Гродзенскі архітэктар Рышард Кацынэль распавядае аб месцах масавых забойстваў абаронцаў Гродна ў верасні 1939 года і сваіх спробах ушанаваць іх памяць. Зусім невядомы гарадзенцам артыкул пачатку 1990-х гг. аб мясцінах расстрэлаў, дзе сёння няма нават крыжоў.

Гродна ў верасні 1939 г. змагалася з ўваходзячымі часткамі Чырвонай Арміі. Ад 20 да 22 верасня бальшавікам не ўдавалася заняць горад над Нёманам, а трэба ўзяць пад увагу, што два кадравыя палкі, якія стацыянавалі ў Гродне, яшчэ ў пачатку верасня пайшлі змагацца з немцамі. Абарону горада фактычна вялі выпадковыя часткі арміі і мясцовага насельніцтва. Вядомы ўдзел у абароне харцэрскай моладзі. Пасля гадоў маўчання шмат інфармацыі па тэме баёў за Гродна можна здабыць з пра Ч. Гжэляка, Г. Ліпінскай, Я. Семінскага, З. Унгара.

Шыльда ў гродзенскім фарным касцёле ў памяць гродзенскіх харцэраў, якія ў верасні 1939 г. спалілі больш дзесяці савецкіх танкаў.
Дні славы. Нягледзячы на велізарную дыспрапорцыю сіл, баі былі вельмі зацятыя. Нават танк будучага маршала СССР тройчы падпалены змушаны быў адступаць. Гэта ацалелым героям абароны Гродна генерал Уладыслаў Сікорскі, падчас інспекцыі 6 дывізіі пяхоты ў снежні 1941 г., сказаў: «Вы новыя Арляняты. Я пастараюся, каб ваш горад атрымаў тытул заўсёды вернага і ордэн Віртуці Мілітары».

Уласна за супраціўленне гродзенцам плацілі пачварнымі забойствамі безабаронных жыхароў: падхарунжых, харцэраў, цывільнага насельніцтва. Забівалі пераважна ва ўсходняй частцы горада ў аколіцы Сабачай Горкі, Крыжоўкі, Пагулянкі.

НКВД расстрэльвала адразу на месцы бою ці цягам бліжэйшых дзён пасля ўваходу ў горад. Загінула больш трохсот чалавек. Пачварнасць агрэсараў была адказам на супраціўленне, паколькі мясцовыя людзі ўжо валодалі інфармацыяй пра «штодзённае жыццё ва Ўсходняй Беларусі»…

Аб першай групе жаўнераў Войска Польскага, якую расстралялі пасля ўваходу савецкіх войскаў у горад, мы ведаем ужо даволі шмат. На жаль толькі цяпер, пасля больш чым пяцідзесяці год. Адбылося так, як я калісьці пісаў пра суайчыннікаў у Катыні:

І гэтым не скончылася дарога пакут,

Бо загадалі выцерці вас з памяці.

Але скрываўленая Айчына чакала вас і надалей,

Каб крыж вам паставіць і ксёндз яго асвяціў.

 Польскія ваеннапалонныя пад аховай чырвонаармейцаў. Гэтым пашанцавала і іх напэўна не расстраляюць
Размовы на гэтую тэму былі забаронены. Патрыёты замаўчалі. Настаў доўгі час цемры. А тыя нявінныя недзе ляжалі, іх магілы раўнялі з зямлёю. Пан Міклаш з Беластоку, гарадзенец, пісаў так: «магілу некалькі разоў бурылі». Гэта словы аб магіле, якую мы адкрылі.

Пачалося ўсё досыць незвычайна. Пасля адбудовы польскага сектара вайсковых могілак, якой я кіраваў у 1990 г., пасля таго як там паставілі помнік, ахвяраваны з Беластоку, людзі сталі больш смелыя. Помнік асвечаны быў у памяць ахвяр Катыні, Асташкава і Старабельска, якія паходзілі з Гродна. Пасля таго людзі ўжо ведалі, да каго трэба звяртацца ў такіх справах. У маі 1991 г. я атрымаў тэлефон ад нейкага мужчыны. Па голасе нейкія 30 гадоў. Ён расказаў мне, што недалёка ад Румлёўскага мосту, каля аўтарамонтнай станцыі, якую акурат пачалі будаваць, існуе магіла польскіх салдат, расстраляных у верасні 1939 г. Каля сарака асоб. Чарговае злачынства супраць Польшчы. Месца абазначана колам з камянёў. Дадаў таксама, што жывуць сведкі гэтай падзеі і можна іх знайсці на суседніх вуліцах. Лічу, што гэты варты шчырай падзякі і ласкі Божай чалавек быў беларусам ці рускім. Па-польску не сказаў нават слова. Я падзякаваў яму і разам са Станіславам Пелюцем мы паехалі на месца.

