У 80-ыя гады XVI ст. былы замак Вітаўта ў Гродне, які з'яўляўся адной з каралеўскіх рэзідэнцый, быў цалкам перабудаваны паводле загаду караля Рэчы Паспалітай Стэфана Баторыя. Перабудова пад кіраўніцтвам італьянскіх спецыялістаў вялася ў рэнесансным стылі. Галоўнай часткай Новага замка, адбудаванага на падмурках замка Вітаўта, стаў каралеўскі палац. Археалагічныя раскопкі паказалі, што перад будаўніцтвам палаца Стэфана Баторыя тэрыторыя замка была грунтоўна расчышчана. На першым паверсе палаца былі памяшканні, што выкарыстоўваліся для вайсковых і гаспадарчых патрэбаў. Каралеўскія пакоі знаходзіліся на другім паверсе і мелі шыкоўныя кафляныя печы, аблямаваныя зялёнай (паліванай) ці шматколернай (паліхромнай) кафляй.


У часы руска-польскай вайны сярэдзіны XVII ст. замак моцна пацярпеў і быў спалены. Слаі яго разбурэння і пажар зафіксаваныя намі ў многіх раскопах. Сярод шматлікіх знаходак у гэтым пласце знойдзена шмат кафлі з каралеўскага палаца.


Упершыню кафляныя печы ў пабудовах на тэрыторыі Старога замка згадваюцца ў «Пісцовай кнізе Гродзенскай эканоміі», якая была складзена ў XVI-XVII стст. Гэтая вельмі цікавая пісьмовая крыніца ўтрымлівае звесткі аб наяўнасці ў тагачасным замку больш за тры дяесяткаў кафляных печаў. Есць згадкі аб зялёнай паліванай кафлі, таксама называюцца «печы белыя», альбо «печы кафлі белай». Паколькі кафлі, пакрытыя белай палівай, у значнай колькасці з'яўляюцца толькі ў XVIII-XIX стст., гаворка, відаць, ідзе аб печах са звычайнай тэракотавай кафлі, якая потым была пабелена. Дарэчы, непаліваныя кафлі са слядамі пабелкі неаднойчы сустракаліся нам падчас раскопак у розных гарадах Беларусі. Цікава адзначыць, што ў адным з будынкаў замкавага палаца знаходзілася печ «віленскай работы». Мяркуючы па назве, можна выказаць думку, што яна была аблямавана дарагой паліхромнай рэльефнай кафляй, зробленай па спецыяльнаму заказу віленскімі майстрамі. Таму не выпадкова, што некаторыя віды паліхромных кафляў, знойдзеныя намі побач з палацам Стэфана Баторыя, не маюць аналогій у нашых беларускіх гарадах і замках (1).


Але ў Польшчы пэўныя аналагі нашай кафлі ёсць таксама. У горадзе Гданьск захаваўся побач з гарадской ратушай сярэднявечны будынак, які атрымаў назву Двор Артуса. Росквіт Гданьска прыпадае на XVI і першую палову XVII ст. У гэты час у Гданьску працавалі французскія майстры і мастакі, якія ўнеслі свой важкі ўнёсак у аздабленне інтэр'ераў Двора Артуса. Адзін з французскіх майстроў Штэльцнер у 1545-1546 гг. пабудаваў велізарную кафляную печ вышынёй 12 метраў. І аздобіў яе кафляй з партрэтнымі выявамі заможных жыхароў Гданьска ў багатай вопратцы XVI ст. Гэтая печ ніколі не палілася, заўжды была халоднай і мела функцыю шыкоўнай аздобы. Цікава, што кафля, зробленая ў Гданьску паводле галандскіх узораў, прадавалася на ўсёй тэрыторыі Польшчы. Мець у доме, так званую, "гданьскую печку" было вельмі прэстыжна (2). У Беларусі падобныя печкі называліся "віленскімі".


