Жыхары дамоў №№10 і 10а па вул. Віленскай засталіся кінутыя на волю лёсу.

 Едуць гарадзенцы на новых тралейбусах з надпісамі “За Беларусь” па вуліцы Віленскай і радуюцца: вось, маўляў, падсыпалі вуліцу і ехаць па ёй стала зручней. І няма ім справы да тых людзей, для якіх жыццё пасля гэтак званай “рэканструкцыі” стала кашмарам. Такі наш менталітэт, не цікавяць нас праблемы блізкіх, абы самым найлепш уладкавацца.

Дом па вул. Віленская 12, пабудаваны ў 1912 годзе, перастаў існаваць. Яго жыхарка, прапісаўшы ў сваёй кватэры яшчэ 3 чалавек атрымала 4-х пакаёвую кватэру. Засталіся яшчэ два драўляныя дамы №10а (1951 год пабудовы) і №10, пабудаваны ў 1930-я гг. Гэтыя дамы пад час падсыпкі дарогі каля Рэмбыттэхнікі засыпалі амаль поўнасцю. Людзям (там жыве 3 сям’і) засыпалі падворак. Пясок у 10 см пад вокнамі. Колькі дзён не было газу, святла, вады, тры тыдні не працаваў тэлефон. А калі ў Горадні быў лівень пясок і вада пацяклі ў кватэры. Трэснулі сцены, правалілася падлога, невыносны смурод у хатах. Выграбныя ямы вычысціць нельга, няма пад’езду, ніхто не вывозіць смецце.

Жыхарцы дома №10а Ядвізе Дзянісік (яе муж будаваў гэты дом) за яе ўласны трохпакаёвы дом прапанавалі клапоўнік-аднапакаёўку, а дом па незалежнай ацэнцы, якая праводзілася два гады таму (дом хацелі прадаць, але гарвыканкам забараніў), каштуе 40 тыс. даляраў. Пасля з Ядвігі Міхайлаўны зміласцівіліся і даюць недабудаваную новую 1-пакаёўку па вул. Пушкіна гаворачы, што гэта вам элітная кватэра, але вядома, што гарвыканкам за гэтую кватэру дасюль не аплаціў будаўнічай арганізацыі.

Жыхарам дому №10 (6 пакояў на 2 сям’і) не даюць нічога. За участкі людзям далі ад 65 да 300 тыс. рублёў, за пабудаваныя па праекту гаражы – нічога. Жыхар дома №10 Іван Судак паказвае паперы, з якіх выразна зразумела, што пасля іх высялення гэтую зямлю збіраюцца прадаць, мабыць, пад офіс і за добрыя грошы. На пытанні, калі будуць кватэры, намеснік мэра горада Кунаш адказвае: няма падменнага фонду, пра новыя кватэры нават размова не ідзе. Дом на рагу Лермантава і Віленскай (тры паверхі на 5 сем’яў) таксама падтапляецца, але людзям там добра, дом з’яўляецца помнікам і яны высяляцца не хочуць. У доме дарэчы жывуць нашчадкі Мікалая Марцінчыка, аднаго з кіраўнікоў Таварыства Беларускай Школы, якое ў 1930-х гг. змагалася з палякамі за правы беларусаў. Вось і дазмагаліся. Але ёсць людзі, што гавораць: у сваіх хатах мы будзем стаяць да канца. Калі па той самай сістэме пачнуць зносіць дамы па Горкага, на абарону сваёй маёмасці стануць дзесяткі, калі не сотні, людзей..

Адсюль паўстае абсалютна натуральнае пытанне да ўладаў: як вы задумалі знесці ў цэнтры горада ледзь не 20 дамоў, а не можаце даць нармальныя кватэры людзям нават у тых двух дамах, якія вы зрабілі зусім непрыгоднымі для жыцця? Якое вы маеце права карыстацца тут законам аб перадачы зямлі ў дзяржаўную ўласнасць? Гэты ж закон павінен выкарыстоўвацца толькі ў тых выпадках, калі на чыёйсьці зямлі знайшлі золата, нафту і іншыя карысныя выкапні, або ўчасткам зусім неабходны дзяржаве з стратэгічнага пункту гледжання. У чым стратэгічная вартасць трасы, якая, усё руйнуючы, цягнеца ў самы гістарычны цэнтр горада? А прадаваць зямлю, якую вы прымусам забралі ў людзей, – фу, якая мярзота і подласць.

Так, грамадзяне чыноўнікі, хіба толькі вашая сквапнасць і выратуе дамы на Горкага. Канешне, выдзеліць добры мільён даляраў на некалькі дзясяткаў кватэраў для людзей, гэта не кіламетар асфальту і пліткі кінуць. А можа проста паспрабуеце выключыць людзям газ, святло, ваду і пачакаць пакуль яны самі высяляцца. Зімы ж апошнім часам у Горадні суровыя...

Scroll to top