“За польскім часам” куток горада на сучасным скрыжаванні Горкага–Астроўскага–Каліноўскага назвалі трапна: Залатая горка. Гэта не толькі з таго, што тут будаваліся багатыя катэджы, але яшчэ тут адкрываўся “залаты” краявід старога горада. Цяпер гэтае месца хутчэй за ўсё пераймянуюць у Лысую гару.

 

Адзін з самых лепшых прадстаўнікоў
канструктывізму ў Горадні,
вул. 17 верасня 2/1

Мне кажуць, што ўжо позна пісаць гэты артыкул, што калі будаўніцтва ўжо ў разгары і зрабіць нічога нельга. Прычына спазнення артыкула адна – неінфармаванне грамадскасці горада аб планах дзеяння ўладаў. Не хацелася б сварыцца, вельмі хацелася б, каб прыслухаліся, таму далей толькі канструктыўныя прапановы, якія бы выправілі, калі гэта магчыма, сітуацыю з ансамблем вакол стадыёна.

Што ж так дрэнна ў гэтым праекце? Калі ажыццявіць праект рэканструкцыі, то месца патэнцыяльнага адпачынку са стадыёнам, гасцініцай і рэстаран, з самай лепшай панарамай старога горада, з прагулачным маршрутам з забудовай ХІХ – пач. ХХ ст. ператвараецца ў тупіковы кавалак аўтабана з велізарнай асфальтавай пляцоўкай для стаянкі (каб гэты аўтабан стаў скразным трэба зносіць цэлыя кварталы гістарычнага цэнтра). Няўтульны, штармавы ў дождж, пякельна гарачы ў сонца. Вы думаеце, чаму так мала ходзяць на футбол? У такім асяроддзі радасці мала, а ў гасцініцы селяцца, бо выбару няма.

Будынак па вул. Горкага 41

Каб зрабіць кавалак дарогі Горкага паміж вуліцамі 17 верасня і Астроўскага такім жа шырокім, як і на адрэзку БЛК–Каліноўскага, тут плануецца знесці 9 дамоў. Гэтыя дамы, у тыл ліку і вельмі стыльны двухпавярховы драўляны катэдж, фарміруюць ансамбль старой Грандзіцкай (цяпер вул. Горкага), а будынак па вул. 17 верасня 2/1 (таксама Горкага 29) з’яўляецца помнікам архітэктуры канструктывізму, які мы ведаем па краме “Гарачы хлеб”.

Прапанова №1. Дазваляе не зносіць будынкі і пакінуць запланаваную шырыню праезжай часткі на адрэзку Горкага каля стадыёна.

 
  • Не рабіць паміж супрацьлеглымі транспартнымі плынямі падзяляльнй паласы. Завулак Віленскі так ці іначай звужаецца каля Гараднічанкі і ўпіраецца ў вузкія кварталы Цэнтра. Пераход на звужэнне не павінен быць такім брутальным, вадзіцеля трэба паступова рыхтаваць да звужэння, як гэта і было раней, таму падзяляльная паласа з газонам тут зусім лішняя.
  • Не рабіць падзел газонам паміж тратуарам і дарогай (гэта тут раскоша з за браку плошчы), бо трава ўсё роўна будзе вытоптвацца, а лепшым бар’ерам ад пераходу абы дзе можа служыць загародка.
  • Кавалак аўтамабільнай часткі вуліцы Горкага паміж дамамі №29–35, які зараз клінам уваходзіць у завулак Віленскі, зрабіць пешаходным. Гэта дазволіць зрабіць транспартную развязку Горкага–Віленскі–Камунальная–17 верасня менш складанай для перасячэння, тым больш, што па стандартах бяспекі ўваходжанне вуліцы павінна быць пад вуглом 90 град.
  • Ні пры якіх абставінах не зносіць дом №2/1 па 17 верасня, нават пры існуючых планах ён нікому не замінае. Паверце, гэта вельмі стыльны будынак і знаходзіцца на сваім месцы – нашчадкі вам не даруюць.

Прапанова №2. Цяпер са стадыёна ў вочы кідаецца адзін забор. Убогасць праекта стадыёна досыць малымі планавымі сродкамі можна выправіць.