Шмат кафлі было знойдзена польскімі даследчыкамі ў 30-я гады ХХ ст., а таксама М. Вароніным у 1949 г. Аднак польскія навукоўцы зусім не пісалі пра свае знаходкі, а М. Варонін надрукаваў толькі адзін фотаздымак фрагментаў гаршковай кафлі, якую знайшоў у яме пад Верхняй царквой. Даследчык, не ведаючы, што тэта такое, тым не менш адзначыў добрую якасць вырабу невядомых яму начынняў. У яго манаграфіі ёсць таксама згадкі аб «рэльефнай зялёнай кафлі з усходняга раскопу».
Але не ўвесь кафляны матэрыял з раскопак Ю. Ядкоўскага, З. Дурчэўскага і М. Вароніна загінуў. Частка яго апынулася ў музейных фондах і нават трапіла ў экспазіцыю. Экспазіцыйны матэрыял і быў часткова надрукаваны ў Кароткай энцыклапедыі БССР, а таксама ў буклеце Р. Валадзько і кнізе М. Кацара (3). Аднак датаванне гэтых кафляў яўна памылковае. Больш дакладнае іх датаванне пададзена намі ў альбоме «Беларуская кафля» (4).


Асноўная калекцыя кафлі падчас раскопак на тэрыторыі Старога замка ў Гродне была сабрана намі ў 1985-1988 гг.: 657 кавалкаў гаршковай кафлі і 2620 фрагментаў каробкавай.


Росквіт кафлянай вытворчасці ў Гродне прыпадае на другую палову XVI-XVII ст. Сярод знаходак вылучаецца кафля ад розных частак кафляных печаў: сцянная, кутняя, гзымсавая, паясковая і каронкі. Найбольш пашыраная зялёнапаліваная і паліхромная кафля. Непаліваных экземпляраў было знойдзена няшмат. На падставе сабраных матэрыялаў мы змаглі зрабіць некалькі рэканструкцый кафляных печаў гэтага часу.


Да другой паловы XVI ст. адносіцца зялёная паліваная кафля, вонкавая пласціна якой мае значны выгін і аздоблена малюнкам у выглядзе вялікага квадрата, у цэнтр якога ўпісаны меншы квадрат. Кафля такога тыпу знойдзена намі ў Лідскім замку. Адначасова ў будынку Старога замка ўжывалася кафля з квадратнай вонкавай пласцінай і высокімі борцікамі. Арнамент у выглядзе розных варыянтаў шматпялёсткавай разеткі выконваўся ў тэхніцы паглыбленага рэльефу.
Самай цікавай з усёй калекцыі з'яўляецца паліхромная кафля канца XVI ст., упрыгожаная разнастайнымі тыпамі арнаменту. Магчыма, да адной з печаў XVI ст. мы маем цэлы пячны набор розных па канструкцыі кафляў. Гэтая печ, магчыма, некалі аздабляла палац Стэфана Баторыя.

 

 


На наш погляд, адной з самых унікальных знаходак з'яўляюцца фрагменты квадратнай кафлі канца XVI ст. Цэнтр яе займае профільная выява чалавека ў лаўровым вянку, заключаная ў двайную круглую рамку, унутраны край якой заканчваецца шэрагам аднолькавых петляў. У ніжніх кутах кафлі знаходзяцца выявы двухгаловых арлоў, у верхніх — ільвоў з пышнымі грывамі і доўгімі хвастамі, паміж імі змешчана карона як сімвал каралеўскай улады. Спалучэнне белага рэльефу з сінім колерам дае непераўзыдзены эфект і аказвае высокае эмацыянальнае ўздзеянне. Памеры кафлі 19×19 см, вонкавая пласціна даволі тонкая. У калекцыі маецца цэнтральная частка кафлі такога ж тыпу, але профільная выява караля павернута ў другі бок. Па характары малюнка бачна, што драўляныя формы рабіліся хутчэй за ўсё рознымі майстрамі. Трэба адзначыць, што аналагаў такой кафлі пакуль што не знойдзена на тэрыторыі Беларусі.