Насамрэч, мы пабачылі кола ў акружнасці 6-8 метраў, выкладзенае каменнем памерам 40-50 см. У яго сярэдзіне былі бачныя тры заглыбленні памерам 1х1 м. Усё зарослае высокай травой. Недалёка раслі кусты, было поле і агароды. Найстрашнейшым быў, аднак, выгляд блізкай будовы. На адлегласці 6-8 метраў будаваліся карпусы аўтарамонтнай майстэрні «Аўта Ваз Тэхабслуга». Як аказалася, рашэннем уладаў горада тэрыторыя была поўнасцю прызначана пад будаўніцтва майстэрні. Аб існаванні нашай магілы ніхто не ведаў. Бачачы пагрозу мы пачалі тэрмінова шукаць сведак. На недалёкай вуліцы Прыгараднай (у польскія часы Пшэдмейскай) мы адшукалі сляды. Жыве яшчэ пані Леакадыя Блох, каторая дзякуючы Божаму заступніцтву стаяла за плотам блізкага дому. Аказалася, што тады яна мела 11 год і заставалася адзіным жывым сведкам злачынства. Як распавяла пані Леакадыя, забойства здзейснена на самым беразе Нёмана, на ўзгорку за ровам, у канцы вуліцы Прыгараднай. На нізе ў рове стаяла лесапілка. Каля гэтага месца на ўзгорку стаяў дом. Цяпер яго няма, але пані Леакадыя дакладна запомніла гэтае месца. Гэта было любімае месца дзіцячых забаваў. Уласна за плотам гэтага дому паставілі тых сорак няшчасных людзей, прывезеных з усходу да маёнтку Друцк.

Гродна, канец верасня 1939 года
Месца пакарання называлася Новая Калонія. Забівала група з некалькіх жаўнераў з кулямётам, пад кіраўніцтвам афіцэра, якога называлі «камісар». Хутчэй за ўсё гэта была адзінка НКВД, якая дзейнічала пры атрадах Чырвонай Арміі. Перад польскімі жаўнерамі паставілі кулямёт. Смерць была што раз бліжэй. Дваіх паспрабавала кінуцца ў Нёман з вышыні каля 30 метраў. Кулі скасілі іх акурат перад абрывам. Крыкам і пагрозамі адказалі на спробу ратавання жыцця. Пасля чэргі з кулямёту паклалі ўсіх. Сярод іх было хутчэй за ўсё два афіцэра. Пасля расстрэлу «камісар» падыходзіў да ляжачых і дабіваў з нагана. Перад ад’ездам загадаў мясцовым закапаць рэшткі. Вечарам мужчыны перанеслі забітых далей ад Нёмана на адлегласць каля 300 метраў. Іх пахавалі на месцы, якое сярод мясцовых называлася «могілкамі», дзе мабыць некалі кагосьці хавалі.

Целы перавозілі як сведчыў пан Халодны, старшы чалавек, фурманкамі. Цудам ацалелі тры жаўнеры. Яны былі цяжка паранены (у шыю, грудзі і бок). Насельніцтва апекавалася імі. Не баючыся рэпрэсій іх схавалі ў дамах. Месца пахавання адзначылі камянямі і паставілі крыж, які некалькі разоў нішчылі бальшавікі.

