Гарадзенскія ўлады адмовіліся ад разрэкламаванага плана рэканструкцыі Старога моста “пад старыну”. Сёння рэалізуецца самы прымітыўны, танны і бяссэнсоўны варыянт.

Мост зачынены, але не для машын, а для пешаходаў. Такога абсурду ніхто не чакаў, асабліва пасля таго, як тыдні два таму гарадская прэса надрукавала маршруты руху транспарту ў абход Старога моста. Аказалася, маршруты трэба было друкаваць не для тралейбусаў, а для пешаходаў, бо насамрэч яны – “галоўная транспартная нагрузка” Старога моста.

Тлумачэнне такой “геніяльнай” вытворчай неабходнасці насамрэч ляжыць на паверхні. Уладам проста трэба неяк абгрунтаваць пабудову не надта таннага пантоннага моста, вось і пагналі на яго людзей. Бо ж пантоннаму мосту доўга не жыць: першы моцны ледаход панясе яго аж пад Літву. А на зачыненне Старога моста на рэканструцыю ўжо не хапае грошай. Ды і зачыняць баяцца, бо разумеюць – транспартнага апакаліпсіса тады ў горадзе не пазбегнуць.

Але і гэта таксама не ўсё. З тых работ, якія вядуцца зараз на Старым мосце, сёння можна прыйсці да высновы – ўлады рэалізуюць самы прымітыўны варыянт рэканструкцыі, які быў запланаваны колькі год таму і які проста саромеліся паказваць нават простым гарадзенцам: існуючае дарожнае палатно поўнасцю аддаецца для машын (гэта ўжо не чатыры, як гучна прапаноўвалася раней, а толькі тры паласы). Пешаходы ж будуць хадзіць па тратуарах, падвешаных па-за асноўным палатном на спецыяльных кансолях. У такім выпадку не будзе нават падробкі моста пад запланаваны раней выгляд з металічнымі арачнымі канструкцыямі. Проста танная, так мільярдаў на 15, і правальная ўцэлым справа.

Scroll to top