У горада з’явіліся грошы на 'рэканструкцыю' цэнтра. У кароткі час уладамі было вырашана пашырыць Стары мост, каб вырашыць шэраг праблем, завязанных на нездольнасці прапускаць сучасныя транспартныя плыні, якія праходзяць праз цэнтр гораду. Але гэта не самы лепшы спосаб вырашэння праблемы. У гэтым артыкуле прапаноўваюцца больш рацыянальныя крокі.

 Гродна традыцыйна лічыцца найбольш захаваўшымся горадам Беларусі, што павінна, па меркаванні ўладаў, уплываць на развіццё турызма і стаць вельмі значнай крыніцай прыбытку.

Ва ўяўленні простага падарожніка, прывабны для турыста еўрапейскі горад, гэта ўтульныя ціхія крывыя вулачкі з замкнёнымі дворыкамі, рознымі нечаканымі краявідамі за паваротам, скульптурамі, фантанамі… У савецкі час прыйшоў новы позірк на горадабудаўніцтва, прыйшоў у тым ліку і ў Гродна. Магістралі, якія адыходзяці у далягляд з пяціпавярховымі дамамі, а не вулачкі, перспектыва якіх замыкаецца на храм; прахадныя двары, як прахадныя “залі” кватэр тых дамоў; кітайскія плошчы “гуляй вецер” для масавых мерапрыемстваў. Няўтульнасць, аднастайнасць, дыскамфорт. Аднойчы ўдамавіўшыся ў старым горадзе, гэтыя прынцыпы не жадаюць яго пакінуць і сёння.

У горада з’явіліся грошы, у тым ліку і на “рэканструкцыю” цэнтра. Ужо ва ўсю вядзецца рэалізацыя праекта, па якому плошча “Савецкая” застаецца голым полем для масавых гулянняў, а пашырэнне Старога маста “назаўсёды” замацуе інтэнсіўныя транспартныя плыні ў гістарычным цэнтры.

Я абараняю думку, што ўжо зараз трэба рабіць значныя захады да таго, каб зрабіць вуліцы Маркса, Кірава, Баторыя пешаходнымі, і што сучасны праект рэканструкцыі плошчы і моста (асабліва моста) шкодзіць пераўтварэнню гістарычнага цэнтра ў пешаходную зону, а значыць і турыстычную.

Схема асноўных транспартных плыняў горада(штрыхоўкай паказаны прапанаваныя развязкі)

Перад тым, як заглыбіцца ў праблему, звярніце ўвагу на схему. На ёй бачна, што горад падзелены двума “камунікацыйнымі бар’ерамі” – Нёманам і чыгункай на чатыры часткі, якія злучаны паміж сабой толькі мастамі і пераездамі. На схеме горад падзелены на наступныя раёны: Фарты, Дзевятоўка, Касманаўтаў, Вішнявец, Фолюш, і Цэнтр. Як бачыце, ў цяперашняй сітуацыі Стары мост з’яўляецца як бы цэнтрам курга, праз які ідуць дыяганальныя патокі аўтамабіляў з Дзевятоўкі на Фолюш і з Вішняўца на Фарты (шэрым паказана зона цяперашняга транспартнага “уплыву” Старога моста, амаль увесь горад!). Такім чынам, Стары мост аказваецца ледзь не самым важным аб’ектам нашага горада. Як шмат зараз завязана на Стары мост. І яго зараз жа закрыць на рэканструкцыю?!! Першы аргумент супраць:

1. Нелагічнасць крокаў. Што трэба зрабіць найперш ? Закрыць на рэканструкцыю мост і пад’езды да яго і паставіць тым самым сістэму руху па гораддзе ў крытычны стан? Ці спачатку заняцца пабудовай зручнай транспартнай сістэмы, завязанай на два іншых маста. На маю думку, перад тым, як дайсці да рэканструкцыі Старога маста, трэба зрабіць наступнае ў прапанаванай паслядоўнасці:

  • пракласці дарогу з эстакадным мастом праз чыгунку ад псіхдыспансера да вуліцы Каханоўскага (дадаткова зрабіць лепшыя выезды на Церашковай Брыкеля і Курчатава, і па гэтым накірункам пусціць новыя схемы грамадскага транспарта), такім чынам транспарт Дзевятоўка – Вішнявец дабраахвотна будзе выбіраць шлях праз Румлёўскі мост, а не праз цэнтр са шматлікімі паваротамі, светлафорамі і коркамі (на схеме развязка пазначана літарай Б);
  • зрабіць праезд Брыкеля – Раддом, затым Церашковай – Пушкіна, які накіруе ўсю Пярэселку і Фарты, якія едуць у Вішнявец, на Румлёўскі мост;
  • працягнуць праспект Будаўнікоў да Новага моста, і ўсе, хто паедзе з Ленінскага раёна на Фолюш, паедуць праз Новы мост (на схеме развязка А);
  • больш зручна злучыць вул. Соламавай – Новы мост, Соламавай – Рэпіна, Суворава і накірунак Дзевятоўка – Палестына таксама будзе ажыццяўляцца праз Новы мост;
  • выпраміць Каліноўскага, дабудаваць вул. Астроўскага да вул. Каханоўскага і ў выніку нават плыні машын з Цэнтра абмінуць Стары мост.