Атрымаўшы такія сенсацыйныя звесткі я скантактаваўся з кіраўніцтвам гарадскога аддзелу Саюза палякаў у Гродне з просьбай аб умяшальніцтве. Прайшло лета і ўсё засталося без зменаў. З той толькі розніцай, што будаўніцтва аўтамайстэрні ўвесь час рухалася далей. Камні, якія акружалі магілу, паспіхвалі бульдозерам. Насыпалі 2-хметровы земляны вал. Бачныя былі таксама і косці. Перад Задушным Днём, бачачы такія разбурэнні, мы са Станіславам Пелюцем паставілі драўняны крыж з надпісам «Тут ляжаць 40 польскіх жаўнераў расстраляных НКВД у 1939 г.» Гэтага хапіла, каб гэтую магілу больш разбурыць не спрабавалі.

Дырэктар будовы,бачачы, хто паставіў крыж, некалькі разоў прасіў мяне як мага больш хутка прыняць рашэнне ў справе магілы. Ён не меў нічога супраць таго, каб магіла засталася на тэрыторыі майстэрні і была адзначана нейкім знакам. Абяцаў у гэтым дапамагчы. Але гэта не было найлепшым варыянтам. Салдатам належалася больш, чым гучанне рухавікоў, смурод газаў і гук металу. Яны ж былі героямі, гэта была іх святая зямля, іх дом. Я думаў, што трэба перанесці загінуўшых у лепшае месца, а дакладней на могілкі. Гэта патрабавала эксгумацыі і ідэнтыфікацыі людзей. А пакуль адшукалася яшчэ некалькі сведкаў: Далькевіч, Урублеўская і Халодны. У снежні польская секцыя мясцовага радыё (пані Яанна Немчыноўская) перадала іх расповеды. Перадача заканчвалася заклікам дапамагчы высветліць дасюль нязнаныя акалічнасці трагедыі. Адказам было маўчанне. Праз некалькі месяцаў памёр пан Халодны, чалавек старшага веку, інвалід. У дадатак да таго Далькевіч і Урублеўская мелі ў 1939 г. 4 і 6 год, ведалі аб трагедыі толькі з расказаў старэйшых. Сведчанні гэтых асоб не мелі праўнага значэння. Заставалася толькі эксгумацыя.

У красавіку 1992 г. гарадскі аддзел СПБ накіраваў просьбу на атрыманне дазволу на эксгумацыю. Просьба была пакінута без адказу. Зноў абыякавасць. Восенню, бачачы, што зіма можа быць суровая, я пачаў прасіць ізноў. Тады ад мяне запатрабавалі сведчанняў ад асобаў, якія памяталі забойства польскіх жаўнераў. Тады я папрасіў Выканаўчы камітэт гарадскога савета даць мне дазвол на раскопкі, каб давесці, што рацыю маюць тыя, каторыя цвердзяць, што каля румлёўскага моста адбылося злачынства.

Дзякуючы падтрымцы цудоўнага чалавека, намесніка старшыні выканкама Аляксандра Мілінкевіча і рашэнню старшыні Сямёна Домаша, згода была дадзена ня гледзячы на адсутнасць неабходных дакументаў. Паклікана камісія для праверкі усёй справы і правядзення раскопак. Кіраўніком стаў намеснік старшыні раённага савета Іван Палхоўскі, яго намеснікам стаў я. Але на двары канец кастрычніка. Трэба спяшацца. Памагла нам сапраўдная полька, патрыётка пані Галіна Якалцэвіч, якая ўзяла ў свае рукі арганізацыйныя справы. Яна з’яўляецца членам кіраўніцтва гарадскога аддзела СПБ і пенсіянеркай, таму магла прысвяціць справе больш часу. Да нас далучылася яшчэ некалькі мужчын, энтузіястаў і патрыётаў.

20 кастрычніка мы пайшлі наперад. На жаль не ведаючы дакладнага месца пахавання мы скарысталіся з экскаватара. Пасля дзвюх гадзін працы мы адкрылі рэшткі людзей.

Карта з месцам расстрэлу і пахавання ў верасні 1939 г.