  • Замест кавалка агароджы на рагу вуліц Каліноўскага–Горкага на вольнай пляцоўцы, дзе раней быў палігон для кідання молата, пабудаваць той будынак, які запланаваны для будаўніцтва на рагу Астроўскага–Горкага. Такое вырашэнне зробіць панараму стадыёна больш насычанай і збалансуе краявід каля цэнтральнага ўвахода на стадыён. Зараз жа з аднаго боку дыспансер, лядовы палац, дрэвы, а з другога – голая прастора малой арэны. Таксама варта новы комплекс на самым рагу вуліц Каліноўскага–Горкага аздобіць дамінантай (напрыклад, вежай з гадзіннікам), якая будзе замыкаць на сябе перспектыву адразу чатырох вуліц: Каліноўскага, Астроўскага і Горкага з абодвух канцоў.
  • Каб насыціць краявід на стадыён з боку вуліцы Каліноўскага ўтульнасцю, варта таксама замест кавалка агароджы накрыць навесам трыбуну малой арэны са штучным пакрыццём.
  • Варта таксама перарваць агароджу ў любым зручным месцы, каб усталяваць даўно абяцаны іудзейскай грамадскасці помнік знесеным могілкам. На маю думку, да гэтага добра падыходзіць месца насупраць увахода ў бальніцу. Гэта не проста добрае архітэктурнае ўзбагачэнне ансамбля стадыёна, але і даўно запатрабаваны маральны абавязак улады, якая моцная толькі тады, калі здольная прызнаваць памылкі і нават варварскія ўчынкі, не гледзячы на тое, што гэтым падзеям ўжо больш за 50 год.

Прапанова №3. Тупіковасць вуліцы Горкага можна вырашыць, калі мадэрнізаваць выезды з яе на магістралі, якія мінаюць цэнтр.

Схема рэканструкцыі вул. Горкага з
прапановамі аўтара

У нашым у горадзе ёсць тры вялікія вуліцы, наконт значэння якіх ва ўладаў, на маю думку, складваецца памылковае ўяўленне ролі гэтых магістраляў. Гэта вул. Горкага, вул. Дзяржынскага і праспект Касманаўтаў – рудыменты старой планіроўкі завязанай на цэнтр. Перад намі стаіць выбар: альбо мы развіваем гэтыя накірункі і насычаем гістарычны цэнтр транспартам, зносячы квартал за кварталам, альбо адводзім транспарт з гэтых накірункаў зручнымі пуцеправодамі на перыферыю. Сканцэнтруемся на вуліцы Горкага.

  • Каб адвесці транспарт з вул. Горкага да Румлёўскага моста, існуе цэлы фантан мажлівасцяў, але ён як і ўсе вадалівы ў горадзе працуе толькі па вялікіх святах. Перш за ўсё, за што ўлада павінна ўзяцца ў нашым горадзе, – гэта пабудова эстакады праз чыгунку паміж Пралетарскай і Каханоўскага, а далей проста злучыць абрывы: Курчатава паміж Дзяржынскага і Ліможа; Пушкіна злучыць з Брыкеля і троху ніжэй з Церашковай; Астроўскага працягнуць да Каханоўскага.
  • Сувязь Горкага з Новым мостам больш трывалая (Багуцкага, БЛК). Засталося выраўняць Каліноўскага, давесці Будаўнікоў да моста і зрабіць уваход Камунальнай у Каліноўскага больш зручным для транспарту. Усе гэтыя праекты ёсць у планах улады. Важна, каб яны стаялі ў прыярытэце, а не ніжэй упамянутымі.
  • Праект пашырэння Старога моста, а за ім пашырэнне праезду па Гарадзенскага, Траецкай і зав. Віленскаму. Нават калі пакідаць гэты праект, чаму ідэя пабудовы вуліцы паміж Траецкай і Гараднічанкай больш прывабная, чым накірунак Лермантава – эстакада праз Гараднічанку – Гарадзенскага?

Чаму ўлады ніяк не адмовяцца ад ідэй гістарычнага цэнтра як транспартнай развязкі? Чаму ва ўяўленні чыноўніка сэрца горада – гэта не ўтульны асяродак для адпачынку гарадзенцаў і гасцей, а гараж для шматлікіх дзяржаўных кантор? Ці зменяцца калі-небудзь уяўленні?..

Scroll to top