Нічога новага я тут не прапаную, амаль што ўсе гэтыя ідэі ўжо прапісаны ў Генеральным плане. Я толькі хачу правільна раставіць прыярытэты. Толькі малая тэрыторыя, пазначаная на схеме белым колерам, застанецца ў абслугоўванні Старога маста, калі пабудаваць вышей апісаныя транспартныя развязкі. І патрэба ў пашырэнні Старога маста адпадае сама сабой. Не трэба рэканструяваць Стары мост.

А цяпер далей.

2. Калі добра прыгледзецца да сітуацыі, то бачна, што коркі ў гадзіну-пік на адрэзку Філармонія – Савецкая плошча ўзнікаюць не з прычыны вузкасці маста (прамы шлях, нават двухпасавы, заўсёды будзе трымаць рух, але прыпыніцца толькі тады, калі на мосце здарыцца аварыя, аварыі рэдкя, а коркі кожны дзень), прычына коркаў – укрыжаванне вуліц Гарнавых – Савецкіх Пагранічнікаў. Зрабіце замест кола класічную рознаўзроўневую развязку (месца для гэтага хапае) і коркі на сутыкненні двух асноўных транспартных плыняў знікнуць. Коркі – не падстава для пашырэння маста. Не трэба рэканструяваць Стары мост.

3. Наступны аргумент – фінансавы. Кошт рэканструкцыі Старога маста з трыма пасамі і падвеснымі ходнікамі пойдзе на мільёны даляраў. Ды і ці будзе ў гэтым сэнс, бо асноўныя нясучыя канструкцыі моста зношаныя больш, чым на 25%, а ў такім выпадку любая рэканструкцыя без капітальнага рамонту забароненая. Чаму ў такім выпадку не пабудаваць новы мост дзе-небудзь у іншым месцы, дзе бы ён сапраўды вырашаў транспартныя праблемы (напрыклад, над чыгункай)? Кошт адной класічнай эстакаднай развязкі на Гарнавых і кошт літаральна некалькіх кіламетраў гарадской дарогі будуць шмат меншыя, чым усе грандыёзныя праекты ўладаў. За грошы, ўбуханыя ў мост, можна было б запраста пабудаваць усе разгледзеныя развязкі і адрэзкі дарог і зняць праблему загружанасці Старога маста без яго рэканструкцыі. Гэтыя транспартныя праекты горад рана ці позна ўсё роўна будзе вымушаны рэалізаваць. Не трэба рэканструяваць Стары мост.

4. Аб густах не спрачаюцца. Але, на маю думку, адным з самых важных пытанняў – гэта эстэтычнае развіццё старога горада. Толькі за постсавецкі час: пляцоўку каля кінатэатра Гродна і цэнтра народнай творчасці ў бетонную плітку, палова парка ў бетонную плітку, плошчу Савецкую ў бетонную плітку. У горадзе нават і не разглядаецца пытанне аднаўлення, не тое, што шэраговай гістарычнай забудовы, але нават адметных помнікаў архітэўктуры. Шчыльная гарадская забудова не дазволіць праводзіць масавых мерапрыемстваў у горадзе. Бо, напрыклад, музеефіцыраваныя падмуркі Фары Вітаўта (самага старога касцёла ў Гродне) перашкодзяць пусканню салюта на гэтых масавых марапрыемствах. Акрамя натоўпа, ў нашых чыноўнікаў ёсць яшчэ адзін культ – аўтамабіль. Іх не бянтэжаць загазаваныя шумныя вуліцы, прыпаркаваныя аўтамабілі на кожным кроку пешага. Я разумею, што цяжка сабе ўявіць, як можна адарваць задніцу ад аўтамабільнага крэсла і прайсці пару соцен метраў да канторы. Але стары горад – гэта не гараж, ў ім не ўсё павінна быць прыстасавана для аўтамабіля. Пашырэнне маста нанясе не толькі прамы эстэтычны ўрон, змяняючы кшталты маста, і фактычна ліквідуючы вельмі прыгожы клёпаны мост па вуліцы Дарвіна. Пашырэнне маста псіхалагічна замацоўвае цяпер існуючы статус Цэнтра, як інтэнсіўнай транспартнай развязкі. Не трэба рэканструяваць Стары мост.

Чаго ж мы даб’емся калі ўсё будзе зроблена так, як тут прапаноўваецца.

  1. Адпадзе патрэба ў рэканструкцаі Старога маста.
  2. Адпадзе патрэба ў далейшым гвалтаванні старой Савецкай плошчы, пабудове падземных пераходаў і ўсякай чатырохпалосіцы. Будзе захавана яе ранейшая традыцыйная планіроўка.
  3. Гараджане змогуць хутка і зручна трапіць з аднаго краю горада на другі.
  4. Самае галоўнае – цэнтар горада стане менш загружаным, а значыць больш чыстым, а ў перспектыве і пешаходным, так як і даўнія турыстычныя меккі – Кракаў, Прага ці Вільня.

Гэты артыкул быў напісаны ў кволай надзеі, што яго прачытаюць і прыслухаюцца да рацыянальнага, што ў ім ёсць, чыноўнік, ад якога залежыць…, што рэспубліканская грамадскасць… а-аа што там… калі хто зацікавіўся я рады буду абмеркаваць, у прыватнасці, я гатовы прадставіць намёткі, як уладкаваць Цэнтр зручны і для жыцця і для адпачынку, і для турыста, і для аўтамабіліста. Пішыце. Гэта наш горад, наша краіна.

Уласнік

Scroll to top