Ляжалі покатам, адзін каля аднаго. Я адразу склікаў усю камісію. Не было сумневаў. Хвіліны моцных перажыванняў! Гузікі з арлом у кароне, уланскія боты, менажкі. Усё гэта паказвала на тое, што тут ляжаць польскія жаўнеры. Дата на гузіках – 1937 – значыць загінулі пазней. Мы перахрысціліся і пачалі працаваць далей. Большая група. Целы пакладзены ў тры шэрагі. Частка звязана рамянямі па два-тры чалавекі. Я адшукаў «твор» - трох звязаных за шыю. Таму не толькі стралялі, але яшчэ і вязалі за шыю, каб не ўсталі, каб не пабеглі за памяццю. Усталі і паднялі прастрэленыя далоні…

Гузікі на мундзірах сведчаць аб польскіх паходжанні ахвяр. Уся акцыя адбывалася паміж 20 і 30 кастрычніка. На жаль, ня гледзячы на заклікі падчас паседжанняў СПБ, у працы ўдзельнічалі тыя самыя людзі. Вельмі мала людзей. Надвор’е папсавалася праз некалькі дзён. Дождж са снегам. Мы баяліся маразоў. Аднак трэба было скончыць прынамсі падрыхтоўчы этап. Таму мы другі раз скарысталіся з экскаватара. Бо косці і надалей тырчалі з трохметровага насыпу. Няма сумневу, што так мы згубілі вельмі шмат каштоўных рэчавых доказаў, неабходных для далейшай ідэнтыфікацыі. Аднак нельга ў гэтым вінаваціць жменьку ахвярных людзей. Няхай ажывяць сваё сумленне тыя, хто 1,5 гады не рабіў нічога, каб годна ўшанаваць абаронцаў дзяржавы. Няхай адкажуць, каторыя не споўнілі чалавечага абавязку ўшанавання тых нявінна пазбаўленых жыцця. Бо вядома, якую ролю выконваюць помнікі. Яны аснова для адбудовы патрыятызму і любові да айчыны.

Наш сціплы ўдзел тым не менш даў пэўны эфект. Усе дастаныя парэшткі былі паскладаны ў скрыні. Знойдзена некалькі прадметаў – доказаў злачынства.

Трафеі Чырвонай Арміі ў Заходняй Беларусі, верасень 1939 г.
Захаваліся ў нядрэнным стане: абутак (найбольш кароткія ўланскія боты), рамяні, вялікая колькасць гузікаў з польскім арлом і датай 1937, менажкі, манеркі. Адшуканыя эмблемы школы падхарунжых, партманетка, блакнот, хімічныя алоўкі, чарніла ў флаконе, ланцужкі, медалікі, люстэрка са здымкам дзяўчыны (колькі яна мела гадоў – 18?, 19?, колькі меў ён?), кішэнны гадзіннік маркі «Tissot», польскія манеты, відэльцы, лыжкі і іншыя прадметы. Характарэрным было адшуканне вялікай колькасці падсумкаў з патронамі. Забойства адбылося праз некалькі хвілін пасля ўзяцця ў палон. Патроны маюць узор адпавядаючы расійскай вінтоўцы Мосін ці, што больш праўдападобна, будучым на ўзбраенні войска польскага французскай вінтоўкі Лебель. Адшуканы быў таксама праваслаўны малітоўнік, металічная праваслаўная іконка, некалькі манет царскага часу з 1905 г. і некалькі нямецкіх. Сярод расстраляных былі праваслаўныя абаронцы дзяржавы. Адшуканыя таксама тры гільзы ад савецкіх патронаў сістэмы Сіманава ці Калашнікава. Закапаныя яны былі каля 1940 г. Ёсць асобы, якія схіляюцца да версіі, што на тым мейсцы расстрэльвалі пасля вайны (магчыма АК-аўцаў). Лічу гэта абсурдам. Пасля 1950 г. не было патрэбы арганізоўваць такія забойствы. Тады сталінскі рэпрэсіўны рэжым цвёрда стаяў на нагах. Паасобныя жаўнеры Арміі Краёвай не былі асаблівай пагрозай. Абсурдная таксама і думка, што расстраляных прывозілі з Польшчы. Гэта ўжо не тыя гады. Пасля 1950 г. ніхто ў Гродне не чуў пра спецыяльныя акцыі забойства людзей накшталт тых з 1939 г. ці з 1944-1946 гг. Пасля вайны Саветам патрэбныя былі рукі ў рудніках, лясах і перадусім на Усходзе і Поўначы. Мы дакладна ведаем, што менавіта там знішчалі польскае насельніцтва крэсаў. З паказанняў сведкаў вядома таксама, што ў магілах капалі нейкія людзі. Быццам бы нават Медычны Інстытут у Гродне (расказваў аб гэтым пан Халодны) выкопваў шкілеты для сваёй лабараторыі. Ямы засталіся. Апрача таго навокал нашай тэрыторыі знаходзяцца вайсковыя часткі. Недалёка стрэльбішча. Адтуль мабыць паходзяць гільзы ад сучаснай зброі. Не трэба шукаць непатрэбнай сенсацыі. Усе асаблівасці, спрэчныя пытанні павінна вырашыць спецыяльная двухбаковая камісія з Беларусі і з Польшчы. Нецярпліва чакаем яе працы. Справа ідзе далей. Падчас эксгумацыі была інфармавана «Гродзенская праўда», «Глос з-над Немна» а таксама польская рэдакцыя мясцовага радыё. Людзі ідуць што раз часцей, падымаюць галовы.

