Другая Сусветная вайна пачалася для Гародні адначасова з ўсёй Польшчай: ужо 1 верасня 1939 года горад перажыў першы авіяналёт. У летапісе мясцовага праваслаўнага сабора гэтыя падзеі аднатаваны з храналагічнай дакладнасцю: “У шэсць з паловай гадзін ранка над Гродна праляцела тры нямецкіх аэраплана, якія бамбілі горад, скінуўшы каля сарака бомбаў вялікай сілы”.

Напрыканцы трэцяга тыдня вайны нямецкія войскі былі ўжо амаль пад горадам, калі раптам: “17 верасня, - чытаем мы у “Летапісе...”, - у нядзелю ранкам, па радыё стала вядома, што ў сувязі з эвакуацыяй польскага ўрада ў Румынію на тэрыторыю Заходняй Беларусі і Заходняй Украіны ўвайшлі рускія савецкія войскі.” “Горад быццам бы вымер, – дадае іншы сведка, - ніхто не выходзіў па вуліцу. Радыё змоўкла. Усе чакалі на ўдар з боку бальшавікоў.”

У Гародні на гэты момант заставаліся ўсяго толькі два батальёны, да якіх далучыліся жаўнеры з адступаючых частак, група вайсковай жандармерыі і паліцыі, а таксама добраахвотнікі, у тым ліку і навучэнцы польскіх гімназій і школ: усяго каля паўтары тысячы чалавек. Насуперак відавочнай перавагі праціўніка, яны вырашылі са зброяй у руках бараніць горад. Першымі, праўда, з кім ім прыйшлося сутыкнуцца, аказаліся мясцовыя прыхільнікі савецкай улады – галоўным чынам беларусы ды яўрэі, каго пазней польскія гісторыкі агулам назавуць “дыверсанты”. Насамрэч, у тыя вераснёўскія дня Гародня на свае вочы пабачыла аблічча сапраўднай грамадзянскай вайны...

Імглістай і змрочнай раніцай 20 верасня савецкія войскі, рухаючыся з боку Беластока, зусім нечакана падышлі да горада. “Раптам на мост выехаў гіганцкі танк, - пісала пазней Гражына Ліпінска, – ён зусім лёгка прарваўся праз нашы запоры; за ім з’явіўся другі, трэці, чацвёрты.” Разгубіўшыся ўсяго толькі на імгненне, польскае апалчэнне адкрыла агонь. “Праціўнік падпальваў нашыя танкі, - узгадваў камдзіў Андрэй Яроменка, сведка і непасрэдны ўдзельнік саміх падзей, - паліваў іх з дамоў гаручай вадкасцю. Ужо згарэла некалькі баявых машынаў. Маладыя неабстраляныя танкісты пагубіліся.”

Напэўна, палаючыя савецкія танкі на вуліцах старой Гародні сталі найбольш яскравым момантам за ўвесь час баёў. Нездарма, адным з герояў польскага Гродна стане трынаццацігадовы Тадэуш Ясінскі – хлопчык, якога савецкія танкісты быццам бы схапілі, калі той спрабаваў кінуць бутэльку з гаручай сумесю, пасля чаго прывязалі яго да брані машыны, па-сутнасці, распяўшы яго на танку!

Вось як гэта выглядала на старонках успамінаў Гражыны Ліпінскай: “Машына едзе ўперад, а я, атупелая на ўсё што адбываецца вакол, лячу проста на яе. На лбе танка распятае дзіця, хлопчык. Кроў з ягоных ранаў ручайкамі плыве па жалезе. Мы з Данкай пачынаем адвязваць распятыя і спутаныя вяроўкамі рукі хлопчыка. З танка выскаквае танкіст з браўнінгам у руце – пагражае нам, з суседняга дому з поднятым у гару кулаком выбягае малады габрэй, ахрыплым голасам крычыць – у нечым нас і хлопчыка абвінавачвае. Для мяне яны не існуюць. Я бачу толькі поўныя страха і мукаў вочы дзіцяці. І бачу як ягоныя рукі з бязмежным даверам выцягваюцца да мяне. Высокая Данка адным рухам здымае дзіця з танку і кладзе на насілкі. У шпіталі нас акружаюць сёстры, дактары, хворыя. – Хачу каб прыйшла мама – просіць дзіця. Называецца ён Тадэвуш Ясінскі, яму 13 год, адзінае дзіця Зофіі Ясінскай, не мае бацькі. Не дапамагае пераліванне крыві. Хлопец слабее, пачынаецца агонія.”

Ліпінска, апісваючы пакутніцкую гібель гродзенскага “Гаўроша”, прыводзіла слова, якія быццам бы маці паспела сказаць канаючаму хлопчыку: “Tadzik, ciesz się! Polska armia wraca! Ułani z chorągwiami! Śpiewają!”

Аднак, успаміны іншых удзельнікаў абаронцаў ужо не такія дакладныя. Адзін з польскіх афіцэраў, напрыклад, наогул узгадвае, што памятае пра савецкі танк з чалавекам на брані, аднак падчас бою ён не паспеў разгледзець, хто ўласна гэта быў. Таму, магчыма, на пытанне, свайго падначаленага – “Што рабіць?”, даў кароткі адказ – “Агонь!” Яшчэ больш далёкі ад першай версіі расповед мясцовай беларускі, згодна якой, маці хлопчыка крычала і праклінала ўласна не савецкіх жаўнераў, забіўшых яе сына, а тых дарослых, якія далі яму ў рукі зброю і паслалі на смерць: “Дырэктар воцатнай фабрыкі, - узгадвала яна, - сабраў гімназістаў, хлопцаў 14-16 гадоў і раздаў ім бутэлькі з бензінам. Гімназісты падпальвалі імі савецкія танкі. Пасля аднаго забітага хлопца бальшавікі прывязалі да танка і працягнулі яго цела па ўсёй Дамініканскай (зараз Савецкай) вуліцы. Можа сёння нехта палічыць дырэктара воцатнай фабрыкі героем. Але я асабіста чула, як няшчасная маці таго хлопца праклінала не саветы, а таго, хто падбухторыў яе сына і даў яму ў рукі бутэльку з бензінам”.

Пра самога Ясінскага вядома ня шмат, напрыклад тое, што сярод дзяцей з найбольш убогіх сем’яў, якіх на пачатак 1930-х гадоў бралі на ўтрыманне супрацоўнікі гарадзенскай паліцыі, сустракаецца прозвішча і Тадзіка (ім апекаваўся мясцовы паліцэйскі - Францішак Ясеноўскі ). Там жа ўзгадваецца і адрас, па якім жыў хлопчык з маці – вул. Баніфратэрская № 9. Сам жа Тадэвуш Ясінскі пахаваны на старых каталіцкіх могілках у Гродне, дзе на сцяне старой капліцы ўжо ў нас час была прымацавана шыльда ў ягоны гонар.

Аднак яшчэ раней, у канцы 1941 года, Уладзіслаў Сікорскі ў размове з абаронцамі Гродна, якія засталіся ў жывых, скажа: “Вы сталі новымі Арлянятамі.”

Бульвар Тадэка Ясінскага ў Вроцлаве.

Скрыжаванне вуліц Свярдлова і Будзёнага на здымку 1968 г. Пад крылом самалёта (зверху у цэнтры) знішчаная пазней забудова. У адным з гэтых домікаў жыў Т. Ясінскі.

У верасні 1939 г. гродзенцаў прывязвалі да танкаў з імем Сталіна.

Scroll to top