Вельмі рэдкай знаходкай з'яўляецца і фрагмент паясковай кафлі, які мы ўмоўна назвалі «пасвячэнне ў рыцары». На ёй — выявы двух людзей у тыпова рэнесансавым адзенні, адзін з іх стаіць тварам да нас, другі прыпаў на адно калена, у руках трымае корд альбо меч. Тонкая прапрацоўка дэталяў адзення, твараў, прычосак, атрыбутаў, рэалістычны малюнак з добрым веданнем прапорцый чалавека — усё гэта, безумоўна, сведчыць аб высокім прафесійным узроўні майстра, які, відаць, быў немясцовага паходжання і запрошаны ў Гародню для выканання спецыяльнага заказу. Вышыня кафлі 11,5 см, рэльеф высокі, таксама белага колеру на сінім фоне, які амаль не захаваўся, бо паліва адлушчылася з-за дрэннага счаплення з чарапком. Вонкавая пласціна мае сляды неаднаразовай пабелкі.
Прыцягвае ўвагу і невялікі кавалак з выявай барабаншчыка. На жаль, верхняя частка тулава сколата, засталася толькі частка галаўнога ўбору, а вось барабан захаваўся цалкам. Кафля гэтая таксама паліхромная: спалучэнне сіняга і белага колераў.


Акрамя таго, у калекцыі ёсць паясковая кафля анімалістычнага характару з сіметрычнай кампазіцыяй: на адной з іх выява каня (кафля двух тыпаў — непаліваная і паліхромная), на другой — леў (?) з загнутым угору хвастом і птушка; у цэнтры быў нейкі герб, але захаваўся толькі невялічкі кавалак з крыжам.
У паўночнай частцы Замкавай гары у час расчыстак памяшканняў казематаў XVI-XVII стст. было знойдзена 18 кавалкаў паліхромнай кафлі, вонкавая пласцінка якой аздоблена выявай букета ў вазоне. Складаная па форме кветка з выгнутымі лісткамі знаходзіцца ў прыгожай белай вазе з высокай шыяй і выгнутымі ў выглядзе лацінскай літары S ручкамі. Па краях вонкавай пласціны праходзіць высокая рамка шырынёй 1 см. Сама пласціна таўшчынёй 1,1-2 см мае форму, блізкую да квадрата (19×19,5 см). Квадратная румпа вышынёй 9 см мацавалася з дапамогай жгуціка сырой гліны, прыціснутага пальцамі, але не загладжанага. У дэкаратыўным аздабленні кафлі побач з глухімі палівамі — сіняй (фон) і белай (ваза) — ужытая зялёная свінцовая глазура (кветка, лісты і рамка).
Падобная кафля, але зялёная ці тэракотавая, знойдзена ў Лагойску, Лідскім, Крэўскім і Мірскім замках (6).


Да гэтага ж часу адносіцца зялёнапаліваная партрэтная кафля, вонкавая пласціна якой мае памеры 19,5×18,5 см. На ёй у двухпрыступкавай рамцы маецца малюнак чалавека ў профіль, які трымае ў руках рэчы, падобныя да атрыбутаў каралеўскай альбо імператарскай улады (дзяржава і скіпетр). Такая кафля, толькі непаліваная, знойдзена ў Мінску.
Канцом XVI ст. датуюцца і паліхромныя кафлі з раслінным арнаментам, якія маюць шырокую падвоеную рамку, тыповую для гэтага часу, жоўтага і бірузовага колераў, белы рэльеф на сінім фоне. Пазнейшым з'яўляецца фрагмент паліхромнай кафлі з малюнкам расліннага характару (чатырохчленнай сіметрыі), рамка становіцца вузейшай і меншай вышыні, малюнак набывае рысы, уласцівыя для эпохі барока, каляровае вырашэнне тое ж самае.
Таксама знойдзена гзымсавая кафля з выявай маскарона канца XVI ст. двух тыпаў — паліхромная (белы рэльеф на сінім фоне) і зялёнапяліваная.
Каронкі прадстаўлены некалькімі фрагментамі з раслінным арнаментам у спалучэнні з геаметрычным, вонкавая паверхня якіх увагнутая.
У канцы XVI — першай чвэрці XVII ст. сярод дэкору гродзенскай кафлі найбольш пашыраны раслінны арнамент. Даволі часта ён будаваўся па прынцыпу чатырохчасткавай сіметрыі: у цэнтры вонкавай пласціны размешчана разетка, ад якой у куты пласціны цягнуцца стылізаваныя сцябліны. Іншыя тыпы арнаменту — гэта розныя сцябліны, кветкі, лісце аканта. Таксама знойдзена некалькі гзымсавых і сцянных кафляў з геаметрычным арнаментам у выглядзе ромбаў альбо чатырох невялікіх квадратаў. Адной з найбольш цікавых з'яўляецца гзымсавая кафля, у цэнтры якой змешчана стылізаваная валошка; яна мела два каляровыя вырашэнні — зялёнапаліванае і паліхромнае.