Хутка з-за Нёмана паведаміла аб сваёй сястры, што перад вайной жыла ў Новай Калоніі, пані Клімовіч. Яе сястра пані Савіцкая, лячыла аднаго з ацалелых пасля расстрэлу параненых. Жанчына мае каля 90 год і нічога амаль не памятае. Таму мы накіраваліся да яе дачкі, пані Гэнавэфы Дранчэўскай. Яна дала надзвычай каштоўнае сведчанне. У 1939 г. мела 16 год і дакладна памятала, што адбывалася пасля таго, як горад занялі рускія. Сям’я некалькі тыдняў хавала параненага ў шыю жаўнера. Гэта быў беларус, паходзіў з горада Стаўбы пад Мінскам. Бальшавікі расстрэльвалі такіх не разбіраючыся. Бог яго уратаваў. Паранены прыходзіў да сябе. Пані Гэнавэфа была сведкай яго шчырых малітваў у падзяку за выратаванне. Пасля выздараўлення сардэчна дзякаваў, вярнуўся дадому, прыслаў ліст. Два другіх выратаваных знайшлі схоў у пані Вольгі Бахэнкавай і пані Гэнавэфы Крупскай.

Далейшыя нашыя крокі і падказкі пані Дранчэўскай завялі нас да пані Любы Казловай. Пані Люба расказала аб сапраўды вялікай мужнасці польскіх жанчын, якія без страху ўзялі дамоў параненых. Мала таго, пані Люба была сведкам таго, як маладая тады дзяўчына, пані Леакадыя Лейштэйн, спаткала савецкага вайсковага лекара, упала перад ім на калені і са слязьмі ў вачах прасіла: «Таварыш бальшавік! Памажыце параненаму чалавеку!» Чырвонаармеец пайшоў, агледзеў і перавязаў параненага. Раннім быў старшы афіцэр з-пад Варшавы. Быў у цяжкім стане, куля ўвайшла над сэрцам у грудзі. Выйшла, вырываючы кавалак лапаткі. Чалавек быў акрываўлены і слабы. Доктар агледзеў яго і пасля прывёў свайго калегу, які пасля два месяцы апекаваўся параненым. Часта прыносіў ежу.

Абодва рускія рызыкавалі галавою. Расказвалі таксама аб іншай падзеі, якая мела месца ў ваколіцах. Камісар НКВД хацеў застрэліць некалькі жаўнераў, што схаваліся ў будынках лесапілкі. Гэтага не дазволіў зрабіць натоўп жанчын.

Вайсковы лекар памог таксама выбрацца з Гродна. Выдаў пасведчанне і праз два месяцы афіцэр змог выехаць у Варшаву. Пані Люба памагала пані Бахэнкавай увесь час. Адвяла параненага на вакзал. Вельмі шкада, што перад самай эксгумацыяй пані Бахэнкава памерла, а мы аб усім гэтым дазналіся праз два тыдні пасля пачатку прац.

