. Крытэрыі адбору матэрыяльных аб’ектаў і нематэрыяльных праяўленняў творчасці чалавека для надання ім статусу гісторыка-культурнай каштоўнасці

1. Навукова-метадычная рада пры разглядзе прапаноў аб наданні матэрыяльным аб’ектам або нематэрыяльным праяўленням творчасці чалавека статусу гісторыка-культурнай каштоўнасці зыходзіць з наяўнасці ў прапанаваных для разгляду матэрыяльных аб’ектаў або нематэрыяльных праяўленняў творчасці чалавека адметных духоўных, мастацкіх і (або) дакументальных вартасцей, што пацвярджаецца адпаведнасцю аднаму з крытэрыяў:

1.1. яны з’яўляюцца:
адным з фактараў фарміравання нацыянальнага менталітэту;
рэдкім ці каштоўным сведчаннем існавання зніклай цывілізацыі;
эпічным творам, створаным або істотна пераасэнсаваным і відазмененым народам Беларусі;
аўтарскім творам мастацтва, створаным на тэрыторыі Рэспублікі Беларусь або пад уплывам беларускай гісторыі, рэчаіснасці, менталітэту, асяроддзя ці іншых фактараў;
выдатным мастацкім творам, шэдэўрам, створанымі і (або) прызнанымі за межамі Рэспублікі Беларусь;
матэрыяльным аб’ектам або нематэрыяльным праяўленнем творчасці чалавека, асаблівасцямі ладу жыцця, характэрнымі толькі для культуры народа Беларусі;
дакументальнай фіксацыяй, сімвалам або іншым праяўленнем ці абазначэннем з’яў, падзей або працэсаў, якія звязаны з гісторыяй Рэспублікі Беларусь, яе асобных рэгіёнаў, радаводаў ці этнічных груп або маюць міжнароднае значэнне;
выдатным ці арыгінальным вынікам творчага або навукова-тэхнічнага эксперыменту;
рэдкім на тэрыторыі Рэспублікі Беларусь або выдатным дасягненнем іншага народа;
вынікам або сведчаннем недаследаваных працэсаў;
пахаваннем славутага чалавека, брацкай магілай воінаў, змагароў, якія загінулі за якую-небудзь адзіную высакародную справу, і (або) ахвяр ваенных падзей, узброеных канфліктаў, масавых рэпрэсій;
традыцыйнай тапанімічнай назвай;

1.2. яны з’яўляюцца рэдкім або выдатным узорам:
створанага чалавекам асяроддзя;
выкарыстання ў дзейнасці чалавека прыродных фактараў і асаблівасцей;
збудавання ці іншага твора, якія маюць тыповыя ўласцівасці, характэрныя толькі для культуры народа Беларусі;
збудавання ці іншага твора, прадметаў быту або прадметаў іншага прызначэння пэўнага гістарычнага перыяду, рэгіёна ці этнічнай групы;
твора народнага мастацтва пэўнага гістарычнага перыяду, рэгіёна ці этнічнай групы;
вырашэння гаспадарчых, вытворчых, фартыфікацыйных, арганізацыйных і іншых пытанняў;
стылістычнага напрамку або рэгіянальнай ці этнічнай асаблівасці, выяўленых у любым відзе мастацтва;

1.3. яны непасрэдна звязаны з:
падзеямі або ідэямі і перакананнямі, якія аказалі значны ўплыў на ход гістарычнага, культурнага і (або) духоўнага развіцця чалавецтва і народа Беларусі;
жыццём і дзейнасцю выдатных асоб свету і Рэспублікі Беларусь;

1.4. яны лічацца:
звязанымі з народнымі паданнямі, легендамі, іншымі эпічнымі творамі, народнымі абрадамі;
матэрыяльнымі аб’ектамі, якія маюць выдатныя ўласцівасці;

1.5. яны аказалі (аказваюць) значны ўплыў на развіццё мастацтва, духоўнасць грамадства, светапогляд людзей у пэўны гістарычны перыяд або на тэрыторыі асобнага рэгіёна ці этнічнай групы;

1.6. яны змяшчаюць у сабе недаследаваны (не поўнасцю даследаваны) культурны пласт.

2. Рашэнне аб неабходнасці надання матэрыяльным аб’ектам статусу гісторыка-культурнай каштоўнасці можа быць прынята толькі ў адносінах да аўтэнтычнага ці рэстаўрыраванага ў адпаведнасці з навукова-праектнай дакументацыяй матэрыяльнага аб’екта. Пры гэтым з часу першапачатковага стварэння нерухомага матэрыяльнага аб’екта павінна прайсці не менш чым 40 гадоў і ён павінен быць поўнасцю або не менш чым на 90 працэнтаў адноўлены ў адпаведнасці з гістарычнымі данымі на ранейшым месцы.

Scroll to top