Узяўшы тайм-аўт на час вялікага крызісу, гарадзенскія чыноўнікі плануюць у хуткім часе значна павялічыць спіс зруйнаванай архітэктурнай спадчыны Гродна.

 «Вялікая перабудова» («Большая стройка»), так гучыць артыкул Аляксандра Іванова, надрукаваны ў газеце «Вячэрні Гродна» 21 кастрычніка гэтага года. Журналіст, пагаварыўшы з некалькімі адказнымі гарадскімі чыноўнікамі (галоўны з іх – Аляксандар Хаменя з гарвыканкама) коратка падумваў усё, аб чым змог даведацца: «Под снос в Гродно пойдут десятки домов. Десятки частных домов окажутся в ближайшем будущем под бульдозерами. Ровнять с землей будут не только ветхие и аварийные постройки, но и пригодные для проживания. За счет этого расширятся центральные дороги и продолжится строительство объездных.»

Размова пра знос дамоў на вуліцах Суворава (шаснццаць дамоў), Вясенняй (квартал), Сакольскай, Пучкова, Акольнай (аўтар артыкула называе яе Окульнай), станцыі Ласосна. Правядзенне гэтых прац прадугледжвалася даўно, яны, фактычна неабходныя для стварэння аб’язднога кола навокал горада.

 

Далей аб зносе будынкаў у гістарычным цэнтры.

Найперш аб працягу рэалізацыі ідыёцкага плана па сцягванні транспартных плыняў у цэнтра горада: «При прокладке объездной дороги от улицы Подгорной до Буденного, которая должна еще больше разгрузить центр, демонтируют три дома на Подольной, пять – на Подгорной и один на Комсомольской. Ликвидируют постройки на улицах Рабочей и Мопровской. На их месте проектируется дорога – дублер Большой Троицкой» (чытайце наш артыкул Некалькі словаў аб наступствах рэканструкцыі Старога моста).

І напрыканцы абавязковая згадка: «Не забудзцеся, мы знясем яшчэ і Новы Свет». «А в Ленинском районе планируют ликвидировать старые здания в районе «Нового света» и на Горького. Решение об этом еще два года назад подтвердило Министерство культуры. Не исключено, что под снос должен пойти как минимум один дом по улице Мицкевича. Кстати, недавно сгоревшее здание на 17 Сентября тоже отсчитывало свои последние дни.» У гэтым выказванні схаваныя адразу дзве хлусні. Па-першае – Міністэрства культуры два гады таму не пацвердзіла і не адобрыла праекта зноса квартала паміж вуліцамі Міцкевіча-Горкага-17 верасня. Навукова метадычная рада накіравала прапанову Грамадзянпраекта на перагляд, пры тым такія яе члены, як Армен Сардараў ці Ігар Чарняўскі падкрэслівалі неабходнасць грунтоўнага вывучэння гэтага абшару. Іншая справа, што вывучэннем гэтым так ніхто з прадстаўнікоў уладных структур і не заняўся. Па-другое, дом па вуліцы 17 верасня №8 зусім не дажываў сваіх апошніх дзён перад трагічным пажарам 24 верасня. Аб планах яго зносу казалі яшчэ вясной 2008 году, і тады паўтаралі «Вось-вось знясем», пакуль дом не згарэў сам, па афіцыйнай прачыне «загарэлася электраправодка».

Што сказаць напрыканцы… Вельмі добра помніцца адно з першых інтэрв’ю з такога маштабу чыноўнікам, які яшчэ ў лістападзе 2005 года радасна расказваў аб тым, як знясуць Залатую Горку, дамы на Віленскай і перабудуюць Савецкую плошчу. З таго часу прайшло цэлых чатыры гады. Горад свеціць пустырамі на месцы разбураных дабротных будынкаў (а гэта значыць, што ўвесь іх знос, набыццё кватэр для іх жыхароў і інш. акупіліся хіба толькі самым чыноўнікам), іншыя каштоўныя дамы дасюль стаяць у руінах, на шырэзнай Савецкай плошчы гуляе вецер, а па шматлікіх магістралях да новага Старога моста кацяць тысячы і тысячы аўтамабіляў. Што змянілася за чатыры гады «рэканструкцыі» ў гістарычным цэнтры? Стала зручней, чысцей, прыгажэй? Пытанне густу. Але факт – гістарычнай забудовы, якую можна было б навукова рэстаўраваць і якой можна было б ганарыцца, стала намнога меней. Гістарычны Гродна, замест таго, каб прыгажэць і аднаўляцца, сціскаецца як шчыгрынавая скура. Сыходзяць «рэканструктары»: Антоненка займаецца заканадаўствам у Мінску, Кунаш загінуў у аварыі, Кацынэль на пенсіі… З «актывістаў» мінулай хвалі засталіся адно Анісімаў і Саўчанка. Прыдзе час, сыдуць і яны. А вось мы застанемся жыць у гэтым горадзе і будзем пасля збіраць фотаздымкі разбураных дамоў і кварталаў і наракаць: «Ах, не збераглі». Колькі ж можна так, ГАРАДЗЕНЦЫ!

Разбураная ў 2006 г. Залатая Горка.

Гістарычная забудова вуліцы Горкага, якую таксама хочуць знішчыць

Гістарычная забудова вуліцы Горкага, якую таксама хочуць знішчыць

Scroll to top