Трэці выжыўшы быў паранены слабей і ўжо праз месяц выехаў ад Крупскіх у нямецкую акупацыйную зону. З недалёкай вёскі мы атрымалі інфармацыю, што недзе па-над Нёманам быў расстраляны афіцэр дзяржаўнай паліцыі Станіслаў Саўко. Расказала нам аб гэтым яго ўнучка. Ці ж мы адшукалі таксама яго магілу? Шмат, шмат пытанняў. Аднак факт ёсць. Падобна як чатыры гады таму ў Калетах пан Юзаф Лучнік адшукаў 35 расстраляных таксама і цяпер ёсць шанец на годнае ўшанаванне нявінна забітых і на высвятленне невядомых эпізодаў абароны Гродна. З нецярплівасцю чакаем працы двухбаковай камісіі… Хто там ляжыць? Людзі кажуць, што жаўнераў прывялі з боку Ліды, з усходу. Можа былі гэта абаронцы з адзела пяхоты і паліцыі, якія ахоўвалі горад з боку ўрочышча Сакрэт? Могуць быць гэта таксама вучні школы падхарунжых, якія баранілі казармы бранетанкавага батальёна, або паліцыянты, якія змагаліся за недалёкую Ерусалімскую вуліцу. Можа была гэта група паручніка Шумскага, якая ноччу з 20 на 21 верасня вырушыла з гранатамі у накірунку Скідзельскай шашы, адкуль цягнуліся аддзелы казацкай кавалерыі. Праўдападобна атакі гэтых людзей выклікалі ў шэрагах ворага замяшанне. Расіяне панеслі вялікія страты. Усе сляды групы Шумскага згубіліся. Можа яны ляжаць тут? Ёсць шмат такіх месцаў. Шмат нявысветленых спраў. Можа пошукі гісторыкаў дазволяць адшукаць сляды іншых абаронцаў Гродна, закатаваных у 1939 г. Хто напрыклад ляжыць на польскіх вайсковых могілках (каля 100 магіл), дзе няма ніякіх знакаў, апрача пагорачкаў, размешчаных шэрагамі?

Яны былі адкрытыя падчас адбудовы могілак у 1990 г. Тады паставілі самаробныя крыжы. Шмат людзей выехала. Няма ў каго пашукаць шырэйшых звестак. Можа нам паможа нехта з Польшчы?

Пакуль што ад імя Айчыны, ад імя забітых трэба падзякаваць Богу, што мы аб іх не забыліся. Хацелася б таксама падзякаваць тым нешматлікім патрыётам з Гродна, якія выканалі святы абавязак каталіка і паляка, выконваючы эксгумацыю.

Дзякую пані Галіне Якалцэвіч, якая усе гэтыя дні сваімі чулымі жаночымі пальцамі перабірала ўсё, што ўдалося адшукаць. Паны Уладыслаў Лазавіцкі, Юзаф Рапейка, Станіслаў Пелюць, Аляксандар Шмыгін, Станіслаў Язерскі, Станіслаў Трафімчык, Пётр Цвік, Вацлаў Антановіч капалі магілу. Паны Станіслаў Буйніцкі, Анатоль Казакевіч і Міхал Шмароўскі арганізавалі забеспячэнне акцыі. Вялікі гонар гэтым людзям! Апрача таго трэба вырашыць справу ўрачыстага з усімі ўшанаваннямі пахавання на вайсковых могілках.

Знішчаныя гарадскімі ўладамі памятныя табліцы ў гонар 10-годдзя ўз`яднання беларускага народа, усталяваныя на Старым мосце
Няхай памяць аб ахвярах забойства, няхай і праз 50 год, зацепліцца ў людзкіх сэрцах. Спаўняюцца малітвы, можа дойдуць да мэты малітвы і просьбы. Самае страшнае гэта абыякавасць. Час бег, а палякі цэлае лета не цікавіліся лёсам братоў. Я меў надзею, што разбураю маўчанне, штурхаю да дзеяння.

Маю надзею, што акцыя разварушыць сэрцы людзей. Апрача таго, Бог так хацеў, каб гарадскія ўлады нічога не ведаючы аб групе расстраляных, прынялі рашэнне аб будове на гэтым месцы Дома Малітвы! Мы думалі, што месца трэба будзе адзначыць крыжам, месца, дзе пралілася польская кроў. А тут воляй Найвышэйшага паўстане Дом Божы!

Рышард Кацынель (пераклад з польскай мовы са скарачэннямі паводле «Goniec Kresowy», 1993, №1, S. 7-11).

Scroll to top