Кароткая гісторыя знішчэння брукаванага заезда ў арцы дома па вуліцы Савецкая №1

Аляксандар Трыфанавіч Пятроў жыве ў будынку па вуліцы Савецкая №1 (акурат над крамай “Ратушны”) з 1957 года. Тут выраслі яго дзеці і ўнукі і ён хоча пакінуць ім спадчыну ў выглядзе як мага лепш захаванага дома. А дом сапраўды магутны. Тая частка дома, дзе жыве Аляксандар Трыфанавіч, пачала будавацца ў 1898 годзе, стаіць жа яна на скляпеннях XVII ст. а можа нават і больш старых. Частка ж дома, што павернута да Савецкай плошчы, пабудавана недзе ў сярэдзіне XVIII ст.

Пасля апошняй вайны на першым паверсе дома знаходзілася шмат розных устаноў, аж нарэшце ў 2001 годзе пачалі рэканструкцыю будынка, каб размясціць у ім краму, якая там знаходзіцца і сёння. Зрабілі добрую рэканструкцыю, але каб мець менш праблемаў для сябе будаўнікі заглушылі сістэму падземнага зліву вады з дахаў дому, якая дзейнічала яшчэ з 1930-х г. Замест таго, каб сцякаць з дажджавікоў адразу пад зямлю, вада цячэ зараз па раўчуках праз двор дома пад арку і пасля выцякае на вуліцу.

У дадатак да ўсяго, пускаючы па батарэях ваду, залілі кватэру Аляксандра Трыфанавіча і яго суседкі – 86-гадовай удзельніцы Вялікай Айчыннай вайны. Аляксандар Трыфанавіч паспрабаваў аднавіць справядлівасць і аднавіў… пасля 31-га (вось як трэба шукаць праўду!) паседжання суда, калі змучаная настойлівым грамадзянінам суддзя вызначыла яму кампенсацыю за асабіста ім праведзены рамонт сваёй кватэры ў аб’ёме 1,5 млн. рублёў. Добра, але затканыя зліўныя калодзежы засталіся і вада па-ранейшаму адкрытым спосабам па раўчуках сцякала пад арку дома і пасля проста на Савецкую вуліцу.

А.Т.Пятроў паспрабаваў ажыццявіць самастойную экспертызу, як ніяк былы будаўнік. Але экпертызу ажыццявілі без яго ўдзела (у парушэнне, дарэчы, жыллёвага заканадаўства) і прызналі, што вадасцёкі былі забітыя і аднавіць іх нельга. Аляксандар Трыфанавіч не адступіўся, пачаў пісаць звароты ва ўсе інстанцыі. “Будынак па Савецкай 1 паступова разбураецца,” – упэўнена канстатуе Аляксандар Трыфанавіч. “Вада, што раней адразу цякла пад зямлю, зараз прасочваецца праз сцены, дом заражаны грыбком. Пачалося адхіленне дома ад вертыкальнай восі. На 7 метраў вышыні дома адхіленне каля 10 сантыметраў,” – сцвярджае былы мантажнік.

Нарэшце ў красавіку 2007 г. Аляксандар Трыфанавіч атрымаў ліст ад Н.Н.Пятровіча – генеральнага дырэктара гарадзенскай жыллёва-камунальнай гаспадаркі. У лісце Аляксандру Трыфанавічу абяцалася, што ў снежні 2007 года будзе разабраны брук у арцы дома па вул. Савецкая №1 і пабудаваныя раўчукі для зліва вады. Гэта, уласна кажучы, і было зроблена будаўнікамі 26 снежня, на другі дзень Калядаў

Але ж Аляксандар Трыфанавіч хацеў не гэтага, ён дабіваўся аднаўлення сістэмы падземных зліваў, якое вырашыла б галоўную праблему з пастаянным падмочваннем дома. Але горадабудаўнікі зразумелі Аляксандра Трыфанавіча па свойму, так, як ім было трэба. І цяпер на пратэсты грамадскасці - нашто быў знішчаны адзіны арыгінальны заезд у двары на вуліцы Савецкай, будуць паказваць лісты Аляксандра Трыфанавіча. А што застаецца пенсіянеру – толькі пісаць лісты да губернатара, каб той дапамог “ликвидировать комплекс преступных действий” гарадзенскіх будаўнікоў, якія “внушают нам бред о том, что канализация, выведенная из эксплуатации, ремонту не подлежит”.

Аднак падобныя словы ў адрас сваіх падначаленых наўрадці знайдуць водгук у гродзенскага губернатара. Бо ў нашым Багдадзе ўсё заўсёды вельмі спакойна і добра, незадаволеных няма.

 Знішчэнне брукаванага заезда ў арцы дома па вул. Савецкая, 1

 Знішчэнне брукаванага заезда ў арцы дома па вул. Савецкая, 1

 Знішчэнне брукаванага заезда ў арцы дома па вул. Савецкая, 1

 

Scroll to top