Інфармацыя, якую мы, ўласна кажучы, чакалі даўно, з’явілася ў прэсе нават раней, чым меркавалі стваральнікі гэтага сайта. На паседжанні гродзенскага савета дэпутатаў было прынята рашэнне не праводзіць рэканструкцыю Старога моста праз Нёман і пабудаваць Новы мост ў раёне моста чыгуначнага.

 Тое, што рэканструкцыі Старога моста не будзе мы ведалі яшчэ летам, бо гэта было зразумела кожнаму чалавеку, які задумаўся б над сутнасцю пытання: як можна рэканструяваць мост, асноўныя нясучыя канструкцыі якога зношаныя больш, чым на 25%, і які падлягае капітальнаму рамонту. Ды і нашто рэканструяваць мост, які зараз нават сваім размяшчэннем проста не адпявядае патрэбам гістарычнага цэнтра і ўсяго горада. Яшчэ летам мы заклікалі ўлады перагледзець планы рэканструкцыі моста і адмовіцца ад гэтай безсэнсоўнай задумкі (глядзіце артыкул “Нятрэба рэканструяваць Стары мост”). Нашыя прапановы заключаліся ў стварэнні сваеасаблівай “кальцавой” дарогі вакол горада, якая ўзнікла б пасля злучэння вуліцаў Брыкеля і пр-та Кляцкова, а таксама Фестывальнай і п-та Будаўнікоў. Падобна, што першую частку нашага плану ўлады ўсё ж такі прынялі. Праспект Кляцкова будзе злучаны з вул. Дзяржынскага пры дапамозе пуцепроваду над чыгункай, што вядзе на Азёры. Выдатна! Але ёсць у нас немалыя засцярогі, каб у выніку будаўніцтва Самага Новага (або Найноўшага, не ведаю як назавуць яго гараджане) не пацярпелі будынкі на Падольнай вуліцы і іншых сумежных вуліцах.

Другую палову нашых прапановаў не прынялі. Улады па-ранейшаму разлічваюць на тое, што ролю кальцавой найлепш выканае вул. Давыда Гарадзенскага і даліна рэчкі Гараднічанкі, па якому збіраюцца пусціць плынь машынаў з Савецкай плошчы. Дзе логіка? Ці ж найбліжэйшыя ваколіцы Замкаў – не гістарычны цэнтар горада? Гэта самы цэнтар акурат і ёсць, нават больш цэнтар чым Савецкая плошча.

Але мы разумеем логіку ўладаў так. Калі адмовіцца ад задумкі з накіраваннем плыні машынаў на Давыда Гарадзенскага, то тады паўстае пытанне, а навошта ўвогуле трэба было пачынаць працы на Савецкай плошчы. Нашто было зруйноўваць сквер, пачынаць будоўлю падземнага перахода, які страчвае свой сэнс увогуле (бо ж Стары мост не прапусціць столькі машынаў, яго праз якія пару гадоў прыдзецца ўвогуле разбіраць). Калі так, то хто адкажа за мільёны закапаных у зямлю народных рублёў. Ніхто адказваць не хоча, таму дурнаватую задумку з гродзенскім Арбатам ад вул. Ажэшкі аж да самага Моста працягваюць актыўна мусіраваць у прэсе.

Scroll to top