 


Адначасова з будаўніцтвам палаца Стэфана Баторыя перабудоўвае Мірскі замак Радзівіл Сіротка, таму печы ў пакоях Радзівілаў з'явіліся адначасова з гродзенскімі.
Пісьмовыя крыніцы XVII ст. сведчаць пра багатае ўбранне Мірскага палаца, які ацяплялі шыкоўныя печы, зробленыя з паліхромнай кафлі. У час шведскіх нападаў (1655 і 1706 гг.) палац шмат разоў гарэў і разбураўся. Таму ў другой палове XVII — пачатку XVIII ст. старыя печы паступова разабралі і зрабілі новыя з зялёнай паліванай кафлі (7).


Асноўная частка ўсіх кафлін датуецца канцом XVI — першай паловай XVII ст. — часам найбольшага росквіту Мірскага замка. Прычым час бытавання некаторых з іх можна дакладна вызначыць па датах, якія на іх маюцца. Так, напрыклад, у калекцыі маецца датаваная 1583 г. кафля-каронка. Яна знойдзена побач з паўночнай сцяной замкавага корпуса разам з двухзубым відэльцам, белаглінянай люлькай галандскага тыпу (ранняга) і шэрагам рэчаў канца XVI — першай паловы XVII ст. Гэта сведчыць аб тым, што на той час паўночны корпус палаца, які пабудавалі Радзівілы, ужо дзейнічаў.


Усю калекцыю кафлі можна падзяліць на тры вялікія групы: непаліваную, зялёнапаліваную, паліхромную. 3 іх найбольшую цікавасць уяўляюць паліхромныя кафлі. Першыя паліхромныя печы зроблены падчас будаўніцтва замкавага палаца ў канцы 16 ст. Матэрыялы даследавання паказваюць, што ў замку ўжо тады існавала вялікая колькасць печаў розных памераў і прызначэння: вялікія і малыя, шарападобныя, выступаючыя ў памяшканне і прыціснутыя да сцяны, кутнія ці пастаўленыя пасярэдзіне, поўнасцю размешчаныя ў пакоі і тыя, што часткова выходзілі ў другое памяшканне. Тут былі печы кухонныя і ацяпляльныя, складзеныя з кафлі тэракотавай, паліванай зялёнай глазурай і паліхромнай. Простыя печы, найбольш таннейшыя, з цэглы і тэракотавай кафлі будаваліся ў службовых памяшканнях, сутарэннях і на першым паверсе. Печы з зялёнай паліванай кафлі, відаць, былі прызначаны для святліц на другім паверсе. Печы ж з шыкоўных паліхромных кафляў ацяплялі толькі пакоі ўладароў замка на другім і трэцім паверхах.


Уявіць, як выглядалі пакоі з паліхромнымі печамі, можна, калі мы звернемся да апісання памяшкання таго часу з інвентара маёнтка Смаргоні, які належаў брэсцкаму ваяводзе Хрыстафору Зяновічу, а пазней перайшоў ва ўладанне Радзівілаў (8). У інвентары за 1621 г. мы чытаем апісанне дзвярэй, акон і мэблі ў святліцы. Каля кафлянай печкі былі два тапчаны і зэдлік на аднаго чалавека. Пакой быў абцягнуты чорным сукном. У ім вісела пяць партрэтаў, з іх тры — сям'і і два — каралеўскія. У вялікай сталовай ужо іншае аздабленне: дзверы і касякі размаляваныя фарбамі, балкон з балясамі, буфет сталярнай работы, дзевяць акон з гербамі, сем сталоў сталярнай работы, пяць зэдляў простых і абцягнутых чорным сукном. Уздоўж сцен лавы, столь размалявана рознымі фарбамі. Сярод пакою два пазалочаныя падсвечнікі з дзвюма меднымі трубкамі для свечак. Другі падсвечнік з ласінымі рагамі і галавой дракона наверсе. Падвешаны яны на пабеленых ланцугах. Печка з дымаходам і з рознакаляровымі кафлямі, на якіх выяўленыя гербы яго міласці. Увесь пакой, а таксама лавы абцягнутыя чорным сукном. Насупраць гэтага пакою — другая святліца, дзе дзверы маюць інкрустацыю з чорнага дрэва...


Адным словам, мы бачым, што гэта — самыя раскошныя пакоі, у якіх дзверы, вокны, мэбля, асвятленне, нарэшце, печы — як правіла, дарагія, зробленыя з густам, па-мастацку. Абцягнутыя чорным сукном сцены, дзверы з чорнага дрэва і нават мэбля падкрэсліваюць шматкаляровы роспіс столі і каляровае шматгалоссе кафляных печак. Па сутнасці, печка становіцца галоўным кампазіцыйным цэнтрам прасторы пакою не толькі па паліхроміі, вертыкалі і памерах, але і па змесце, што нясуць рэльефы каляровых кафляў.


Аб паліхромных печах Мірскага замка, пра іх знешні выгляд, агульныя памеры, тэматыку выяўленчых матываў, іх мастацкае ўздзеянне на прасторавае асяроддзе пакою недакладна, але ўсё ж можна меркаваць па кафлях, выяўленых у час археалагічных раскопак. Усяго знойдзена восем тыпаў паліхромнай кафлі з рознымі іх варыянтамі. Кожнаму тыпу адпавядае характар дэкору, які ад яго месцазнаходжання ў люстэрку печы надаваў патрэбную трактоўку агульнаму сюжэту.
Найбольшую колькасць сярод знойдзеных тыпаў складаюць «сценныя» квадратныя кафлі з бокам 20 см і ганчарнай румпай даўжынёй каля 7-9,5 см. Дэкор на іх двух відаў — раслінны і геральдычны.


Па выніках нашых раскопак зараз у Мірскім замку зроблены рэканструкцыі кафляных печаў канца XVI — пачатку XVII стст. Гэты вопыт неабходна скарыстаць пры аднаўленні печаў у гродзенскім палацы Стэфана Баторыя.

 

 

Літаратура
1. Писцовая книга Гродненской экономии с прибавлениями издания Виленской комиссии для разбора древних актов. Вильно, 1882. С. 18.
2. Хрусьцинский Ч. Изразцовые портреты // Польша, № 12. 1980. С. 40-41.
3. Белорусская ССР. Краткая энциклопедия. Мн., 1981. Т. 4. С. 187; Володько Р. Ф. Белорусские изразцы. Мн., 1987; Кацер М. С. Народно-прикладное искусство Белоруссии. Мн., 1972. С. 52-53.
4. Трусаў А. А. Беларуская кафля. Мн., 1989. С. 44, 77, 79.
5. Трусаў А. А. Стары замак у Гродне XI-XVIII стст.: Гіст.-археал. нарыс / А. А. Трусаў, В. Е. Собаль, Н. І. Здановіч. — Мн.: Навука і тэхніка, 1993. Мал. 84-87.
6. Трусов О. А. Памятники монументального зодчества Белоруссии XI-XVII вв. Мн., 1988. С. 143.
7. Иодковский И. И. Замок в Мире // Древности. Труды комиссии по сохранению
древних памятников. Т. 6. М., 1915. С. 70.
8. Инвентари магнатских владений Белоруссии 17-18 вв.: Владение Сморгонь. Мн., 1977. С. 24.

 

Scroll to top